Читаем Детям Малінавы чай




Дата канвертавання25.01.2018
Памер20.96 Kb.

Читаем Детям

Малінавы чай
Расціслаў Бензярук
Непадалёку ад мядзведжага жытла расла маліна. Сёлета яна ўрадзіла, як, можа, ніколі. Не давалі спакою ягады маленькаму Патапку. Але ён памятаў дзядулеў наказ:

— Патапка, не рві зялёных ягад. Пачакай, пакуль яны даспеюць. Тады яны будуць духмянымі і салодкімі.

Патапка сам не еў і вартаваў, каб ніхто не абарваў іх. А сёння не выцерпеў. Сарваў адну ягадку — і ў рот. Ягада была салодкая і духмяная. Значыць, пара рваць.

Мядзведзік сам наеўся ўдосталь, а потым вырашыў:

— Занясу яшчэ маме. Скажу: «Гэта табе сабраў!» Вось узрадуецца.

Патапка зрабіў кулёчак і напоўніў яго малінамі. Радасны, ён панёс ягады дамоў. Мама якраз цыравала Патапкавы шкарпэткі, а дзядуля Патап Іванавіч чытаў «Лясную газету».

Мядзведзік працягнуў маме кулёчак і нечакана сказаў:

Віншую цябе, мама, з днём нараджэння!

Сказаў і засаромеўся, бо ведаў, што мама, як і ён, Патапка, нарадзілася не ў ліпені, а зімою.

Але старэйшыя быццам нічога не заўважылі. Мама падзякавала Патапку за падарунак, а дзядуля адклаў у бок газету, прагаварыў:

— Мы не ведалі, чым сёння чай заварыць. Дык будзем піць малінавы!

Патап Іванавіч пайшоў ставіць самавар.

Потым усе сядзелі за сталом, елі бліны з мёдам і запівалі малінавым чаем. Чай быў смачны. Але Патапка сядзеў як на іголках: круціўся за сталом, безупынку дзьмухаў на вар. Урэшце не выцерпеў:

— Прабач, мама, што я цябе сягоння з днём нараджэння павіншаваў. Неяк само сабой выйшла!

— А ў мяне і сапраўды такі ж радасны дзень, як дзень нараджэння, — адказала мама. — Мой сын становіцца дарослым. Ён не абарваў раней часу ягады, а пачакаў, пакуль яны даспеюць. Ён сам пад'еў і пра мяне не забыўся. Ды ў рэшце рэшт ён не баіцца прызнацца, што сказаў няпраўду…

Ад гэтых маміных слоў Патапку стала радасна-радасна, а Патап Іванавіч прапанаваў:

— А чаму б табе, Патапка, не паклікаць у госці сваіх сяброў. Чай будзе з маліны, мама напячэ рознай здобы, і мы пазнаёмімся з імі…

— А зайчыку Цімошку будзе капуста? — пацікавіўся Патапка.

Будзе Цімошку капуста, а вожыку Калючку — яблыкі, — паабяцаў дзядуля.

— Добра, дзеду, пазаву…

Заўтра да Патапкі прыйшлі сябры. Стала адразу весела. Пілі, елі, аж успацелі.

Патап Іванавіч з радасцю думаў: «Як добра, што ў нашага Патапкі столькі дружбакоў! Як добра, што ён умее сябраваць!..»

— Ох, мусіць аб'еўся, — уздыхаў Цімошка.

— Усё было так смачна! — стракатала сарока. і Дзякуй вам, гаспадары!

— Дзякуй табе, Патапка, за салодкія яблыкі! — сказаў Калючка.

А ўсе разам звераняты заспявалі:


Там ласунак, тут ласунак —

Не саромейся, бяры!..

За салодкі пачастунак

Дзякуй вам, гаспадары!






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка