Читаем Детям Мая гаспадарка




Дата канвертавання08.01.2018
Памер29.95 Kb.

Читаем Детям

Мая гаспадарка
Алена Васілевич
Раніцай бабуля наліла мне шклянку малака — запіць снеданне — і сказала:

— Канчай, унучак, есці, ды бярэмся за гаспадарку. Твае дзядзька і цётка напрацаваліся ўжо недзе ў полі, пакуль ты спаў.

— За якую гаспадарку? — не зразумеў я.

— А я табе раскажу.

Ну што ж, за гаспадарку дык за гаспадарку. У нас у горадзе ніякай гаспадаркі няма. А калі ў бабулі яна ёсць — буду дапамагаць. Так мне і мама дома сказала: «Глядзі, Вова, дапамагай бабулі. Яна старэнькая».

Бабуля і кажа:

— Пайдзі, унучак, зірні, куды гэта падзеліся нашы падушачкі.

— Добра, бабуля, зараз!

Я ўсхапіўся з-за стала і хуценька пабег у «новую» хату — так называлі чысты і заўсёды прыбраны пакой, дзе мы з бабуляй спалі. Там усё было ў парадку: ложкі засланы, а падушкі, узбітыя бабулінымі рукамі, узнімаліся ледзь не да столі. Маленькія падушачкі-думкі таксама ляжалі на месцы…

— Бабуля, яны ляжаць на ложках! — Мне нават дзіўна было з бабулінага загаду: сапраўды, куды ж ім дзецца — гэтым яе падушачкам?

— А дзіцятка ты маё! — пляснула рукамі бабуля і аж затрэслася ўся ад смеху. — А я думаю, чаго гэта ён у тую хату пабег, а ён падушак глядзець...

Ты ж сама загадала мне, — пакрыўдзіўся я, не разумеючы, што магло так рассмяшыць бабулю.

— Дурненькі, гэта ж я сказала, каб ты пайшоў паглядзеў, дзе нашы гусяняткі ходзяць.

— Гусяняткі?.. А ты ж сказала: «Ідзі паглядзі падушачкі...»

— А з чаго ж падушачкі робяць?

— 3 чаго? Не з гусянят жа!..

— Ды пэўна ж — не з гусянят… — зноў засмяялася бабуля.

I растлумачыла мне, што падушкі робяць з пер'я і пуху, а пух і пер'е расце на гусях. А гусі вырастаюць з гусянят. Вось і выходзіць, што гусяняткі і сапраўды маленькія падушачкі…

Я ўсё зразумеў і другі раз ужо не ашукаўся б.

Пад вечар, як спала гарачыня, я ўзяў пужку — яе мне звіў з канапель дзед Васіль — і пагнаў на выган бабуліных свіней: старую рабую і двух чорных вепручкоў. Стаю сабе ля плота і свішчу пужкай у паветры: ж-жык! ж-жык! Цвіце жоўты, як сонейка, адуванчык — я па ім ж-жык! Паўзе па дарозе чорны бліскучы жук — я і яго ж-жык! Толькі адвярнуўся — аднекуль прыляцеў і кружыцца белы матылёк. Я і на яго замахнуўся — жжык! Але матылёк замахаў крыльцамі і паляцеў у жыта.

А я ўсё ж-жык і ж-жык у паветры!

Раптам чую, крычыць з поля цераз дарогу бабуліна суседка, цётка Ігналіха, — яна там буракі палола.

— Вова! Што ты там робіш? Паглядзі, дзе тваё сала ходзіць!

Глянуў я навокал: ляжыць мая торбачка з хлебам і салам, як і ляжала.

Нідзе яно не ходзіць, — крычу ў адказ. — Ляжыць каля мяне.

— Ляжыць каля цябе?! А ты паглядзі добра, што твае свінні робяць?

Я азірнуўся яшчэ раз. Сапраўды, свіней на выгане не было. Куды ж яны маглі падзецца? I раптам убачыў іх. Яны рылі лычамі бульбу за плотам. Я кінуўся выганяць свіней, а цётка Ігналіха стаяла са жменяй зелля ў руках і адчытвала мяне.

— Бач ты яго! Знайшоў сабе занятак з пугай. Глядзеў бы лепей свіней, калі прыгнаў пасвіць.

— А вы ж казалі — сала… — запярэчыў я і тут жа здагадаўся: дык сала — гэта ж тыя самыя свінні! Усё роўна як і падушачкі… Усё тут наадварот завецца, усё не так, як у нас дома, у горадзе…

А то аднойчы мы з дзедам Васілём вазілі ў калгасе снапы. Дзед пасадзіў мяне на воз, сам ідзе збоку, канём кіруе. А насустрач нам старшыня калгаса.

Што гэта ты, — кажа, — Вова на хлебе едзеш? А я адказваю:

— Я не на хлебе, я на снапах сяджу. Ён засмяяўся і гаворыць дзеду:

— Вось, адразу відаць, горад! Вучы яго, дзед, як хлеб расце, вучы!

Усё вучы ды вучы — быццам я і сам не вучуся і нічога не разумею. Паказала мне бабуля, як прапалоць граду, дзе расла морква, дык я так чыста выпалаў, што ніводнай зялінкі не засталося... I вучыць не трэба было.

Або скажа мне бабуля: «Ідзі, Вова, стрэнь наша малачко. Яно ўжо недзе за рэчкай — ідзе дадому». Значыць, трэба ўзяць лусту хлеба ці жменю бурачнага лісту і ісці сустракаць нашу карову Белку. Яна так у бабулі прывучана: стрэнь чым-небудзь, а то міне двор і пойдзе па ўсёй вёсцы… Калі ж Белка не прыходзіць дадому, бабуля злуецца і крычыць: «Ото ж удалося малачко!»

Але мяне ўжо тут не ашукаеш! Малако, значыць, карова! А карова, значыць, малако!



Я сваю гаспадарку ўжо добра ведаю!
1959 г.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка