Читаем Детям Медсястра




Дата канвертавання18.11.2017
Памер17.78 Kb.

Читаем Детям

Медсястра
Уладзімір Ліпскі
Марынка з мамай глядзелі па тэлевізары мультфільм, а бабуля збіралася ў клуб.

Калі яна зайшла ў пакой, Марынка падхапілася і радасна закрычала:

— Ой, якая ты прыгожая!

Бабуля надзела новы, бэзавага колеру касцюм, белую кофту, бліскучыя новыя туфлі.

— А якія ў цябе значкі! — Марынка падбегла да бабулі і пакратала рукою шаўковыя стужкі.

Гэта не значкі, а медалі.

— Як у героя… А дзе ты іх узяла? — зацікавілася Марынка.

Тут паднялася з канапы мама, выключыла тэлевізар і сказала:

— Бабулі трэба ўжо ісці, а то спозніцца. А пра медалі табе раскажу я.

Аказваецца, што бабуля некалі была на вайне, выносіла з поля бою параненых салдат, перавязвала ім раны, лячыла. Яна была смелая, нічога не баялася. За гэта яе і ўзнагародзілі медалямі…

— Бабуля наша і зараз лечыць хворых людзей, — расказвала далей мама. — Яна шмат каму дапамагла паправіцца. I вось сёння ёй будуць уручаць новую ўзнагароду — медаль «За працоўную адзнаку».

Мама з Марынкай доўга разглядвалі альбом з фотаздымкамі. На іх Марынка пазнавала сваю бабулю — медыцынскую сястру. Яна была то ў ваеннай пілотцы, то ў белай шапачцы, як доктар Айбаліт.

Нешта адбылося ў той вечар з Марынкай. Яна не хацела больш глядзець вясёлыя мультфільмы. Прысела ля сваёй шафкі з цацкамі і пачала перабіраць іх. А праз нейкі час папрасіла:

— Мамачка, дай мне ваты і бінту. I яшчэ нітак…

У мішкі ледзь трымалася лапа — Марынка доўга старалася, але ўсё ж прышыла яе. Зайчыку перавязала вуха. Ён яго трохі абадраў, калі падаў з балкона. Ляльцы абула чаравікі, каб яна не захварэла.

Яна супакойвала ўсіх, калыхала, каб хутчэй паснулі.

Мама сядзела на канапе і займалася сваёй справай — шыла. Раптам яна ціха войкнула і замахала рукой.

— Што з табой? — спалохалася Марынка.

— Палец укалола. Нічога, зараз пройдзе. Марынка агледзела маміну руку і сур'ёзна сказала:

— Трэба зрабіць перавязку!

Яна памачыла вату ў вадзе, змыла з пальца кроў. Пасля старанна абкруціла яго бінтам.

Калі вярнулася дадому бабуля, дзяўчынка падбегла да яе і радасна пачала расказваць:

— А я таксама медыцынская сястра. Паглядзі, усе цацкі вылечыла.

— І мяне, — дадала мама і паказала тоўста забінтаваны палец.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка