Читаем Детям Мікіткаў сон




Дата канвертавання14.02.2019
Памер24.45 Kb.

Читаем Детям

Мікіткаў сон
Лідзія Арабей
На вуліцы было надта горача. Мікітка скінуў і кашулю, і майку, і нават штонікі, застаўся ў адных трусіках і сандалях, але ўсё роўна не было рады ад гарачыні. Сонца пякло, апальваючы скуру, награваючы сцены дамоў, б'ючы ў шыбы і адсвечваючы ад іх новымі гарачымі промнямі. Было так млосна, што не хацелася гуляць ні ў якія гульні, і хлопчыкі ў двары сядзелі як асалавелыя.

I раптам Косцік, які заўсёды быў здатны на выдумкі, зірнуў на ўсіх павесялела і крыкнуў:

— Давайце аблівацца вадою!

3 хлопчыкаў уміг зляцела млявасць, усе ажылі, ускочылі з лаўкі і пабеглі дахаты, па бутэлькі.

Бутэлькі гэтыя былі не шкляныя, а такія, што іх можна было сціскаць рукамі, як гумавыя. У іх налівалі ваду, у корках рабілі дзірачку — і бутэлька-палівачка гатова. Дзеці не раз забаўляліся такім абліваннем, і цяпер, у гарачыню, хіба можна было прыдумаць забаву весялейшую!

Скора хлопчыкі бегалі па двары з тымі бутэлькамі і аблівалі адзін аднаго. Халодная вада струменем біла ў разгарачанае цела і паўзла, казычучы бок, спіну, да самых трусікаў. I скора хлопчыкі былі мокрыя з ног да галавы.

Больш не было горача, халодная вада асвяжала, і хлопчыкі абліваліся б, мусіць, да вечара, каб кожнага з дому не паклікалі абедаць.

Прыбег дадому і Мікітка. Бабка аж рукамі пляснула, убачыўшы такога мокрага ўнука, пачала яго выціраць, потым пакарміла і загадала:

— Спаць! Пасля абеду — ціхі час!

Прывык Мікітка бабку слухацца. Спаць дык спаць. Лёг у свой ложак і ўміг заснуў.

I прыснілася яму, што бегаюць яны з хлопчыкамі па двары і вадою з бутэлек абліваюцца. I так ім весела, так хораша! I раптам — галасок, тоненькі, кволы. Не то скарга, не то песенька:
Не магу я з дзеткамі забаўляцца

I вадой з бутэлечкі аблівацца.

Прырасла я ножкаю да зямлі,

Хоць бы ты, Мікітка, мяне паліў...


Азірнуўся Мікітка ў сне і бачыць — кветачка, што расла ў іх агародчыку пад акном, апусціла галоўку, абвяла лісточкамі, сагнулася сцяблінкаю ледзь не да зямлі і плача, але плача без слёз. На слёзы вада патрэбна, а кветачка ні кроплі вады не мае, усю высушыла пякучае сонца.

I цікава ў сне Мікітку: няўжо кветачка ўмее спяваць, гаварыць? Хіба яна жывая?

А калі прачнуўся, адразу ў двор і пад акно, туды, дзе і праўда расла кветачка. Глядзіць — ну і дзіва! Зусім як у сне — абвяла кветачка, галоўку апусціла, лісточкі вісяць, толькі нічога не гаворыць кветачка, не спявае сваёй песенькі, маўчыць. А Мікітка ж помніць тую песеньку слова ў слова:
Не магу я з дзеткамі забаўляцца

I вадой з бутэлечкі аблівацца.

Прырасла я ножкаю да зямлі,

Хоць бы ты, Мікітка, мяне паліў...


Пабег Мікітка дадому, набраў поўную бутэльку вады і назад у двор. Нахіліўся да кветачкі і пачаў струменьчыкам ліць ваду пад яе ножку.

Кветачка прагна піла і ўсё ніяк не магла здаволіцца. Мікітка пабег дадому, каб набраць яшчэ вады.

Калі з бутэлькай вярнуўся назад, то ўбачыў цуд. Сцяблінка выпрасталася, лісточкі падняліся ўгору, а вясёленькая кветачка глядзела на Мікітку і ўсміхалася. Так, так, усміхалася!

А тут мама з работы ідзе, прысела каля Мікіткі паглядзець — на што ён дзівіцца. Мікітка ў яе і пытаецца:

— Мама, а хіба кветачка жывая?

— Канечне, жывая, — адказала мама.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка