Читаем Детям Мышка Пік-Пік прыбірае норку




Дата канвертавання21.12.2017
Памер19.08 Kb.

Читаем Детям

Мышка Пік-Пік прыбірае норку
(урывак з аповесці-казкі «Прыгоды мышкі Пік-Пік»)
Людміла Рублеўская

Летам у кватэры, дзе жыла мышка, адбыўся вялікі рамонт. Пік­Пік ледзь перажыла гэтую страшэнную навалу — цэлы тыдзень у доме пахла фарбамі, тупалі незнаёмыя людзі, мэблю перасоўвалі з месца на месца. Асабліва цяжка было прабірацца на кухню. Але ўрэшце ўсё скончылася, і кватэра зрабілася вельмі прыгожай: падлога блішчыць, столь — бялю́сенькая, на сценах — новыя шпалеры1.

Пахадзіла мышка па абноўленых пакоях, пазайздросціла гаспадарам. Вярнулася ў сваю норку і ледзь не заплакала: якое, аказваецца, бруднае і неўладкаванае яе жытло! Усё шэрае, пыльнае, на падлозе тоўсты слой смецця: агрызкі, шалупі́нне семачак, цукерачныя абгорткі, шматкі газет. З усяе мэблі — толькі ложак — цукерачная каробка.

Нічога не зробіш, давядзецца прыбіраць! Ніколі раней на гэты сумны занятак мышка часу не марнавала. «Здаецца, галоўнае — вымыць падлогу. Але насіць у норку ваду цераз усю кватэру... Калі мышка не ідзе па ваду, вада сама павінна прыйсці да мышкі», — мудра падумала Пік­Пік.

Усе ў доме спалі. Мышка збегала на кухню і ў лазеньку2, адвярнула краны і, паназіраўшы, як вада запаўняе ванну і мыйку, пайшла спаць.

Прачнулася мышка ад холаду. Расплюшчыла вочы і ўбачыла над сабой столь, якая чамусьці хісталася. Цукерачная каробка — ложак — пагойдвалася пасярод пакоя на хвалях!

— Гвалт! — шэптам сказала мышка, бо голас у яе знік з перапуду3.

На шчасце, прачнуўся тата і захацеў надзець пантофлі, якія даўно сплылі ў другі кут пакоя. Татавы ногі апусціліся ў халодную ваду... Ад татавага ўскры́ку прачнуліся ўсе: і мама, і Веранічка, і кошка Пепіта. Веранічка засмяялася і пачала бегаць па вадзе і ганяць з кута ў кут пантофлі, як маленькія караблі. Мама пабегла перакрываць краны, а тата стаяў босымі нагамі ў вадзе і шаптаў:

— Гэта канец свету! Вялікі патоп!

Між тым мама перакрыла краны і сабрала анучай з падлогі ваду. Пантофлі і мышкін ложак перасталі пагойдвацца на хвалях, але кватэра не была больш такой чыстай і прыгожай: з мышкінай норкі вымылася столькі смецця, што яно забру́дзіла ўсю кватэру.

Мама пачала высвятляць, хто адкрыў краны, і мышка схавалася ў норку. Там было мокра, але незвычайна чыста. Да таго ж адзін з татавых пантофляў заплыў у норку, і мышка прызначыла яго сваёй канапай.



1 Шпале́ры — рус.: обои.

2 Ла́зенька — тут: ванны пакой.

3 З перапу́ду — рус.: от испуга.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка