Читаем Детям
Партрэт
Васіль Вітка
Намалюю вам партрэт.
Што спярша? Спярша — берэт.
Пад берэтам — галава:
Круг адзін, абапал два.
Гэта будуць мае вушы.
Што яшчэ дадаць я мушу?
Нос — кружок, і рот — кружок.
Ты пазнаў мяне, дружок?
Друг пазнаць мяне не хоча,
Галавою круціць друг.
Ах, забыўся я пра вочы!
Калі ласка, яшчэ круг,
I яшчэ крутну разок —
Самы меншы мой кружок.
Вось цяпер партрэт удаўся.
— Праўда? — ў мамы я спытаўся.
Мама глянула здалёку:
— Надта ж розныя кружочкі —
Адно вунь якое вока
I зусім малое вочка.
— Ах, някемная якая.
Падыдзі, убачыш зблізу:
Гэтым кнігу я чытаю,
Тым — гляджу я тэлевізар.
Рада мама: — Сынку родны,
Як ты здорава падобны!
ChitaemDetyam.com
|