Читаем Детям Паверхі лесу




Дата канвертавання04.04.2017
Памер24.72 Kb.

Читаем Детям

Паверхі лесу
Міхаіл Прышвін
Пераклаў з рускага Ўладзімір Анісковіч

У птушак і звяркоў у лесе ёсць свае паверхі: мышкі жывуць доле, у карэнні — у самым нізе; розныя птушачкі, як салавей, уюць свае гняздзечкі проста на зямлі; дразды — крыху вышэй, між галін кустоў; дупляныя птушкі — дзяцел, сінічкі, совы — яшчэ вышай; на рознай вышыні па ствале дрэва селяцца драпежнікі: ястрабы і арлы.

Мне давялося неяк раз назіраць у лесе, што ў іх, звяркоў і птушак, з паверхамі іначай, як у людзей у небаскробах: у нас заўсёды можна з кім-небудзь памяняцца, а ў іх кожная парода жыве абавязкова на сваім паверсе.

Аднаго разу на паляванні мы выйшлі на палянку з бярозамі, якія загінулі. Гэта часта бывае, што бярозы дарастуць да пэўнага ўзросту і засохнуць.

Іншае дрэва, засохнуўшы, скідае на зямлю кару, і адтаго непакрытая драўніна хутка гніе і ўсё дрэва валіцца, у бярозы ж кара не адпадае; гэта смалістая, звонку белая кара — бяроста — бывае непранікальным футаралам, і памерлае дрэва доўга стаіць, нібы жывое.

Нават калі ўжо дрэва згніе і драўніна ператворыцца ў парахню, абцяжараную вільгаццю, з выгляду белая бяроза стаіць, як жывая. Але варта, аднак, добранька штурхануць такое дрэва, як раптам усё яно разломіцца на цяжкія кавалкі і ўпадзе. Валіць такія дрэвы — занятак вясёлы, але і небяспечны: калі своечасова не адхінуцца, можна моцна атрымаць па галаве. Але мы, паляўнічыя, усё-ткі не надта баімся і калі трапляем да такіх бяроз, дык пачынаем адзін перад адным рушыць іх.

Дык вось, прыйшлі мы на паляну з такімі бярозамі і скінулі даволі высокую бярозу. Падаючы, у паветры яна разламалася на некалькі кавалкаў, і ў адным з іх было дупло з гняздом гаічкі. Маленькія птушаняткі пры падзенні дрэва не пацярпелі, толькі разам са сваім гняздзечкам вываліліся з дупла. Голыя птушаняты, з ледзьве праклюнутымі пёркамі, разяўлялі шырокія чырвоныя роцікі і, прымаючы нас за бацькоў, пішчалі і прасілі ў нас чарвячка. Мы раскапалі зямлю, знайшлі чарвячкоў, далі ім падмацавацца, яны елі, глыталі чарвячкоў і зноў пішчалі.

Неўзабаве прыляцелі бацькі, гаічкі-сінічкі, з белымі пухлымі шчочкамі і з чарвячкамі ў дзюбках, селі на дрэве паблізу.

Дзень добры, даражэнькія, — сказалі мы ім, — выйшла бяда; мы гэтага не хацелі.

Гаічкі нічога не маглі адказаць, але, самае галоўнае, не маглі зразумець, што такое здарылася, куды прапала дрэва, дзе дзеліся іх дзеткі. Нас яны зусім не баяліся, пырхалі з галінкі на галінку ў вялікай трывозе.

— Дык вось жа яны! — паказвалі мы ім гняздо на зямлі. — Вось паслухайце, як яны пішчаць, як клічуць вас!

Гаічкі нічога не слухалі, мітусіліся, непакоіліся і не хацелі апусціцца ўніз за межы свайго паверха.

— А можа, — сказалі мы адзін аднаму, — яны нас усё-ткі баяцца. Давайце схаваемся! — I схаваліся.

Не! Птушаняты пішчалі, бацькі пішчалі, пырхалі, але ўніз не зляталі.

Мы і здагадаліся тады, што ў птушак не гэтак, як у нас, у людзей, яны не могуць памяняцца паверхамі: ім цяпер проста здаецца, што ўвесь іх паверх з іх птушанятамі некуды знік.

— Вой-вой-вой, — сказаў мой спадарожнік, — ну якія ж вы дурненькія!..

Было шкада іх і смешна: такія слаўненькія і з крыльцамі, а зразумець нічога не хочуць.



Тады мы ўзялі той вялікі кавалак, у якім было дупло, зламалі верх суседняй бярозы і прымацавалі да ствала наш кавалак з гняздом якраз на такую вышыню, на якой быў разбураны паверх. Нам нядоўга давялося чакаць у засадзе: праз некалькі хвілін шчаслівыя бацькі знайшлі сваіх птушанятак.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка