Читаем Детям Першы астраном




Дата канвертавання07.01.2018
Памер22.16 Kb.

Читаем Детям

Першы астраном
(урывак з кнігі эсэ «Зялёны лісток
на планеце Зямля. Партрэт Беларусі»)
Янка Сіпакоў

Народ — самы першы наш астраном. Вось як беларусы расказалі ў сваіх паданнях пра стварэнне свету: «Неба зроблена так, што яно мае сем столак. Мы бачым толькі першае неба. А Бог жыве аж на сёмым. 3 чаго зроблена неба, ніхто не ведае».

Своеасаблівую задачу мы паставілі Сонцу: ага, і ў гэтым наша беларускае разуменне справядлівасці космасу.

«Як Бог стварыў свет, то вялеў Сонейку свяціць на добрых і на ліхіх. Сонейка не хацела свяціць на ліхіх і пачало жаліцца Богу, што яму цяжка заўжды свяціць. Тады Бог пакараў Сонейка й вялеў яму свяціць толькі ўдзень, а ўночы, як гуляюць ліхія, не свяціць, а аддыхаць».

Мы бачылі, як змяняюцца квадры Месяца, і спрабавалі пасвойму растлумачыць яго ўсё новае і новае з'яўленне. Калі месяц састарваецца, Бог крыша яго на зоры. Адзін кавалачак кладзе ў дзяжу на закваску. Туды падаюць зоры, з іх робіцца рошчына, цеста падыходзіць і пераліваецца цераз край дзяжы. Так і нараджаецца Месяц, Маладзік.

Аказваецца, і балота — наш космас. Хоць яго і зрабіў чорт. Нячысцік паглядзеў, што Бог сее зямлю, от ён схапіў трохі зямлі ды і схаваў яе ў рот.

Першым жа славутым не толькі ў нашай зямлі вучоным-астраномам быў Марцін Пачобут-Адляніцкі, які нарадзіўся ў 1728 годзе ў вёсцы Саламянка, што непадалёк ад Гродна. Беларускі астраном, матэматык і асветнік быў членам Каралеўскай Акадэміі навук у Лондане, членам-карэспандэнтам Французскай каралеўскай акадэміі, правадзейным членам Таварыства сяброў навук у Варшаве.

Ён арганізаваў у Вільні і амаль да самай смерці быў кіраўніком астранамічнай абсерваторыі — адной з найстарэйшых абсерваторый у Еўропе. Амаль 40 год вёў назіранні за зоркамі і планетамі, за астэроідамі і каметамі. Цікавыя яго назіранні за Меркурыем, за тымі з'явамі, якія адбываюцца на Сонцы і Месяцы.

Галоўнаю думкаю членаў астранамічнай школы была наступная: бязмежныя светы існуюць і рухаюцца ў прасторы і часе паводле адпаведных законаў. Яны нібыта пераконвалі не толькі сябе, але і нас, нашчадкаў: пазнанне свету магчымае і неабмежаванае, яно пашыраецца з новымі адкрыццямі.

Ёсць яшчэ адна вельмі цікавая і арыгінальная асоба, якая нібыта збоку стаіць у беларускім небазнаўстве — Язэп Драздовіч. Сын збяднелага шляхціца-арандатара з засценка Пунькі, што на Дзісненшчыне, якога яго сябра мастак Пётра Сергіевіч зваў беларускім Леанарда да Вінчы. Мастак, скульптар, этнограф, археолаг, разьбяр, фалькларыст, фантаст. А яшчэ ён удумлівы, дасведчаны астраном.

Ён выдаў першую на беларускай мове навукова-дакументальную кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі»: «Я веру, што тэхніка зямлян па заваяванні прасторы не закончыцца на тым, што мы ўжо маем, а пойдуць далей аж да міжпланетных падарожжаў».

I ў гэта верыш! Як і ў той аўтапартрэт, напісаны на фоне космасу: моцная, але ласкавая рука трымае на далоні родную Зямлю, леваруч ад яго — Юпітэр з кольцамі, а вакол галавы — светлыя зоркі. I барада — як завіхраная Галактыка...

Язэп Драздовіч — наш першы беларускі касманаўт. Не, ён усё ж касманаўт, але не першы.



А першым нашым касманаўтам стаў Пятро Клімук.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка