Читаем Детям Пых




Дата канвертавання30.04.2017
Памер22.66 Kb.

Читаем Детям

Пых
Беларуская народная казка ў апрацоўцы А. Якімовіча

Жылі-былі дзядулька і бабулька ды ўнучка Аленка. I быў у іх агарод.

А ў агародзе тым і капуста, і бурачкі, і моркаўка, нават і рэпка жоўтая расла.

Захацелася дзеду рэпкі. Вось і пайшоў ён у агарод. А ў агародзе горача-горача, а ў агародзе ціха-ціха. Толькі пчолкі гудуць ды камарыкі звіняць.

Прайшоў дзед градку з капустай, прайшоў градку з бурачкамі, прайшоў градку з моркаўкай... А вось і рэпка. Толькі нахіліўся дзед рэпку выцягнуць, а пад кустом хтосьці: «Ппыыхх! Ппы-ы-хх! Ці не дзедка гэта? Ды ці не па рэпку ён?»

Спужаўся дзед ды як пабяжыць — каля моркаўкі, каля бурачкоў, каля капусты. Ледзь-ледзь да хаты дабег, на лаўку сеў, аддыхацца не можа.

— Ну што, дзедка, прынёс рэпку?

— Ох, бабка, там пад кустом хтосьці сядзіць і пыхкае. Я ледзь адтуль уцёк.

Ды кінь ты, дзедка! Вось я сама пайду, дык, напэўна, рэпку прынясу.

I пайшла бабка ў агарод. У агародзе горача-горача, а ў агародзе ціха-ціха. Толькі пчолкі гудуць ды камарыкі звіняць.

Прайшла бабка градку з капустай, прайшла градку з бурачкамі, прайшла градку з моркаўкай... А вось і рэпка.

Толькі нахілілася бабка рэпку цягнуць, а пад кустом хтосьці: «Ппы-ы-хх! Ппы-ы-хх! Ці не бабка гэта? Ці не па рэпку прыйшла?»

Спужалася бабка ды хутчэй бегчы — каля моркаўкі, каля бурачкоў, каля капусты. Ледзь-ледзь да хаты дабралася. На лаўку села, аддыхацца не можа.

— Ой, дзедка, праўду ты казаў, там пад кустом хтосьці страшны сядзіць і пыхкае. Ледзь я адтуль уцякла.

Пайшла Аленка ў агарод. А ў агародзе горача-горача, а ў агародзе ціха-ціха. Толькі пчолкі гудуць ды камарыкі звіняць.

I Прабегла Аленка градку з капустай, прабегла градку з бурачкамі, прабегла градку з моркаўкай. А вось і рэпка.

I Толькі нахілілася Аленка рэпку цягнуць, а пад кусцікам хтосьці: «Ппы-ы-хх! Ппы-ы-хх! Ды ці не Аленка гэта? Ды ці не па рэпку прыйшла?»

Засмяялася Аленка ды як закрычыць звонкім голасам:

— Так, так! Гэта я, Аленка! Бабульцы, дзядульку па рэпку прыйшла... А на градцы нешта зноў як запыхкае: «Ппы-ы-хх!»

Нахілілася Аленка над градкай — глядзіць туды, глядзіць сюды. I ўбачыла: ляжыць нейкі калючы клубочак ды пыхкае: «Ппы-ы-хх! Ппы-ы-хх! Засмяялася Аленка ды кажа:

— Ах ты, вожык, ах ты, калючы, гэта ты дзядульку і бабульку напужаў, гэта ты іх ад рэпкі прагнаў?

А вожык выцягнуў свой носік ды зноў: «Ппы-ы-хх! Ппыыхх!»

Пацягнула Аленка рэпку раз, пацягнула два, пацягнула тры — рэпка так і выскачыла з зямлі. Ды якая! Вялікая ды круглая, жоўтая ды салодкая.

Узяла Аленка рэпку ў рукі, узяла вожыка ў фартушок і пабегла дадому. Каля моркаўкі, каля бурачкоў, каля капусты. Мігам да хаты дабегла.

Сустракае Аленку дзедка, сустракае Аленку бабка — пытаюцца:

— А рэпку ты прыне́сла?

Вось вам, дзядулька, бабулька, рэпка.

Усцешылася бабка, усцешыўся дзедка. Ну і ўнучка, ну і Аленка!

— А як жа — пых? Не баялася ты яго?

Расхіліла Аленка свой фартушок ды і кажа:

— А вось вам і пых!

Смяецца дзедка, смяецца бабка. Ну і малайчына наша Аленка, ну і смелая ўнучка!






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка