Читаем Детям Прыгоды лісціка-карунчыка




Дата канвертавання23.01.2018
Памер19.14 Kb.

Читаем Детям

Прыгоды лісціка-карунчыка
Анатоль Бутэвіч
У агародзе, каля Надзейчынай хаты, рос маленькі клёнік у махнатай зялёнай шапцы. А на ім разам са сваімі брацікамі красаваўся і раскашаваў пад шчодрым сонцам лісцік-карунчык. Надзейка часта любавалася густалістым уборам клёніка. Калі ж надарылася засуха, яна ў сваім маленькім вядзерцы насіла ваду, палівала дрэўца. I тады лісцік-карунчык і яго браты ўдзячна шапацелі, нібыта дзякавалі Надзейцы за дапамогу.

Неўзабаве прыкаціла на рыжым кані барвова-квяцістая восень. Яна кожны дзень прыбірала ў чырвань і пазалоту дрэвы. Не абмінула сваімі чарамі і клёнік. Успыхнуў ён яркай чырванню, пачаў убор свой губляць. Лісцікі адрываліся ад дрэўца і, як гарэзлівая малеча, доўга гушкаліся на паветраных арэлях.

Толькі лісцік-карунчык усё трымаўся за дрэўца, цяжка было адрывацца ад роднай галінкі. Ён з сумам назіраў, як ягоныя брацікі ў вясёлым карагодзе кружыліся вакол клёніка.

У развагах, ваганнях і гушкані міналі дні. Усе больш і больш братоў лісціка-карунчыка ападала на зямлю. Толькі ён не мог вырашыць, што рабіць.

I вось лісцік-карунчык застаўся на дрэўцы зусім адзін. Цёмнай ноччу ён трымцеў ад пранізлівага халоднага ветру. Днём яго часта паласкалі дажджы. Няўтульна і адзінока стала лісціку-карунчыку. I не было каму паскардзіцца на свой горкі лёс.

Аднойчы да клёніка прыйшла Надзейка. Яна збірала з прыгожых лістоў букет. I тады лісцік-карунчык адважыўся. Ён заплюшчыў вочы, напружыніўся і… саслізнуў уніз.

Вецер імкліва падхапіў яго, тузануў і панёс угару так, што аж дух захапіла. Пасля лісцік-карунчык лёгка і плаўна закружыў у пругкім паветры.

Ён і не заўважыў, як трапіў у капюшон Надзейчынай курткі. Там было цёпла і ўтульна.

Дома мама распранала Надзейку і знайшла лісцік-карунчык.

— Што гэта ты тут схавала? — здзівілася яна.

Гэта мне восень падарыла, — узрадавалася дзяўчынка.

А лісціку-карунчыку было нявесела. Надзейцы нават здалося, што ён паскардзіўся: «Мне сумна без братоў…»

— Ты пагрэйся ў нас, а ранічкай я аднясу цябе да тваіх брацікаў, — супакоіла дзяўчынка.

Назаўтра Надзейка прыбегла да клёніка. Але лісця пад ім ужо не было. Тата згроб яго і вынес з агарода.

На Надзейчынай далоньцы адзінока ляжаў лісцік-карунчык. На яго чырванаватым тварыку ірдзелі дзве маленькія кропелькі — ці то ён заплакаў ад жалю, ці то скаціліся самотныя расінкі-слязінкі з яго роднай галінкі.

— Не гаруй, — суцешыла Надзейка. — Перазімуеш у нашай хаце. А вясной я пакажу табе на клёніку зялёныя лісточкі — тваіх новых брацікаў.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка