Читаем Детям Прылёт птушак




Дата канвертавання05.12.2018
Памер18.74 Kb.

Прылёт птушак
Паводле Якуба Коласа
Ціхая раніца. Сонейка толькі што ўзышло. У полі яшчэ ляжыць снег. Толькі ўзгоркі чарнеюць. Лужынкі сцягнуліся за ноч лядком. Але ўжо чуваць вясна, і ўсё пазірае па­вясенняму.

Выйшаў мале́нькі Ясь на двор. Весела так яму, лёгка на сэрцы. Прыгрэе зараз сонца, добра будзе гуляць на дварэ.

Ціха! Што гэта звоніць у небе тоненькім срэбраным званочкам? Так хораша, так міла — душа замірае! Ясь прыслухаўся. Не відаць нічога, а ў небе разліваецца тоненькая песенька, як грае хто на срэбранай дудачцы. Гэта жаваранак! I так весела Ясю, здаецца, каб можна было, пацалаваў бы мілую птушачку. Галубка! Яна ўжо вярнулася з далёкай старонкі ў наш бедны край і ў ясным небе заліваецца дзіўнаю песняю.

— Тата! Тата! Чуеш жаваранка?

Бацька Яся прыслухаўся.

— Але, жаваранак. Ну, зараз, брат, і шпак прыляціць, а там і бусел, а за ім і ўсе птушкі.

Рад Ясь, што першы пачуў ён жаваранка, і пабег хваліцца сваім сябра́м. Дзеці выходзілі на двор слухаць першую песню вясны. Ім было весела.

— Эх, дзеці! Не скора яшчэ вясна, — казаў хто­небудзь старэйшы.

Дзеці не любілі слухаць такія рэчы. Яны любяць вясну, яны любяць, каб гаварылі ім аб вясне. А часам і праўда захаладае; дзеці кажуць: «Зусім не холадна; не толькі не холадна — горача нават».

Кожную новую госцю­птушку дзеці сустракаюць з радасцю.

Праз некалькі часу прылятае шпак. Холадна, туман, а ён мала дбае1. Спявае на ўсё поле вясёлыя песні, седзячы дзенебудзь на голай бярозе, як бы і холаду яму няма.

У канцы сакавіка ўжо збіраецца шмат птушак. У лесе спяваюць дразды, лясныя жаваранкі, а па балоце важна праходжваецца бусел. Па стрэхах бегаюць шустрыя бела-рудыя сітаўкі2, трасуць сваімі доўгімі хвастамі.



А выйдзеш увечары на двор — крычаць качкі, жалобна стогнуць кнігі3; як у кадушку4, грукае недзе на возеры бугай5. Розныя галасы поўняць паветра, усё спявае і радуецца.

1 Мала дбае — не звяртае ўвагі, не турбуецца.

2 Сітаўка — невялікая пералётная птушка атрада вераб’іных.

3 (Стогнуць) кнігі — кнігаўкі (невялікая птушка), рус: чибис.

4 Каду́шка — невялікая драўляная пасудзіна, звычайна выкарыстоўваецца для заквашвання капусты.

5 Буга́й — начная балотная птушка сямейства чапляў.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка