Читаем Детям Пухнацік




Дата канвертавання25.11.2017
Памер49.98 Kb.

Читаем Детям

Пухнацік
Аляксей Дудараў
Ён нарадзіўся свежым ранкам у глыбокай горнай цясніне. Там, сярод цяжкіх валуноў, бруілася імклівая і неспакойная рачулка. Яе халодная вада так білася аб каменне, што драбнюткія пырскі высока ляцелі ўгору, кружыліся ў паветры і павольна асядалі… 3 гэтых пырскаў ён і нарадзіўся. Бялюткі, кучаравы, з тоўстымі шчочкамі… Толькі з'явіўся на свет і адразу ж адчуў, што ўмее лятаць.

I ён паляцеў хутчэй прэч са змрочнай цясніны ўгору, да блакітнага неба і яснага сонца. Ляцеў, ляцеў, аж раптам бачыць, што над цяснінай вісіць нехта вялізны і сівы. Вісіць нерухома, быццам дрэмле… Падплыў, прывітаўся:

Добрай раніцы, дзядзечка волат!

Той расплюшчыў старэчыя вочы і адказвае:

— Добрай раніцы… Толькі я не волат. Я — стары дзед Туман.

— А я яшчэ не ведаю, хто я і як мяне завуць… —Толькі-толькі нарадзіўся… Ля рэчкі…

— Ты маленькае воблачка, — сказаў дзядуля Туман. — А завуць — Пухнацік.

— Я лятаць ужо ўмею, — пахваліўся Пухнацік. — Як нарадзіўся, так і паляцеў адразу… Вось як!

— Усе воблачкі лятаюць, — паблажліва ўсміхнуўся дзядуля Туман. — Яны ўвесь час падарожнічаюць па небе.

— Па небе?! — усклікнуў Пухнацік. — I я так-сама буду?

— I ты пабываеш у розных мясцінах, шмат чаго ўбачыш… Толькі памятай, — з перасцярогай загаварыў дзядуля Туман, — ты ніколі не павінен плакаць… Ніколі! Ні ад крыўды, ні ад жалю… Як толькі заплачаш — усё.

— Што, памру? — напужаўся Пухнацік.

— Не, не памрэш, проста знікнеш. Растанеш у небе, і цябе больш не будзе… Зразумеў?

— Ага… Ані слязінкі ніколі ў мяне не капне.

— Ну, бывай, Пухнацік… Шчаслівай табе дарогі!

Падзякаваў Пухнацік дзядулю Туману за добрую параду і паляцеў далей. Гарэза Ветрык адразу ж падхапіў яго і панёс высока над зямлёй да засмужанага далягляду. Унізе горы, стэпы праплываюць, зверху сонейка яркае свеціць, навокал блакіт неабсяжны… Хораша Пухнаціку і весела.

Ляцеў ён, ляцеў, ды раптам пытаецца ў Ветрыка:

— Слухай, Ветрык, а што гэта за цёмная пляміна па зямлі бяжыць за намі? Куды мы — туды і яна.

А гэта ты, — адказвае Ветрык.

— Ну? — засмяяўся Пухнацік. — I тут я, і там я… Нават смешна. Як жа такое можа быць?..

Ветрык растлумачыў:

— Тут — гэта ты, а там — твой цень. Зразумеў?

— Зірні, зірні, Ветрык, — раптам закрычаў Пухнацік. — Там на мяне нехта ўзлез!..

— Гэта чалавек у твой цень схаваўся… Сонейка апоўдні гарачае і сярдзітае, ад яго ўсе хаваюцца. Вось і чалавек, бачыш, змарыўся, прылёг адпачыць… У цяні прахалода… Ну, хопіць размаўляць, паляцелі далей.

Але толькі яны адляцелі, як чалавек падняўся і пайшоў даганяць цень. Дагнаў, зноў прылёг. Пухнацік спыніўся і кажа:

— Слухай, Ветрык, а давай мы цень мой пакінем тут, а самі далей паляцім. Хай чалавек адпачывае…

— Нічога не атрымаецца, —адказаў Ветрык. — Калі ты хочаш, каб цень твой тут быў, — павінен і сам тут застацца.

— Ну добра, — уздыхнуў Пухнацік. — Ты ляці без мяне, а я пачакаю, пакуль ён адпачне… Шкада ж чалавека… Я цябе потым даганю, калі сонейка будзе не такое сярдзітае.

— Бывай, Пухнацік! — развітаўся Ветрык і знік. Да самага вечара вісеў нерухома Пухнацік, а ўнізе, на зямлі, у яго цяні спаў чалавек. Калі сонейка схілілася на захад, пачырванела і зноў стала спакойным і ласкавым, чалавек падняўся, зірнуў у неба і гукнуў:

— Дзякуй табе, воблачка! — і пайшоў сваёй дарогай. А Пухнацік паплыў далей. Схавалася сонейка, рассыпаліся па небе зорачкі, выглянуў рагаты месяц. Пухнаціку захацелася спаць. Ён прымасціўся на схіле гары і задрамаў.

Раніцай зноў рушыў у дарогу. Доўга-доўга плаваў над гарамі, над стэпамі, над пустынямі, шмат чаго пабачыў, шмат пра што даведаўся, а потым сам не заўважыў, як зажурыўся. Сумна аднаму ў падарожжы.

Азірнуўся Пухнацік па баках. Неба чыстае, ані воблачка…

— Дзе ж мае брацікі? — уздыхнуў ён. Раптам угледзеў далёка белую кропку. Паплыў Пухнацік туды. Думаў, што гэта таксама воблачка. Падплывае бліжэй, бачыць, гойдаецца ў паветры нехта белы, з намаляваным ротам і з хвастом.

Добры дзень, — прывітаўся Пухнацік.

— Хы-хы-хы! — адказаў хвастаты.

— Ці не мой ты брацік?

— Ну, ну! — абурана закрычаў той, што з хвастом. — Я — змей!

— Змеі не лятаюць, яны поўзаюць.

— А я паветраны! Хы-хы-хы! Папяровы! Я ад сваіх гаспадароў уцёк.

— Хочаш быць маім брацікам? — прапанаваў Пухнацік.— Будзем разам лётаць. I табе і мне весялей будзе.

— Яшчэ што! — адказаў папяровы Змей. — Ты ж толькі воблачка, а я — Змей!

Не трэба мне ніякіх брацікаў!

— Дрэнны ты Змей, — сумна сказаў Пухнацік і падаўся прэч.

Паплыў ён, паплыў — бачыць: ляціць нехта ўверсе. Таксама белы, таксама з хвастом, а на галаве — нібы піка чырвоная. Пухнацік за ім.

— Ты Змей? — пытаецца.

— Не, не Змей, — адказаў той, што ляцеў.

— Ты воблачка?

— Не, не воблачка.

— Дык хто ж ты?

— Проста бусел…

— Дык, можа, ты мой брацік?

— Я ж сказаў, што бусел я. А ты — воблачка.

— I ты не хочаш быць маім брацікам? — зрумзаў Пухнацік, але ўспомніў, што яму плакаць няможна.

— Чаму не хачу? Давай будзем братамі, — сказаў добры бусел. — Паляціш да мяне на радзіму?

— Далёка? — зацікавіўся Пухнацік.

— Вельмі далёка… Там цяпер вясна… Цёплы дожджык зямлю палівае…

— А што такое дожджык? — спытаўся Пухнацік.

— Дожджык гэта… калі воблачкі плачуць, — адказаў бусел.

— Тады бывай, — сумна ўздыхнуў Пухнацік. — Плакаць я баюся…

— Бывай, — памахаў на развітанне крыламі бусел. — I не сумуй. Знойдзеш ты сабе браціка…

Бусел паляцеў. Пухнацік зноў застаўся адзін. А ў небе, як на тую бяду, ні хмурынкі. Спякота…

Шукаў, шукаў Пухнацік сваіх брацікаў, аж раптам бачыць — скала ўнізе, а на схіле той скалы ляжыць маленькае белае воблачка.

— Ды гэта ж і ёсць мой брацік! — узрадаваўся Пухнацік, хуценька апусціўся, падплыў бліжэй і бачыць, што брацікаў тут вельмі многа.

Усе малюсенькія, з жоўтымі тварыкамі, з белымі пялёсткамі. У кожнага зялёненькая тонкая ножка. Стаяць яны адзін ля аднаго, галоўкі журботна апусцілі.

— Добры дзень, брацікі, — прывітаўся Пухнацік. — Хто ж вас пакрыўдзіў? Чаго вы такія сумныя?

— Мы — рамонкі, — адказала адна кветка. — Ветрык нас прынёс сюды ў гэтую пустыню, калі мы яшчэ насеннем былі. Мы прараслі, а цяпер во — даводзіцца паміраць.

— Чаму?

— Дожджыку няма, зямля сухая, а мы піць хочам…



— Піць. Піць.. — танюсенькімі галасочкамі падхапілі астатнія рамонкі.

Не трэба плакаць, бо вы растаць можаце…

— Піць, піць…

— Ну, брацікі мае, ну, не плачце, калі ласка, бо і я заплачу, а мне нельга, — пачаў суцяшаць Пухнацік. — Скажыце, дзе той дожджык, — я яго знайду.

— Дожджык бывае, калі воблачкі плачуць, — адказалі рамонкі і зноў журботна і жаласліва схіліліся над парэпанай ад спякоты зямлёй сваімі белымі пялёсткамі. I Пухнацік заплакаў. Так шкада яму стала белых рамонкаў, што ён забыўся пра папярэджанне дзядулі Тумана. Паліліся з яго кропелькі чыстай вадзіцы, кропелькі дажджу… Напіліся рамонкі ўдосталь, павесялелі, расправілі свае пялёсткі.

А Пухнацік? Не, ён не знік. Ён ператварыўся ў лёгкую белую смугу над рамонкамі і ў кропелькі празрыстай расы, што нават у самую спёку блішчаць на пялёстках кветак…



Той, хто робіць добрае — ніколі не знікае.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка