Читаем Детям Пунсовая кветачка Казка ключніцы Пелагеі




Дата канвертавання06.02.2017
Памер260.47 Kb.

Читаем Детям

Пунсовая кветачка
Казка ключніцы Пелагеі
Сяргей Аксакаў
Пераклаў з рускага Ўладзімір Шахавец

У нейкім царстве, у дзяржаве нейкай жыў-быў багаты купец, знакаміты чалавек.

Шмат у яго было рознага багацця, дарагіх тавараў заморскіх, жэмчугу, каштоўных камянёў, залатога і срэбнага скарбу, і былі ў таго купца тры дачкі, усе тры красуні незвычайныя, а малодшая лепшая за ўсіх; і любіў ён дачок сваіх больш, чым усё сваё багацце, жэмчугі, каштоўныя камяні, залаты і срэбны скарб — з тае прычыны, што ён быў удавец і любіць яму не было каго; любіў ён старэйшых дачок, а малодшую дачку любіў больш, бо яна была лепшая за ўсіх і да яго ласкавейшая.

Вось і збіраецца той купец па сваіх гандлёвых справах за мора, за край свету, у трыдзевятае царства, у трыдзевятае каралеўства, і кажа ён сваім любым дочкам:

— Дочкі мае мілыя, дочкі мае харошыя, дочкі мае прыгожыя, еду я па сваіх купецкіх справах за край свету, у трыдзевятае царства, у трыдзевятае каралеўства, і ці мала, ці многа часу праезджу — не ведаю, і наказваю я вам жыць без мяне сумленна і спакойна, а калі вы будзеце жыць без мяне сумленна і спакойна, то прывязу вам такія гасцінцы, якія вы самі захочаце, і даю вам тэрміну думаць тры дні, і тады вы мне скажаце, якіх гасцінцаў вам хочацца.

Думалі яны тры дні і тры ночы і прыйшлі да свайго бацькі, і пачаў ён у іх пытацца, якіх гасцінцаў жадаюць. Старэйшая дачка пакланілася бацьку ў ногі ды і кажа яму першая:

— Мой ты татка родны! Не прывозь ты мне залатой і срэбнай парчы1, ні футраў чорнага собаля, ні жэмчуга бурміцкага2, а прывязі ты мне залаты вянок з камянёў самацветных3, і каб было ад іх такое святло, як ад месяца поўнага, як ад сонца яснага, і каб было ад яго светла ў цёмную ноч, як сярод дня белага.

Шаноўны купец задумаўся і сказаў потым:

— Добра, дачка мая мілая, харошая і прыгожая, прывязу я табе такі вянок; ведаю я за морам такога чалавека, які дастане мне гэтакі вянок; а і ёсць ён у адной каралеўны заморскай, а і схаваны ён у кладоўцы каменнай, а і стаіць тая кладоўка ў каменнай гары, глыбінёй на тры сажні, за трыма дзвярамі жалезнымі, за трыма замкамі нямецкімі. Клопату будзе шмат, але майму багаццю ўсё падуладна.

Пакланілася яму ў ногі дачка сярэдняя і кажа:

— Мой ты татка родны! Не прывозь ты мне залатой і срэбнай парчы, ні чорных футраў собаля сібірскага, ні караляў жэмчуга бурміцкага, ні золата вянка самацветнага, а прывязі ты мне тувале́т4 з хрусталю ўсходняга, суцэльнага, беззаганнага5, каб, пазіраючы ў яго, бачыла я ўсю прыгажосць паднябесную і каб, гледзячыся ў яго, я не старэла і прыгажосць мая дзявочая большала.

Задумаўся шаноўны купец і, падумаўшы ці мала, ці многа часу, мовіць ён такія словы:

— Добра, дачка мая мілая, харошая і прыгожая, дастану я табе такі хрустальны тувалет, а і ёсць ён у дачкі караля персідскага, маладой каралеўны, прыгажосці невыказнай і негаданай, і схаваны той тувалет у цераме каменным, высокім, і стаіць ён на гары каменнай, вышыня той гары трыста сажняў, за сямі замкамі нямецкімі, і вядуць да таго церама прыступак тры тысячы, і на кожнай прыступцы стаіць па воіну персідскаму і дзень і ноч з шабляю булатнаю нагала, і ключы ад тых дзвярэй жалезных носіць каралеўна на поясе. Ведаю я за морам такога чалавека, і дастане ён мне гэты тувалет. Клопат будзе большы, чым для сястры старэйшай, але майму багаццю ўсё падуладна.

Пакланілася ў ногі бацьку малодшая дачка і кажа:

— Мой ты татка родны! Не прывозь ты мне залатой і срэбнай парчы, ні чорных собаляў сібірскіх, ні караляў бурміцкіх, ні вянка самацветнага, ні тувалета хрустальнага, а прывязі ты мне пунсовую кветачку, прыгажэйшай за якую не было б на белым свеце.

Задумаўся шаноўны купец, моцна задумаўся. Ці мала, ці многа часу ён думаў, дакладна сказаць не магу; надумаўшыся, ён цалуе, лашчыць, галубіць сваю малодшую дачку, любімую, і мовіць такія словы:

— Ну, задала ты мне работу куды цяжэйшую, чым задалі сёстры: калі ведаеш, што шукаць, то і знойдзеш, а як знайсці тое, чаго і сам не ведаеш? Пунсовую кветачку не хітра знайсці, ды як жа даведацца мне, што прыгажэйшай за яе няма на белым свеце? Буду старацца, а за гасцінец не крыўдуй.

I адпусціў ён дачок сваіх, харошых, прыгожых, у іхнія церамы дзявочыя. Пачаў ён збірацца ў дарогу, у далёкія краі заморскія. Ці доўга, ці многа ён збі-раўся, я не ведаю: хутка казка кажацца, не хутка справа робіцца. Падаўся ён у дарогу далёкую.

Вось ездзіць шаноўны купец па чужых старонках заморскіх, па каралеўствах дзівосных; прадае ён свае тавары ўтрая даражэй, купляе чужыя ўтрая танней, ён мяняе тавар на тавар па сходнай цане, з прыдачай срэбра ды золата; залатым скарбам караблі нагружае ды дадому пасылае. Знайшоў ён запаветны гасцінец для сваёй старэйшай дачкі: вянок з камянямі самацветнымі, а ад іх светла ў цёмную ноч, нібы ў белы дзень. Знайшоў запаветны гасцінец і для сваёй сярэдняй дачкі: тувалет хрустальны, а ў ім відаць уся прыгажосць паднябёсная, і, пазіраючы ў яго, дзявочая прыгажосць не старэе, а большае. Не можа ён толькі знайсці запаветнага гасцінца для малодшай, любімай дачкі — пунсовую кветачку, прыгажэйшай за якую не было б на белым свеце.

Знаходзіў ён у садах царскіх, каралеўскіх і султанскіх шмат пунсовых кветачак такой прыгажосці, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць; ды ніхто яму парукі не дае, што прыгажэйшай за тую кветку няма на белым свеце; ды і сам ён так не думае. Вось едзе ён дарогаю са сваімі слугамі вернымі па пясках сыпучых, па лясах дрымучых, і, адкуль ні вазьміся, наляцелі на яго разбойнікі, басурманскія, турэцкія ды індзейскія, убачыўшы бяду немінучую, пакідае шаноўны купец свае караваны багатыя са слугамі вернымі і ўцякае ў цёмныя лясы. «Няхай мяне, маўляў, разарвуць звяры лютыя, чым трапіць мне ў рукі разбойніцкія, паганыя і дажываць свой век у палоне, у няволі».

Блукае ён па тым лесе дрымучым, непраездным, непраходным, і чым далей ідзе, то дарога лепшай робіцца, нібы дрэвы перад ім расступаюцца, а густыя кусты рассоўваюцца. Зірне назад — рукі не прасунуць, зірне направа — пні ды калоды, зайцу касому не праскочыць, зірне налева — а і горш за тое. Дзівіцца шаноўны купец, думае не прыдумае, што з ім за цуд дзеецца, а сам усё ідзе ды ідзе: у яго пад нагамі сцежка пратаптаная. Ідзе ён дзень ад раніцы да вечара, не чуе ён рыку звярынага, ні шыпення змяінага, ні крыку савінага, ні голасу птушынага: быццам перад ім усё вымерла. Вось прыйшла і цёмная ноч; вакол яго хоць вока выкалі, а ў яго пад нагамі светла-светла. Вось ішоў ён, лічы, да поўначы, і пачаў бачыць наперадзе нібы зарыва, і падумаў ён: «Мабыць, лес гарыць, дык навошта ж мне туды ісці на верную смерць немінучую?»

Павярнуў ён назад — нельга ісці, направа, налева — нельга ісці, сунуўся наперад — сцежка пратаптаная. «Давай пастаю на адным месцы, — можа, зарыва пойдзе ў другі бок, альбо прэч ад мяне, альбо згасне зусім».

Вось і спыніўся ён, чакае, ды дзе там: зарыва быццам да яго насустрач ідзе, і нібыта вакол яго святлей робіцца; думаў ён, думаў і вырашыў ісці наперад. Дзвюх смярцей не будзе для мяне, а адна не абміне. Перахрысціўся купец і пайшоў наперад. Чым далей ідзе, тым святлей робіцца, і зрабілася, лічы, як белы дзень, а не чутно шуму і трэску пажарнага. Выходзіць ён нарэшце на паляну шырокую, і пасярод той паляны шырокай стаіць дом не дом, церам не церам, а палац каралеўскі або царскі, увесь у агні, у срэбры і золаце і ў камянях самацветных, увесь гарыць і свеціць, а агню не бачна; нібы сонейка яснае, ажно цяжка на яго вачам глядзець. Усе акенцы ў палацы расчынены, і грае ў ім музыка зладжаная, якой ніколі ён не чуў.

Уваходзіць ён на шырокі двор, у вароты шырокія, расчыненыя; дарога пайшла з белага мармуру, а па баках б'юць фантаны вады, высокія, вялікія і малыя. Уваходзіць ён у палац па лесвіцы, засланай кармазінным1 сукном, з поручнямі пазалочанымі; увайшоў у святліцу — няма нікога; у другую, у трэцюю — няма нікога; у пятую, дзесятую — няма нікога; а ўбранне ўсюды царскае, нечуванае і нябачанае: золата, срэбра, хрусталі ўсходнія, косць слановая і мамантавая.

Дзівіцца шаноўны купец з такога багацця незлічонага, а яшчэ больш ад таго, што гаспадара няма; не толькі гаспадара, і слуг няма; а музыка іграе не змаўкаючы, і падумаў ён у той час: «Усё добра, ды есці няма чаго» — і вырас перад ім стол, прыбраны-распрыбраны: у посудзе залатым ды срэбным стравы стаяць цукровыя, і віно заморскае, і пітво мядовае. Сеў ён за стол без развагі, напіўся, наеўся ўволю, бо не еў суткі цэлыя; ежа такая, што і сказаць нельга, — не заўважыш, як язык праглынеш, а ён, па лясах і пясках ходзячы, моцна прагаладаўся; устаў ён з-за стала, а пакланіцца няма каму і падзякаваць за хлеб, за соль няма каму. Не паспеў ён устаць ды азірнуцца, а стала з ежай як і не было, а музыка іграе не змаўкаючы.

Дзівіцца шаноўны купец з такога цуду цудоўнага і з такога дзіва дзіўнага, і ходзіць ён па палатах аздобленых ды любуецца, а сам думае: «Добра было б цяпер паспаць ды пахрапці» — і тут бачыць: стаіць перад ім ложак разны, з чыстага золата, на ножках хрустальных, з полагам срэбным, з махрамі і кутасамі жамчужнымі; пухавік на ім як гара ляжыць, з пуху мяккага, лебядзінага.

Дзівіцца купец з такога цуду новага, новага і цудоўнага, кладзецца ён на высокі ложак, зашморгвае полаг срэбны і тут бачыць, што ён тонкі і мяккі, нібы шаўковы. Зрабілася ў палаце цёмна, нібы змерклася, і музыка грае быццам уводдалі, і падумаў ён: «Ах, каб мне дачок хоць у сне ўбачыць!» — заснуў у тую ж хвіліначку.

Прачынаецца купец, а сонца ўжо ўзышло вышэй за дрэва стаячае. Прачнуўся купец і ўсё апамятацца не можа: усю ноч бачыў ён у сне дачок сваіх любімых, харошых і прыгожых, бачыў ён дачок сваіх старэйшых: старэйшую і сярэднюю, што яны вясёлыя-вясёлыя, а маркотная адна дачка малодшая, самая любімая; што ў старэйшай і сярэдняй дачок ёсць жаніхі багатыя і што збіраюцца яны выйсці замуж, не дачакаўшыся яго блаславення бацькоўскага; малодшая ж дачка любімая, красуня незвычайная, пра жаніхоў і чуць не хоча, пакуль не вернецца яе родны бацька. I зрабілася ў яго на душы і радасна і не радасна.

Устаў ён з ложка высокага, адзенне яму ўсё падрыхтавана, і фантан вады б'е ў чашу хрустальную; ён апранаецца, мыецца і ўжо з новага цуда не дзівіцца: чай і кава на стале стаяць, і пры іх закуска цукровая. Памаліўшыся богу, ён пад'еў, і пачаў ён зноў па палатах хадзіць, каб зноў на іх палюбавацца пры святле сонца яснага. Усё здалося яму лепшым за ўчарашняе. Вось бачыць ён у вокны расчыненыя, што вакол палаца ўзгадаваны сады дзіўныя, пладавітыя і кветкі цвітуць прыгажосці незвычайнай. Захацелася яму па тых садах прагуляцца.

Сыходзіць ён па другой лесвіцы з мармуру зялёнага, з малахіту меднага, з поручнямі пазалочанымі, сыходзіць проста ў зялёныя сады. Гуляе ён і любуецца: на дрэвах вісяць плады спелыя, румяныя, самі ў рот так і просяцца, ажно, гледзячы на іх, слінка цячэ; кветкі цвітуць найцудоўнейшыя, махровыя, духмяныя, рознымі фарбамі размаляваныя; птушкі лятаюць дзівосныя: нібыта па аксаміце зялёным і пунсовым золатам і срэбрам выкладзены, песні спяваюць райскія; фантаны вады б'юць высокія, ажно глядзець на іх вышыню — галава задзіраецца; і бягуць і шумяць ручаіны крынічныя па калодах хрустальных.

Ходзіць шаноўны купец, дзівіцца: на ўсе такія дзівосы вочы яго разбегліся, і не ведае ён, на што глядзець і каго слухаць. Хадзіў ён так ці многа, ці мала часу — невядома: хутка казка кажацца, не хутка справа робіцца. I раптам бачыць ён: на ўзгорачку зялёным цвіце кветка колеру пунсовага, прыгажосці нечуванай, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. У шаноўнага купца дух займае; падыходзіць ён да той кветкі; пах ад кветкі па ўсім садзе нібы струмень бяжыць; закалаціліся і рукі і ногі ў купца, і прамовіў ён голасам радасным:

— Вось пунсовая кветачка, за якую прыгажэйшай няма на белым свеце, пра якую прасіла мяне дачка малодшая, любімая.

I, праказаўшы такія словы, ён падышоў і сарваў пунсовую кветачку. У тую ж хвіліну, без аніякіх хмар, бліснула маланка і ўдарыў гром, ажно зямля захісталася пад нагамі, — і вырас, як быццам з зямлі, перад купцом звер не звер, чалавек не чала-век, так нейкая пачвара, страшная і калматая, і зараўла яна голасам дзікім:

— Што ты зрабіў? Як ты пасмеліўся сарваць у маім садзе маю запаветную, любімую кветку? Я бярог яе як зрэнку вока майго і кожны дзень цешыўся, на яе гледзячы, а ты пазбавіў мяне ўсёй уцехі ў маім жыцці. Я гаспадар палаца і саду, я прыняў цябе, як дарагога госця і прошанага, накарміў, напаіў і спаць паклаў, а ты гэтак заплаціў за маё дабро? Ведай жа сваю долю горкую: памерці табе за сваю віну смерцю заўчаснаю!..

I незлічоная колькасць галасоў дзікіх з усіх бакоў залямантавала:

— Памерці табе смерцю заўчаснаю!

У шаноўнага купца ад страху зуб на зуб не трапляў, ён азірнуўся навакол і ўбачыў, што з усіх бакоў, з-пад кожнага дрэва і кусціка, з вады, з зямлі лезе да яго сіла нячыстая, незлічоная, усе страшыдлы агідныя. Ён упаў на калені перад галоўным гаспадаром, пачварай калматай, і загаварыў голасам жаласным:

— Гэй ты, пан шаноўны, звер лясны, дзіва марское: як велічаць цябе — не знаю, не ведаю! Не загубі ты душу маю хрысціянскую за маю дзёрзкасць бязвінную, не загадвай мяне катаваць і караць смерцю, загадай слова прамовіць. А ёсць у мяне тры дачкі, тры дачкі-красуні, харошыя і прыгожыя; абяцаў я ім гасцінцы прывезці: старэйшай дачцэ — самацветны вянок, сярэдняй дачцэ — тувалет хрустальны, а малодшай дачцэ — пунсовую кветачку, прыгажэйшай за якую не было б на белым свеце. Старэйшым дочкам гасцінцы я знайшоў, а малодшай дачцэ гасцінца знайсці не змог; убачыў я такі гасцінец у цябе ў садзе — пунсовую кветачку, прыгажэйшай за якую няма на белым свеце, і падумаў я, што такому гаспадару, багатаму-багатаму, слаўнаму і магутнаму, не будзе шкада кветачкі пунсовай, пра якую прасіла мяне мая малодшая дачка, любімая. Каюся я за сваю віну перад тваёй вялікасцю. Ты даруй мне, неразумнаму і дурному, адпусці мяне да маіх дачок родных і падары мне кветачку пунсовую для гасцінца маёй малодшай, любімай дачцэ. Заплачу я табе золатам, колькі скажаш.

Пачуўся ў лесе рогат, нібы гром загрымеў, і гаворыць купцу звер лясны, дзіва марское:

— Не трэба мне твайго золата: мне свайго падзець няма куды. Няма табе ад мяне ніякай літасці, і разарвуць цябе мае слугі верныя на кавалкі, на часткі дробныя. Ёсць адзін для цябе паратунак. Я адпушчу цябе дадому жывога і здаровага, узнагароджу скарбам незлічоным, падару кветачку пунсовую, калі дасі ты мне слова гонару купецкае і запіс сваёй рукі, што прышлеш замест сябе адну з дачок сваіх, харошых, прыгожых; я крыўды ёй ніякай не зраблю, а будзе яна жыць у мяне ў ласцы і прыволлі, як сам ты жыў у палацы маім. Стала сумна мне жыць аднаму, і хачу я займець сабе таварыша.

Так і ўпаў купец на сырую зямлю, горкімі слязамі абліваецца; а і паглядзіць ён на звера ляснога, на дзіва марское, а і ўспомніць ён сваіх дачок, харошых, прыгожых, а і яшчэ мацней залямантуе немым голасам: вельмі страшны быў лясны звер, дзіва марское. Доўга шаноўны купец пакутуе і слязьмі абліваецца, і гаворыць ён голасам жаласным:

— Пан шаноўны, звер лясны, дзіва марское! А і што мне рабіць, калі дочкі мае, харошыя і прыгожыя па сваёй волі не захочуць ехаць да цябе? Не звязаць жа мне ім рукі і ногі ды сілком прыслаць? Ды і якой дарогай да цябе прыехаць? Я ехаў да цябе роўна два гады, а па якіх мясцінах, па якіх дарогах, я не ведаю.

Адказвае купцу звер лясны, дзіва марское:

— Не хачу я нявольніцы: няхай прыедзе твая дачка сюды па любові да цябе, сваёй воляй і хаценнем; а калі дочкі твае не паедуць па сваёй волі і хаценню, то сам прыязджай, і загадаю я пакараць цябе смерцю лютай. А як прыехаць да мяне — не твая бяда; дам я табе пярсцёнак з рукі маёй: хто надзене яго на правы мезенец, той апынецца там, дзе пажадае, у адно вокамгненне. Часу даю табе дома прабыць тры дні і тры ночы.

Думаў, думаў купец думу цяжкую і прыдумаў так: «Лепш мне з дочкамі пабачыцца, даць ім сваё бацькоўскае блаславенне, і калі яны пазбавіць мяне ад смерці не захочуць, то падрыхтавацца да смерці па правілу хрысціянскаму і вярнуцца да ляснога звера, дзіва марскога». Падману ў яго думках не было, а таму ён расказаў, што думаў. Звер лясны, дзіва марское, і без гэтага думкі яго ведаў; бачачы яго сумленнасць, ён і запісу з яго заручнага1 не ўзяў, а зняў са сваёй рукі залаты пярсцёнак, і падаў яго шаноўнаму купцу.

I толькі шаноўны купец паспеў надзець яго на правы мезенец, як апынуўся ён у варотах свайго шырокага двара; у той час у тыя ж вароты ўязджалі яго караваны багатыя са слугамі вернымі, і прывезлі яны скарбаў у тры разы больш, чым раней. Падняўся ў доме шум і крык, паўскоквалі дочкі з-за пяльцаў сваіх, а вышывалі яны срэбрам і золатам ручнікі ды хусцінкі шаўковыя; пачалі яны бацьку цалаваць, мілаваць і рознымі ласкавымі імёнамі называць; і дзве старэйшыя сястры ліслівіць больш за малодшую сястру. Бачаць яны, што бацька нейкі нярадасны і што ёсць у яго на сэрцы сум патаемны. Пачалі старэйшыя дочкі яго распытваць, ці не страціў ён свайго багацця вялікага; малодшая ж дачка пра багацце не думае, і кажа яна свайму бацьку:

— Мне багацце тваё непатрэбна; багацце справа нажыўная, а адкрый ты мне сваё гора сардэчнае.

I сказаў тады шаноўны купец сваім дочкам родным, харошым і прыгожым:

— Не страціў я свайго багацця вялікага, а прыдбаў скарбаў больш у тры-чатыры разы; а ёсць у мяне іншы клопат, і скажу вам пра яго заўтра, а сёння будзем весяліцца.

Загадвае ён прынесці куфры дарожныя, жалезам акаваныя; дастае ён старэйшай дачцэ залаты вянок, золата аравійскага, у агні не гарыць, у вадзе не ржавее, з камянямі самацветнымі; дастае гасцінец сярэдняй дачцэ, тувалет хрусталю ўсходняга; дастае гасцінец малодшай дачцэ, залаты збанок з кветачкай пунсовай. Старэйшыя дочкі ад радасці падурнелі, панеслі свае гасцінцы ў церамы высокія, і там на прасторы імі ўволю цешыліся. Толькі дачка малодшая, любімая, убачыўшы кветачку пунсовую, закалацілася ўся і заплакала, нібы ў сэрца яе нешта ўджаліла. I мовіць ёй бацька такія словы:

— Чаму ж, дачка мая мілая, любімая, не бярэш ты сваёй кветкі жаданай? Прыгажэйшай за яе няма на белым свеце.

Узяла дачка малодшая кветачку пунсовую неяк нехаця, цалуе рукі бацькавы, а сама плача горкімі слязьмі. Неўзабаве прыбеглі дочкі старэйшыя, выпрабавалі яны гасцінцы бацькавы і не могуць апамятацца ад радасці. Тады селі ўсе яны за сталы дубовыя, за абрусы ўзорыстыя, за стравы цукровыя, за пітво мядовае; пачалі есці, піць, гуляць, ласкавымі словамі адно аднаго цешыць.

Вечарам госці панаехалі, і стаў дом у купца поўны дарагіх гасцей, родзічаў, лісліўцаў, нахлебнікаў. Да поўначы бяседа доўжылася, і такі быў вячэрні баль, якога шаноўны купец ў сябе дома яшчэ не бачыў, і адкуль што бралася, не мог здагадацца ён, ды і ўсе з таго дзівіліся: і посуду залатога-срэбнага, і страў дзіўных, якіх ніколі ў доме не бачылі.

Назаўтра раніцай паклікаў да сябе купец старэйшую дачку, расказаў ёй усё, што з ім здарылася, усё ад слова да слова, і запытаў, ці хоча яна пазбавіць яго ад смерці лютай і паехаць жыць да звера ляснога, да дзіва марскога? Старэйшая дачка наадрэз адмовілася і кажа:

— Няхай тая дачка і выручае бацьку, для каго ён даставаў пунсовую кветачку.

Паклікаў шаноўны купец да сябе другую дачку, сярэднюю, расказаў ёй усё, што з ім здарылася, усё ад слова да слова, і запытаў, ці хоча яна пазбавіць яго ад смерці лютай і паехаць жыць да звера ляснога, дзіва марскога? Сярэдняя дачка наадрэз адмовілася і кажа:

— Няхай тая дачка і выручае бацьку, для каго ён даставаў пунсовую кветачку.

Паклікаў шаноўны купец малодшую дачку і пачаў ёй усё расказваць, усё ад слова да слова, і не паспеў закончыць гаворкі сваёй, як стала перад ім на калені дачка малодшая, любімая і сказала:

— Блаславі мяне, мой татка родны: я паеду да звера ляснога, дзіва марскога, і буду жыць у яго. Для мяне дастаў ты пунсовую кветачку, і мне трэба выручаць цябе.

Заліўся слязамі шаноўны купец, абняў ён сваю малодшую дачку, любімую, і мовіць ёй такія словы:

— Дачка мая мілая, харошая, прыгожая, малодшая і любімая, хай будзе над табой маё блаславенне бацькоўскае за тое, што выручаеш ты свайго бацьку ад смерці лютай і па добрай волі сваёй і хаценню ідзеш на жыццё прыкрае да страшнага звера ляснога, дзіва заморскага. Будзеш жыць ты ў яго ў палацы, у багацці і прыволлі вялікім; ды дзе той палац, ніхто не знае, не ведае, і няма да яго дарогі ні коннаму, ні пешаму, ні зверу скачучаму, ні птушцы пералётнай. Не будзе нам ад цябе ні чуткі, ні вестачкі, а табе ад нас тым больш. I як мне дажываць мой горкі век, твару твайго не бачачы, ласкавых слоў тваіх не чуючы? Расстаюся я з табою на векі вечныя, нібы цябе жывую ў зямлю хаваю.

I адказвае бацьку дачка малодшая, любімая:

— Не плач, не бядуй, мой татка родны; жыццё маё будзе багатае, прывольнае: звера ляснога, дзіва марскога я не спалохаюся, буду служыць яму верай і праўдай, выконваць яго волю панскую, а можа, ён мяне і пашкадуе. Не аплаквай ты мяне жывую, нібы мёртвую: можа, бог дасць, я і вярнуся да цябе.

Плача, рыдае шаноўны купец, доччынымі словамі не суцяшаецца.

Прыбягаюць сёстры старэйшыя, большая і сярэдняя, усчалі плач па ўсім доме: бач, вельмі ім шкада малодшай сястры, любімай, а малодшая сястра і выгляду сумнага не паказвае, не плача, не вохкае і ў далёкую дарогу невядомую збіраецца.

Мінуў трэці дзень і трэцяя ноч, прыйшла пара развітвацца шаноўнаму купцу, развітвацца з дачкой малодшай, любімай; ён цалуе, мілуе яе, горкімі слязьмі аблівае і дае ёй хрышчонае блаславенне сваё бацькоўскае. Дастае ён пярсцёнак звера ляснога, дзіва марскога, з куфэрка каванага, надзяе пярсцёнак на правы мезенец малодшай любімай дачкі, і знікла яна ў тую ж хвілінку з усімі яе пажыткамі.

Апынулася яна ў палацы звера ляснога, дзіва марскога. У палатах высокіх, мураваных, на ложку з разнога золата з ножкамі хрустальнымі, на пуховіку пуха лебядзінага, пакрытым залатой адамашкай, быццам яна з месца не сыходзіла, быццам яна ўвесь век тут жыла, быццам лягла адпачываць ды прачнулася. Зайграла музыка суладная, якой зроду яна не чула.

Устала яна з пасцелі пуховай і ўбачыла, што ўсе яе пажыткі і кветачка пунсовая ў збанку пазалочаным тут жа стаяць, раскладзены і расстаўлены на сталах зялёных малахіту меднага, і што ў той палаце шмат дабра і скарбу ўсялякага, ёсць на чым пасядзець-паляжаць, ёсць у што прыадзецца, ёсць у што паглядзецца. I была адна сцяна ўся люстраная, а другая сцяна пазалочаная, а трэцяя сцяна ўся срэбная, а чацвёртая сцяна з касці слановай і мамантавай, самацветнымі яхантамі ўся аздобленая; і падумала яна: «Мабыць, гэта мая спачывальня».

Захацелася ёй агледзець палац, і пайшла яна аглядаць усе яго палаты высокія, і хадзіла яна нямала часу, на ўсе цуды любуючыся: адна палата была прыгажэйшай за другую, і ўсе прыгажэйшыя за тыя, пра якія расказваў шаноўны купец, татка яе родны. Узяла яна са збанка пазалочанага любімую кветачку пунсовую, сышла яна ў зялёныя сады, і заспявалі ёй птушкі свае песні райскія, а дрэвы, кусты і кветкі замахалі сваімі верхавінамі і нібы ёй кланяліся; вышэй забілі фантаны вады і гучней зашумелі ручаіны крынічныя; і знайшла яна тое месца высокае, узгорак муравісты, дзе сарваў шаноўны купец кветачку пунсовую, прыгажэйшай за якую няма на белым свеце. I дастала яна тую пунсовую кветачку са збанка пазалочанага і хацела пасадзіць на месца ранейшае; але сама яна вылецела з рук яе і прырасла да сцябліны ранейшай і расцвіла прыгажэй, чым дагэтуль цвіла.

Падзівілася яна з такога цуда цудоўнага, дзіва дзіўнага, парадавалася сваёй кветачцы пунсовай запаветнай і пайшла назад у палаты свае высокія; і ў адной з іх стаіць стол накрыты, і толькі яна падумала: «Відаць, звер лясны, дзіва марское, на мяне не гневаецца, і будзе ён мне панам ласкавым», — як на белай мармуровай сцяне з'явіліся словы вогненныя:

«Не пан я твой, а паслухмяны нявольнік. Ты мая пані, і ўсё, што табе пажадаецца, усё, што табе падумаецца, выконваць я буду з ахвотаю».

Прачытала яна словы вогненныя, і зніклі яны са сцяны белай мармуровай, як быццам іх ніколі не было там. I прыйшло ёй на думку напісаць пісьмо да свайго бацькі і даць яму пра сябе вестачку. Не паспела яна пра гэта падумаць, як бачыць яна, перад ёю папера ляжыць, залатое пяро з чарніліцай. Піша яна пісьмо да свайго таткі роднага і сястрыц сваіх любімых:

«Не плачце па мне, не бядуйце, я жыву ў палацы ў звера ляснога, дзіва марскога, як каралеўна; самога яго не бачу і не чую, а піша ён мне на сцяне беламармуровай словамі вогненнымі; і ведае ён усё, што ў маіх думках, і ў тую ж хвіліну ўсё выконвае і не хоча ён называцца панам маім, а мяне называе паняй сваёй».

Не паспела яна пісьмо напісаць і пячаткай прыпячатаць, як знікла пісьмо з рук і вачэй яе, нібы яго тут і не было. Зайграла музыка яшчэ гучней, на стале з'явіліся стравы цукровыя, пітво мядовае, увесь посуд золата чыстага. Села яна за стол той вясёлая, хоць зроду не абедала адна-адзінокая; ела яна, піла, пацяшалася, музыкай забаўлялася. Пасля абеду, наеўшыся, яна адпачываць легла; зайграла музыка цішэй і далей — з той прычыны, каб ёй спаць не перашкаджаць.

Пасля сну ўстала яна вясёлай і пайшла гуляць па садах зялёных, бо не паспела яна да абеду абысці і палову іх, нагледзецца на ўсе іх дзівосы. Усе дрэвы, кусты і кветкі кланяліся ёй, а спелыя плады — грушы, персікі і наліўныя яблычкі — самі ў рот лезлі. Пахадзіўшы часу нямала, лічы, аж да вечара, вярнулася яна ў свае палаты высокія, і тут бачыць яна, стол накрыты, і на стале стравы стаяць цукровыя і пітво мядовае, і ўсё выдатнае.

Пасля вячэры ўвайшла яна ў тую палату беламармуровую, дзе чытала яна на сцяне словы вогненныя; і ўбачыла яна на той жа сцяне зноў такія ж словы вогненныя:

«Ці задаволена пані мая сваімі садамі і палатамі, частаваннем і слугамі?»

I мовіла голасам радасным маладая дачка купецкая, красуня незвычайная:

— Не называй ты мяне паняй сваёй, а будзь ты заўсёды мой добры пан, ласкавы і міласцівы. Я волі тваёй заўсёды буду слухацца. Дзякую табе за ўсё тваё частаванне. Лепшых за твае палаты высокія і твае зялёныя сады не знайсці на белым свеце: дык як жа мне задаволенай не быць? Я зроду такіх дзівосаў не бачыла. Я ад такога цуду яшчэ апамятацца не магу, толькі баюся я спаць адна; ва ўсіх тваіх палатах высокіх няма ніводнай душы чалавечай.

З'явіліся на сцяне словы вогненныя:

«Не бойся, мая пані цудоўная: не будзеш ты спаць-адпачываць адна, чакае цябе твая дзяўчына-пакаёўка, верная і любімая; і шмат ў палатах душ чалавечых, а толькі ты іх не бачыш і не чуеш, і ўсе яны разам са мною берагуць цябе і ўначы і ўдзень: не дамо мы на цябе ветру павеяць, не дамо і пылінцы сесці».

I пайшла спачываць у спачывальню сваю маладая дачка купецкая, красуня незвычайная, і тут бачыць: стаіць каля ложка яе дзяўчына-пакаёўка, верная і любімая, і стаіць яна ледзь ад страху жывая; і ўзрадавалася яна пані сваёй, і цалуе яе рукі белыя, абдымае яе ногі хуткія. Пані была ёй таксама рада, пачала яе распытваць пра татку роднага, пра сястрыц сваіх старэйшых і пра ўсіх сваіх служанак дзявочых; пасля гэтага пачала сама расказваць, што з ёю за гэты час здарылася; так і не спалі яны да світання.

Так і стала жыць ды пажываць маладая дачка купецкая, красуня незвычайная. Кожны дзень ёй гатова адзенне новае, багатае, і ўборы такія, што цаны ім няма, ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць; кожны дзень пачастункі і весялосці новыя, выдатныя: язда, гулянне з музыкай на калясніцах без коней і вупражы па цёмных лясах; а тыя лясы перад ёй расступаліся і дарогу давалі ёй шырокую і гладкую. I пачала яна рукадзеллем займацца, рукадзеллем дзявочым, вышываць ручнікі ды хусцінкі срэбрам і золатам і нанізваць махры частым жэмчугам; пачала пасылаць падарункі татку роднаму, а і самы багаты ручнік падарыла свайму гаспадару ласкаваму, а і таму лясному зверу, дзіву марскому; а і пачала яна штодня часцей хадзіць у залу беламармуровую, казаць словы ласкавыя свайму гаспадару міласціваму і чытаць на сцяне яго адказы і прывітанні словамі вогненнымі.

Ці мала, ці многа часу мінула: хутка казка кажацца, не хутка справа робіцца, — пачала прывыкаць да свайго жыцця-быцця маладая дачка купецкая, красуня незвычайная; ні з чаго ўжо яна не здзіўляецца, нічога не палохаецца; служаць ёй слугі нябачныя, падаюць, прымаюць, на калясніцы без коней возяць, музыкай забаўляюць і ўсе яе загады выконваюць. I любіла яна свайго пана ласкавага штодня ўсё мацней, бачыла яна, што нездарма ён называе яе паняй сваёй і што любіць ён яе больш, чым самога сябе; і захацелася ёй ягонага голасу паслухаць, захацелася з ім размову распачаць, не наведваючы палаты беламармуровай, не чытаючы слоў вогненных.

Пачала яна яго аб тым маліць і прасіць, ды звер лясны, дзіва марское, не хутка на яе просьбу згаджаецца, напалохаць яе сваім голасам баіцца; упрасіла, умаліла яна свайго гаспадара ласкавага, і не мог ён ёй супраціўляцца, і напісаў ён ёй у апошні раз на сцяне беламармуровай словамі вогненнымі:

«Прыходзь сёння ў зялёны сад, сядзь у сваёй альтанцы любімай, лісцем, галінкамі, кветкамі заплеценай, і скажы так: «Гавары са мной, мой верны нявольнік».

I, не чакаючы доўга, пабегла маладая дачка купецкая, красуня незвычайная, у сады зялёныя, увайшла ў альтанку сваю любімую, лісцем, галінкамі, кветкамі заплеценую, і села на лаўку парчовую; і мовіць яна, задыхаючыся, б'ецца яе сэрцайка, як у птушкі злоўленай, мовіць яна такія словы:

— Не бойся ты, пан мой, добры, ласкавы, напалохаць мяне сваім голасам: пасля ўсёй тваёй ласкі не збаюся я і рову звярынага; гавары са мной без асцярогі.

I пачула яна, нібы хто ўздыхнуў за альтанкаю, і загрымеў голас страшны, дзікі і гучны, хрыплы і сіплы, ды і то гаварыў ён яшчэ напаўголаса. Скаланулася спярша маладая дачка купецкая, красуня незвычайная, пачуўшы голас звера ляснога, дзіва марскога, толькі страх свой перамагла і выгляду, што спалохалася, не паказала, і неўзабаве словы яго ласкавыя і прыветлівыя, словы думныя і разумныя пачала слухаць яна і заслухалася, і зрабілася ёй на сэрцы радасна.

3 той пары, з таго часу пайшлі ў іх размовы, лічы, увесь дзень — у зялёным садзе на пагулянках, у цёмных лясах на катанках і ва ўсіх палатах высокіх. Толькі запытае маладая дачка купецкая, красуня незвычайная:

— Ці тут ты, мой добры, любімы пан? Адказвае лясны звер, дзіва марское:

— Тут, пані мая цудоўная, твой верны нявольнік, адданы сябар.

I не палохаецца яна яго голасу дзікага і страшнага, і ідуць у іх размовы ласкавыя, і канца ім няма.

Мінула ці мала, ці многа часу: хутка казка кажацца, не хутка справа робіцца, — захацелася маладой дачцэ купецкай, красуні незвычайнай, убачыць сваімі вачамі звера ляснога, дзіва марское, і пачала яна яго пра тое прасіць і маліць. Доўга ён на гэта не згаджаўся, напалохаць яе баяўся, ды і быў ён такое страшыдла, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць: не толькі людзі, звяры дзікія яго заўсёды палохаліся і ў свае берлагі разбягаліся. I мовіць звер лясны, дзіва марское, такія словы:

— Не прасі, не малі ты мяне, пані мая найпрыгожая, красуня ненаглядная, каб паказаў я табе свой твар агідны, сваё цела пачварнае. Да голасу майго прывыкла ты; мы жывём з табою ў дружбе, у згодзе адно з адным, лічы, не разлучаемся, і любіш ты мяне за любоў маю невымоўную, а ўбачыўшы мяне, страшнага і агіднага, узненавідзіш ты мяне, няшчаснага, прагоніш ты мяне з вачэй прэч, а ў разлуцы з табой я памру з гора.

Не хацела слухаць такіх слоў маладая купецкая дачка, красуня незвычайная, і пачала прасіць яшчэ больш настойліва, клясціся, што ніякага на свеце страшыдлы не спалохаецца і што не разлюбіць яна свайго пана ласкавага, і мовіць яму такія словы:

— Калі ты стары чалавек — будзь мне дзядулем. Калі сярэдніх гадоў — будзь мне дзядзечкам, калі ж ты малады — будзь мне пабрацімам, і пакуль я жывая — будзь мне сардэчным сябрам.

Доўга, доўга лясны звер, дзіва марское, не паддаваўся на такія ўгаворы, ды не мог просьбам і слязам сваёй красуні супраціўляцца, і кажа ён такія словы:

— Не магу я супраць цябе ісці з той прычыны, што люблю цябе больш за самога сябе; выканаю я тваё жаданне, хоць ведаю, што загублю сваё шчасце і памру смерцю заўчаснай. Прыходзь у зялёны сад у прыцемак шэры, калі сядзе за сад сонейка яснае, і скажы: «Пакажыся мне, верны сябар!» — і пакажу табе я свой твар агідны, сваё цела пачварнае. А калі будзе не пад сілу табе больш у мяне заставацца, не хачу я тваёй няволі і пакуты вечнай: ты знойдзеш у спачывальні сваёй, у сябе пад падушкай, мой залаты пярсцёнак. Надзень яго на правы мезенец — і апынешся ты ў таткі роднага і нічога пра мяне ніколі не пачуеш.

Не спалохалася, не пабаялася, моцна на сябе паспадзявалася маладая дачка купецкая, красуня незвычайная. I адразу ж, не марудзячы ні хвіліначкі, пайшла яна ў зялёны сад чакаць часу прызначанага, і калі прыйшлі прыцемкі шэрыя, апусцілася за лес сонейкае яснае, прамовіла яна: «Пакажыся мне, мой верны сябар!» — і паказаўся ёй уводдалі звер лясны, дзіва марское: ён прайшоў толькі ўпоперак дарогі і знік у густых кустах; і засланіўся свет перад маладой дачкой купецкай, прыгажуняй незвычайнай, закрычала яна немым голасам і ўпала на дарогу без памяці. Вельмі ж страшны быў звер лясны, дзіва марское: рукі крывыя, на руках кіпцюры звярыныя, ногі конскія, наперадзе-ззаду гарбы вялікія вярблюджыя, увесь калматы адверху данізу, з рота тарчалі клыкі вепруковыя, нос кручком, як у беркута, а вочы былі савіныя.

Паляжаўшы ці многа, ці мала часу, апамяталася маладая дачка купецкая, красуня незвычайная, і чуе: плача нехта каля яе, горкімі слязамі абліваецца і кажа голасам жаласным:

— Загубіла ты мяне, мая красуня любімая, не бачыць мне больш твайго твару найпрыгожага, не захочаш ты мяне нават слухаць, і прыйшоў мне час памерці смерцю заўчаснай.

I стала ёй жаласна і сорамна, і перамагла яна свой страх вялікі, і супакоіла сваё сэрца баязлівае дзявочае, і сказала яна голасам цвёрдым:

— Не, не бойся нічога, мой пан добры і ласкавы, не спалохаюся я больш ад твайго выгляду страшнага, не разлучуся я з табой, не забуду тваёй ласкі; пакажыся мне цяпер жа ў сваім выглядзе нядаўнім: я толькі спярша спалохалася.

Паказаўся ёй лясны звер, дзіва марское, у сваім выглядзе страшным, агідным, пачварным, толькі блізка падысці да яе не асмеліўся, колькі яна ні прасіла яго; гулялі яны да ночы цёмнай і вялі размовы ранейшыя, ласкавыя і разумныя, і не адчувала ніякага страху маладая дачка купецкая, красуня незвычайная. Назаўтра ўбачыла яна звера ляснога, дзіва марское, пры святле сонейка яснага, і хоць спачатку, пабачыўшы яго, спалохалася, а выгляду не падала, і неўзабаве страх яе зусім знік. Тут пайшлі ў іх сустрэчы бясконцыя: з раніцы да вечара, лічы, не разлучаліся, за абедам і вячэрай стравамі цукровымі наядаліся, пітвом мядовым забаўляліся, гулялі па зялёных садах, без коней каталіся па цёмных лясах.

I мінула ад таго нямала часу: хутка казка кажацца, не хутка справа робіцца. Вось аднойчы і ўбачылася ў сне маладой купецкай дачцэ, красуні незвычайнай, што татка яе хворы ляжыць; і напала на яе туга несціханая, і ўбачыў яе ў той тузе і слязах звер лясны, дзіва марское, і моцна зажурыўся і пачаў дапытвацца: чаму яна сумуе і плача? Расказала яна яму пра свой нядобры сон і пачала прасіць у яго дазволу наведаць свайго татку роднага і сёстраў сваіх любімых. I адказвае ёй звер лясны, дзіва марское:

— I навошта табе мой дазвол? Залаты пярсцёнак мой у цябе ляжыць, надзень яго на правы мезенец і апынешся ў доме ў таткі роднага. Заставайся ў яго, пакуль не засумуеш, а і толькі я скажу табе: калі ты роўна праз тры дні і тры ночы не вернешся, дык не будзе мяне на белым свеце, і памру я ў тую ж хвіліначку, з той прычыны, што люблю цябе больш, чым самога сябе; і жыць без цябе не магу.

Пачала яна запэўніваць словамі запаветнымі і клятвамі, што дакладна за гадзіну да трох дзён і начэй вернецца ў палаты яго высокія. Развіталася яна з гаспадаром сваім ласкавым і міласцівым, надзела на правы мезенец залаты пярсцёнак і апынулася на шырокім двары шаноўнага купца, свайго таткі роднага. Ідзе яна на высокі ганак яго палат каменных; панабеглі да яе слугі і чэлядзь дваровая, узнялі шум і крык; прыбеглі сястрыцы любімыя і, убачыўшы яе, здзівіліся з прыгажосці яе дзявочай і з яе ўбораў царскіх, каралеўскіх; падхапілі яе пад рукі белыя і павялі да таткі роднага; а татка хворы ляжаў, хворы і нярадасны, дзень і ноч яе ўспамінаючы, горкімі слязьмі абліваючыся; і не мог апамятацца ён ад радасці, убачыўшы сваю дачку мілую, харошую, прыгожую, малодшую, любімую, і дзівіўся ён з прыгажосці яе дзявочай, з яе ўбораў царскіх, каралеўскіх.

Доўга яны цалаваліся, мілаваліся, ласкавымі словамі суцяшаліся. Расказала яна свайму татку роднаму і сваім сёстрам старэйшым, любімым, пра сваё жыццё-быццё ў звера ляснога, дзіва марскога, усё ад слова да слова, ніякай дробязі не ўтойваючы. I ўзрадаваўся шаноўны купец яе жыццю багатаму, царскаму, каралеўскаму і дзівіўся, як яна прывыкла глядзець на свайго гаспадара страшнага і не баіцца звера ляснога, дзіва марскога; сам ён, пра яго ўспамінаючы, дрыжыкамі дрыжаў. Сёстрам жа старэйшым, калі яны слухалі пра багацце незлічонае малодшай сястры і пра ўладу царскую над сваім панам, нібы над нявольнікам сваім, ажно зайздросна было.

Дзень мінае, як кароткая гадзіна, другі дзень мінае, як хвіліначка, а на трэці дзень пачалі ўгаворваць малодшую сястру сёстры старэйшыя, каб не вярталася яна да звера ляснога, дзіва марскога: «Няхай, маўляў, здохне, туды і дарога яму...» I пра-гневалася на сёстраў сваіх дарагая госця, малодшая сястра, і сказала ім такія словы:

— Калі я майму пану добраму і ласкаваму за ўсю яго ласку і любоў гарачую, невыказную заплачу яго смерцю лютаю, дык не буду я вартая таго, каб мне на белым свеце жыць; і варта мяне тады аддаць дзікім звярам на разарванне.

I татка яе, шаноўны купец, пахваліў яе за такія словы добрыя, і было вырашана, каб да часу прызначанага роўна за гадзіну вярнулася да звера ляснога, дзіва марскога, дачка харошая, прыгожая, малодшая, любімая.

А сёстры на яе злосць мелі, і задумалі яны справу хітрую, справу хітрую і нядобрую; узялі яны ды ўсе гадзіннікі ў доме на цэлую гадзіну назад перавялі, і не ведалі гэтага шаноўны купец і ўсе яго слугі верныя, чэлядзь дваровая.

I калі прыйшоў прызначаны час, пачало ў маладой купецкай дачкі, красуні незвычайнай, сэрца балець і млець, быццам пачало нешта падмываць яе, і глядзіць яна раз за разам на гадзіннікі бацькавыя, ангельскі, нямецкі — а ўсё рана падавацца ёй у дарогу далёкую. А сёстры з ёй размаўляюць, пра тое-сёе распытваюць, прытрымліваюць. Аднак сэрца яе не вытрывала; развіталася дачка малодшая, любімая, красуня незвычайная, з шаноўным купцом, таткам родным, прыняла ад яго блаславенне бацькоўскае, развіталася з сёстрамі старэйшымі, любімымі, са слугамі вернымі, чэляддзю дваровай, і не, дачакаўшыся адной хвіліначкі да часу прызначанага, надзела залаты пярсцёнак на правы мезенец і апынулася ў палацы белакаменным, у палатах высокіх звера ляснога, дзіва марскога, і, здзіўляючыся, што яе не сустракаюць, закрычала яна гучным голасам:

— Дзе ж ты, мой дарагі пан, мой верны сябар? Што ж ты мяне не сустракаеш? Я вярнулася раней тэрміну прызначанага за цэлую гадзіну з хвіліначкай.

Ні слыху ні дыху не было, цішыня стаяла мёртвая; у зялёных садах птушкі не спявалі песні райскія, не білі фантаны вады і не шумелі ручаіны крынічныя, не гучала музыка ў палатах высокіх. Заныла сэрцайка ў купецкай дачкі, красуні незвычайнай, адчула яна нешта нядобрае; абабегла яна палаты высокія і сады зялёныя, клікала гучным голасам свайго гаспадара добрага — няма нідзе ні слыху ні дыху, ні почуту. Пабегла яна на ўзгорак муравісты, дзе расла, красавалася яе любімая кветачка пунсовая, і тут бачыць яна, што лясны звер, дзіва марское, ляжыць на ўзгорку, абхапіўшы пунсовую кветачку сваімі лапамі пачварнымі. I здалося ёй, што заснуў ён, яе чакаючы, і спіць цяпер моцным сном. Пачала яго будзіць паціху дачка купецкая, красуня незвычайная, — ён не чуе; узялася будзіць мацней, схапіла яго за лапу калматую — бачыць, што звер лясны, дзіва марское, не дыхае, мёртвым ляжыць...

Затуманіліся яе вочы ясныя, падкасіліся ногі хуткія, упала яна на калені, абняла рукамі белымі галаву свайго пана добрага, галаву пачварную і агідную, і закрычала немым голасам:

— Ты ўстань, прачніся, мой сардэчны сябар, я люблю цябе як жаніха жаданага!..

I толькі гэтыя словы яна вымавіла, як бліснулі маланкі з усіх бакоў, задрыжала зямля ад грому вялікага, ударыла громава страла каменная ва ўзгорак муравісты, і ўпала без памяці маладая дачка купецкая, красуня незвычайная. Ці многа, ці мала часу яна ляжала без памяці — не ведаю; толькі ачуняўшы, бачыць яна сябе ў палаце высокай, беламармуровай, сядзіць яна на залатым троне з каменнямі каштоўнымі, і абдымае яе прынц малады, прыгажун незвычайны; на галаве з каронай царскай, у вопратцы золатам тканай; перад ім стаіць бацька з сёстрамі, а вакол на каленях стаіць світа вялікая, усе апрануты ў парчу залатую, срэбную. I кажа ёй малады прынц, прыгажун незвычайны, на галаве з каронаю царскаю:

— Палюбіла ты мяне, красуня ненаглядная, у абліччы страшыдлы агіднага, за маю добрую душу і любоў да цябе; палюбі ж мяне цяпер у абліччы чалавечым, будзь маёй нявестай жаданаю. Злая чараўніца прагневалася на майго бацьку нябожчыка, караля слаўнага і магутнага, украла мяне, яшчэ малалетняга, і д'ябальскімі чарамі сваімі, сілай нячыстай, ператварыла мяне ў пачвару страшную і паклала такое закляцце, каб жыць мне ў гэтакім выглядзе агідным, брыдкім і страшным для кожнага чалавека, для кожнага стварэння божага, пакуль знойдзецца краса-дзяўчына, якога б роду і звання ні была яна, і палюбіць мяне ў абліччы страшыдлы і пажадае быць маёй жонкай законнаю, — і тады чары ўсе скончацца, і стану я зноў па-ранейшаму чалавекам маладым і прыгожым. I жыў я такім страшыдлам і пудзілам роўна трыццаць гадоў, і залучаў я ў мой палац зачараваны адзінаццаць дзяўчын-красунь, а ты была дванаццатая. Ніводная не палюбіла мяне за мае ласкі і клопаты, за маю душу добрую. Ты адна палюбіла мяне, страшыдла агіднае і пачварнае, за мае ласкі і клопаты, за маю душу добрую, за любоў маю да цябе невыказную, і ты будзеш за гэта жонкаю караля слаўнага, каралеваю ў царстве магутным.

Тады ўсе з таго падзівіліся, світа да зямлі пакланілася. Шаноўны купец даў сваё блаславенне дачцэ малодшай, любімай, і маладому прынцу-каралевічу. I павіншавалі жаніха з нявестаю сёстры старэйшыя, зайздросныя, і ўсе слугі верныя, баяры вялікія і кавалеры ратныя1, і ні хвіліны не марудзячы, пачалі баляваць, вяселле спраўляць, і сталі жыць ды пажываць, дабро нажываць. Я сама там была, піва-мёд піла, па вусах цякло, ды ў рот не трапіла.



1856-1857 гг.

1 Парча - шаўковая матэрыя, затканыя залатымі або срэбнымі ніткамі

2 Жэмчуг бурміцкі - жэмчуг асабліва буйны і круглы, ўсходняга паходжання.

3 Самацветныя камяні - каштоўныя камяні, чырвоныя (лалы), сінія ці блакітныя (сапфіры).

4 Тувале́т - туалет, стол з люстэркам і ўсімі прыладамі.

5 Беззаганны - без пашкоджанняў, расколін, без заганы.

1 Кармазіннае сукно — тонкае, ярка-чырвонае.

1 Запіс заручны — распіска.

1 Кавалеры ратныя - падараваныя ордэнамі за вайсковую службу; ганаровая назва салдат наогул.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка