Читаем Детям Сабака і воўк




Дата канвертавання18.11.2017
Памер43.89 Kb.

Читаем Детям

Сабака і воўк
Беларуская народная казка
ў апрацоўцы Алеся Якімовіча

Быў у аднаго гаспадара сабака. Шчыра служыў ён гаспадару, ды і не агледзеўся, як пастарэў. Горш сталі бачыць яго вочы, і цяжэй яму стала вартаваць гаспадарова дабро.

Тады скупая гаспадыня перастала карміць яго, а потым і зусім пачала з двара праганяць.

«Чым так жыць, — думае сабака, — лепш няхай мяне воўк з'есць».

Надумаўся ён і пайшоў у лес шукаць ваўка.

Ідзе ён лесам, а тут насустрач воўк бяжыць.

— Куды, сабака, ідзеш? — пытаецца воўк.

— Да цябе.

— Чаго?

— З'еш ты мяне, воўча...



I расказаў ён ваўку пра сваю бяду. Бачыць воўк, што сабака надта худы — яшчэ зубы паломіш, і кажа:

— Не, цяпер я цябе есці не буду. Трэба, каб ты трохі патлусцеў.

— Як жа я патлусцею, — кажа сабака, — калі мяне гаспадыня зусім не корміць?

— Нічога. Мы зробім так, што яна цябе з ахвотаю будзе карміць.

— Дзе там! — пакруціў хвастом сабака. — Гаспадыня мая вельмі скупая.

— Слухай ты мяне, — кажа воўк. — Ідзі дадому і сядзі там на агародзе. Адвячоркам, як пачне цямнець, я прыбягу і ўхаплю лепшага гаспадаровага падсвінка1. Ты наробіш брэху, пабяжыш за мною, і я табе аддам падсвінка. Гаспадар убачыць гэта і загадае гаспадыні добра карміць цябе. А праз месяц, як патлусцееш,— прыходзь да мяне, тады я цябе з'ем.

Сабака падумаў і згадзіўся.

Адвячоркам прыбег воўк, ухапіў падсвінка і павалок цераз агароды.

Тут сабака як наробіць ляманту, як кінецца за ваўком...

Пачуў гэта гаспадар, выскачыў з хаты, бачыць: воўк падсвінка валачэ цераз агароды, а сабака яго даганяе, адбірае.

— Туйга! Туйга! — закрычаў гаспадар на ўсю сілу. — Кусі яго, Лыска!

Воўк тым часам кінуў падсвінка, а сам ходу ў лес.

Малайчына, Лыска! — пахваліў гаспадар сабаку, прывёў на кухню і загадаў жонцы добра карміць яго.

Жыве Лыска прыпяваючы. А праз месяц зрабіўся такі тлусты, аж шэрсць блішчыць. I пра дагавор з ваўком забыўся.

Вось аднойчы сабраліся ў гаспадара госці. П'юць, гуляюць, песні спяваюць. Нямала тут і Лыску перапала — цэлую кучу касцей пад стол яму накідалі.

Наеўся Лыска ды выйшаў на двор — у сваю будку. Глядзіць — аж у будцы воўк чакае яго.

— Чаго ты тут? — здзівіўся сабака.

— Па цябе прыйшоў, — адказвае воўк. — Памятаеш наш дагавор з табою?

Спалохаўся сабака — не хочацца яму на воўчыя зубы трапляць. Вось ён і кажа:

— Не еш ты мяне, воўк. Я цябе за гэта добра пачастую самаю смачнаю ядою.

— Адкуль жа ты возьмеш?

— У майго гаспадара госці. Там пад сталом поўна касцей — нават з мясам. Хадзем!

— Баюся. Яшчэ заб'юць мяне там.

Не бойся, не заб'юць, — кажа сабака. — Я цябе правяду так, што ніхто і не ўбачыць.

Згадзіўся воўк і пайшоў за сабакам. Лыска пакінуў яго ў сенцах, сам убег у хату, махнуў хвастом і патушыў лучыну.

— Цяпер бяжы пад стол, — паклікаў ён ваўка.

Воўк так і зрабіў

Сабака накарміў ваўка, нават віном напаіў. Сядзяць яны сабе пад сталом ды зюкаюць2 паціху.

А тым часам госці заспявалі вясёлыя песні. Воўк слухаў, слухаў, ды кажа сабаку:

— Мне таксама спяваць хочацца.

— Маўчы лепш, — раіць сабака. Воўк памаўчаў крыху ды зноў за сваё.

— Не вытрымаю, — кажа, — аж язык свярбіць, гэтак спяваць захацелася.

I зацягнуў на ўсю хату басам:

— Ау-ау!


А сабака таксама не вытрымаў ды давай падпяваць яму:

— Гаў, гаў! Цяў, цяў!..

Пачулі гэта госці, ухапілі хто качаргу, хто чапялу, пабілі ваўка і выкінулі яго з хаты разам з сабакам.

Ачухаўся воўк і кажа сабаку:

— Ну і накарміў ты мяне! Я табе не дарую гэтага.

— Сам вінаваты, — кажа сабака. — Трэба было маўчаць.

— Не, — не згаджаецца воўк, — гэта ты вінаваты. Навошта ты завёў мяне ў хату?

Спрачаліся яны, спрачаліся, нарэшце, воўккажа:

Калі так, давай будзем ваяваць: хто каго зваюе, той таго і з'есць. Збірай сваё войска і прыходзь да мяне ў лес.

— Што ж, — кажа сабака, — няхай будзе так.

Назаўтра ўзяў ён барана, ката і пеўня сабе ў памочнікі ды пайшоў на вайну з ваўком.

А воўк запрасіў да сябе ў ваякі мядзведзя, дзіка і зайца. Выйшлі яны на ўскраек лесу і чакаюць.

— Палезь ты, Міхайла, — кажа ён да мядзведзя, — на елку ды паглядзі, ці не ідзе сабака са сваім войскам.

Мядзведзь узлез на елку, прыглядзеўся і кажа:

— Ідзе!

— Ну, дык злазь! — кліча воўк. — Будзем ваяваць.



— Не, не злезу, — адказвае мядзведзь.

— Чаму?


— Страшна.

Што ж там за войска такое, што ты гэтак спужаўся? — пытаецца воўк.

— Такое войска, што я ніколі і не бачыў, — адказвае мядзведзь калоцячыся. — Адзін ваяка, тоўсты і калматы, з віламі ідзе; другі — грозны, вусаты, ззаду піку нясе; трэці — у шапачцы чырвонай, са шпорамі на нагах, шабляю махае... Першы ідзе, галавою трасе ды ўсё крычыць: «Бэ! Я ўсіх пакалю, на вілы пасаджу!» Другі сярдзіта чмыша, па баках азіраецца і ўсё мармыча: «Мне, мне іх падай!» А трэці, ганарысты такі, крычыць: «Куды, куды ісці! Я адзін усіх паб'ю!»

Дзік пачуў гэта ды хутчэй у мох па самыя вушы зашыўся. А воўк бачыць, што не паспее схавацца, — стаў на заднія лапы і стаіць. «Хавайся за мяне, — кажа ён перапалоханаму зайцу. — Яны падумаюць, што я — пень, і абмінуць нас».

Прыходзіць сабака з сваім войскам, бачыць — нідзе нікога няма.

Тут якраз барану рогі засвярбелі. Глядзіць ён побач нейкі пень стаіць. Разагнаўся баран ды — трах! — рагамі ў пень. У ваўка і галава раскалолася. Паваліўся ён дагары ды і ногі выцягнуў. Заяц выскачыў з-пад ваўка, але сабака згледзеў яго і адразу злавіў.

Дзіку ў гэты час, як на бяду, села муха на вуха. Паварушыў ён вухам, каб сагнаць яе, а кот падумаў, што там мыш. Кінуўся туды ды давай мох разграбаць. Так і дзярэ вострымі кіпцюрамі. Цярпеў, цярпеў дзік, а потым усхапіўся ды наўцёкі...

Певень напужаўся дзіка, залопаў крыламі, узляцеў на елку і нарабіў крыку:

— Куды, куды?

Мядзведзь падумаў, што гэты самы грозны ваяка да яго дабіраецца, залез са страху аж на верхні сук. Сук не вытрымаў, зламаўся, мядзведзь грымнуўся вобзем і забіўся.



3 таго часу больш і не сябруюць сабакі з ваўкамі.

1 Падсві́нак - парася ва ўзросце ад 4 да 9 месяцаў

2 Зюкаюць — размаўляюць




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка