Читаем Детям Сем мастакоў




Дата канвертавання06.04.2017
Памер24.05 Kb.

Читаем Детям

Сем мастакоў
Алена Кобец-Філімонава
У адным горадзе жылі-былі сем мастакоў. Горад, у якім яны жылі, быў вельмі змрочны. Таму што над ім віселі шэрыя хмары. I ад іх на ўвесь горад падаў шэры цень. 3-за хмараў не было відаць аранжавага сонца. Не было відаць зялёнай лістоты. Не было відаць блакітных нябёсаў. I ўсё, што малявалі мастакі, было шэрае і непрыгожае. Яны ж думалі, што неба можа быць толькі шэрага колеру. I лісце толькі шэрага колеру. I ўсё наўкола — толькі шэрага колеру. Таму і фарбы ў іх былі толькі шэрыя. Яны не маглі маляваць іначай.

Аднойчы ў горад прыляцеў вецер і разагнаў хмары. Мастакі выбеглі на вуліцу — і не паверылі сваім вачам.

— Ой, якое прыгожае неба! — сказалі яны.

— Ой, якое прыгожае сонца! — сказалі яны.

— Ой, якое прыгожае лісце! — сказалі яны.

I адразу пачалі маляваць. Але атрымалася непрыгожа. Таму што ў іх была толькі шэрая фарба.

Сем мастакоў цяжка ўздыхнулі. Што ж ім рабіць? Як навучыцца добра маляваць? Тады адзін з іх сказаў:

— Сябры! Хадзем фарбы шукаць.

Узялі мастакі сем пэндзлікаў і сем вядзерцаў і пайшлі фарбы шукаць. Доўга вандравалі яны па белым свеце і ўсяму дзівіліся. А дзівіцца было чаму. Яны ж усё жыццё жылі ў змрочным горадзе і не ведалі, што ёсць на свеце пунсовы-пунсовы мак, які квітнее на зялёным лузе; што ёсць бялюткі рамонак з залацістай сярэдзінай; што сонца ўдзень аранжавае, а ўвечары — малінавае. Яны любаваліся прыродай, многае спазнавалі і ўсё запаміналі.

Аднойчы мастакі падняліся на вяршыню самай высокай гары. Адтуль было відаць усё навокал: і рэкі, і лясы, і лугі — увесь шлях, які яны прайшлі. Залюбаваліся мастакі і пачалі марыць:

— Ах, як бы я хацеў намаляваць мак! — сказаў адзін.

— А я — сонца! — сказаў другі.

— А я — дзьмухавец! — сказаў трэці.

— А я — лісточак! — сказаў чацвёрты.

— А я — неба! — сказаў пяты.

— А я — званочак! — сказаў шосты.

— А я — фіялку! — сказаў сёмы.

I як толькі яны гэта сказалі — на небе ўзнікла вясёлка. Убачылі мастакі вясёлку — і вачам сваім не паверылі.

— Ах, якія фарбы! — уздыхнулі яны.

Я бачу фарбу, як мак! — сказаў адзін.

— А я — як сонца! — сказаў другі.

— А я — як дзьмухавец! — сказаў трэці.

— А я — як лісточак! — сказаў чацвёрты.

— А я — як званочак! — сказаў шосты.

— А я — як фіялку! — сказаў сёмы.

I раптам адзін канец вясёлкі апусціўся каля самых ног мастакоў. I яны ўбачылі сем каляровых дарожак.

Чырвоную, як мак.

Аранжавую, як сонца.

Жоўтую, як дзьмухавец.

Зялёную, як лісточак.

Блакітную, як неба.

Сінюю, як званочак.

Фіялетавую, як фіялка.

— Ура! — закрычалі мастакі. — Нарэшце мы знайшлі фарбы!

Кожны выбраў сабе любімую дарожку і пайшоў па ёй. Прайшлі мастакі па ўсёй вясёлцы. I адразу ж пачалі маляваць. Ім не цярпелася даведацца, якога колеру фарбы ў іхніх вядзерцах.

Узялі мастакі вялікі ліст паперы, і кожны па чарзе правёў па ім лінію сваім пэндзлікам. Атрымалася яркая, сямі колераў вясёлка. Мастакі былі шчаслівыя. Цяпер яны маглі намаляваць усё, пра што марылі.



А што сталася з вясёлкай? Яна знікла. Таму што аддала ўсе свае фарбы. А калі пойдуць яе шукаць іншыя мастакі, яна зноў з’явіцца і аддасць ім свае новыя фарбы.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка