Читаем Детям Што такое добра і што такое дрэнна




Дата канвертавання20.01.2017
Памер20.12 Kb.

Читаем Детям

Што такое добра і што такое дрэнна
Уладзімір Маякоўскі
Пераклаў з рускага Алесь Якімовіч

Сын малы спытаўся ў бацькі:

— Знаць хачу я пэўна:

Што такое добра

І што такое дрэнна?


Я падслухаў і для вас,

Малышы, малышкі,

Бацькі гэтага адказ

Запісаў у кніжку.


— Калі дождж ідзе і скрозь

Гразка, непрыемна,

Кожны знае — гэта вось

Для прагулак дрэнна.


Дождж пакапаў і прайшоў.

Сонца ў цэлым свеце.

Гэта — добра, малышок,

І старым і дзецям.


Калі часам сын ахвочы

Да гразі і сажы,

Гэта вельмі дрэнны хлопчык —

Кожны вам так скажа.


Калі ж хлопчык любіць мыла,

Не лянуецца ўставаць,

Гэты хлопчык вельмі мілы,

Можна прыклад з яго браць.


Калі б'е благі хлапчук

Слабага, малога,

Я і ў кніжку не хачу

Устаўляць такога!


Гэты кажа: — не чапай

Тых, хто меншы ростам! —

Гэты хлопчык, так і знай,

Малайчына проста!


Калі хлопчык, як дзівак,

Кніжкі рве і топча,

Усе дзеці кажуць так:

Кепскаваты хлопчык.


Калі любіць працаваць,

Да навук ахвочы, —

Дык тут кожнаму відаць:

Гэта добры хлопчык.


Гэты хлопчык ад варон

Уцякае з плачам.

Баязлівец проста ён,

Як заяц, няйначай.


Гэты, хоць з вяршок хлапец,

Птушак не баіцца.

Ён адважны, маладзец,

Ёсць чым пахваліцца.


Гэты ў бруд палез і рады,

Што ў гразі кашуля.

Пра такога мамы, таты

Кажуць: — Ён мурзуля.


Гэты чысціць паліто,

Мые сам галёшы.

Хоць малы ён, ды нішто, —

Ўсё рабіць сам можа.


Помні гэта кожны сын,

Кожны знай дзіцёнак:

З сына вырастае свін,

Калі сын — свінёнак.


Хлопчык вельмі рады быў

І рашыў сумленна:

«Буду добра я рабіць

І не буду дрэнна».



1925 г.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка