Читаем Детям Сінявочка




Дата канвертавання14.02.2017
Памер36.7 Kb.

Читаем Детям

Сінявочка
Аляксей Дудараў
У ціхай лагчыне, пад старой разгалістай вярбой жыла маленькая чыстая крынічка. Яе звалі Сінявочка. Крыштальная вадзіца ўдзень і ўночы, улетку і ўзімку бруілася з Сінявочкі, бы нітачка-ручаінка, і збягала ў Зялёную Сажалку, што жыла па суседству. Пухнатыя воблакі кожную раніцу, бы ў люстэрка пазіралі ў Сінявочку, прыхарошваліся і, перш чым плыць у свае далёкія падарожжы, заўсёды гаварылі:

— Ах, якая прыгажуня гэта Сінявочка! Такая цудоўная, такая празрыстая!

У спякотныя летнія дні ў крынічцы купалася Сонейка, ноччу на паверхні вады разам з зорачкамі адпачываў вастрарогі Месяц. Сінявочка была вельмі добрая, яна з усімі сябравала, і кожны, хто толькі захоча, мог падысці і напіцца яе срэбнай халоднай вадзіцы... За гэта ўсе птушкі і звяры, што жылі ў лагчыне, любілі Сінявочку. I яшчэ яе любілі за тое, што ў начны супакой сваім звонкім голасам крынічка спявала песні... Нават самы дзівосны спявак салавей і той прылятаў да крынічкі, садзіўся на ніжнюю галінку старой вярбы і слухаў, як Сінявочка спявае:
Цюр-лі, цюр-ді ля лоз

Струменіцца вадзіца,

У спёку і ў мароз

Прыходзь сюды напіцца...


Вось толькі адна Зялёная Сажалка не любіла Сінявочку. Яна злавала на крынічку за тое, што да яе ўсе прыходзяць, з ёю сябруюць, а Зялёную Сажалку і не заўважаюць нават... Ды і не любяць!

— Ква-ква-ква! — зарагатала вясёлае Жабяня, калі Зялёная Сажалка паскардзілася яму. — За што цябе любіць? Сама вунь нікога не любіш!

— Мала што! — адказала капрызная Зялёная Сажалка. — Не люблю, а мяне хай любяць...

— Гэтак не бывае, — сказала Жабяня. — I не будзе! Сінявочка дык вунь добрая і ласкавая... Спявае для ўсіх, усіх у госці запрашае... А ты? Зялёнае слізкае павуцінне апранула на сябе, ваду схавала, усіх сваіх жыхароў прагнала прэч... Стары Карась і той уцёк ад цябе.

— Змоўкні, плюгаўка! — злосна закрычала на яго Сажалка. — Расквакалася тут! Я ўсе роўна лепшая за вашу мізэрную Сінявочку. У мяне вада цёплая, а яна лядзяш...

— Ква-ква-ква! — зноў зарагатала Жабяня. — Гэта яна летам, у спёку, халодная, а зімой — цёплая... А з цябе вунь бурбалкі ідуць... Ква-ква-ква!

Зялёная Сажалка ўсхадзілася не на жарт.

Калі захачу, — пагрозліва прамовіла яна, — то ад вашай Сінявочкі і знаку не застанецца.

— Дурніца! Сінявочка з Сонейкам сябруе. Яно цябе як прыпячэ, дык за адзін дзень высахнеш ушчэнт.

— Не высахну! Я вялікая!

— Высахнеш... Ты вялікая таму, што цябе вадой Сінявочка поіць, а так бы... Ква-ква!

— Ідзі адсюль! — сярдзіта булькнула на яго Сажалка.

— Ква на цябе! — адказала Жабяня і паскакала далей.

А злая Зялёная Сажалка задумала чорную справу.

Цёмнай ноччу, калі Сінявочка праспявала сваю песеньку і задрамала, Зялёная Сажалка ўзяла сваё слізкае павуцінне, спляла з яго цяжкі нерат, употайкі падкралася да крынічкі і ўскінула на яе... Апляла і заблытала. У гэтую ноч над лагчынай вісеў густы туман, і ўсе сябры Сінявочкі не бачылі таго, што зрабіла Сажалка, і не змаглі прыйсці на дапамогу крынічцы.

Ранкам, калі сонейка прагнала прэч туман, калі прачнуліся звяры і птушкі, усе здзівіліся, што ў лагчыне не чутно песенькі Сінявочкі… Белыя воблакі шукалі сваю сяброўку, шукаў спявак Салавей, шукала вясёлае Жабяня, але Сінявочкі нідзе не было відно. Зелёнае павуцінне Сажалкі прыціснула яе да зямлі і схавала...

Як ні білася крынічка, як ні спрабавала выбрацца з-пад нерата да сваіх сяброў, але ўсё было марна. Толькі некалькі кропелек прасачылася праз слізкае павуцінне, але ўсе палічылі гэтыя кропелькі за расу.

I вось Сонейка паднялося высока і таксама пачало шукаць сваю сяброўку. Яно так пільна ўглядалася ў лагчыну, што берагі Зялёнай Сажалкі адразу ж пачалі сохнуць, а яна сама мялець проста на вачах...

— Вой! — залямантавала Зялёная Сажалка. — Вой, ратуйце! Паміраю! Дапамажыце! Не буду больш! Даруйце!

Але ніхто яе не слухаў і ніхто не ішоў на дапамогу фанабэрыстай і нядобрай Сажалцы. Усе шукалі крынічку і не маглі знайсці.

На шчасце, тым цёплым ранкам ішлі паўз лагчыну ў лес па грыбы хлопчык і дзяўчынка.

— Дзіўна! — сказаў хлопчык, калі яны праходзілі каля Сінявочкі. — Тут жа ля вярбы павінна быць крынічка, а яе чамусьці няма...

Гэта тая, якую завуць Сінявочкай? — спытала дзяўчынка.

— Тая. Але дзе ж яна?

— Давай пашукаем.

Яны паставілі на сцяжынцы свае кошыкі і пачалі шукаць крынічку. Абышлі вакол старой вярбы.

— Вось! Вось яна! — радасна запляскала ў ладкі дзяўчынка. — Бачыш кропелькі? Зарасла толькі...

— А мы зараз яе вызвалім! — сказаў хлопчык і ўчапіўся за слізкі нерат Зялёнай Сажалкі. — Фу, брыдота нейкая... Дапамагай...

I яны разам пачалі аддзіраць ад беднай крынічкі брыдкі нерат... Той супраціўляўся, чапляўся за берагі Сінявочкі, але ўрэшце затрашчаў, і крынічка вызвалілася.

Блакітная свежая вадзічка зноў заіскрылася пад Сонейкам... Хлопчык і дзяўчынка кінулі слізкае павуцінне назад у перасохлую Сажалку, выцерлі аб траву рукі, наліліся з Сінявочкі чысценькай вадзічкі, узялі свае кошыкі і пайшлі ў лес...



А вольная Сінявочка зноў заспявала сваю вясёлую песеньку.
1981 г.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка