Читаем Детям Сінютка-Анютка




Дата канвертавання14.07.2018
Памер18.76 Kb.

Читаем Детям

Сінютка-Анютка
Ала Кажэра
Жыла-была дзяўчынка Зося. Яна вельмі любіла чытаць. Кожную літарку параўноўвала з якой-небудзь кветачкай ці раслінкай, малявала іх побач. Так атрымаўся незвычайны букварык у сшытачку.

Сярод усіх кветак Зосі асабліва падабалася кветачка на літару «С». Назвала яе Сінютка-Анютка. На кожным пялёстку Зося намалявала вочкі з вейкамі, часта размаўляла з Сінюткай-Анюткай, распавядала ёй пра свае школьныя справы.

Так прайшоў навучальны год. На канікулы маці адвезла Зосю да бабулі. Букварык свой дзяўчынка ўзяла з сабой.

Раніцай сонейка лагодна зазірнула праз фіранку на акенцы:

— Уставай, госця з горада! Выйдзі ў сад, там ты ўбачыш цуды незвычайныя.

Зося ціхенька выйшла на ганак. У садзе было ціха, нібы ў зачараваным царстве. Кветачкі яшчэ не прачнуліся, і галоўкі іхнія былі нізка схілены.

У цянёчку Зося ўбачыла прыгожую сінюю кветку. Яна была вельмі падобная на яе малюнак у самаробным букварыку.

— Дык гэта ж Сінютка-Анютка! — усклікнула Зося і загаварыла з кветачкай.

— Дзякуй, добрая дзяўчынка! — адказала кветка. — Я вельмі рада, што ты прыехала, а то мне тут сумна адной. Ветрык занёс насенне з лугу. Каля плота пад лопухам я і вырасла. Лопух мне як добры бацька: у спякоту захіляе ад яркіх промняў сонца, а раніцай поіць свежымі расінкамі. Ты прыходзь да мяне, дзяўчынка, кожны дзень. Будзем з табой сябраваць,

I Зося стала штодня наведваць Сінютку-Анютку. Паіла чыстай вадзіцай з калодзежа, ласкава дакраналася да сцяблінкі.

Жнівеньскімі ранкамі ўжо адчуваўся подых восені. Зося занепакоілася: што будзе з яе кветачкай? Як уратаваць сяброўку ад холаду?

I калі маці прыехала за дзяўчынкай, пачала прасіць:

— Мама, давай возьмем да нас Сінютку-Анютку.

— Якую Сінютку-Анютку? — здзівілася маці.

— Маю кветачку. Яна ў садзе расце каля плота. I Зося павяла маці знаёміць з Сінюткай-Анюткай.

Так кветачка стала жыць у прыгожым вазончыку на акне каля Зосінага ложка. Раніцай дзяўчынка віталася з Сінюткай-Анюткай. Кветка жадала ёй поспехаў у вучобе. Зося пачала вучыцца яшчэ лепей, і, калі чытала ўслых, кветачка на акенцы ўважліва слухала яе.

Сінютка нават дазволіла ўзяць адзін пялёстачак і пакласці замест закладкі ў дзённік. I адбыўся цуд: у дзённіку пачалі з'яўляцца толькі выдатныя адзнакі. Сінютка-Анютка пры гэтым гаварыла Зосі:

— За тваю дабрыню і я аддаю табе сваю. А дабрыня робіць цуды.



Так і жывуць яны, дзяўчынка Зося і кветачка Сінютка-Анютка.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка