Читаем Детям Снегавічок




Дата канвертавання09.09.2018
Памер16.88 Kb.

Читаем Детям

Снегавічок
Яраслаў Пархута
Насупраць Юльчынай хаты стаіць клён. Той клён аблюбавалі вераб’і і кожны дзень збіраюцца там на свой злёт. Толькі прыйдзе Юлька са школы, сядзе рыхтаваць урокі, а вераб’і тут як тут — зляцеліся! Спачатку нібы знаёмяцца: «Чый, чый?» А калі перазнаёмяцца — пачынаюць гамонку.

Іншы раз птушкі ўзнімуць такі гармідар, што Юлька не вытрымлівае, выходзіць з хаты і гукае:

— Кыш! I чаго вы не падзялілі там?!

Вераб’і палохаюцца, уздымаюцца з дрэва і ляцяць на выган. Але варта Юльцы зачыніць за сабою дзверы, як неслухі вяртаюцца і яшчэ званчэй бяруцца абмяркоўваць свае вераб’іныя справы.

Надакучыла Юльцы сварыцца з вераб’ямі, і яна вырашыла правучыць іх. «Пастаўлю сіло, — сказала яна сабе. — Спаймаю самага хуліганістага і дам яму пстрычак...»

Але не так проста цяперашняга вераб’я правесці на мякіне. Сіло стаяла на сметніку, птушкі ў той бок нават не глядзелі. А як выпала пароша, Юлька не пашкадавала сыпануць прасяных круп. I спакусіла-такі вераб’ёў. Чародка шуганула з клёна і пачала частавацца.

Юлька счакала хвіліну-другую ў засадзе, а калі пабегла на сметнік — ад здзіўлення ажно застыла. У сіле не было ніводнага вераб’я, а толькі трапятаў нейкі белы камячок.

— Дзіва! — сказала Юлька. — Колькі жыву, а такога не бачыла...

Трымала бялюткую, як жменька свежага снегу, птушачку і, забыўшыся пра тую пстрычку, дапытвалася:

— I адкуль ты ўзялася такая? Нібыта і верабей і — не верабей... Чысты снегавічок!..

Птушка зірнула чырвоным вокам і ціўкнула. Нібы прасіла прабачэння. I Юлька расслабіла далонь.

Белы камячок чырыкнуў ад радасці, паляцеў на клён і згубіўся ў вераб’інай грамадзе.

З таго дня Юлька не злуе на вераб’ёў. Наадварот, радуецца, калі тыя збіраюцца ля хаты на чарговы свой злёт. I калі яна вяртаецца са школы, перш чым сесці за хатняе заданне, абавязкова пытаецца ў маці:

— А ці не бачыла ты сёння нашага Снегавічка?

— А няўжо! На верхняй галінцы скача! — адказвае маці і ў сваю чаргу, з усмешкай на твары, цікавіцца: — А ці ведаеш, пра што вераб'і гамоняць з ім?

Юлька спачатку паціскае плячыма, а потым хітравата ўсміхаецца:



— Дапытваюцца, мабыць, адкуль ён такі прыгожанькі ўзяўся...




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка