Читаем Детям Васілёва бярозка




Дата канвертавання31.01.2017
Памер22.39 Kb.

Читаем Детям

Васілёва бярозка
Мікола Гамолка
Васілёк рэдка бывае без якога-небудзь занятку. Усё нешта майструе, выдумляе. То плешча малатком іржавую жалязяку, то выстругвае палачку, то лепіць што-небудзь з гліны..

Бярэцца за ўсё ён горача, заўзята. Ды вось бяда — ніколі не даводзіць справы да канца. Раптам у яго прападае ахвота, махне на ўсё рукою і шукае новага занятку.

Васількоў тата даўно заўважыў гэта і пачаў трывожыцца за сына: «Калі не пераменіцца хлапчук, цяжка будзе вучыцца ў школе. Там жа трэба старацца».

Куды сёння Васілёк пабег з двара — невядома. Трэба абедаць, а яго няма. Чым і дзе займаецца ён?

Тата выйшаў на вуліцу. Адсюль добра відаць дарога з дубамі па баках, шырокая лугавіна, пажоўклы бярозавы лясок.

Прыгледзеўся, бачыць, хлопчык хуценька збягае па крутой сцяжынцы ў яр. На яго плячах гойдаецца маленькая бярозка. Што задумаў Васілёк? Пасадзіць дрэўца? Вось маладзец які!

Васілёк хутка перабег лугавіну і выйшаў на вуліцу. Тата прыветліва ўсміхнуўся:

— Бярозку прынёс?

Васілёк узмахнуў чубам і зняў з плячэй дрэўца.

— Пасадзіць хачу.

— Добра, давай пасадзім. А дзе?

Вось тут, пад акном, — паказаў хлопчык.

Можна і тут, — адказаў тата. — Толькі зробім гэта пасля абеду. Збегаеш, набярэш яшчэ каля возера чорнай зямлі. Ведаеш дзе?

— Ведаю. Мы з мамай хадзілі туды капаць на расаднік.

Яны зайшлі ў двор. Васілёк беражліва паклаў бярозку за хатай у цяньку.

Пасля абеду ён адшукаў у сенцах кошык і пабег па чарназём. I толькі выйшаў на прыгуменне — бачыць, гуляюць хлопцы на выгане ў мяч. Ці ж можна ўтрымацца ад такой спакусы! Васілёк ударыў нагою мяч адзін раз, другі — і хутка забыўся пра ўсё на свеце. Толькі пад самы вечар прыбег ён дадому без кошыка.

— А дзе ж твая зямля для пасадкі? — запытаўся тата. — Забыўся?

— Забыўся.

Бяжы хутчэй, а то карані ў бярозкі пасохнуць. Васілёк падняў бярозку, потым ціха і абыякава сказаў:

— Я не буду гэтую садзіць. Заўтра другую прынясу.

— Што?— здзівіўся бацька. — Не будзеш? Як жа так? Расла бярозка, расла, а ты — выкінеш? Яна жыць хоча...

Васілёк спахмурнеў. Тата заўважыў, што ў яго цяпер не было ніякай цікавасці да дрэўца.

— А можа, заўтра? — стаяў на сваім хлопчык. Яму не хацелася вяртацца да возера. Там нікога цяпер не было.

— Ніякіх заўтра. Бярозка загіне. Трэба хутчэй яе пасадзіць у зямлю ды паліць вадою.

Хлопчык неахвотна пайшоў. Што зробіш — тата такі настойлівы...

Хутка Васілёк вярнуўся і прынёс поўны кошык чорнай зямлі. Пасля ўзяў рыдлёўку і выкапаў каля хаты ямку. Тата ўважліва назіраў за працай Васілька. Калі бярозка была пасаджана, бацька задаволена сказаў:

— Ну, вось, цяпер ты малайчына! Помні, сынок, кожную справу трэба даводзіць да канца.

Мінула зіма. Вясной Васілёва бярозка моцна ўчапілася каранямі за зямлю і весела зашумела зялёным лісцем.







ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка