Читаем Детям Яблыкі для сястрычкі




Дата канвертавання23.02.2018
Памер19.22 Kb.

Читаем Детям

Яблыкі для сястрычкі
Іван Муравейка
Захварэла Антошава сястрычка Зіна. Яе і ў дзіцячы садок не павялі. Ляжыць яна ў ложку маркотная, маўклівая. Мама кажа, што Зіна моцна прастудзілася і ў яе тэмпература. Як жа можна прастудзіцца, калі зараз лета і сонейка свеціць горача?

Антоша падышоў да Зінінага ложка і сеў на краёчку.

— Зіна, чаго табе хочацца з'есці?

— Нічога не хочацца, — адказала Зіна. — Хіба салодкі яблык пакаштавала б. Шкада, што нашы яблыні яшчэ зусім маленькія. Не цвілі нават.

Антоша падумаў і кажа:

— Я абавязкова дастану салодкі яблык.

«Дастану. А дзе? Яны ж не валяюцца на дарозе, — разважаў Антоша, калі выйшаў на вуліцу. I адразу па-весялеў: яго вочы наткнуліся на суседскі сад. Там не адна, а тры салодкія яблыні. А яблыкаў на іх — аж галлё да самай зямлі нагнулася. Дзядзька Федар і цётка Ганна нават не заўважаць, калі я два ці тры яблыкі адарву». Гэтая думка Антошу спадабалася. Да таго ж, у плоце ёсць лаз — адна дошчачка адхінаецца. А сабакі ў іх няма. I самога дзядзькі Федара няма. I цёткі Ганны няма. Яны на працы.

Антоша пастаяў трошкі, а потым пралез у сад і асцярожна, нібы баючыся, што яблыня зазвініць, адарваў два ружовашчокія яблыкі. Аднёс іх сястрычцы.

— На, еш. Смачныя.

Мне хопіць аднаго, — сказала Зіна.

Зіна толькі хацела адкусіць яблык, як у хату ўвайшла мама.

— О, ты ўжо яблык ясі! Значыць, хутка паправішся. А хто табе прынёс яблык?

— Антоша.

— А ты дзе ўзяў?

— Ды я… Ды я… — прамямліў Антоша і апусціў галаву. — Зіначка ж захацела...

— Ты, Зіна, пакуль не еш яблык, — сказала мама. — З'ясі пасля абеду. Добра?

— Добра.

Мама пайшла ў агарод палоць буракі.

— Я дапамагу, — нерашуча прагаварыў Антоша. Ён здагадаўся, на што намякала мама, і думаў, што яна, засмучаная, адмовіцца ад яго дапамогі. Не адмовілася.

— А чаго ж — дапамажы, — згадзілася.

Каб хоць чым-небудзь згладзіць сваю правіннасць, Антоша працаваў старанна, як ніколі.

— Вунь дзядзька Федар с цёткай Ганнай прыйшлі, — паглядзела на Антошу мама. Ён уздыхнуў, абцёр аб штаны рукі і пайшоў у хату.

— Навошта ты забраў яблыкі? — надзьмулася Зіна. — Я зараз буду іх есці.

Яшчэ нельга есці, — папярэдзіў сястрычку Антоша. — Я хутка вярнуся і, можа, прынясу табе твае яблыкі.



Ніхто ніколі не даведаецца, якая размова адбылася паміж дзядзькам Федарам, цёткай Ганнай і Антошам. Але мама здагадалася, бо яна бачыла, якім вясёлым выбег сынок з суседскай хаты. Ён нёс не два ружовашчокія яблыкі, а поўную шапку.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка