Читаем Детям Як дом будавалі




Дата канвертавання29.12.2017
Памер40.85 Kb.

Читаем Детям

Як дом будавалі
Мікола Маляўка
Побач з садзікам дзіцячым

Вырас новы гмах.

Знізу глянеш —

I не ўбачыш,

Дзе згубіўся дах.

На трынаццатым паверсе

Васілёк жыве,

I не страшна спаць, паверце,

Там, у сіняве.

Не адразу дом падняўся,

Вырас да нябёс —

Ён з падмурка пачынаўся,

Па цаглінцы рос.

Зелянеў вішняк наўкола

Год таму назад,

Васілёк хадзіў не ў школу,

А ў дзіцячы сад.

Помніць, як загуў увішны

Экскаватар тут —

I змяніўся

Іх зацішны,

Іх зялёны кут.

У траве сцяжынка спала,

Скрозь бялеў туман,

А машына ўжо капала

Яму-катлаван.

Драў карэнне коўш трывалы,

Грунт пясчаны грыз,

I ляталі самазвалы

То наверх,

То ўніз.

А пасля з бетону блокі

Ў катлаван ляглі,

Каб стаяў ён,

Дом высокі,

Цвёрда на зямлі.

I пад'ёмны кран уранні

Завітаў у двор,

Падаваў на рыштаванні

Цэглу і раствор.

Не ляжалі без работы

Кельмы муляроў —

Прывыкалі да спякоты,

Слоты і вятроў.

I глядзеў,

Нібы на дзіва,

Васілёк тады,

Як сцяну кладзе рупліва

Муляр малады.

Браў навобмацак цагліну,

Стукаў кельмай ён —

I ў паветры плыў хвіліну

Меладычны звон.

Муляр радаваўся:

Цэгла —

Быццам на падбор.



I сачыў, каб роўна легла

Зверху, у раствор.

Стукаў кельмаю чароўнай

I ўсміхаўся ён,

Бы ў сцяну сваю ўмуроўваў

Меладычны звон.

На цагліну клаў цагліну,

Прытрымаў адну —

Васільку падаў, як сыну:

«На, кладзі ў сцяну!»

I растворам край пазначыў

Так, каб Васілёк

Мог цагліну тую бачыць

Зблізку і здалёк.

Падымаўся дом патроху,

Рос і ў стынь,

I ў золь.

Насцілалі з пліт падлогу,

Мацавалі столь.

А яшчэ за клопат пільны

Дзякуй сталярам:

Шмат дзвярэй яны зрабілі,

Шмат аконных рам.

Шыбы вымыў першы лівень —

I заззяў ён,

Дом,


Быццам вокны ўсе зашклілі

Сонечным святлом.

Пад цаглінай той,

Памечанай,

Бачыў Васілёк,

Як на фортачцы трапеча

Промень-матылёк.

Кожны дзень прыносіў змены,

Добры неспакой:

Тынкавалі ў доме сцены,

Васількоў пакой.

А паклеілі шпалеры,

Дык нібы з бяроз

Лісця жоўтага ў кватэры

Чараўнік натрос.

Васілька разбудзіць сонца,

Гляне ён — I рад,

Быццам выскачыў спрасонку

Ў гай, дзе лістапад.

Клалі елачкай прыгожай,

Клалі як шчыльней

3 дубу дошчачкі ў прыхожай,

3 дубу — ён цямней.

Падбіралі,

Насцілалі

Дошчачкі далей:

Толькі з ясеню — у зале,

3 ясеню святлей.

Абнавілі свежым лакам

Дошчачкі як след —

I зіхціць,

I вока лашчыць,

Як бурштын, паркет.

Не палохаюць завеі

У зімовы час:

Добра грэюць батарэі,

Ёсць святло і газ.

Запрашае ў лета ванна —

Беленькі ставок,

У якім купацца ўранку

Любіць Васілёк.

I па лесвіцы не трэба

Тэпаць — сходак шмат:

Ліфт за так падыме ў неба,

Ліфт звязе назад.

Дах накрылі —

Не свіціцца

Там, у сіняве,

Дзе над самым домам ціха

Воблачка плыве.

Б'е пярун цяпер, бывае,

Навальніца —

Жах,

Ды і кропля дажджавая



Не праточыць дах.

Дом абклалі пліткай новай,

Яркай, як эмаль,

I цагліны Васільковай

Не відаць, на жаль.

Ды не тоіць ён ад таты,

Ад сваіх сяброў:

Прыйдзе час —

Збярэ ў брыгаду

Лепшых муляроў.

I тады з цаглін, вядома,

Выбера адну,

Хлапчуку падасць малому:

«На, кладзі ў сцяну!»

I растворам так пазначыць,

Каб хлапчук пасля

Мог цагліну тую бачыць

Зблізку і здаля.

Ён і сад збудуе дзецям,

Майстра-брыгадзір,

Толькі каб на белым свеце

Быў заўсёды мір.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка