Читаем Детям Здарэнне з Яўсейкам




Дата канвертавання30.04.2017
Памер53.55 Kb.

Читаем Детям

Здарэнне з Яўсейкам
Максім Горкі
Пераклаў з рускага Алесь Якімовіч

Аднойчы маленькі хлопчык Яўсейка — вельмі добры чалавек! — седзячы на беразе мора, вудзіў рыбу. Гэта вельмі сумная справа, калі рыба, капрызнічаючы, не клюе. А дзень быў гарачы, пачаў Яўсейка, ад суму, драмаць і — боўць! — зваліўся ў ваду.

Зваліўся, але нічога, не спалохаўся і плыве ціхенька, потым нырнуў і тут жа апынуўся на дне мора.

Сеў на камень, мякка пакрыты рыжымі водарасцямі, глядзіць вакол — вельмі добра!

Паўзе, не спяшаючыся, ярка-чырвоная марская зорка, паважна ходзяць па каменнях вусатыя лангусты, бокам-бокам паўзе краб; усюды на каменнях, нібы буйныя вішні, рассыпаны акцініі, і ўсюды мноства ўсякіх цікаўных штук: вось цвітуць калышуцца марскія ліліі, мільгаюць, нібы мухі, шпаркія краветкі, вось цягнецца марская чарапаха, а над яе цяжкім шчытом гуляюць дзве маленькія зялёныя рыбкі, зусім як матылькі ў паветры, а вось па белых каменнях вязе сваю ракавіну рак-адшэльнік. Яўсейка, гледзячы на яго, нават вершы ўспомніў:

— Хата — не возік у дзядзькі ў Якава...

I раптам чуе, над галавою ў яго нібы кларнет запішчаў:

— Вы хто такі?

Глядзіць, над галавою ў яго велізарная рыба з шыза-срэбнай луской, вылупіла вочы і, выскаліўшы зубы, прыемна ўсміхаецца, нібы яе ўжо засмажылі і яна ляжыць на талерцы сярод стала.

— Гэта вы гаворыце? — запытаўся Яўсейка.

— Я-а...


Здзівіўся Яўсейка і сярдзіта пытаецца:

— Як жа гэта вы? Рыбы ж не гавораць!

А сам думае: «Вось дык штука! Нямецкую я зусім не разумею, а рыбіну мову адразу зразумеў! Ух! які малайчына!»

I, паважна ўзняўшы плечы, аглядаецца: плаваюць вакол яго рознакаляровыя шустрыя рыбкі і — смяюцца, размаўляюць:

— Глядзіце вунь! Што за страшыдла прыплыло: два хвасты!

— А лускі — няма, фі!

— I плаўнікоў толькі два!

Некаторыя, байчэйшыя, падплываюць проста да носа і дражняцца:

Нішто сабе, нішто! Яўсейка пакрыўдзіўся:

— Вось нахабніцы! Нібы не разумеюць, што перад імі сапраўдны чалавек...

I хоча злавіць іх, а яны, уцякаючы з-пад рук, забаўляюцца, штурхаюць адна адну насамі ў бакі і спяваюць хорам, дражнячы вялікага рака:
Рак пад каменем жыве,

Рыбін хвосцік рак жуе,

Ой, нясмачны рыбін хвосцік, —

Адны косці, адны косці!


А ён, злосна варушачы вусамі, бурчыць, выцягваючы клешні:

— Ну, пападзіцеся вы мне, я вам адстрыгу языкі вашы!

«Сур'ёзны які», падумаў Яўсейка.

Вялікая ж рыба прыстае да яго:

— Адкуль гэта вы ўзялі, што рыбы — нямыя?

— Тата сказаў.

— Што такое — тата?

— Так сабе... Падобны на мяне, толькі — большы, і вусы ў яго. Калі не злуецца, дык вельмі мілы...

— А ён рыбу есць?

Тут Яўсейка спалохаўся: скажы ты ёй, што есць!

Узняў вочы ўверх, бачыць праз ваду мутна-зялёнае неба і сонца ў ім, жоўтае, як медны паднос; падумаў хлопчык і сказаў няпраўду:

— Не, ён не есць рыбу, касцістая вельмі...

— Аднак — якое невуцтва! — пакрыўджана закрычала рыба.— Не ўсе ж мы касцістыя! Напрыклад — маё сямейства...

«Трэба змяніць гутарку», здагадаўся Яўсей і далікатна пытаецца:

— Вы былі ў нас наверсе?

— Вельмі патрэбна! — сярдзіта фыркнула рыба. — Там дыхаць няма чым...

— Затое — мухі якія...

Рыба абплыла вакол яго, спынілася супроць носа, ды раптам і кажа:

— Мухі? А вы чаго сюды прыплылі?

«Ну, пачынаецца! — падумаў Яўсейка. — З'есць яна мяне, дурніца...» I, быццам бы бесклапотна, ад-казаў:

— Так сабе, гуляю...

— Гм! — зноў фыркнула рыба. — А можа, вы — ужо тапелец?

— Вось яшчэ! — пакрыўджана крыкнуў хлопчык. — Зусім не! Я, вось, зараз устану і...

Паспрабаваў устаць, а — не можа: нібы яго цяжкою коўдраю абкруцілі — ні павярнуцца, ні паварушыцца!

«Зараз я пачну плакаць», падумаў ён, але тут жа зразумеў, што плач не плач — у вадзе слёз не відаць, і парашыў, што не варта плакаць, — можа, як-небудзь іначай удасца выкруціцца з гэтай непрыемнай гісторыі.

А вакол — бацюхна! — сабралася розных марскіх жыхароў — ліку няма! На нагу ўзбіраецца галатурыя, падобная на дрэнна намаляванае парася, і шыпіць:

— Жадаю з вамі пазнаёміцца бліжэй... Дрыжыць перад носам марскі пузыр, надзімаецца, пыхкае, — дакарае Яўсейку:

— Нішто сабе! Нішто! Ні рак, ні рыба, ні малюск, ай-я-яй!

— Пачакайце, я, можа, яшчэ авіятарам буду, — кажа яму Яўсей, а на калені яго ўзлез лангуст і, варочаючы вачыма на нітачках, далікатна пытаецца:

— Дазвольце даведацца, якая гадзіна? Праплыла міма сепія, зусім як мокрая насавая хустачка; усюды мільгаюць сіфанафоры, нібы шкляныя шарыкі, адно вуха казыча краветка, другое — таксама мацае нехта цікаўны, нават па галаве вандруюць маленькія рачкі, — заблыталіся ў валасах і тузаюць іх.

— Ой, ой, ой! — усклікнуў сам сабе Яўсейка, стараючыся глядзець на ўсё бесклапотна і ласкава, як тата, калі ён вінаваты, а маці злуецца на яго.

А навокал у вадзе павіслі рыбы, — мноства! — варушаць ціхенька плаўнікамі і, вылупіўшы на хлопчыка круглыя вочы, нудныя, як алгебра, мармычуць:


Як ён можа жыць на свеце без лускі і без вусоў?

Мы бы, рыбы, не маглі бы раздваіць сваіх хвастоў!

Не падобны ні на рака, ні на вас ён — гэта так.

Мо страшыдлам-асьміногам ён даводзіцца сваяк?


«Дурніцы! — пакрыўджана думае Яўсейка. — У мяне па рускай мове ў мінулым годзе дзве чацвёркі было...»

I робіць такі выгляд, нібы ён нічога не чуе, нават хацеў бесклапотна пасвістаць, але — выявілася — нельга: вада лезе ў рот, нібы корак.

А балбатлівая рыба ўсё пытаецца ў яго:

— Падабаецца вам у нас?

— Не... хаця — так, падабаецца... У мяне дома таксама вельмі добра! — адказаў Яўсей і зноў спалохаўся:

«Бацюхны, што я кажу?! А калі раптам яна ўзлуецца, і пачнуць яны мяне есці...»

Але ўголас кажа:

— Давайце як-небудзь гуляць, а то мне крыху сумна...

Гэта вельмі спадабалася балбатлівай рыбе, яна засмяялася, разявіўшы круглы рот так, што відаць сталі ружовыя жабры, віляе хвастом, блішчыць вострымі зубамі і старэчым голасам крычыць:

— Гэта добра — пагуляць! Гэта вельмі добра — пагуляць!

— Паплывем наверх! — прапанаваў Яўсей.

— Навошта? — спыталася рыба.

— А ўніз ужо нельга ж! I там, наверсе, — мухі.

— Мух-хі! Вы іх любіце?..

Яўсей любіў толькі маму, тату і марожанае, але адказаў:

— Ага...


— Ну, што ж? Паплывем! — сказала рыба, па-вярнуўшыся галавою ўверх, а Яўсей тут жа цап яе за жабры і крычыць:

— Я — гатоў!

— Чакайце! Вы, страшыдла, занадта засунулі свае лапы ў жабры мне...

— Нічога!

— Як гэта — нічога! Прыстойная рыба не можа жыць, не дыхаючы.

— Бацюхны! — закрычаў хлопчык. — Ну што вы спрачаецеся ўсё? Гуляць дык гуляць...

А сам думае: «Абы толькі яна мяне крышку падцягнула наверх, а там ужо я вынырну».

Паплыла рыба, нібы танцуючы, і спявае на ўсю моц:


— Захацеў ляшча шчупак,

Ды не ловіцца ніяк.

Лешч зашыўся ў асаку,—

Не здаецца шчупаку!..


Маленькія рыбкі кружацца і хорам гарланяць:
— Вось дык штука! Так-так-так!

Дарма круціцца шчупак!


Плылі-плылі, чым вышэй — тым усё шпарчэй і лягчэй, і раптам Яўсейка адчуў, што галава яго выскачыла на паветра.

— Ой!


Глядзіць — ясны дзень, сонца гуляе на вадзе, зялёная вада заплёсквае на бераг, шуміць, спявае, Яўсейкава вудзільна плавае ў моры, далёка ад берага, а сам ён сядзіць на тым жа камені, з якога зваліўся, і ўжо — увесь сухі!

— Ух, — сказаў ён, усміхаючыся сонцу, — вось я і вынырнуў!






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка