Ці можа беспрацоўе быць карысным? 28/06/2002




Дата канвертавання01.01.2018
Памер53.02 Kb.
Ці можа беспрацоўе быць карысным?

28/06/2002

Паводле зьвестак Міністэрства статыстыкі, узровень беспрацоўя ў нашай краіне з 1995 г. вагаецца ў межах 23% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (у 2001 г. было 2,3%). Гэта беспрацоўныя, зарэгістраваныя на біржы працы.

Але акрамя іх ёсьць яшчэ незарэгістраваныя, а таксама асобы, якія лічацца ў штаце прадпрыемстваў, але накіраваныя ў адміністрацыйныя адпачынкі без захаваньня заробку ці пераведзеныя ў рэжым няпоўнай занятасьці.

Колькі ж беспрацоўных
у Беларусі?

Вынікі сацыялягічнага апытаньня, зладжанага Навукова-дасьледчым інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных праблемаў, сьведчаць, што афіцыйна на біржы працы зарэгістраваны толькі 21% ад агульнай колькасьці беспрацоўных. Калі ісьці за гэтымі зьвесткамі, узровень беспрацоўя ў Беларусі трэба вызначыць у памеры 11,5%.

Яшчэ адзін узровень беспрацоўя (6,58,5%) адкрываецца па выніках выбарачнага дасьледаваньня хатніх гаспадарак, якое ладзіць Міністэрства статыстыкі Беларусі. Згодна зь ягонымі вынікамі, найбольшае беспрацоўе (8,7%) назіралася ў 1996 г. У 1999 г. яно зьменшылася да 6,5% і замацавалася на сярэдняй адзнацы ў 7,4% у 2001 г. Але гэтая мэтодыка ня ўлічвае работнікаў, што афіцыйна лічацца на прадпрыемствах, але не працуюць.

Каб пазьбегнуць масавых звальненьняў, працадаўцы выпраўляюць работнікаў у адпачынак за свой кошт. У 1994 г. працавалі ў рэжыме няпоўнага працоўнага часу і былі выпраўленыя ў такія адпачынкі 15% ад колькасьці эканамічна актыўнага насельніцтва краіны, у 1996 г. больш за 20%. Праўда, рост абёмаў вытворчасьці за кошт крэдытнай эмісіі і падпарадкаваньня гэтай мэце іншых інструмэнтаў макраэканамічнай палітыкі прывёў да зьніжэньня таго паказьніку ў 2000 г. да 7%. Але праблема яшчэ ня вырашаная.

У 2001 г. і ў першым квартале 2002 г. на фоне эканамічнага росту працягвае пагаршацца фінансавае становішча рэальнага сэктару беларускай эканомікі: падае рэнтабэльнасьць і плацежаздольнасьць прадпрыемстваў, расьце колькасьць стратных гаспадарак і запасаў гатовай прадукцыі, зношваюцца асноўныя фонды. Стагнацыя ў асобных галінах эканомікі выклікае рост беспрацоўя. Так, афіцыйна зарэгістраванае Міністэрствам статыстыкі беспрацоўе сёлета ў студзені-красавіку стабільна прырастала на 0,1% штомесяц (2,3% у студзені, 2,4% у лютым, 2,5% у сакавіку, 2,6% у красавіку). Колькасьць беспрацоўных, афіцыйна зарэгістраваных у органах дзяржаўнай службы занятасьці, з пачатку году павялічылася на 12,5%.

Ацэнку ўзроўню беспрацоўя можна рабіць і ўскоснымі мэтадамі, напрыклад, па яго нэгатыўных наступствах для грамадзтва. Дасьледчык М.Брэнэр сьцьвярджае, што пры захаваньні на працягу шасьці год беспрацоўя, якое перавышае натуральны ўзровень на 1%, адзначаецца прырост агульнай сьмяротнасьці на 2%, прырост самагубстваў на 4,1%, прырост забойстваў на 5,7%, павелічэньне колькасьці вязьняў на 4% і павелічэньне псыхічна хворых на 4%. У Беларусі за апошнія шэсьць гадоў (19952001 г.) прырост сьмяротнасьці склаў 27,6%, колькасьць самагубстваў павялічылася на 12,6%, колькасьць псыхічна хворых на 3,2%. Такая сацыяльна-дэмаграфічная сытуацыя сьведчыць пра тое, што праблема беспрацоўя значна больш актуальная, чым гэта можа падацца на першы погляд.



Прычына разыходжаньня паміж афіцыйным і рэальным узроўнем беспрацоўя

Паводле зьвестак ужо згаданага сацыялягічнага апытаньня, 79% беспрацоўных не становяцца на ўлік у службу занятасьці. Гэта выклікана шэрагам прычынаў. Па-першае, грашовая дапамога па беспрацоўі зусім маленькая ад 75% мінімальнага заробку (з 1 красавіка 2002 г. базавай велічыні) да падвоенага яго памеру у залежнасьці ад катэгорыі работніка, ягонага апошняга заробку і г.д. Гэта значыць ад 7,5 да 20 тыс. рублёў. Максымальная грашовая дапамога па беспрацоўі складае шостую частку ад мінімальнага спажывецкага бюджэту, які на 1 траўня 2002 г. дасягнуў 120 тыс. рублёў на чалавека. Але і такую дапамогу атрымаць няпроста. Чалавек губляе права на яе, калі быў звольнены за парушэньне працоўнай дысцыпліны або па ўласным жаданьні без паважных прычынаў. Нават пасьля пасьпяховага залічэньня ў шэрагі зарэгістраваных беспрацоўных неабходна яшчэ ад 3 да 7 дзён у месяц браць удзел у грамадзкіх работах. Беспрацоўныя ня бачаць сэнсу рэгістравацца на біржы працы яшчэ й таму, што і так маюць магчымасьць знаёміцца з наяўнымі вакансіямі.



Які ўзровень беспрацоўя прымальны для эканомікі?

Для чалавека страта працы вялікая бяда, якая вядзе да страты заробку, статусу, зьніжэньня самаацэнкі, але ў рынкавай эканоміцы нейкі працэнт беспрацоўя лічыцца нават карысным і характарызуе ейную дынамічнасьць. Іначай кажучы, беспрацоўе абавязковы элемэнт рынкавай эканомікі.

Дык што ж такое 2,5% афіцыйна зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі з пункту гледжаньня сусьветнай практыкі?

У краінах з рынкавай эканомікай існуе так званы натуральны ўзровень беспрацоўя. Гэта сярэдняя велічыня фактычнага беспрацоўя за доўгі пэрыяд, які дазваляе згладзіць цыклічныя ваганьні (для разьвітых краінаў 4050 гадоў, для транзытыўных 1015 гадоў). У ЗША, напрыклад, натуральны ўзровень беспрацоўя складае каля 5% пры фактычным узроўні беспрацоўя ад 6,1% у 1994 г. да 4,3% цяпер. У большасьці краінаў з рынкавай эканомікай натуральным лічыцца ўзровень беспрацоўя каля 45%. Для пераходных краінаў вызначэньне натуральнага беспрацоўя патрабуе дадатковых дасьледаваньняў і доўгага часу.

Наяўнасьць беспрацоўя ў эканоміцы (маецца на ўвазе яго натуральны ўзровень) характарызуе дынамічнасьць сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Ствараюцца новыя працоўныя месцы, ліквідуюцца старыя, узьнікае неабходнасьць перакваліфікацыі і г.д. У гэтых умовах людзі робяцца беспрацоўнымі на кароткі час, каб ізноў працаваць. Натуральны ўзровень беспрацоўя адлюстроўвае аптымальны для эканомікі ўзровень занятасьці, утвараючы своеасаблівы рэзэрв рабочай сілы, неабходны для прагрэсіўнага разьвіцьця эканомікі. У выпадку павелічэньня попыту на тавары і паслугі ў краіне патрабуецца і павелічэньне працоўных рэсурсаў для вытворчасьці тут і запатрабуецца гэты рэзэрв.

Калі ж яго ня будзе, перавышэньне попыту над прапанаваньнем неабходных тавараў можа выклікаць рост цэнаў. У пераходнай эканоміцы гэта не заўсёды працуе. Так, рост унутраных цэнаў у Беларусі нельга патлумачыць перавышэньнем натуральнага ўзроўню беспрацоўя над фактычным, паколькі больш істотна ўплывае на сытуацыю шэраг вядомых фактараў крэдытная эмісія, мяккія бюджэтныя абмежаваньні, слабая канкурэнцыя і інш.

Эканамічны закон А.Оўкена, які адлюстроўвае ўзаемасувязь паміж ростам ВУП і скарачэньнем беспрацоўя, ва ўмовах нашай пераходнай эканомікі таксама не працуе: сьцьвярджаць, што 3% прыросту ВУП захоўваюць беспрацоўе на ранейшым узроўні, а дадатковыя 2% зьмяншаюць яго на 1%, ва ўмовах спэцыфічнага росту ВУП не даводзіцца. Іначай за апошнія пяць гадоў значны прырост ВУП (у 1997 г. 10,4%, у 1998 г. 8%, у 1999 г. 3%, у 2000 г. 6%, у 2001г. 4,1%) павінен быў выклікаць скарачэньне беспрацоўя больш чым на 5%. Аднак сацыялягічныя апытаньні й выбарачныя дасьледаваньні не пацьвярджаюць значнага скарачэньня беспрацоўя ў гэты пэрыяд.

Усе развагі з нагоды выгаднасьці ці нявыгаднасьці беспрацоўя для разьвіцьця нацыянальнай эканомікі носяць пакуль абстрактны характар. Выяўленыя для разьвітых краінаў заканамернасьці зазвычай не праяўляюць сябе ў поўнай меры ў краінах зь пераходнай эканомікай. Высьветліць узровень натуральнага беспрацоўя там пакуль немагчыма з-за непрацяглага пэрыяду рынкавых пераўтварэньняў.

Але перавышэньне натуральнага ўзроўню беспрацоўя ў эканоміцы мае нэгатыўныя наступствы: дыспрапорцыі ў плацежаздольным попыце, узрастаньне сацыяльнай напружанасьці. У Беларусі праблема беспрацоўя яшчэ не набыла поўнай вастрыні ў сувязі з захаваньнем у дзяржаўнай уласнасьці буйной вытворчасьці. Яна можа выявіць сябе ў часе непазьбежнага ўзнаўленьня працэсу рынкавых пераўтварэньняў. Маецца на ўвазе найперш пачатак поўнамаштабнай рэструктурызацыі, мадэрнізацыі прадпрыемстваў, закрыцьцё многіх глыбока стратных і беспэрспэктыўных вытворчасьцяў.

Як сьведчыць досьвед суседніх пераходных краінаў і наш уласны, асноўнымі сфэрамі ўладкаваньня лішку працоўнай сілы, які непазьбежна ўзьнікне падчас структурнай перабудовы эканомікі, мусяць стацца малы й сярэдні бізнэс, а таксама сфэра паслуг. Для разьвіцьця апошняй трэба знайсьці неінфляцыйныя крыніцы падвышэньня плацежаздольнага попыту ў эканоміцы ва ўмовах росту беспрацоўя. Прыкладам, прамыя замежныя інвэстыцыі. Ад разьмяшчэньня замежных вытворчасьцяў цяжка чакаць стварэньня вялікай колькасьці працоўных месцаў, але, як паказвае практыка, гэтыя месцы зьяўляюцца больш высокааплатнымі, і гэта можа выклікаць падвышэньне плацежаздольнага попыту ў нацыянальнай эканоміцы.



Ганна Вернікоўская, Уладзімер Калупаеў


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка