Ці прайшоў шок ад pisa? Тры гады таму (24. XII. 2013) у Настаўніцкай газеце




Дата канвертавання24.02.2017
Памер152.12 Kb.
Ці прайшоў шок ад PISA?
Тры гады таму (24.XII.2013) у «Настаўніцкай газеце» па выніках міжнародных адукацыйных даследаванняў 15-гадовых падлеткаў мы высвятлялі «Хто ў шоку ад PISA?»

На самой справе ў многіх краінах-удзельніцах вынікі даследаванняў вызвалі сапраўдны шок – не ўсе пацвердзілі той узровень падрыхтоўкі навучэнцаў, які быў вызначаны падчас унутраных маніторынгавых даследаванняў. У адных краінах былі здзіўлены адносна нізкімі рэзультатамі, другія, наадварот, прыемна ўражаны станоўчымі вынікамі. Разам з тым дакладнасць і аб’ектыўнасць даследаванняў выявілі да іх пазітыўны інтарэс у краінах свету.

Амаль усе тэзісы артыкула 2013 года актуальны і для аналізу рэзультатаў PISA-2015. Напярэдадні прэзентацыі нашых 15-гадовых падлеткаў у даследаваннях PISA-2018 мы вырашылі акцэнтаваць увагу чытача на некаторых надзённых пытаннях. Перад гэтым удакладнім, што ў PISA-2000 прымала ўдзел толькі 32 краіны, у PISA-2015 – 72 краіны і эканамічныя адміністрацыйныя адзінкі. У даследаваннях PISA-2018 пажадалі ўдзельнічаць 82 краіны, у тым ліку і Беларусь.

Міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў PISA (Programme for International Student Assessment) з’яўляецца маніторынгавым даследаваннем якасці агульнай адукацыі навучэнцаў 15-гадовага ўзросту і выяўляе ўзровень ведаў і ўменняў у сучасных падлеткаў, неабходных ім для функцыянавання ў грамадстве.

PISA стала арыенцірам у вобласці ацэнкі якасці і эфектыўнасці адукацыйных сістэм свету. Вобласць ведаў, якія правяраюцца падчас тэсціравання, выходзяць за межы параўнальнай статыстыкі. На самай справе PISA вызначае комплексныя характарыстыкі высокаэфектыўных сістэм адукацыі.

Дадзеная праграма ажыццяўляецца Арганізацыяй Эканамічнага Супрацоўніцтва і Развіцця (АЭСР). Даследаванні, пачынаючы з 2000 года, праводзяцца трохгадовымі цыкламі. З 2018 года ўсе іспыты будуць праводзіцца толькі на камп’ютарнай аснове з выкарыстаннем інтэрактыўных задач новага тыпу.

Днямі адказны арганізатар АЭСР Анжэл Гурыя і дырэктар кіравання па пытаннях адукацыі АЭСР Андрэас Шляйхер у Лондане афіцыйна прэзентавалі вынікі даследаванняў 2015 года. У іх прынялі ўдзел больш за паўмільёна навучэнцаў з 72, як ужо было сказана раней, краін свету і эканамічных адміністрацыйных адзінак.

У папярэдніх публікацыях мы адзначалі, што ў аснову даследаванняў уплывовай сусветнай арганізацыі АЭСР пакладзены так званы кампетэнтнасны падыход, бо сусветны рынак працы чакае ад устаноў адукацыі кампетэнтных у шырокім сэнсе слова выпускнікоў. Хуткі рост вытворчасці з выкарыстаннем лічбавых і праграмных тэхналогій патрабуе новых, у параўнанні з класічнай педагогікай, поглядаў на методыку выкладання. Вядома, што тэсты кампетэнтнасці ацэньваюць не толькі ўзровень тых ці іншых ведаў, але і здольнасць асобы кіравацца разумным сэнсам і логікай. Амаль усе пытанні па ўсім спектры даследаванняў скіраваны на выяўленне магчымасці падлеткаў разбірацца ў рэальных жыццёвых сітуацыях. Заданні тыпу «Вызначыць перыметр умоўнага многавугольніка…» ці «Вылічыць скорасць руху нейкага абстрактнага цела …» на іспытах адсутнічаюць.

З мноства сістэм ацэнкі рэзультатаў PISA выбрала 1000-бальную шкалу, дзе сярэдняе значэнне – 500 балаў, таму і вынікі ў зводных табліцах абазначаны трохзначнымі лічбамі.

Па міжнароднай праграмме PISA даследаванні праводзяцца па прыродазнаўчанавуковай, матэматычнай і чытацкай граматнасці. У час апошняга тэсціравання падлеткаў арганізатары засяродзілі іх увагу на ўменне праводзіць навуковыя доследы і на ролю дысцыпліны ў прафесійным і сацыяльным жыцці асобы.

Пад прыродазнаўчанавуковай граматнасцю арганізатары даследаванняў разумеюць здольнасць індывідуума тлумачыць навакольны свет і тыя змены, што адбываюцца ў выніку дзейнасці чалавека, дэманстраваць дасведчанасць у тым, што прыродазнаўчыя навукі і тэхналогіі аказваюць уплыў на матэрыяльную, інтэлектуальную і культурную сферы грамадства.

Сярэднія паказчыкі ў гэтай вобласці ведаў павялічыліся ў параўнанні з 2006 годам у Калумбіі, Ізраілі, Макаа (Кітай), Партугаліі, Катары і Румыніі. За гэты час у Макаа, Партугаліі і Катары зменшылася доля слабапаспяваючых навучэнцаў і павялічылася доля тых, хто здольны выконваць заданні 5-га і нават больш высокага ўзроўню складанасці.

Каля 8 % навучэнцаў краін АЭСР маюць найвышэйшыя рэзультаты. Гэта значыць, што яны добра выканалі заданні 5-га і 6-га ўзроўняў складанасці. У Сінгапуры, напрыклад, колькасць такіх навучэнцаў складае 24,2 % , у Тайбэі (Кітай) – 15,4 %, у Японіі – 15,3 %, у Фінляндыі – 14,3 %. Пры гэтым у 33 краінах хлапчукі аказаліся больш паспяховымі, чым дзяўчынкі. Увогуле з усіх краін дзяўчынкі трапілі ў лідары толькі ў Фінляндыі. Па лёгкіх заданнях (1–2 узроўню) адрозненні ў гендарным саставе не назіраюцца ні ў адной краіне.

Імкненне вучняў да атрымання спецыяльнасці, якая патрабуе навуковай дзейнасці, прама прапарцыянальна іх поспехам у спасціжэнні навукі і ступені задавальнення ад займання навуковай работай. Чым больш паспяховы вучань, тым больш выражаныя яго адносіны да задаволенасці ад займання навукай. Сацыяэканамічнае асяроддзе таксама іграе пэўную ролю ў выбары падлеткам будучай сферы дзейнасці. У пераважнай колькасці краін і эканомік найбольшую схільнасць да навуковай кар’еры праяўляюць выхадцы з добранадзейнага сацыяэканамічнага асяроддзя, нават калі фактар паспяховасці і задавальнення ад навуковай дзейнасці такі ж, як і ў выхадцаў з іншага асяроддзя.

Матэматычная граматнасць – гэта здольнасць індывідуума фармуляваць, выкарыстоўваць і інтэрпрэтаваць матэматыку ў разнастайных кантэкстах. Яна ўключае матэматычныя разважанні, выкарыстанне матэматычных паняццяў, працэдур і інструментаў для апісання, тлумачэння і прадказання з’яў, дапамагае вызначаць і разумець ролю матэматыкі ў сучасным свеце. У такім выпадку паняцці «матэматычная граматнасць» і «функцыянальная граматнасць» тоесныя паміж сабой. Пры наяўнасці матэматычнай граматнасці асоба здольна абгрунтоўваць свае меркаванні і самастойна прымаць адпаведныя рашэнні.

Заданні ў гэтай вобласці, як правіла, складзены па матэрыялах, узятых з розных вучэбных прадметаў, і прапануюцца на тэсціраванні як у закрытай ці ў адкрытай форме, так і ў выглядзе вольнага адказу.

Краіны Паўднёва-Усходняй Азіі (Сінгапур, Ганконг, Макаа і Тайбэй (Кітай) прадэманстравалі найвышэйшыя рэзультаты даследаванняў па матэматычнай граматнасці.

Албанія, Калумбія, Чарнагорыя, Перу, Катар і Расія падняліся вышэй у рэйтынгавым спісе ў параўнанні з 2012 годам.

Ва ўсіх краінах АЭСР хлапчукі прадэманстравалі больш высокія рэзультаты, чым дзяўчынкі – у сярэднім на 8 балаў.

Чытацкая граматнасць – гэта здольнасць асобы разумець і выкарыстоўваць, інтэрпрэтаваць інфармацыю з літаратурных і навукова-папулярных тэкстаў, уменне працаваць з рознымі графікамі, дыяграмамі, табліцамі і схемамі.

Найлепшыя рэзультаты па чытацкай граматнасці прадэманстраваў Сінгапур. Разам з тым каля 20 % навучэнцаў у краінах АЭСР не справіліся з базавымі заданнямі (2-і ўзровень). У Канадзе, Эстоніі, Фінляндыі, Ганконгу, Ірландыі і Макаа навучэнцаў, якія не справіліся, менш за 12 %.

У цэлым паказчыкі чытацкай граматнасці у краінах АЭСР у параўнанні з 2000 годам не палепшыліся.

З 2009 по 2015 гады ў Албаніі, Эстоніі, Грузіі, Ірландыі, Макаа, Малдове,Чарнагорыі, Расіі, Славеніі і Іспаніі павялічвалася доля навучэнцаў з высокім узроўнем чытацкай граматнасці і адначасова зніжалася колькасць тых, хто не справіўся з заданнямі базавага ўзроўню.

Разрыў у гендарным саставе на карысць дзяўчынак у краінах АЭСР па чытацкай граматнасці зменшыўся на 12 балаў.

Маніторынгавы характар даследаванняў дазваляе выяўляць і параўноўваць як дынаміку паспяховасці навучэнцаў, так і месца кожнай краіны-ўдзельніцы ў рэйтынгавым спісе. Акрамя таго, фармат і змест заданняў спрыяе выяўленню творчых здольнасцей падлеткаў, уменняў супастаўляць факты і рабіць вывады на аснове атрыманай інфармацыі.

Маючы вопыт падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, адзначым, што арганізатары праграмы PISA дасканала валодаюць методыкай правядзення стандартызаваных формаў даследаванняў. Высокі ўзровень дакладнасці рэзультатаў грунтуецца на ўніфікацыі ўсяго працэсу даследаванняў. Таму можна гаварыць, пра невыпадковасць высокай карэляцыі вынікаў даследаванняў у кожнай краіне па цыклах. Няма рэзкага «падзення» ці спантаннага росту рэзультатаў у асобных краінах па перыядах правядзення даследаванняў.

Для большай нагляднасці рэзультатаў прапануем зводныя табліцы за ўвесь час даследаванняў з 2000 па 2015 гады.

Краіны-лідары папярэдніх даследаванняў захавалі высокія паказчыкі у рэйтынгавым спісе і, як спартсмены ў марафонскім забегу, не вельмі былі ахвочымі на ратацыю месц на менш прэстыжныя пасля кожнага цыклу. Не адбылося і сенсацыі, як прагназавалі нашы калегі з Расіі: маўляў, Фінляндыя значна здала свае пазіцыі.

Хто ж яны, лідары?

Абсалютным лідарам па выніках PISA-2015 выступае Сінгапур. Улічваючы тое, што і па другіх міжнародных даследчых праграмах (PIRLS, TIMSS і інш.) гэта краіна займае першыя месцы, а кансалтынгавая кампанія McKinsey назвала сінгапурскую сістэму адукацыі самай эфектыўнай у свеце, можна канстатаваць: мы назіраем адукацыйны феномен.

Асобныя эксперты адзначаюць, што Сінгапур ужо нават «стаміўся» ад лідарскіх пазіцый у адукацыі. Дарэчы, падобнае можна сказаць і пра эканоміку Сінгапура.

Сінгапурская сістэма адукацыі дастаткова прагматычная, яна заснавана на лепшых якасцях еўрапейскай ды амерыканскай школ і найлепшым чынам адпавядае патрабаванням глабальнай эканомікі.

Асноўнай задачай сучаснай адукацыі Сінгапура з’яўляецца стварэнне асяроддзя, якое б стымулявала жаданне ў кожнага грамадзяніна вучыцца на працягу ўсяго жыцця.

Высокія стандарты адукацыі ў спалучэнні з высокапрафесійнымі выкладчыкамі прывабныя для тысяч замежных грамадзян, якія імкнуцца паступіць ва ўстановы адукацыі Сінгапура.

Ужо ў трохгадовым узросце ў дзіцячых дашкольных установах Сінгапура пачынаецца адукацыйны працэс, развіваюцца такія навыкі як чытанне (на дзвюх мовах), вылічэнне, музыка, маляванне, канструяванне, фарміруецца творчы погляд на акаляючы свет.

Шасцігадовая пачатковая школа дае фундаментальную падрыхтоўку па матэматыцы, англійскай, як адной з трох афіцыйных, мове, па этыцы і мастацкім рамястве.

Па заканчэнні пачатковай школы абавязкова здаецца экзамен PSLE, які паказвае якасць і ўзровень ведаў выпускніка, ад чаго залежыць яго магчымасць навучацца ў сярэдняй школе. Чым лепшыя веды ў выпускніка пачатковай школы, тым большая ў яго магчымасць працягнуць адукацыю ў прэстыжнай сярэдняй школе. Таму бацькі не вельмі шкадуюць сваіх дзяцей падчас вучобы ў пачатковай школе і пастаянна «нагружаюць» іх дадатковымі заняткамі. Вось такая ранняя дыферэнцыяцыя!

На ўзроўні сярэдняй адукацыі таксама ідзе многаступенчатая дыферэнцыяцыя: спецыяльная, стандартная, тэхнічная стандартная і інтэграваная.

Стандартная акадэмічная сярэдняя адукацыя працягваецца чатыры гады. Адукацыйныя праграмы канцэнтрыруюцца на акадэмічных дысцыплінах, якія звязаны з будучай прафесійнай дзейнасцю выпускніка школы. На ўсіх узроўнях адукацыі вялікая ўвага ўдзяляецца вывучэнню этыкі, нацыянальнай гісторыі і інфарматыкі.

Адным з важных дасягненняў школьнай адукацыі Сінгапура з’яўляецца зніжэнне за кароткі час масавых «правалаў» на выпускных экзаменах у пачатковай і ў сярэдняй школах. Зараз штогод толькі да 1 % (!?) дзяцей пакідаюць школу і не атрымліваюць сярэдняй адукацыі.

Амаль усе адміністратыўныя эканамічныя адзінкі Кітая (Ганконг, Макаа, Тайбэй, Шанхай) таксама дэманструюць высокую матэматычную, чытацкую і прыродазнаўчанавуковую граматнасць. На гэтых тэрыторыях, як правіла, бытуе 12-гадовая сярэдняя школа, дзе старэйшая профільная ступень складае не менш за тры гады навучання, пры тым, што першыя профільныя прадметы ўводзяцца ўжо з 7-га класа.

Вучэбныя праграммы зацвярджаюцца на муніцыпальным узроўні, аднак школьным адміністрацыям дазваляецца пэўная самастойнасць у арганізацыі і кіраванні навучаннем. Вучням даецца магчымасць самастойна выбіраць асобныя вучэбныя курсы, а настаўнікі абавязаны заахвочваць іх да самаразвіцця і самаадукацыі. Такім чынам, пад кантролем знаходзяцца не толькі вучэбныя дасягненні асобы, але і яе агульнае ўстойлівае развіццё.

У краіны-лідары ўваходзяць таксама Японія і Рэспубліка Карэя. Яны на працягу ўсіх цыклаў даследаванняў знаходзяцца ў верхніх радках агульнага спісу краін-удзельніц PISA. Гэта краіны з неверагоднымі дасягненнямі ў эканоміцы. Так, толькі ў Карэі ВУП на душу насельніцтва вырас са 100 долараў у 1963 годзе да 20000 долараў у 2005 годзе. Развіццё эканомікі і ўдасканаленне сістэмы адукацыі знаходзяцца ў прамой залежнасці: кожная з галін падштурхоўвае адна адну да ўзаемнага росту.

Яшчэ трэба адзначыць, што ў азіяцкіх краінах развіццё адукацыі дзяржаўныя ўлады трымаюць пад пільным кантролем і добра фінансуюць яе патрэбы. Узровень адукаванасці насельніцтва тут лічыцца адным з самых высокіх у свеце і па выніках іншых даследаванняў.

Улічваючы фізіялагічныя і псіхалагічныя асаблівасці асобы дзіцяці, у азіяцкіх краінах выкарыстоўваюць усе магчымасці для яго ранняга развіцця. У Карэі, напрыклад, прынята вучыць дзяцей чытанню з двух-трохгадовага ўзросту. (!?)

Далучаюцца да намінантаў з высокімі паказчыкамі з азіяцкага кантыненту некалькі еўрапейскіх краін (Эстонія, Фінляндыя) і Канада.

Трэба адзначыць, што фінская сістэма адукацыі вельмі маладая: ёй, як і сінгапурскай, менш за 50 гадоў. Аднак узроўнем ведаў юнакоў і дзяўчат захапляецца ўся сусветную супольнасць. Што ж адметнага ў фінскай сістэме?

Галоўнае, на што скіравана ўвага Міністэрства адукацыі Фінляндыі, –гэта забеспячэнне магчымасці для абсалютна ўсіх навучэнцаў, без якіх-небудзь скідак на асаблівасці геаграфічнага размяшчэння пасяленняў.

Разам з тым, фінская сістэма адукацыі мае асаблівасці, якія не характэрны для іншых краін.

Па-першае, у фінскіх школах адсутнічаюць экзамены, нават выпускныя. Залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы праходзіць толькі пасля ўдалых уступных іспытаў у самой установе.

Па-другое, паглыбленае навучанне адных прадметаў за кошт другіх не ўсхваляецца.

Па-трэцяе, у школах адсутнічаюць класы з пэўным профілем. Як у нас кажуць, «элітныя» класы.

Адукацыя ў Фінляндыі, у тым ліку і вышэйшая, бясплатная.

Як і ў іншых еўрапейскіх краінах, у Фінляндыі надаецца значная ўвага індывідуальнаму характару заняткаў з навучэнцамі. Задача настаўнікаў (на ўроку працуюць адначасова двое іх) – знайсці да кожнага вучня свой падыход. Калі вучань чагосьці не разумее, то гэта не яго віна. Гэта значыць, што настаўнікі нечага не прадугледзелі ці пры падрыхтоўцы да ўрока, ці на ўроку.

Дарэчы, у Іспаніі, у адрозненне ад Фінляндыі, настаўнік не нясе ніякай адказнасці і за вынікі навучання дзяцей. Там нават не школа, а бацькі прымаюць канчатковае рашэнне аб паўторным курсе навучання свайго непаспяваючага нашчадка.

І геаграфічна, і па ўзроўні адукацыі Фінляндыя і Эстонія маюць шмат агульнага. Станоўчыя вынікі ў адукацыі Фінляндыі паспрыялі перайманню яе вопыту былой савецкай рэспублікай.

З краін Усходняй Еўропы, акрамя Эстоніі, можна адзначыць Польшчу, якая прымае ўдзел у даследаваннях на працягу ўсіх шасці цыклаў і дэманструе неблагія рэзультаты. Хоць па ўсіх накірунках даследаванняў PISA-2015 польскія падлеткі крыху здалі пазіцыі, агульныя паказчыкі ўсё ж застаюцца дастаткова высокія – вышэйшыя за 500 балаў.

Нашы заходнія суседзі яшчэ ў канцы XX стагоддзя пры рэфармаванні агульнаадукацыйнай школы заклалі яе добры падмурак. Паколькі папярэдняя вучэбная практыка не адводзіла асаблівай ролі рознага тыпу экзаменам, то і матывацыя вучняў да вучобы была нізкай. Зараз падыходы да знешняга і ўнутранага ацэньвання рэзультатаў вучэбнай дзейнасці перагледжаны. Некалькі інстытутаў і цэнтраў вядуць навуковыя даследаванні ў гэтых накірунках.

Польшча ўніфікавала падыходы міжнародных праграм даследаванняў, у тым ліку і PISA, з рэформай зместу і арганізацыі сістэмы адукацыі. Таму і ўзровень адукаванасці падлеткаў не толькі не горшы, чым у краінах АЭСР, а ў параўнанні з асобнымі ўдзельнікамі з Заходняй Еўропы, нават значна вышэйшы.

Своеасаблівым адлюстраваннем сістэмы адукацыі Сінгапура можна лічыць школу Канады. Гэта краіна на працягу ўсіх цыклаў даследаванняў дэманструе стабільна высокія паказчыкі адукаванасці па ўсіх накірунках.

Школа Канады добра забяспечана тэхнічнымі сродкамі навучання, у вучэбным працэсе шырока выкарыстоўваюцца IT-тэхналогіі. Высокія тэхналогіі і высокапрафесійныя настаўнікі на працягу 12-і гадоў навучання дазваляюць канадскім школьнікам атрымаць трывалыя веды. Вучэбныя планы школ персаніфіцыраваны (па двух узроўнях) з улікам асабістых здольнасцей вучняў. Для кожнага ўзроўню падбіраецца аптымальны набор вучэбных прадметаў, якія вывучаюцца блокамі па семестрах (на працягу вучэбнага года – два). На кожны семестр адводзіцца па чатыры прадметы. Гэта значыць, кожны дзень праводзіцца чатыры ўрокі па 75 хвілін па адных і тых жа прадметах. І так на працягу паловы вучэбнага года. У другім семестры астатнія чатыры прадметы.

У школе Канады сфарміраваны асобны культ рознага тыпу самастойных работ і персанальных праектаў. Як правіла, пераважаюць пісьмовыя работы, якія патрабуюць ад навучэнца падрыхтоўкі пэўнай інфармацыі, яе апрацоўкі і вуснай абароны перад класам. Ці не ў гэтым прычына наяўнасці ў школьнікаў Канады здольнасцей абстрактна мысліць, што неабходна пры выкананні заданняў па праграме PISA?

Дарэчы, школьнікі ЗША, блізкія суседзі Канады, хоць і дэманструюць нядрэнныя паказчыкі па праграмме PISA, аднак за лідарскія пазіцыі ў агульным рэйтынгу спаборнічаць пакуль не могуць.

Сярод агульных вынікаў даследаванняў можна адзначыць наступныя.

За час з 2006 года ў краінах АЭСР выдаткі на аднаго навучэнца павялічыліся на 20 %. Разам з тым, толькі ў 12 краінах з 72 можна канстатаваць нязначнае паляпшэнне рэзультатаў адукаванасці за гэты час.

Сярод краін з высокімі паказчыкамі ‒ ужо вядомы нам Сінгапур і амаль усе эканамічныя адміністрацыйныя адзінкі Кітая, якія прымалі ўдзел у даследаваннях. Сярод нізкаэфектыўных сістэм адукацыі – Калумбія і Перу.

Прыкладна 1 з 10 навучэнцаў у краінах АЭСР і 1 з 4 у Сінгапуры дэманструюць самыя высокія рэзультаты па прыродазнаўчанавуковай граматнасці. Пры гэтым амаль 20 % 15-гадовых падлеткаў краін АЭСР не справіліся з заданнямі базавага ўзроўню. Такія суадносіны застаюцца, пачынаючы з 2009 года.

Рэзультаты даследаванняў АЭСР дарослых сведчаць, што самыя кампетэнтныя з іх маюць у два разы больш шансаў атрымаць прэстыжнае месца працы. У іх таксама ў тры разы больш шансаў, чым у менш кампетэнтных равеснікаў, атрымаць заробак вышэйшы за сярэдні. Яны ў большай ступені пазіцыяніруюць сябе суб’ектамі, чым аб’ектамі грамадзянскіх і палітычных працэсаў.

Апытванне кіраўнікоў школ Расіі падчас даследаванняў паказала, што выдаткі на адукацыю ў краіне дасягнулі той мяжы, пасля якой залежнасць паміж імі і рэзультатамі адукацыйнага працэсу перастае быць лінейнай. Далейшы рост паказчыкаў адукаванасці залежыць ад эфектыўнасці выкарыстання фінансавых і матэрыяльных сродкаў. Большую карысць прыносяць выдаткі на падрыхтоўку настаўнікаў і павышэнне іх кваліфікацыі.

Выкарыстанне экстэнсіўных методык у арганізацыі адукацыйнага працэсу, у тым ліку пашырэнне дадатковых заняткаў з вучнямі у пазаўрочны час, менш эфектыўна і суадносіцца з іх нізкімі паказчыкамі падчас даследаванняў.

Адказны сакратар АЭСР Анжэл Гурыя пры прэзентацыі вынікаў PISA-2015 адзначыў: «Дэкада навуковых поспехаў не змагла стаць прарывам у росце рэзультатаў адукаванасці ў школах свету. Кожнай краіне ёсць куды яшчэ рухацца».

PISA-2015 выявіла фактары, якія ўплываюць на адукацыйны працэс. Адзін з найбольш важных фактараў – актыўнае выкарыстанне розных методык у навучальным працэсе.

Да станоўчых методык адносяцца:

• навучанне, дзе дамінуе настаўнік («Настаўнік тлумачыць вучэбны матэрыял»);

• навучанне на аснове зваротнай сувязі (сувязь настаўнік ↔ вучань суадносяцца з вучэбнымі мэтамі і задачамі);

• адаптыўнае навучанне («Настаўнік плануе ўрок з ўлікам узроўню падрыхтоўкі класа»);

• навучанне на аснове даследчай дзейнасці («Настаўнік тлумачыць сувязь з’яў і асноўных паняццяў»).

Да методык з нізкай адукацыйнай эфектыўнасцю, пры якой паніжаецца сярэдні бал, адносіцца празмернае выкарыстанне толькі дыскусій і дэбатаў у навучальным працэсе.

Адзначым, што рацыянальныя суадносіны розных методык, характэрных для традыцыйнага ўрока, могуць мець большы эфект, чым празмернае ўжыванне толькі так званых развіццёвых педагагічных тэхналогій.

Індэкс выкарыстання розных вучэбных методык дэманструе тое, як часта настаўнік заахвочвае навучэнцаў прымяняць іх (методыкі) у вучэбным працэсе. Так, для Расіі ён складае 0,5. Гэта значыць, палова навучэнцаў пацвярджаюць, што іх настаўнікі выкарыстоўваюць указаныя вышэй методыкі на кожным ці на большасці ўрокаў.

Шанс у навучэнцаў краін з нізкім узроўнем эканамічнага развіцця быць слабапаспяваючымі ў тры разы большы, чым у іх аднагодкаў з краін з высокім узроўнем эканамічнага развіцця. Аднак трэба адзначыць, што з кожным чарговым цыклам даследаванняў канструкцыя гэтых суадносін разбураецца: багатыя краіны – на першых пазіцыях, а бедныя – на апошніх.

Так, у адпаведнасці з дадзенымі апошніх даследаванняў, 10 % навучэнцаў з В’етнама, якія жывуць у менш прыстойных умовах, атрымалі балы, вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў краінах АЭСР. Увогуле, В’етнам займае больш высокія пазіцыі па ўсіх накірунках даследавання ў параўнанні, напрыклад, з ЗША, дзе, дарэчы, ВУП складае 20 % ад сусветнага ўзроўню.

Як юнакі, так і дзяўчаты з вялікіх школ атрымліваюць больш глыбокія веды ў параўнанні з тымі, хто вучыцца ў невялікіх школках. Яны адпаведна і больш паспяховыя ў выбары будучай спецыяльнасці. Аднак у навучэнцаў малых школ няма праблем з дысцыплінай як у час заняткаў, так і ў пазаўрочны час.

На рэзультаты навучання значны пазітыўны ўплыў аказваюць сацыяльна-эканамічны статус установы адукацыі і статус яе навучэнцаў.

Адметнымі фактарамі, якія адмоўна ўплываюць на адукацыйны працэс і яго вынікі, з’яўляецца стварэнне калектываў класаў па разумовых здольнасцях вучняў.

Так, у Расіі па выніках даследаванняў PISA-2015 выяўлены ў параўнанні з 2012 рост пропускаў заняткаў як сярод вучняў, так і сярод настаўнікаў, значна пагоршылася дысцыпліна на ўроках. Павялічылася таксама колькасць выпадкаў, калі настаўнікі прыходзяць на ўрокі непадрыхтаванымі.

Эксперты адзначаюць, што парушэнне дысцыпліны сярод усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу непасрэдна ўплывае на зніжэнне сярэдніх балаў на 10–15 адзінак.

Якія ж урокі даследаванняў PISA будуць карыснымі для нас?

Захоўваючы традыцыйны акадэмізм у дыдактыцы, на што мы звярталі ўвагу чытачоў у папярэднім артыкуле, трэба больш актыўна ў навучальным працэсе пашыраць ролю розных самастойных і практычных заняткаў.

Наша школа ўжо прайшла дысертацыйны перыяд абгрунтавання патрэбы ў кампетэнтнасным падыходзе да навучання. Трэба рухацца далей.

Ні ў якім разе нельга грэбаваць тэхнічнымі стандартамі, якія пакладзены ў аснову даследаванняў арганізатарамі PISA. Па выніках PISA 2015 чатыры краіны былі выключаны з падагульняючай справаздачы.

Албанія – за памылкі ў зборы і апрацоўцы матэрыялаў тэсціравання і апытальнікаў.

Аргенціна – за памылкі ў выбарцы ўстаноў адукацыі для даследаванняў.

Казахстан – за недакладнасць у апрацоўцы базы дадзеных.



Малазія – за недастатковы працэнт удзельнікаў тэсціравання ў параўнанні з запланаваным.
М.Фяськоў



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка