Ціхая плынь i książki Пожня




Дата канвертавання26.12.2016
Памер80.04 Kb.
Życie i twórczość Maksima Hareckaha i Wasila Pietruczuka
(na podstawie powieści
Ціхая плынь i książki Пожня)

Беларускія паэты і пісьменнікі ХІХ–ХХ стагоддзяў вельмі часта ў сваёй творчасці звярталіся да тэмы адлюстравання цяжкага жыцця народа. Творы на г. зв. сацыяльную тэматыку ў асобныя перыяды дамінавалі: з аднаго боку, – беларуская мінуўшчына сапраўды была беспрасветнай, непрыхільнай да простага чалавека – селяніна; а з другога, – паэтыка сацыялістычнага рэалізму патрабавала ад творцаў паказу сацыяльнае несправядлівасці і класавае барацьбы.

Беларускі народ, які ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя не меў свае дзяржаўнасці, быў выціснуты на маргінэс цывілізацыйнага развіцця. Даўняя культура і маральныя каноны вясковага грамадства ў эпоху капіталістычнае індустрыялізацыі імкліва разбураліся, а тагачасная ўлада менш за ўсё думала пра чалавека працы. Пакінуты на волю лёсу, селянін шукаў лепшага жыцця, адмаўляючыся ад спрадвечнае маралі, крыўдзячы і зневажаючы аднавяскоўцаў, суседзяў і нават сваіх блізкіх. Асабліва жудасныя прыклады бесчалавечнасці назіраліся там, дзе адсутнічала апека царквы. А таму невыпадкова ананімны паэт ХІХ стагоддзя пісаў у гутарцы Вось цяпер які люд стаў:

А цяпер і між сваімі

Горшы, чым-ся між чужымі.

Няма ладу, няма міру,

Кожны сабе глядзіць к віру.

Няма двара, няма хаткі,

Каб было бяз жаднай звадкі.

Згоды між бацькоў няма,

Гневаюцца задарма.

Дзеці з бацькіна прыкладу

Miж сабой ня маюць ладу:

Нападаець брат на брата,

Родным брацьцям цесна хата.

Гоняць сэрца, гоняць злосьць,

Грыжа, як ў сабак за косьць.

Сястра сястры – клятбы досіць, –

Каб прапала, Бога просіць!

Дзеці часта бацьку лаюць,

Клянуць матку, зьневажаюць.

А убраўшыся у сілу,

Гоняць бацьку у магілу.

Надзвычай ярка працэсы дэмаралізацыі ў беларускай вёсцы напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя паказалі беларускія пісьменнікі Максім Гарэцкі і Васіль Петручук. Гэта прадстаўнікі розных рэгіёнаў і розных пакаленняў. М. Гарэцкі, адзін з класікаў беларускае літаратуры, нарадзіўся ў 1893 г. на ўсходзе Беларусі (вёска Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета), а вось В. Петручук прыйшоў на свет у 1926 г. на Падляшшы (вёска Грабавец Гайнаўскага павета). Родніць і аб’ядноўвае іх тое, што яны абодва – дзеці вёскі, невялікіх населеных пунктаў, якіх на закранула еўрапейская цывілізацыя.

І аповесць Ціхая плынь М. Гарэцкага, і Пожня В. Петручука напісаны літаратарамі, якія добра ведалі жыццё вёскі, якія пакінулі ў сваіх творах часцінку сябе. Розная ступень аўтабіяграфічнасці ўласцівая дадзеным творам; М. Гарэцкаму дастаткова было толькі нязначнай уласнай прысутнасці (вобраз Лявонькі Задумы), а вось В. Петручук ледзь не з фатаграфічнай дакладнасцю перадаў уласныя рысы свайму герою.

Дадзеныя творы ўзніклі ў розны час і ў розных акалічнасцях. Аповесць Ціхую плынь М. Гарэцкі пісаў у 1917–1926 гадах. Ён даваў ёй розныя тытулы (За што?, Ціхія песні), пастаянны дапрацоўваў і змяняў парадак раздзелаў. Аднак адно заставалася нязменным: галоўны герой Хомка Шпак, народжаны ў глухім, “забытым” краі, сутыкаючыся ледзь не на кожным кроку з несправядлівасцю і жорсткасцю, становіцца звыклаю ахвяраю лёсу. Ціхая плынь шчыльна звязаная з іншымі творамі пісьменніка і, мажліва, магла стаць арганічнаю часткаю ягонае Камароўскае хронікі – своеасаблівага летапісу роднае мясцовасці, свае вёскі, сваіх аднавяскоўцаў (дачка М. Гарэцкага Галіна сведчыла, што прататыпам Хомкі быў аднавясковец пісьменніка Восіп Нажынскі, якога напаткаў такі ж лёс, як і галоўнага героя аповесці).

Аповесць В. Петручука Пожня ўзнікла як запіс “пастушыных успамінаў”, якімі аўтар дзяліўся ў 1970я гады з супрацоўнікамі рэдакцыі газеты “Ніва” і, перадусім, з Сакратам Яновічам. Ён, дарэчы, і намовіў нікому невядомага тады яшчэ пісьменніка напісаць кніжку, якая выйшла з друку ў Беластоку ў 1987 г.

Тытулы абедзвюх аповесцяў маюць сімвалічны сэнс. Першасны тытул аповесці М. Гарэцкага – За што? – гэта той горкі вокліч, які зрэдчас вырываецца з Хомкіных вуснаў (а мог бы і значна часцей!). Змяніўшы назву на Ціхую плынь, М. Гарэцкі нібы пашырае гэты горкі вокліч, які ніхто не чуе і аніяк на яго не рэагуе, ператварае яго ў адвечную песню пакрыўджанага люду. Ціхая плынь – гэта тыя, хто трапіўшы ў бесчалавечныя ўмовы жыцця, так і не здолелі дабіцца праўды і нармальнага стаўлення да сябе. Ціхая плынь – гэта ўвесь пакрыўджаны народ, які мусіць служыць чужым інтарэсам і нават гінуць за чужыя інтарэсы.

Невыпадкова і В. Петручук даў сваёй кнізе тытул Пожня. Бо пожня – гэта палетак, на якім зжалі жыта, пшаніцу ці інш., а затым пасвяць хатнюю жывёлу. Басаногія вясковыя пастушкі, балюча ранілі ногі, бегаючы за каровамі ці коньмі па пожні. Тытул аповесці як нельга лепш перадае пафас твора: чытач эмацыянальна ўспрымае перапетыі нешчаслівага дзяцінства галоўнага героя.

І адзін, і другі пісьменнікі імкнуцца даць аб’ектыўны малюнак жыцця беларускае вёскі.

М. Гарэцкі паказвае, што прычыны яе бядотнага становішча мелі грамадска-палітычны характар. Каб пераканальна давесці гэта, пісьменнік апісвае слаўнае мінулае “места Лугвенева”, якое гаспадары краю давалі да поўнага заняпаду, асудзілі сялян на галечу і матэрыяльную, і духоўную. М. Гарэцкі з бязлітаснай праўдзівасцю распавядае пра тыя невыносныя ўмовы, у якіх вымушана існаваць сялянская сям’я, паказвае, як нястача нараджае грамадскую пасіўнасць вяскоўца, абыякавасць да ўласнага лёсу, адчуванне безвыходнасці і песімізму або штурхала на дзікунскія ўчынкі. Аўтар апісвае жалю вартае маленства свайго героя, пасля вядзе яго ў школу, дзе сутыкае героя з сістэмай казённага навучання (раздзел Горкая прамудрасць), затым кіруе яго на кірмаш, каб хлопчык змог пабачыць там іншы свет, спазнаць радасць знаёмства з дзяўчынаю (раздзел Кірмашовыя прыемнасці). М. Гарэцкі раскрывае ўнутраны свет хлопчыка, выяўляе ўласцівую Хомку дабрыню, шчырасць, чалавечнасць. Аднак багаты патэнцыял Хомкі застаўся незапатрабаваны. Яго забрала вайна, на якой так бессэнсоўна загінуў падлетак.

У В. Петручука прычыны напаўдзікага існавання беларускае вёскі 1930гг. на Падляшшы выяўляюцца апасродкавана. Аўтар не робіць экскурсаў у мінулае, хоць чытач разумее, што вясковая галеча – гэта спадчына тае эканамічна-сацыяльнае палітыкі, якую вяла колісь тут царская Расія; аўтар не абвінавачвае і тагачасную польскую ўладу: вёска, якую мы бачым вачыма дзіцяці і падлетка, нібыта існуе сама па сабе, адарваная ад усяго свету, ад цывілізацыі. Адарваны ад усіх, адзінокі і малы Васілька.

Пасля смерці маці хлопчык першыя чатыры гады гадаваўся пад апекаю бабулі і дзядулі. Потым яго забраў бацька, які ажаніўся з кабетаю, якая сама была сіратою. Родныя спадзяваліся, што яна, пазбаўленая колісь мацярынскае ласкі, будзе добраю матуляю Васільку. Але сталася інакш. Першым заняткам малога хлопчыка было калыханне і пільнаванне адзінакроўных братоў і сясцёр (“матчышыных дзяцей”). Потым на яго пераклалі шматлікія гаспадарчыя клопаты. Ад дзесяці гадоў парабкаваў у суседніх вёсках (Тафілаўцы, Елянка). І толькі трапіўшы пасля вайны на вайсковую службу, герой змог цалкам пазбавіцца ад жорсткае “матчышынае апекі”.

Падобныя творы М. Гарэцкага і В. Петручука і ў кампазіцыйных адносінах. Ціхая плынь складаецца з сямі раздзелаў (Забыты край, Герой гісторыі, Горкая прамудрасць, Школа жыцця, Млявыя сненні, Кірмашовыя прыемнасці і Прарог). Кожны з якіх з’яўляецца завершаным малюнкам вясковага жыцця пачатку ХХ стагоддзя на Беларусі. Малюнкі гэтыя звязваюцца ў адзінае цэлае постаццю галоўнага героя – Хомкі.

Аповесць В. Петручука таксама складаецца з шэрагу малюнкаў-эпізодаў жыцця галоўнага героя (Кудзельніцы, Смерць Бурыка, Закалядаваў, Як мяне мачыха малітвы і пісаць вучыла і інш.). Па сутнасці, кожны малюнак – сюжэтна завершанае апавяданне.

Адметнымі робіць творы іхняя мова. М. Гарэцкі шырока выкарыстоўвае дыялекты Усходняй Магілёўшчыны; прычым, як у мове герояў твора, так і ў аўтарскім тэксце. А вось В. Петручук, пішучы аповесць на літаратурнай беларускай мове, “укладвае” ў вусны сваіх герояў падляшскую гаворку. Мясцовая мова прысутнічае ў творы ў выглядзе маналогаў і дыялогаў літаратурных герояў. Выкарыстанне пісьменнікамі дыялектных асаблівасцяў надае тэкстам праўдзівасць адлюстравання як знешняга свету, так і ўнутранага свету персанажаў.

Абодва пісьменнікі выдатна карысталіся прыёмамі і псіхалагічнай характарыстыкі ўчынкаў сваіх герояў, і прыёмамі псіхалагічнага ўзнаўлення падзей. Гэтым дасягаецца мастацкая праўдзівасць адлюстраванага жыцця:
Хомка сапе, пазірае з-пад лобу і пачынае дрыжэць дробнай дрыготкай, як высілены конь у аглоблях.

– Эх ты, брат, труса гоняеш... не бойся, не б’ю! – жартліва кажа рэвізор. – Ну-тка, этава да, што ты там чытаеш? – б, л, а – бла? Ну, прачытай жа мне, мой друг, б-л-а – бла!

Яго друг невыразліва шэпча заўчонае “назубок” бла, вла, гла, ускабіўшы невідушчыя тым часам вочы ў бязмерныя прасторы разгорнутае кніжкі, а дробныя капачкі поту ўсё гусцеюць на яго пабялелым носе.

– Ну-тка, уразброт чытай! Ну, ну! Чаго маўчыш? Не бойся, не б’ю, ну вот што гэта за буква за такая, этава да, ну?

А хто ж яго ведае, што гэта за буквіна. Хомку здаецца, што такой ён і ў вочы не бачыў. Хомка з вялікім жахам пераконваецца, што на той старонцы ў кнізе, якую ён можа без запіні адцерабіць на памяць, якую ж ён неяк даўней чытаў, якую заўчыў ад таварышаў, што цяпер на той старонцы ўраздроб ён ні словейка не прачытае... Як гэта сталася, чаму так выйшла, ён сам не разумее, і страх яму вялікі. І забіце яго цяпер, – ён не вымавіць ні слова, будзе маўчаць і дрыжэць у пакорным, няўхільным, немінучым страсе.

Максім Гарэцкі, Ціхая плынь


Аднойчы, вяртаючыся з вёскі, пачуў я праз адчыненае акно размову мачахі з бацькам.

– А на чорта вуон тобіэ потрэбны? У нас есць свойе дыэты. Возьмі дэ пуд халеру забы або вывэзы, коб згынув. То ж вуон i обжырае нас, i трэба ж убраты, а скуоль мы маемо на тое браты грошы. То шчэ тэпэр малый, то можэ ходыты і ў згрэбных нагавыцях, тэпэр малый, а як пудростэ, то схочэ ўбыратысь, як каваліеры, i шчо тогды зробыш?

Я нэ знаю, дэ его подыэты, а ты як хочэш, то возьмі забы, – адказаў бацька.

Слухаць далей мне не хацелася, i я пачаў стукаць нагою аб сцяну. Пачулі і заціхлі. У хату не пайшоў. Вывеў з хлява кабылу і павёў яе на чужыя аўсы. Можа, там хто мяне злапае i без іх заб’е. Але кабыла наелася i драмала. Гаспадары таксама, відаць, спалі, бо ніхто не прыходзіў.

Васіль Пертучук, Пожня
Апісанні беларускага вясковага жыцця, якія мы сустракаем у Ціхай плыні М. Гарэцкага і ў Пожні В. Петручука ўражваюць сваёй фатаграфічнай дакладнасцю. І адзін, і другі аўтар надаюць вялікае значэнне дэталі ў апісання; той дэталі, якую пісьменнікі часта ўзбуйняюць, каб станавілася больш відавочнай трагедыя жыцця селяніна:
А вы зірніце на жывое. Яно сярод хаты, на земляной падлозе, збітай у ямкі і залітай памыйкамі, сядзіць на кучы кійкоў і бляшанак, сядзіць, па-турэцку падтуліўшы ногі, сядзіць ля місы, у якой рулі з пастаялкі, хлеба, мух і смяцця. Крутлыя дзіцячыя вочачкі, зарумзаныя і пахмурныя, з безнадзейным подзівам уталопяцца на вас. I патроху з’яўляецца свядомасць: чаго вам трэба? Бо вы – не маці, што зачыніла яго, не маючы большых дзетак-нянек, і сышла на дзень-год у поле жаць авёс, сышла і не ідзе пакарміць яго і абцерці носік. Вы разважаеце: хлопчык гэта ці дзяўчынка? – Ці не ўсё роўна: доля ж аднакава.

Гэта – герой нашае гісторыі Хомка.

Гэта – яго дзіцячая пара.

Максім Гарэцкі, Ціхая плынь


Вярнуўшыся ў родную хату, спаў я ўвесь час на лаве, што стаяла ля сцяны, ад панадворка. Маёй пасцеллю было радно і падушка. Навалочкі з падушкі ніхто ніколі не мыў і не выбіваў, і нагадвала яна сабою халяву ад чаравіка. Кожнай раніцай выносіў я гэтую пасцель у сенцы і клаў на мяшок, дзе ляжала яна аж да вечара. Часта грабліся ў ёй куры, а прытым неаднойчы і напаскудзілі. І толькі вечарам, калі ўжо мне дазволілі, зноў рассцілаў я сваю пасцель на лаве ды лягаў спаць. Часам браў да сябе свайго коціка, але ён, наогул, не хацеў. Звечара, калі яшчэ было цёпла ў хаце, і я не спаў, коцік ахвотна прытуляўся да мяне ды ціха мурлыкаў, але як толькі я засынаў – ён уцякаў на печ. Коцік любіў цяпло, а пад маім радном яго не хапала.

Васіль Пертучук, Пожня


М. Гарэцкі, прызнаны майстар мастацкага слова, і В. Петручук, “наіўны ў пытаннях мастацкага майстэрства і вопыту, у многім пазбаўлены літаратурнага этыкету і дыпламатычнасці” (У. Гніламёдаў), здолелі – можам гэта ўпэўнена сцвярджаць – з бязлітаснай праўдзівасцю адлюстраваць жыццё беларускае вёскі, а таксама лёсы сваіх герояў у кантэксце часу.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка