Да словаўтваральных сувязей лексемы дар




Дата канвертавання15.05.2017
Памер69.7 Kb.

powerpluswatermarkobject1124017873

М.М. Круталевіч

Да словаўтваральных сувязей лексемы дар


З цягам часу, як вядома, дэрывацыйныя адносіны і структура аднакарэнных слоў могуць мяняцца. У адных выпадках вытворныя асновы страчваюць словаўтваральныя сувязі з утваральнымі і становяцца невытворнымі. У другіх – на працягу гістарычнага развіцця дэрывацыйнай сістэмы адбываецца паэтапнае змяшчэнне граматычных адносінаў, г. зн. што некаторыя лексемы на пэўных этапах станаўлення сваёй дэрывацыйнай структуры з разраду вытворных перамяшчаюцца ў разрад невытворных, а потым зноў становяцца матываванымі. Так, назоўнікі тыпу сталіца, лапаць ‘абутак’, крыло, капыт і пад. некалі мелі вытворную аснову і суадносіліся адпаведна з лексемамі стол, лапа, крыць, капáць, а ў сучаснай беларускай мове ўспрымаюцца як невытворныя, паколькі ў былых карэлятыўных парах столсталіца, лапалапаць, крыцькрыло, капацькапыт сэнсавыя сувязі зараз не прасочваюцца. Такім чынам, у выніку апрошчання з’явіліся новыя каранёвыя марфемы, якія сталі цэнтрамі новых словаўтваральных гнёздаў: сталіца → сталічны → па-сталічнаму і г. д. Аналагічных прыкладаў нямала ва ўсіх славянскіх мовах. У прыватнасці, Б. Ю. Норман зазначае: “Однако постепенно сама производность таких лексем становится менее явной, а отсюда – один шаг до их немотивированности … Примером могут служить в русском языке слова вроде мыло, шило, рыло, одеяло, в которых когда-то выделялся суффикс -л- со значением орудия действия (рыло – то, чем роют, и т. п.), а теперь эти основы выглядят уже как непроизводные, суффикс слился с корнем”. [5:134]

Пры паэтапным змяшчэнні граматычных адносінаў, як правіла, мяняецца накірунак словаўтваральнай матывацыі ў дэрывацыйнай пары. У якасці падцвярджэння сказанаму спашлемся на В.У.Вінаградава: “Под влиянием сближения с непроизводными глаголами типа знать, гулять, лишать, решать и т. п. многие отыменные глаголы, например: делать, работать, грохотать, лепетать и т. п. – стали осознаваться тоже как непроизводные, а соотносительные с ними имена существительные (дело, работа, грохот, лепет и т. п.), от которых были произведены эти глаголы, теперь сами представляются отглагольными образованиями (ср.: хохотать и хохот; хлопотать и хлопоты и т. п.). Произошло смещение грамматических отношений”. [2:345-346]

Некалькі этапаў у фарміраванні словаўтваральнай структуры прайшла і агульнаславянская лексема дар, якая паводле “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” (Мн., 1978. Т. 2. С. 138) ужываецца са значэннямі: 1) тое, што даецца ва ўласнасць дарма; падарунак; ахвяраванні; 2) плён працы, якой-н. дзейнасці; тое, што дае прырода; 3) здольнасць, талент. “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” (Мн., 1986. В. 7. С. 253 – 255) падае названае слова са значэннямі: 1) дар, паднашэнне, падарунак; 2) здольнасць да дабрадзейства, па хрысціянскаму вучэнню, пасланая з неба, ад бога; 3) ахвяраванне; 4) дараванне, прыроджаныя здольнасці, талент. Зразумела, што ў праславянскі (агульнаславянскі) перыяд слова *darъ суадносілася з дзеясловам *dati і мела вытворную аснову (дар – тое, што даюць). Пра матываванасць слова дaръ ў той перыяд можна меркаваць, калі параўнаць яго структуру з аналагічнымі па структуры назоўнікамі миръ, мhра, указанымі А. Мейе пры разглядзе словаўтварэння імёнаў агульнаславянскай мовы. [4:282] З непрадуктыўным, нерэгулярным суфіксам -р- адзначаецца назоўнік дaръ і ў стараславянскай мове, прычым структура яго яшчэ даволі празрыстая. “Малочисленны в славянских языках, – піша Г. А. Хабургаеў, – образования с индоевропейскими суффиксами *-r- (всех трех родов: да-р-ъ, жи-р-ъ, ми-р-ъ, пи-р-ъ; бед-р-о, реб-р-о, "д-р-о; выд-р-а, мh-р-а) и *-d-…” [6:196]

Ёсць падставы сцвярджаць, што і ў старабеларускую мову агульнаславянская лексема даръ была запазычана як вытворная і ўваходзіла ў словаўтваральнае гняздо, цэнтрам якога з’яўляецца дзеяслоў дати са значэннямі: 1) даць, аддаць, перадаць з рук у рукі; 2) паднесці, падаць, прапанаваць (аб ежы, піцці); 3) заплаціць; 4) аддаць у якасці даніны, падатку, штрафу; 5) падарыць, даць у якасці дару; 6) выдаць, выдзеліць; 7) выдаць, здрадзіць; 8) надзяліць (уладай); 9) ударыць, выцяць; 10) аддаць у чыё-н. распараджэнне; даручыць; 11) прынесці як вынік чаго-н.; 12) назначыць; 13) дазволіць зрабіць што-н., стварыць умовы для чаго-н., дапусціць; 14) перадаць (у спадчыну) (Гіст. сл. бел. мовы. Мн., 1986. В. 7. С. 256 – 265):



да-(ти) → да-р-(ъ)

дар-ок-(ъ)

дар-овн-(ыи), прым. ‘ад дар-(ъ) у 1 знач.’

дар-и-(ти)

│ │ дарити-ся

дар-ова-(ти) ‘дарыць, абдорваць, надзяляць чым-н.; даваць’ (усяго ў “Гіст. сл. бел. мовы” фіксуецца 5 значэнняў)

│ │ даровати-ся ‘ад даровати ў 2 знач.’

│ │ дарова-ньj-(э) ‘дар, падарунак; дзеянне па дзеясл. даровати ў 2 знач.’

│ │ даров-(н)ен-(ыи), прым. ‘падораны’

│ │ даров-ств-(о) ‘прынашэнне дару, ахвяраванне’

1 2
1 2

│ │ даров-изн-(а) ‘падарунак, падаравальны запіс’

дар-(ств)ова-(ти) ‘тое, што і даровати ў 1 знач.’

да-(р)унок-(ъ) ‘падарунак’

да-ва-(ти)

дава-ньj-(э)

дав-ц-(а)

да-ч-(а) ‘даніна, пошліна, падатак’

│ дач-к-(а)



да-(т)иj-(э) ‘дар, ахвяраванне’

да-(т)ок-(ъ) ‘дар, падарунак, узнагарода; пошліна, подаць’

да-тел-(ь)

да-н-(ь)

дан-н-(ыи), прым.

дан-ник-(ъ)

│ │ даннич-ок-(ъ)



да-(н)ин-(а) ‘дар, падарунак; тое, што і дань

да-ньj-(э) ‘дзеянне па дзеясл. дати ў 1, 3, 7 знач.; даніна, падатак; тое, што падаравана, дар’

дати-ся ‘ад дати ў 1 знач.’

да-(н)н-(ыи) ‘ад дати ў 1, 2 і 3 знач.’ і г.д. (усяго ў “Гіст. сл. бел. мовы” падаецца 12 значэнняў; у словаўтваральным гняздзе намі прадстаўлены толькі беспрыставачныя ўтварэнні.).

У дысертацыйным даследаванні аўтара, прысвечаным іменнаму словаўтварэнню ў беларускай мове ХVІ ст., таксама адзначаецца члянімая структура назоўніка даръ, хоць ўжо са значна аслабленымі першапачатковымі словаўтваральнымі сувязямі з дзеясловам дати. [3:9] Патрэбна заўважыць, што ХVІ ст. – гэта той перыяд, калі ранейшае вытворнае дар-(ъ) становіцца каранёвай марфемай і цэнтрам словаўтваральнага гнязда. З гэтага часу, як думаецца, непасрэдна тытульным словам дар-(ъ) матывуюцца назоўнік дарок-(ъ) ‘памянш. ад даръ у 1 знач.’, прыметнік даровн-(ыи), дзеясловы дари-(ти), дарова-(ти) ‘тое, што і дари-(ти) ў 1 знач.’, дарствова-(ти) ‘тое, што і дарова-(ти) ў 1 знач.’

Аднак з цягам часу ў беларускай мове прыметнік даровн-(ыи) і дзеяслоў дарствова-(ти) выходзяць з ужытку. За дзеясловам дарова-(ти) (сучасн. дараваць), які ў старабеларускай мове фіксуецца са значэннямі: 1) дарыць, абдорваць, надзяляць чым-н.; 2) даваць (аб дзеяннях бога, а таксама высокапастаўленых духоўных асоб); 3) прадстаўляць права на што-н.; 4) дараваць, адпускаць (грахі); 5) памілаваць асуджанага на смерць, дараваць жыццё (Гіст. сл. бел. мовы. В. 7. Мн., 1986. С. 249 – 250), замацоўваюцца значэнні: 1) зняць (знімаць) віну за што-н.; прабачыць (прабачаць); 2) вызваліць (вызваляць) ад якога-н. абавязацельства (ТСБМ. Т. 2. Мн. 1978. С. 138). Праўда, апошні слоўнік указвае для названага дзеяслова і значэнне ‘падарыць (дарыць)’, але, на нашу думку, такое значэнне з’яўляецца ўстарэлым. Як бачым, у сучаснай беларускай мове значэнні дзеяслова дараваць не суадносяцца са значэннямі слова дар ‘тое, што даецца ва ўласнасць дарма; падарунак’; ‘плён працы, якой-н. дзейнасці; тое, што дае прырода’; ‘здольнасць, талент’ (ТСБМ. Т. 2. Мн. 1978. С. 138). Такім чынам, пачатковая карэлятыўная пара даръдаровати распадаецца. Дзеяслоў становіцца невытворным, хоць яшчэ, як і раней, дзеліцца на марфемы (дар-ав-а-ць) і захоўвае гістарычную сувязь з назоўнікам дар.

Паступова мяняецца накірунак словаўтваральнай матывацыі ў дэрывацыйнай пары даръдарити. Безумоўна, паказаны накірунак матывацыі тлумачыцца не толькі семантычнай абумоўленасцю (дарити, г. зн. дастаўляць, уручаць, даваць, прыносіць даръ ‘падарунак’), але і больш складанай структурай дзеяслова (параўн.: дар-(ъ) дар-и-(ти)). Тым не менш, пад уплывам шматлікіх аддзеяслоўных утварэнняў тыпу залів/а/-(ць) → заліў-ø-(ø), ваз/і/-(ць) → воз-ø-(ø), бег/а/-(ць) → бег-ø-(ø), хадз/і/-(ць) → ход-ø-(ø), нахіл/і/-(ць) → нахіл-ø-(ø), укус/і/-(ць) → укус-ø-(ø), удар/ы/-(ць) → удар-ø-(ø) і г. д., а таксама змяшчэння граматычных адносінаў паміж словамі дар і дарыць у сучаснай беларускай мове лексема дар разглядаецца як бяссуфікснае (нульсуфіксальнае) утварэнне. Матывуецца яна дзеясловам дарыць [1:96]: дартое, што дораць, даюць у якасці падарунка, бязвыплатна’. У выніку такіх зменаў былы вытворны дзеяслоў дарыць стаў цэнтрам словаўтваральнага гнязда і адпаведна невытворным:

дары-(ць) → дар-энн-(е)

дар-унак-(ø)

дар-ø-(ø)

│ дар-оўн-(ы)

│ бяз-дар-н-(ы)

│ │ бяздарн-а

│ │ бяздарн-асць-(ø)

│ │ бездар-ø-(ø)

за-дары-(ць)

на-дары-(ць)

а-дары-(ць)

│ │


1 2

1 2


│ │

аб-дары-(ць)

ад-дары-(ць)

пера-дары-(ць)

па-дары-(ць)

│ падар-унак-(ø)

│ │ падарунк-ав-(ы)

│ падар-ак-(ø)

│ │ падарач-н-(ы)

│ │ падарк-ав-(ы)

раз-дары-(ць) і пад.

Са сказанага вынікае, што агульнаславянская лексема дар на працягу станаўлення сваёй дэрывацыйнай структуры прайшла некалькі этапаў. Прыкладна да канца ХVІ ст. яна ўваходзіла ў словаўтваральны ланцужок як вытворная і ўтваральная: да-(ти) → да-р-(ъ) → дар-и-(ти), з канца ХVІ ст. – выступае толькі ў якасці ўтваральнай: дар-(ъ) → дар-и-(ти), а ў сучаснай беларускай мове пасля змены накірунку дэрывацыйнай матывацыі зноў стала вытворнай: дар/ы/-(ць) дар-ø-(ø).



Такім чынам, дыяхронны аналіз утварэння назоўніка дар выявіў істотныя змены ў яго словаўтваральнай і марфемнай структуры. Думаецца, такі падыход да аналізу дэрывацыйнай сістэмы беларускай мовы будзе спрыяць больш глыбокаму вывучэнню не толькі гістарычнага, але і сінхроннага словаўтварэння.
Літаратура


  1. Бардовіч А.М., Круталевіч М.М., Лукашанец А.А. Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы. – Мн., 2000.

  2. Виноградов В.В. Русский язык. Грамматическое учение о слове. – М., 1972.

  3. Круталевич М.М. Именное словообразование в белорусском языке ХVІ в. (на материале “Отписов” Ф.С. Кмиты-Чернобыльского) // Автореф. дис. … канд. филол. наук. –Мн., 1987.

  4. Мейе А. Общеславянский язык. – М., 2000.

  5. Норман Б.Ю. Основы языкознания. – Мн., 1996.

  6. Хабургаев Г.А. Старославянский язык. – М., 1974.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка