Да тыпалогіі рамантызму: чэшская песня ёзэфа каетана тыла І «беларуская песня» уладзіміра караткевіча




Дата канвертавання10.04.2017
Памер86.28 Kb.
Н. Б. Рашэтнікава

Мінск

ДА ТЫПАЛОГІІ РАМАНТЫЗМУ:

ЧЭШСКАЯ ПЕСНЯ ЁЗЭФА КАЕТАНА ТЫЛА І «БЕЛАРУСКАЯ ПЕСНЯ» УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА
The article examines the typological convergence of the czech song by Jozef Kaetan Tyl and “Belarusian song” by Uladzimir Karatkievich. Although more than hundred years are between this works, they are very closed by genre, by romantic pathos and composition.
Твор, якому лёсам было наканавана стаць гімнам чэшскага народа, быў напісаны выдатным чэшскім паэтам, празаікам і публіцыстам, драматургам, якога называюць «бацькам чэшскага тэатра», Ёзэфам Каетанам Тылам. У п’есе «Фідлавачка» («Fidlova

ka») гучыць песня, якую спявае галоўны герой драмы; у спектаклі, пастаўленым на сцэне тэатра «У Каетана» ў 1834 годзе, яе выконваў выдатны артыст Карэл Стракаты; аўтар музыкі - Францішак Шкроўп.



«Kde domov můj?!

Hu

i voda po Lu

inach,

bory šumi po skulinach,

v sade skvi se jara kvĕt -

zemsky raj to na pohled!

A to jet a krasná zemĕ -
eská zemĕ - domov můj!

Kde domov můj!

Znate v kraje bohumilém

tiché duše v tĕle

ilém,

jasnou mysel, vznik a zdar,

a tu silu, vzdoru zmar:

to je Čechů slavné plémĕ

mezi Čechy - domov můj!» [1, 117].

«Дзе мой дом?! // Там, дзе вада гучыць па лугавінах, // Дзе шумяць бары на скалінах, // У садзе, дзе зіхаціць вясновая кветка - // Паўсюль я бачу зямны рай! // А ўсё гэта - цудоўны край - // зямля чэхаў - дом мой! // Дзе мой дом? // Там, дзе ў краі Богу мілым // Ціха жывуць людзі-асілкі, // Ясная думка якіх дапамагае // пераадолець варожую сілу, што // нясе гора і знішчэнне: // гэта чэхаў слаўнае племя, // сярод чэхаў- мой дом!» [Падрадковы пераклад наш. - Н. Р. ].

Песня са спектакля «Фідлавачка» паступова пачала жыць самастойна, а пазней народ зрабіў яе сваім гімнам. Пафас гэтага твора ў сцвярджэнні нацыянальнага адзінства чэхаў, магутнасці духу народа, у тым, што несла на сваіх сцягах літаратура перыяду нацыянальнага адраджэння: калі народ этнічна, гістарычна і духоўна адзіны - ён непарушны.

Ёзэф Каетан Тыл напісаў твор, у якім адлюстраваў самае запаветнае і неабходнае для таго, каб знявераныя набылі сілу і ўпэўненасць. Твор распачынаецца запытаннем, пасля чаго праз усю страфу праходзіць згадка-ўспамін пра тое, без чаго паэт не ўяўляе свой родны край, - гэта яркі малюнак прыроды, паэтычны вобраз якой заўсёды ў сэрцы творцы. Мастак слова бачыць лугі, парослыя цудоўнымі вясновымі кветкамі, ярка зіхацяць на сонцы квітнеючыя сады, весела шумяць на скалах магутныя бары. Ці не ў зямным раі знаходзіцца паэт? І адказвае: «А ўсё гэта - цудоўны край - // зямля чэхаў - дом мой!» У гэтай спалучанасці лёсу паэта з лёсам сваёй радзімы і народа заключана асноўная думка твора. Невыпадкова слова «дом» у вершы шматзначнае і ключавое. Яно азначае «самае запаветнае, надзвычай важнае, велічнае і гістарычна сцверджанае народам».

«Дзе мой дом?» - зноў гучыць пытанне, і ў адказе на яго роздум пра народ, які на працягу ўсёй сваёй гісторыі вымушаны трываць нядолю і варожыя напады, супрацьстаяць гору і знішчэнню. Як можна назваць такі народ? Толькі асілкам, мужным і духоўна моцным. Такім народам можна ганарыцца, і таму чуюцца словы: «Гэта чэхаў слаўнае племя, // Сярод чэхаў - дом мой!»

Думка-перажыванне, якая праходзіць праз песню з п’есы «Фідлавачка» Ёзэфа Каетана Тыла, паступова праходзіць праз уздымы і спады, каб у заключных радках загучаць велічна і ўрачыста, праслаўляючы цудоўны край, у якім жывуць моцныя духам людзі, і сярод гэтых людзей ён - паэт.

У гэтым творы, жанр якога сам аўтар вызначыў як песня, адлюстравана тое, што характэрна для літаратуры эпохі рамантызму, эпохі нацыянальнага адраджэння раней паняволеных славян. Магчыма, таму жывая рамантычная традыцыя добра бачная ў славянскім прыгожым пісьменстве ХХ стагоддзя. Яна праяўляецца і ў звароце да жанру песні, які дастаткова размыты і нявызначаны. Пры ўсім адрозненні песні фальклорнай ад песні як жанру пісьмовай паэзіі несумненная іх непасрэдная сувязь. Шырокія, размытыя межы песеннага жанру даюць паэту вялікую прастору для яго выкарыстання. Песня змяшчае ў сабе ўсе адценні пафасу - ад шчырай патэтыкі да здзеклівай іроніі.

Вядомая сувязь рамантычнай традыцыі з вызваленчай барацьбой, ангажаванасцю мастака слова яскрава выявілася таксама ў творчасці беларуса Уладзіміра Караткевіча, у караткевічаўскім бачанні і разуменні свету. «Беларуская песня» Уладзіміра Караткевіча, створаная ў 1969 годзе, мае ідэйнае і кампазіцыйнае падабенства з чэшскай песняй Ёзэфа Каетана Тыла. Прыгадаем твор Караткевіча:

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны, і неба - разлівы ільноў.

Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Ты - наш край. Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам, Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты - наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе» [2, 136-137].

Па сваім ідэйным змесце, пафасе, вядучых матывах верш Уладзіміра Караткевіча цалкам суадносны з песняй з п’есы «Фідлавачка» Ёзэфа Каетана Тыла. Твор пачынаецца апавядальна шырока, і ў адказе на пытанне «Дзе мой край?» аўтар нагадвае чытачу беларускія святыні, усё тое, з чым, на яго думку, спалучана слова «Беларусь». Гэта і Белавежа, і Нёман, які «на захадзе помніць варожую кроў», і «суровыя вежы» на Наваградскіх узвышшах, і шырокі Дняпро, у якім адбіваюцца «вішнёвыя хаты», і Сафія, якая «плыве над Дзвіною, нібы карабель». І далей паэт спавядаецца ў сваёй любові і адданасці Радзіме: «Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца, // Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе. // Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры...». Зноў гучыць пытанне, а пасля - адказ, напоўнены гонарам за свой народ, які ніколі не змірыцца з рабствам, а будзе змагацца за волю да апошняга дыхання: «А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч».

Аднак у параўнанні з Тылам у тэматычнай кампазіцыі «Беларускай песні» можна заўважыць, як фінальны эмацыйны выбух перададзены ў самім руху верша і фразы раптоўнай зменай рытму.

Кожная страфа верша Уладзіміра Караткевіча змяшчае апісанні, аб’ектыўную карціну. Так, як адзначалася вышэй, першая страфа - гэта лірычнае апісанне цудоўнага краю, але не ў выглядзе карціны прыроды, абмежаванай прасторай і часам, а ў своеасаблівай форме маналогу, дзе пералічаны сімвалы Беларусі. Такі падыход сведчыць пра зварот паэта да класічнай традыцыі, якая ўвасоблена ў творах Ёгана Вольфганга Гётэ, Джорджа Гордана Байрана і інш.

Паступова аб’ектыўнае апісанне набывае глыбока асабісты характар, і разам з гэтым змяняецца рытм верша, такім чынам, далейшы аповед ужо цалкам знаходзіцца пад знакам эмацыйнага хвалявання лірычнага героя, яго суб’ектыўнага пачуцця. Тэкст фінальнай часткі твора характарызуецца нарастаннем лірычнага парывання, нагрувашчваннем метафарычных вобразаў: «Ты - наш край. Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам, // Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць, // Ты - наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому // Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць».

Разам з рытмам паступова ўзрастае пафас верша, эмацыйны настрой паэта. У апошняй страфе магутна і лірычна-прыўзнята гучыць клятва-прысяга, якая і з’яўляецца кульмінацыяй твора: «Мы клянёмся табе, што ніколі, // Ніколі, // Ніколі, // Так, // Ніколі не кінем, // Не кінем, // Не кінем цябе».

«Беларуская песня» Уладзіміра Караткевіча ўвайшла ў паэтычны зборнік «Мая Іліяда» (1969). Нават той факт, што кніга паэзіі нагадвала сваёй назвай славутую эпапею Гамера, сведчыць пра тое, што Караткевіч такім чынам падкрэсліваў для чытача думку: творы, якія ўвайшлі ў зборнік, наследуюць класічную традыцыю. Час, калі пісаўся верш, быў перыядам узлёту для маладога таленавітага паэта, які паступова набываў вядомасць за межамі краіны. Неўзабаве Уладзімір Караткевіч пазнаёміўся з выкладчыкам Пражскага універсітэта Вацлавам Жыдліцкім, які ўжо актыўна перакладаў з беларускай мовы на чэшскую аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964). У 1972 годзе гэты твор пад назвай «Кrálovská pomsta» выйшаў з друку ў Празе. Сёння цяжка сцвярджаць, што менавіта Вацлаў Жыдліцкі пазнаёміў беларускага пісьменніка з чэшскай песняй Ёзэфа Каетана Тыла, але хутчэй за ўсё Караткевіч ведаў гэты твор, натхняўся ім як узорам для рамантычна-адраджэнскага ўслаўлення Айчыны.

«Дзе мой дом?» - задаваў сабе пытанне адзін з пачынальнікаў чэшскага рамантызму Ёзэф Каетан Тыл. I ў адказе пераконваў чытача, што дом паэта - гэта яго Радзіма, а ў слове «дом» злілася ў адно цэлае родная прырода, культура народа і мова.

«Дзе мой край?» - у гэтым пытанні Уладзіміра Караткевіча закладзены некалькі іншы сэнс. Сутнасць пытання мы ўспрымаем наступным чынам: хто сказаў, што мы не маем Айчыны, народа з яго старажытнай культурай і мовай? Паэт заклікаў чытача задумацца над гэтым пытаннем і адчуць тое, што перапаўняла яго душу: вялікая любоў да роднай зямлі, гонар за свой народ, за яго старажытную культуру, за мову, якая гучыць, як «булатны клінок».

Памятаю, як у адным са сваіх выступленняў у Мінску Вацлаў Жыдліцкі, які і сёння застаецца адзіным перакладчыкам мастацкай літаратуры з беларускай мовы на чэшскую, сказаў, што пачаў вывучаць беларускую мову пасля таго, як пачуў слова «сябар». Гэтае слова мае і чэшская мова. Слова «сябар» светлае, крынічнае, у ім глыбокі сэнс, і яно яднае народы.
Літаратура:

1. Drama a dramatická výchova: Texty k literární výchovĕ pro 6. - 9. ro

ník zš a nižší třídy víceletých gymnázií / Připr. Jana Čeňková, Helena Kupcová. - Praha: Scientia, spol. s r. o., pedagogické nakladatelství, 1994. - 186 s.

2. Караткевіч, У. Збор твораў: У 8 т. - Мінск: Маст. літ., 1987-1991. - Т. 1: Вершы, паэмы. - Мінск, 1987.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка