Дадатковы матэрыял у сувязі са зменамі ў вучэбнай праграме па вучэбным прадмеце "Беларуская мова" для 1 класа ўстаноў агульнай




Дата канвертавання09.04.2017
Памер51.49 Kb.
Дадатковы матэрыял у сувязі са зменамі ў вучэбнай праграме

па вучэбным прадмеце "Беларуская мова" для 1 класа ўстаноў агульнай

сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання

Матэрыял вучэбных заняткаў "Мясціна, дзе я жыву. Мая краіна"

Мэта: працягваць фарміраванне вымаўленчых навыкаў, пазнаёміць са словамі і выразамі па тэме, уключаць іх у актыўнае суразмоўніцтва па змесце праслуханых і прачытаных тэкстаў; фарміраваць уменні асэнсавана ўспрымаць беларускую мову на слых, вучыць чытаць па-беларуску (пазнаёміць з графічнымі адрозненнямі беларускай мовы ад рускай (І, і), вучыць чытаць словы і сказы з I, і), фарміраваць першапачатковыя чытацкія ўменні пры адказе на пытанні па прачытаным; адказваць на пытанні, карыстаючыся словамі самога пытання, правільна і дакладна ўжываць словы пры канструяванні сказаў па ўзоры, выхоўваць пачуццё патрыятызму.

Абсталяванне: глобус, вучэбны дапаможнік "Беларусь - наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку."

ХОД УРОКА

I. Новая тэма.

1) Маўленчая размінка.

Паслухайце верш і скажыце, з якой просьбай звярнулася дзяўчынка да мамы.

Шчочку да вуснаў туліць, Каб таямніцу спытаць:

- Белая Русь, матуля,
Гэта дзяўчынка?
Так?

Як называецца дзіўна... Ты пра яе раскажы.

- Белая Русь - Радзіма.
Перад табой ляжыць.

Д.Бічэль-Загнетава.

Назва якога колеру гучыць ў словах Белая Русь? Што сімвалізуе белы колер? Назавіце словы з дз, ч, ц, ў (Вызначэнне месца гукаў у словах.)

2) Уступная гутарка (па кнізе "Беларусь - наша Радзіма. Падарунак


Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку.").

- Як называецца наша краіна? (Адказ вымаўляецца хорам. Настаўнік паказвае нашу краіну на глобусе. Вучні пад кіраўніцтвам настаўніка разглядаюць абрысы краіны на малюнку с. 8-9. Падрыхтаваныя вучні чытаюць назвы абласных цэнтраў. Як называецца сталіца Рэспублікі Беларусь? Вучні чытаюць назвы самых вялікіх рэк Беларусі).

Настаўнік прапануе паслухаць верш Ю.Свіркі (с. 8) і запомніць, з якімі краінамі мяжуе Беларусь. Настаўнік чытае верш, а вучні сочаць за чытаннем. Адказваюць на пастаўленае пытанне. Вучні называюць і паказваюць на малюнку, з якімі краінамі мяжуе Беларусь. Верш завучваецца на памяць.

3) Работа па падручніку (с. 48, заданне 1)

- Як вы думаеце, у якім населеным пункце жывуць хлопчык і дзяўчынка? Растлумачце сваё меркаванне. (Могуць быць розныя меркаванні, усе выслухаць). Якімі яшчэ словамі можна назваць месца, дзе жыве чалавек? (Радзіма, родная мясціна, родны край). Як называецца галоўны горад нашай краіны, яе сталіца? (Настаўнік піша на дошцы: М I Н С К. Просіць прачытаць назву сталіцы. Вучні знаходзяць і падкрэсліваюць літару, якая пішацца не так, як у рускай мове. Адказваюць на пытанне: Які гук абазначае гэта літара? Настаўнік выстаўляе на наборным палатне літары I, і, вучні называюць літары, знаходзяць іх на малюнку вучэбнага дапаможніка (с. 48. Далей вучні чытаюць словы пад блакітнай рамкай з літарамі I, і. Адказваюць на пытанні: Па якой вуліцы ішлі дзеці? Пры адказе вучняў настаўнік звяртае ўвагу, што па-беларуску кажуць па вуліцы, ішлі.) Як звалі дзяўчынку, хлопчыка? Чаму вуліцу так назвалі? Чаму важна жыць у міры, згодзе?

2) Разыгрыванне дыялогу.

- Паслухайце смяшынку.


  • На якой ты вуліцы жывеш? -Стась спытаў у Веры.

  • Ці ж на вуліцы жывуць ?

- Я жыву ў кватэры.

М.Маскевіч.

Пра што Стась спытаў у Веры? Што ён меў на ўвазе? У чым яго не зразумела Вера? Як трэба было адказаць? Як бы вы адказалі на гэтае пытанне? (Вучні ў парах разыгрываюць дыялог “На якой ты вуліцы жывеш?” называюць вуліцы, на якіх яны жывуць. Калі не ведаюць, то атрымліваюць заданне даведацца як называецца вуліца і чаму, ці ў гонар каго яна названая).

Ці ўзнікла ўзаемапаразуменне паміж хлопчыкам і дзяўчынкай? Што павінна быць паміж людзьмі, каб жыць шчасліва?



II. Замацаванне

1) Слыхавое ўспрыманне тэксту.

– Паслухайце і адгадайце загадку:

Чырвоная дзюба,

Чырвоныя пяты.

На лузе – цыбаты,

У небе – крылаты.

В.Жуковіч.

Настаўнік дэманструе выяву бусла.

– Як называецца гэта птушка па-беларуску? Што вы ведаеце пра буслоў? Крылы буслоў нагадваюць ветразі (настаўнік паказвае выяву ветразяў яхт на моры, і кажа, што гэта ветразі.)

– Паслухайце і скажыце, чаму наша краіна называецца Беларусь.

Зараз вясна. Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы - хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль.

I таму мне здаецца, што ў гэтыя – і не толькі ў гэтыя – дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць "зямлёю пад белымі крыламі".

Вось так і планіруюць, планіруюць буслы. Ветразі іхнія раскрылены над дрэвамі, пушысты хвост, як веерам, накрыў выцягнутыя ногі. А мне пад іх палёт асабліва добра думаецца пра Беларусь, нашу з вамі Радзіму.

Чаму "Беларусь"? Ёсць некалькі варыянтаў паходжання гэтай назвы. Прывяду два з іх. Першы: белыя адзенні даўніх вясковых людзей, белыя іх валасы, белы колер скуры.

Другі. А ён аніяк не супярэчыць з першым. Калі на нашы старажытныя землі прыйшлі захопнікі – здолелі адбіцца ад іх амаль адны толькі мы. I менавіта таму мы "белая", "чыстая ад нашэсця" Русь. А гэта да шмат чаго абавязвае. I вы заўсёды памятайце гэта.

Паводле У.Караткевіча

Адказ на пытанне, чаму наша краіна называецца Беларусь. Чаму аўтар называе нашу краіну "зямлёю пад белымі крыламі"? Пра што нам трэба памятаць?

2) Чытанне слоў і выразаў, надрукаваных на дошцы:

Вясна краіна буслы

белыя ветразі белыя валасы белы колер скуры

зямля пад белымі крыламі

Чытанне слоў першага радка і складанне з імі выказвання па сэнсе. Чытанне выразу трэцяга радка. Пра чые крылы ідзе гаворка?

Хвілінка адкрыццяў. Чытанне слоў другога радка. Чым адрозніваецца вымаўленне і напісанне слоў белыя, белы ад рускай мовы. Выдзяленне чырвоным колерам, паўторнае выразнае правільнае чытанне гэтых слоў.

3) Падрыхтоўка і чытанне тэксту, надрукаванага на дошцы:


Кожную вясну мы сустракаем белых паважных птушак. Іх крылы падобныя на ветразі. На беларускія землі яны імкнуцца з іншых краін. (Настаўнік задае пытанне: Пра каго гаворыцца ў тэксце?)

Буслы селяцца каля вясковых хат. У іх вялікія гнёзды. Там – бусляняты.



Буслы сталі сімвалам нашай краіны. Беларусь – зямля пад белымі крыламі.

Вынік урока: 3 якой літарай пазнаёміліся? Які гук яна абазначае? Што вы даведаліся пра назву нашай краіны? Якая птушка стала сімвалам нашай краіны?






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка