Даніэль Пшастэк (НЕ)сучасныя?




Дата канвертавання15.05.2017
Памер100.83 Kb.
Даніэль Пшастэк
(НЕ)СУЧАСНЫЯ?
"(...)Былi ў мiнулым мудрацы, яны навекi

Iшлi ў замкненьне — вынаходзiць скарбы, лекi

Цi страшны яд... Мы, маладыя чарадзеi,

Атруту вынаходзiм для сваiх надзеяў".



Адам Міцкевіч «Дзяды-Відовішча»

(пераклад з польскай С.Мінскевіча)

Энтані Гідэнс, брытанскі сацыёлаг, у сваёй кнізе "Сучаснасць і ідэнтычнасць" з запалам філосафа сцвярджаў, што паняцце сучаснасці ёсць ні што іншае, як скарочанае "сучаснае грамадства", дзе свет разглядаецца скрозь прызму жыццядзейнасці чалавека, з інстытуцыямі эканамічнай і прамысловай вытворчасці, рынкавай эканомікі, палітычных інстытутаў, масавай дэмакратыі і дзяржавы-нацыі. Ён адстойваў думку, што захаванне грамадскай свядомасці магчымае і абумоўленае прагрэсам спантанага дзеяння, а не сілавым і хамскім ціскам дзяржавы і ўраду. Нягледзячы на тое, што Гідэнс у сваёй працы не абмяркоўваў ролю мастацтва, у тым ліку і тэатру, варта задумацца, ці можа (і якім чынам) сцэна паўплываць на сучаснасць, і ці мае яна магчымасць уплыву на будаўніцтва сучаснага грамадства.


Маё падарожжа ў Беларусь адбылося ў лютым 2012 года. Ад Варшавы да Мінску ўсяго 550 км, гэта амаль столькі, колькі ад сталіцы Польшчы да Шчэціна, гораду, які з'яўляецца самай аддаленай кропкай на мапе краіны і знаходзіцца ў паўночна-заходніх краях. Аднак знаёмства з рэальным функцыянаваннем, культурнай карцінай, спецыфікай механізмаў, якія кіруюць Беларуссю, -- гэта тая адлегласць, якую немагчыма змерыць. Наша ўяўленне цалкам пабудаванае на стэрэатыпах, пададзеных сродкамі масавай інфармацыі пад смачным соўсам, што ўзмацняе няпэўнасць і адахвочвае спазнаць. На самой справе, калі ты ніколі не быў на Беларусі, дык ніколі не зразумееш, як функцыянуе гэтая краіна. Ты не спазнаеш цікавых людзей і сучасную культуру, якая ёсць надзвычай цікавай з'явай, нідзе шырока не апісанай.
Паўсядзённасць тэатральнага жыцця нашага ўсходняга суседа характарызуецца павярхоўнасцю і нявызначанасцю. У ментальнасці творцаў сядзіць доўгатэрміновая вера, не пацверджаная ніводным сацыяльным даследаваннем, што беларускае грамадства не гатовае да эксперыменту і далікатных грамадска-палітычных тэмаў. Існуе няяўнае правіла, што глядач у тэатры мусіць адчуваць сябе камфортна. Не варта яго турбаваць вялікімі праблемамі, вострымі пытаннямі, і нават такія “непрыстойнасці”, як нагата, сэксуальнасць, рознага кшталту непадабенствы з’яўляюцца тэмамі табу! У галаву прыходзіць савецкае “У нас секса нет”! Дырэктары дзяржаўных тэатраў так фармуюць рэпертуар, што фактычна даюць жыццё гэтаму выказванню. Аналізуючы рэпертуар мінскіх тэатраў, цяжка знайсці ў ім нават п’есы Уільяма Шэкспіра, не толькі якія тычацца механізмаў улады, але нават камедыяў, ці твораў больш лёгкага калібру. Вядучыя тэатры выкарыстоўваюць на свой спосаб самацэнзуру, ліквідуючы ўсе магчымыя – з прынцыпу – непажаданыя зместы. Другая прычына вынікае з абмежаванняў фінансавання. З размоў зразумела, што тэатры павінны зарабляць грошы. Але гэты від мастацтва не ў стане прыносіць матэрыяльную карысць. Так адбываецца, напрыклад, са спектаклем у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Некалькі гадоў таму быў рэалізаваны сумесны з маскоўскай SounDrama праект “Вяселле” паводле Антона Чэхава ў рэжысуры Уладзіміра Панкова, і хаця спектакль быў удзельнікам шматлікіх фестываляў і меў поспех па-за межамі Беларусі, у Мінску ж ён не папулярны, а, значыць, і не прыносіць грошы ў касу тэатра. І кола замыкаецца. Прычынаў пасрэднасці рэпертуарнага тэатра, магчыма, больш, але трэба заўважыць, што існуюць свайго кшталту “выспачкі сучаснасці”. Яны розныя і арыгінальныя, характэрызуюцца сваёй уласнай мовай мастацкага самавыяўлення і маюць сталую адданую публіку, якая масава запаўняе залі. І гэта далёка не лёгкія, светлыя і прыемныя спектаклі. Гэта рознага тыпу праекты, вольныя ад навязанай формы, у якіх прымаюць удзел свядомыя ў сферы культуры грамадзяне.
Адрозненнем тэатральнай сцэны Беларусі ад, хоць бы, Польшчы, з'яўляецца той факт, што найбольш цікавыя з'явы паўстаюць па-за галоўнай тэатральнай плынню -- драматычный сцэнай. Свой арыгінальны стыль шукаюць і развіваюць тэатры пластычныя, лялек і танца. Феноменам, прынамсі ў еўрапейскім маштабе, з'яўляецца неверагодная колькасць драматургаў, якія задыхаюцца ў закасцянелай сістэме, чакаючы свайго шанцу рэалізаваць уласныя творы і шукаюць індывідуальныя шляхі, як дайсці да гледача. Апошнім часам надзвычай развіліся невядомыя раней чытанні тэкстаў маладых сучасных аўтараў.
Першапачынальнікам тэатра цела і руху з'яўляецца створаны ў 1980 годзе пластычны тэатр "ІнЖэст" на чале з Вячаславам Іназемцавым. Вядомы ва ўсім свеце, тэатр стварае спектаклі, якія грунтуюцца на клаўнадзе, вулічным тэатры паводле сістэмы буто. У шэрагу ідэйных зацікаўленняў лідэра калектыву галоўнай застаецца экзістэнцыя чалавека і звязаныя з ёй пакуты. У апошнія гады шумнай падзеяй стаў спектакль, пастаўлены ў 2010 годзе, - "ДК Данс" - гісторыя падзення карнавала ў стылі буто. Ён паказвае чалавека, з якога садраная абалонка, скура, усё, чым надзелены; дэманструе чалавека па-за формай, так бы мовіць, у чыстым выглядзе, такім, якім ёсць. Цалкам аголенае чалавечае цела сімвалізуе вяртанне да каранёў, да прыроднай арганічнасці, а таксама катарсіс і адраджэнне. Фізіялагічнасць стала маніфестам акцёра, у якім ён пазбаўляецца асабістасці, псіхалогіі і роду. "ІнЖэст" запоўніў пустуючую нішу беларускай сцэны - эксперымэнту з чалавечым целам, фізіялогіяй і сексуальнасцю. Але прадэманстраваў нешта большае. Так, да прыкладу, у апошняй сцэне спектакля, акцёр падае, таму што яму адпілоўваюць дыбы, нараджаецца наноў, вучыцца хадзіць і наноў фармуецца. Хіба гэта не метафарычны вобраз фармавання свядомасці беларускага грамадства? Дадзеную сцэну можна разглядаць як зараджэнне новага ў культуры. Падчас свайго візіту ў Мінск я меў магчымасць пабачыць вынік працы міжнароднага семінару пад назвай Х-традыцыя. Прэзентацыя адбылася ў Музеі Азгура. Прастора запоўненая шматлікай колькасцю помнікаў - вынікамі працы вядомага скульптара, у тым ліку: Карла Маркса, Уладзіміра Леніна і Іосіфа Сталіна. 90-хвілінны перформанс - гэта калектыўная імправізацыя, якая тычыцца чалавечай памяці. Больш за 20 мастакоў узнікаюць праз рэліквіі мінулага. Яны паказваюць сваё, індывідуальнае, а не навязанае, стаўленне да гісторыі. Гэта гульня з памяццю і ўласным эмацыйным станам. Куратар семінару не стварае сітуацыі, не вымушае да адной інтэрпрэтацыі, такім чынам, уся прэзентацыя адбываецца ў вольнай інтэрпрэтацыі выступоўцаў. Некаторыя з іх поўныя іроніі, гумару і сарказму, іншыя сур'ёзныя і насупленыя. У гэтай мастацкай акцыі даходзіць і да зрыву, які выкарыстоўваецца ў некаторых тэатральных абласцях, умоўнасцяў - гледачы становяцца часткаю гульні і ўдзельнікамі акцыі. Другі важны элемент - гэта жывая музыка ў выкананні гурту "Плато" Мацвея Сабурава. Іназемцаў цалкам выкарыстаў магчымасці выставачнай залі, а для публікі гэта быў своеасаблівы ўрок самасвядомасці, магчымасці палемікі з уласнай гісторыяй, і тым самым было ўзнятае пытанне аб уласнай ідэнтычнасці.
Актуальную панараму "сучасных" прадстаўляе аднак пакаленне самых маладых творцаў. У плыні эксперыментальнага тэатру асаблівае месца займае Яўген Карняг (нар. у 1983), які кіруе ўласным тэатральным калектывам пад назвай “KorniagTHEATRE”. Ён прапаноўвае ўласную мадэль тэатру танцавальна-пластычна-драматычнага. Ягоныя спектаклі гавораць пра тое, пра што звычайна маўчаць, яны выносяць на паверхню чалавечы боль і экзістэнцыю. У гэтым тэатры не шкадуюць гледача, а спрабуюць прымусіць прачнуцца. Найбольш знакавым спектаклем стаўся "Кафэ "Паглынанне", пастаўлены ў 2009 годзе, які стаў моладзевым маніфестам у пошуках новага. Дэвізам спектакля "З тэатрам скончана!" стваральнікі адмовіліся ад звыклай каробкі сцэны і аддалі перавагу прасторы начнога клуба, дзе публіка зрабілася ўдзельніцай спектакля. Структура спектакля складаецца з розных фрагментаў: танцы, маналогі і пластычныя сцэны. Спектакль выносіць тэмы, якія з'яўляюцца тэмамі табу для афіцыйнай тэатральнай сцэны: аборт, анарэксія ці праблемы наркаманіі. Гераіні - група дзяўчат, пастаянных наведвальніц клуба, са сваімі праблемамі, марамі, жыццёвымі пазіцыямі. Але гэта не проста гісторыя, а хутчэй інтэлектуальна-пластычны калаж, у якім змешваюцца рэчаіснасць і фантастыка, цяперашняе і мінулае, гратэск і трагедыя. Карняг эксперыментуе з формай, а за аснову бярэ адмову ад усіх нормаў і стэрэатыпаў і голасна кажа "не" ўсяму і ўсім. Нязгода з'яўляецца асноўнай тэмай ягонай творчасці. Іншыя яго спектаклі заўсёды тычыліся далікатных сацыяльных праблем (да прыкладу, е танцы" у 2007 годзе гаварыў аб гвалце) у нетрадыцыйнай мастацкай форме. Усе, хто піша пра “KorniagTHEATRE”, звяртаюць увагу на тое, што гэта адна з найбольш знакавых з'яў незалежнага мастацтва сучаснай Беларусі. Ягоная апошняя праца - "Спектакль №7" - гэта маніфест нязгоды ў дачыненні да гвалту над правамі асобы. Аповед пра страх, які паралізуе чалавечыя дзеянні і вымушае да падпарадкавання дамінаванай сіле. Карняг у метафарычнай форме, у асноўным танцам і жэстам, кранае праблемы, пра якія маўчаць у беларускім грамадстве. І хаця пазбягае палітычнай праблематыкі, усё ж становіцца выяўляльнікам поглядаў свайго пакалення, таму што ўздымае пытанні, пра якія бальшыня творчых людзей нават не думаюць.
Другі тэатральны праект, які звязаны з “KorniagTHEATRE” у асобе Вольгі Скварцовай, --гэта Тэатр сучаснай харэаграфіі D.O.Z.SK.I. Створаны ў 2005 годзе вышэйназванай артысткай і Дзмітрыем Залескім, гэты калектыў вызначае свой стыль не як балет ці драматычны тэатр, а як сінтэз сучаснай харэаграфіі і акцёрскага выканання. Не паспелі яны стварыць некалькі спектакляў, як сталі вядомым брэндам на рынку беларускага мастацтва. Першая прэм'ера мела месца ў 2007 годзе і складалася з трох мініяцюр: "Дах" - "Зіма" - "ДэРэ". Важна адзначыць адну цікавую асаблівасць, што яны блізкія сваёй маладой публіцы праз паказы кароткіх прац у вядомых месцах начнога жыцця Мінска. Гэта вельмі збліжае са "спажыўцом" і дапамагае вынаходзіць новы стыль у сваёй творчасці. Апошнія працы "Камень-нажніцы-папера", “Зіма”, “Homo sapiens і "Сталасьць" з'яўляюцца частымі гасцямі на міжнародных фестывалях і робяцца пробліскам новай мовы ў беларускім тэатры. Падобна да “KorniagTHEATRE” і "ІнЖэст", яны прадстаўляюць не толькі новую форму, але і ідэйную маніфестацыю незалежнага мыслення пра чалавека і ягонае месца ў навакольным свеце - пытанні свабоды, але не абавязкова ў палітычнай сістэме, а ў самых простых адносінах, напрыклад, жанчына-мужчына, як гэта было ў спектаклі "Камень-нажніцы-папера". Варта заўважыць, што калектыў прыстасоўваецца таксама і да рынкавай сітуацыі. Выступае на карпаратыўных мерапрыемствах, у тым ліку на вяселлях. Такім чынам, зарабляе, каб быць здольным рэалізаваць свае творчыя задумы. Зараз тэатр імкнецца да таго, каб стаць дзяржаўным і мець выхад на афіцыйную тэатральную сцэну. Застаецца пытаньне: ці захаваецца творчая незалежнасць і ці будзе магчымасць свабодна ісці абраным творчым шляхам да рэалізацыі?

Важнай мастацкай з'явай у Беларусі застаецца тэатр лялек. Галоўным рэжысёрам мінскай сцэны з'яўляецца Аляксей Ляляўскі, які займаецца таксама і выкладчыцкай дзейнасцю. Менавіта яго творчую майстэрню заканчваў Яўген Карняг, а таксама і Аляксандр Янушкевіч, малады таленавіты рэжысёр, які ў 2011 годзе паставіў "Шлюб" Вітольда Гамбровіча. З выкарыстаннем агромністых, у чалавечы рост, лялек і жывога акцёрскага плану, ён стварыў арыгінальны, метафарычны аповед пра ўладу, дамінаванне і згубу чалавека. Такім чынам ён крочыць па слядах свайго настаўніка і майстра. Сапраўды, тэатр лялек у Мінску гэта своеасаблівы аазіс мастацкага эксперыменту. Ляляўскі вядомы сваімі метафарычнымі, глыбокімі і абдуманнымі спектаклямі. Ягоная "Адвечная песня", падставай і натхненнем да якой сталіся два чатырохрадкоўі Янкі Купалы, расказвала ў сімвалічнай форме пра паўсядзённасць жыхароў гэтай зямлі: "А ў нашым краі весела жыць, весела жыць, толькі няма каму". Апошнім часам ён выкарыстоўвае цікавую тэхніку "building theatre": будаванне сцэнічнай прасторы як кангламерату драматычнага тэксту, пластычнага вобразу праз арыгінальную сцэнаграфію і выкарыстоўванне лялек у якасці галоўных выканаўцаў спектакля. Гэты досвед матэрыялізаваўся ў смела інтэрпрэтаванай, своеасаблівай трылогіі Чэхава: "Чайка", "Тры сястры" і "Вішнёвы сад".


Сярод важных новых імёнаў у беларускім тэатры нельга не назваць Кацярыну Аверкаву (нар. у 1984). Школьная сяброўка Карняга, цяпер галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Акрамя развіцця ўласнага, арыгінальнага мастацкага почырку, распачала важны шлях фармавання праграмнага твару тэатра. У правінцыі, для якой уласцівыя свае звычкі і прадузятасці, стварыла цыкл чытанняў новай беларускай драмы. Штомесяца гледачы маюць магчымасць знаёміцца з сучаснымі тэкстамі Мікалая Рудкоўскага, Паўла Пражка і іншых аўтараў. Трэба заўважыць, што зместы іх п'ес не самыя простыя, гісторыі не банальныя, але ўсе яны датычацца добра вядомых беларускаму грамадству праблем, пра якія маўчаць у афіцыйных сродках інфармацыі. Сілай маладога тэатру нашага ўсходняга суседа ёсць менавіта названая вышэй група драматургаў. Праўда, яны не маюць магчымасці поўнай прэзентацыі ўласных тэкстаў, таму што для падобных мэтаў існуе толькі адна пляцоўка - Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, які, у сваю чаргу, таксама мае шэраг абмежаванняў, не здольны даць шанец для рэалізацыі драматургіі ўсім зацікаўленым. З гэтай прычыны, падобна маладым рэжысёрам, драматургі стварылі сваю, незалежную творчую ініцыятыву. У 2011 годзе з’явілася "Студыя альтэрнатыўнай драмы". У яе склад увайшлі Павел Пражко, Віктар Красоўскі, Сяргей Анцэлевіч, Павел Расолька і Дзмітрый Багаслаўскі. Галоўнай мэтай з'яўляецца прэзентацыя і рэалізацыя драматургіі. Спробы першых чытанняў былі наладжаныя ў снежні 2011 года і сабралі поўную глядзельную залу, пасля чаго хочацца спадзявацца, што надалей сучасная драматургія можа зацікавіць і прафесіянальныя тэатры.
Сучаснасць у сучасным свеце, грунтуючыся на словах Гідэнса, гэта свядомы ўдзел, што азначае быць часткай складанай махіны, якой ёсць дзяржава. Маладыя, якія супраціўляюцца пратаптаным схемам, абмежаванням і грамадскім праблемам, будуюць тое, што з'яўляецца самым важным для любога народу – ідэнтычнасць. Яе немагчыма стварыць дырэктывай дзяржаўных уладаў, урадавым загадам ці планаванай культурнай палітыкай. Грамадская свядомасць фармуецца ад нізоў і менавіта праз культуру. У Польшчы ў семідзесятых гадах ХХ стагоддзя, разам з ўзнікненнем першых незалежных палітычных ініцыятыў, такіх як Камітэт аховы рабочых ці Рух аховы правоў чалавека і грамадзяніна, стваралася "другая выспа" культуры, якая фармавала незалежнае, свабоднае ад умяшальніцтва дзяржавы грамадства. Культура з'яўляецца ў поўнай меры культурай, калі яна свабодная і мае магчымасць выказвацца.
"Маладыя чарадзеі" - гэта, уласна кажучы, тыя, хто сёння ў цяжкіх умовах беларускай рэчаіснасці ствараюць уласныя франты творчасці. Хочацца верыць, што хопіць ім сілаў і надалей, а іх паслядоўнікі ўзбагацяць панараму маладых сучаснікаў нашага ўсходняга суседа.
Пераклад з польскай мовы

Віталя Краўчанкі


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка