Дэвербальныя намінацыі асобы ў сферы хобі І інтарэсаў у беларускай І нямецкай мовах




Дата канвертавання16.03.2017
Памер62.5 Kb.

ДЭВЕРБАЛЬНЫЯ НАМІНАЦЫІ АСОБЫ Ў СФЕРЫ ХОБІ І ІНТАРЭСАЎ У БЕЛАРУСКАЙ І НЯМЕЦКАЙ МОВАХ


Кузняцова М.М.

Сфера інтарэсаў вельмі багатая і разнастайная. Яна ўключае захапленні, розыя заняткі і віды дзейнасці, якімі можна займацца ў вольны час. Інакш гэта называюць словам ‘хобі’ – тое, што ў першую чаргу прыносіць задавальненне, а таксама можа спрыяць узбагачэнюю ўнутранага свету асобы і пашыраць яе кругагляд. У розных людзей хобі могуць быць самыя розныя: карысныя і сур’ёзныя або смешныя і бессэнсоўныя, часам трохі дзіўныя і экзатычныя або самыя звычайныя, без усялякай арыгінальнасці. Трэба зазаначыць, што некаторыя віды дзейнасці могуць перасякацца з прафесійнай сферай, калі гэта становіцца асноўным відам дзейнасці асобы, а можа нават сродкам заробку (напрыклад у спорце: бел. бягун, плывец, ням. Ersteiger m ‘альпініст’, Kletterer m, Kraxler m ‘скалалаз’). Адметна, што адны і тыя ж віды дзейнасці ў розных сацыяльных супольнасцях могуць успрымацца па-рознаму: тое, што для адных хобі, для іншых – неад’емная частка існавання (напр. паляванне або рыбная лоўля на нашых терыторыях і ў некаторых плямёнаў Афрыкі або ў народаў Поўначы).

У беларускай мове намі выяўлена 35 дэвербальных агентываў, якія належаць да сферы хобі і інтарэсаў. Па сваёй структуры яны – суфіксальныя дэрываты, утвораныя пры дапамозе наступных фармантаў: -цель (абнавіцель, пакарыцель, старацель); -чык (адгадчык, падчытчык, разгадчык); -шчык (адстрэльшчык, паршчык, прыдумшчык); -ец(-эц) (вандровец, лавец, пісец, плавец/плывец, стралец, курэц, тварэц); -льшчык (вудзільшчык, вышывальшчык, нюхальшчык, парыльшчык, рысавальшчык); -льнік (натхняльнік, сузіральнік, угадвальнік, шукальнік); -нік (вандроўнік); -ок (знаток); -ач (чытач); -атар (імітатар); -ц-а (творца); -л-а (запявала) [1].

У нямецкай мове зафіксавана значна больш дэвербальных найменняў асобы ў сферы хобі і інтарэсаў. Пераважная колькасць з іх утворана пры дапамозе суфікса er: Anfänger m ‘навічок; дэбютант’, Anhalter m, Tramper m, Hitchhiker mразм. аўтастопнік’, Klimperer m ‘брынкач’, Wanderer m / Wandrer ‘вандроўнік, падарожнік, (пешы) турыст’, Zelter m ‘жыхар кемпінга, палатачнік’, Fischer m, Angler m ‘рыбак’, Puzzler m ‘пазласклад’, Rapper m ‘рэп-музыкант, рэп-выканаўца, рэпер’, Sammler m ‘збіральнік, калекцыянер’ ды іншыя. Невялікая колькасць нямецкіх дэрыватаў утворана пры дапамозе суфіксаў іншамоўнага паходжання: -ateur (Improvisateur m ‘імправізатар’);


-ant (Dilettant m ‘дылетант*’, Paukant mдуэлянт*’, Schnurrant m ‘бадзяжнік’); -eur (Pedaleur m ‘веласіпедыст, велагонца*’) [2].

Асаблівасцю нямецкіх дэвербальных агентываў з’яўляецца тое, што неакторыя з іх запазычаны з англійскай мовы (Sprayer m ‘распыльвальнік’, Surfer m ‘спартсмен, які займаецца сёрфингам; віндсёрфер; карыстальнік (інтэрнэта)’), іншыя адначасова абазначаюць асобу і прадмет (Treiber mпаляўн. загоншчык; камп. праграма-драйвер; бізань’, Leser m ‘чытач; счытвальнік’, Raucher m ‘курэц; вагон (купэ) для курцоў’) [3, 4].

Розніца ў колькасным складзе дэрыватаў беларускай і нямецкай моў тлумачыцца некалькімі прычынамі. На нашу думку, узнікненне некаторых дэрыватаў абумоўлена терытарыяльнымі асаблівасцямі, таму не ўсе нямецкія найменні асобы пасуюць да нашай рэчаіснасці і па гэтай прычыне не з’яўляюцца сферай інтарэсаў для беларусаў. Напрыклад, у нас няма такой звычкі падарожнічаць аўтастопам, а ў Еўропе гэта вельмі папулярна, асабліва сярод моладзі. Адсюль і адпаведныя нямецкія найменні: Anhalter m, Hitchhiker mразм. аўтастопнік’. Таксама і з курэннем наркатычных сродкаў: такая з’ява не настолькі распаўсюджана на Беларусі ў параўнанні з Германіяй ці іншымі краінамі Еўропы (параўн. ням. Hascher I mжарг. курыльшчык гашыша; наркаман–гашышнік)’; Kiffer m ‘курыльшчык гашыша ці марыхуаны; марыхуаншчык’).

Па-другое, нямецкія дэвербальныя агентывы паходзяць ад запазычаных з англійскай мовы дзеясловаў (параўн. ням. Snowboarder m, Carver m ‘сноўбардзіст’, Skater m, Skateboarder m ‘скейтбарзіст*’, Jogger m ’бягун’. Запазычанні англійскага паходжання, якія таксама пранікаюць у беларускую мову, не з’яўляюца ўтварэннямі ад адпаведных беларускіх дзеясловаў і таму не ўвайшлі ў склад картатэкі і не разглядаюцца ў нашай працы.



Літаратура

  1. Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы / А.М. Бардовіч, М.М. Круталевіч, А.А. Лукашанец. – Мн.: Беларуская навука, 2000. – 413 с.

  2. Canoonet– Deutsche Wörterbücher und Grammatik / Copyright © 2000-2010 Canoo Engineering AG, Basel [Электронны рэсурс] / Рэжым доступа: http://www.canoo.net – Дата доступа: 10. 02. 2013.

  3. Duden online [Электронны рэсурс] / Рэжым доступа: http://www.duden.de/woerterbuch – Дата доступа: 12. 03. 2013.

  4. Кур’янка, М.І. Нямецка-беларускі слоўнік = Deutsch – belarussisches Wörterbuch: больш за 50 000 словаў / М. І. Кур’янка. – Мінск: Зміцер Колас, 2006. – 976 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка