Дуж-Душэўскі Клаўдзій Сцяпанавіч




Дата канвертавання05.03.2018
Памер29.88 Kb.
Дуж-Душэўскі Клаўдзій Сцяпанавіч

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

Нарадзіўся 27 сакавіка (паводле іншых звестак 26 красавіка) 1891 г. ў мястэчку Глыбокае Дзісенскага павета Віленскай губерні ў шляхецкай сям’і. Бацька і дзед Клаўдзія Сцяпанавіча былі прафесійнымі будаўнікамі.

Пачатковую адукацыю Дуж-Душэўскі атрымаў дома, а па дасягненні адпаведнага ўзросту пераехаў у Вільню і паступіў у рэальнае вучылішча, дзе паглыблена вывучаў прыродазнаўчыя і фізіка-матэматычныя дысцыпліны.

Пасля заканчэння вучылішча ў 1912 г. Дуж-Душэўскі працягнуў навучанне ў Пецярбургскім горным інстытуце. Менавіта падчас навучання ў сталіцы Расійскай імперыі Клаўдзій Сцяпанавіч праявіў сябе як выдатны культурны дзеяч: з'яўляўся членам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка, распрацоўваў тэму вывучэння і аховы гістарычных помнікаў, сумесна з членамі гуртка выдаваў часопіс «Раніца». Спрабаваў сябе і ў тэатры: у студэнцкай пастаноўцы купалаўскай «Паўлінкі» бліскуча выканаў ролю Сцяпана Крыніцкага.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Клаўдзій Дуж-Душэўскі пачынае больш актыўна займацца палітыкай. Ён уступіў у Беларускую сацыялістычную Грамаду (БСГ), у чэрвені 1917 г. стаў членам Цэнтральнага Камітэта грамады і яе прэзідыума. У 1918 г. працаваў загадчыкам бежанскага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята. З красавіка 1919 г. перабраўся ў Вільню і стаў членам Беларускага нацыянальнага камітэта. У маі 1919 г. Дуж-Душэўскі быў абраны старшынёй Цэнтральнага беларускага савета Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Увосень 1919 г. становіцца дыпламатычным прадстаўніком Беларускай Народнай Рэспублікі (далей БНР) у краінах Прыбалтыкі. Пасля сесій Савета БНР у Мінску (снежань 1919 г.) прызначаны яе дзяржаўным сакратаром ва ўрадзе Вацлава Ластоўскага. Адначасова выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі.

Пасля некалькіх месяцаў зняволення быў вызвалены, і ў 1921 г. разам з сям'ёй перабраўся ў Коўна – тагачасную сталіцу Літвы. Тут Дуж-Душэўскі працягнуў літаратурную дзейнасць: у чэрвені 1923 г. сумесна з Вацлавам Ластоўскім пачаў выдаваць часопіс «Крывіч», на старонках якога з'явіліся яго артыкулы «Беларусь і гарэлка» і «Даваенны бюджэт Беларусі». Усяго свет убачыў 12 нумароў часопіса. Таксама працаваў над штомесячнікамі «Беларускі сцяг» і «Беларускі асяродак».

Дзякуючы веданню моў (украінскай, польскай, літоўскай, нямецкай, французскай, англійскай і партугальскай), Дуж-Душэўскі перакладаў падручнікі па батаніцы, матэматыцы, гісторыі для беларускіх школ, разам з Ластоўскім склаў слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і прапаноў.

Паступіў на тэхналагічны факультэт Літоўскага ўніверсітэта, які паспяхова скончыў у 1927 г., атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-будаўніка.

Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі, разам з іншымі архітэктарамі, якія працавалі ў Літве ў 30-х гадах ХХ стагоддзя, стаяў ля вытокаў архітэктурнага стылю, які атрымаў назву «каўнаскі мадэрнізм».

Праходзячы навучанне ў архітэктурным бюро Уладзіміра Дубінецкага, Дуж-Душэўскі спраектаваў будынак кінатэатра «Метраполітэн», аднак пад праектам стаяў подпіс Дубінецкага. Толькі нядаўна нашаму земляку было вернута аўтарства праекта будынка, дзе сёння размяшчаецца Каўнаскі драматычны тэатр.

У 1930-х гадах Клаўдзій Дуж-Душэўскі працаваў у Міністэрстве сувязі Літвы і распрацаваў праекты шматлікіх будынкаў, звязаных з дзейнасцю гэтага міністэрства (пошта, радыё, тэлеграф і г.д.).

Адным з першых у гэтым шэрагу стаіць будынак паштовага аддзялення ў Росейняі, узведзены ў 1934 г. У 1935 г. быў распрацаваны праект будынка паштовага аддзялення ў Каўнасе (захавалася і выкарыстоўваецца па сённяшні дзень). Потым былі праекты паштовых аддзяленняў у Нідзе і Зарасаі, Шаўляі, завода керамічнай пліткі ў Таўрозе, мясаперапрацоўчага завода ў Клайпедзе, больш за 20 жылых дамоў у Каўнасе і іншых гарадах Літвы.



Мірнай працы Дуж-Душэўскага на літоўскай зямлі перашкаджае вайна. Акупанты, даведаўшыся пра яго багаты палітычны вопыт, прапанавалі яму супрацоўніцтва, аднак той адмовіўся, а неўзабаве і сам трапіў у канцлагер за тое, што дапамагаў мясцовым яўрэям.

Вызваленне Літвы ад нямецкай акупацыі прынесла асабістую свабоду і Клаўдзію Сцяпанавічу, аднак ненадоўга : ужо ў 1946 г. ён зноў арыштоўваецца савецкімі ўладамі. Дуж-Душэўскі быў прысуджаны да 25 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці, аднак затым тэрмін зняволення скарацілі да 10 гадоў. Па стане здароўя датэрмінова вызвалены з турмы ў 1955 г. Памёр Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі 25 лютага 1959 г. ў Каўнасе, пахаваны там жа на Петрушанскіх могілках.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка