Дзівосны Мірскі край




Дата канвертавання09.08.2018
Памер55.31 Kb.
Аддзел адукацыі спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа г.п. Мір»



Дзівосны Мірскі край

Аўтар: Нячай Аліна Мікалаеўна, 10 клас

Кіраўнік: Смольская Алена Аліеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

тэл: +375293523291

Люблю зямлю, дзе нарадзіцца выпала,

Дзе след майго маленства на вачах,

Дзе першыя расінкі сонца выпіла

На травах, на калоссі, на вачах…



Р. Тармола-Мірскі

Малая радзіма… Гэта тое месца, дзе чалавек нарадзіўся, вырас, вучыўся, дзе жывуць яго родныя. Месца, дзе кожны знаходзіць выток жыццёвых сіл, куды прыходзіць, каб атрымаць лекі ад гора або набыць трываласць для пераадолення цяжкасцей. Гэта той мілы куток, любоў да якога пасяляецца ў сэрцы чалавека назаўсёды. Гэта край нашых продкаў, працавітых і мудрых людзей, якія пакінулі нам у спадчыну шматвекавыя здабыткі. А што мы ведаем пра сваіх продкаў, пра гісторыю родных мясцін? Што можам сказаць пра навакольныя ўрочышчы, адкуль у іх тая ці іншая назва?

Гарады, мястэчкі, вёскі, як і людзі, маюць сваю гістарычную памяць. Яна – у велічных храмах і старых будынках, у назвах вуліц. Гэта памяць – бясцэнная крыніца духоўнасці, што жывіць у нашчадкаў любоў да сваёй бацькаўшчыны. Малая радзіма са сваёй уласнай гісторыяй з’яўляецца часцінкай Радзімы вялікай. Менавіта таму 2018-ы год у Беларусі абвешчаны Годам малой радзімы.

Родны кут… Зямля бацькоў, зямля, дзе чалавек зрабіў першыя крокі. Яна заўсёды мае асаблівую прывабнасць, чароўную сілу. Усё на гэтай зямлі – самае дарагое, самае блізкае, і, куды б цябе ні закінуў лёс, ніколі не парвецца з ёй душэўная сувязь. Гэта зямля – зямля нашай роднай Міршчыны, з яе чароўнымі куткамі прыроды, з ціхімі павольнымі рэкамі, блакітнымі азёрамі, зялёнымі лясамі. Калі трапляеш у гэтыя мясціны, то яны зачароўваюць назаўсёды, прымушаюць вяртацца сюды зноў і зноў.

Для мяне малой радзімай з’яўляецца гарадскі пасёлак Мір. Ён мае багатую гісторыю, якая цікавіць як саміх жыхароў пасёлка, так і турыстаў.

У многіх выклікае цікавасць пытанне аб паходжанні назвы Мір. Не адно пакаленне гісторыкаў і даследчыкаў ламала над ім галаву, аде да адзінай высновы так і не прыйшлі. Таму ўзнікла шмат версій паходжання назвы. Згодна з адной, тут калісьці быў заключаны мір паміж крыжаносцамі і літоўскімі князямі. Другая версія зыходзіць са старажытнага значэння слова “мір” – сход жыхароў мясцовасці, дзе вырашаліся важныя грамадскія справы. Назву мястэчка можна растлумачыць і па-іншаму: “мір” – гэта пашыранае скарачэнне слова “эмір” – князь, валадар, начальнік ваяроў-татараў, што размяшчаліся тут з ХІV стагоддзя. Якая з версій больш дакладная, ніхто не ведае. На маю думку, такая шматварыянтнасць паходжання назвы толькі пацвярджае, што Мір – гэта цудоўнае месца ў Беларусі, якое тоіць у сабе мноства таямніц і загадак.

У розныя часы Мір належаў розным уладальнікам. З 1490 года яго гаспадаром стаў Юрый Ільініч, які і распачаў будаўніцтва замка. Дакладная дата з’яўлення замка невядомая, але першыя згадкі пра яго ў пісьмовых крыніцах адносяцца да 1527 года. Апошнім уладаром Мірскага замка быў Міхаіл Святаполк-Мірскі, які пачаў аднаўляць яго ў пачатку 20 стагоддзя.

Наш Мірскі замак велічна стаіць,

Як у люстэрка, ў возера глядзіць.

Не шмат у свеце ёсць такіх багатыроў,

Што выжылі й жывуць сярод вякоў.

Велічны і высакародны Мірскі замак з’яўляецца сапраўдным дыяментам не толькі нашай малой радзімы, але і ўсяго свету. Нездарма ў 2000 годзе ён першым з беларускіх помнікаў быў унесены ў спіс Сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны ЮНЕСКА як з’ява неацэннага гістарычнага багацця. Магутныя сярэднявечныя сцены, вузкія пераходы, стромкія лесвіцы і велічны знешні выгляд Мірскага замка нязменна ствараюць карціны з гістарычных фільмаў: вось да брамы замка пад'язджае карэта ў суправаджэнні рыцараў, вось дзяўчына ў шыкоўнай пышнай сукенцы падымаецца па крутой лесвіцы, вось у зале каля каміна князі за кубкам медавухі вядуць цікавую гутарку...

Мір ніколі не ўражвае чалавека часткова, ён заўсёды ўспрымаецца цалкам, бо кожная вуліца, кожная хаціна нясе на сабе пячатку гістарычнага мінулага гэтай зямлі. І замак, быццам вялізная птушка, што раскінула крылы, баронячы паселішча ад бяды і ліхалецця, лунае над усім гэтым ціхім і спакойным хараством. Убачыўшы маляўнічы краявід, вы ўжо ніколі не зможаце сабе ўявіць замак без Міра альбо Мір без замка.

У мястэчку ёсць яшчэ некалькі выбітных архітэктурных помнікаў, якія з’яўляюцца важнымі складнікамі беларускай культурна-гістарычнай спадчыны. З паўднёвага боку замка раскінуўся жывапісны італьянскі парк з вадаёмам, з заходняга – англійскі пейзажны парк, у цішы якога размешчана царква-пахавальня, апошні прытулак князёў Святаполк-Мірскіх.

У цэнтры пасёлка, на ўсходнім баку гандлёвай плошчы, размяшчаецца Свята-Траецкая царква. Яе будаўніцтва пачалося ў 1533 годзе.

На паўднёвым баку гандлёвай плошчы пабудаваны Мікалаеўскі касцёл. Спачатку ён быў драўляны, пазней узведзены мураваныя сцены. Касцёл проста дыхае “старажытнасцю”, унутры яго адчуваецца нейкі сярэднявечны холад нават у самае гарачае надвор’е. Архітэктура касцёла, які добра бачны ад Мірскага замка, выдатна з ім гармануе.

Дзівосная наша мірская зямля! Зямля, дзе скрыжаваліся не толькі дарогі ў розныя месцы ды гарады нашай зямлі беларускай. Тут сышліся шляхі розных людскіх культур. На працягу некалькіх стагоддзяў у мястэчку ў міры і згодзе пражывалі людзі розных нацыянальсцей і веравызнанняў. І зямля гэтая назаўсёды ўвабрала ў сябе ўсё цяпло і багацце людскіх душ. Ці не таму людзі тут асаблівыя?

Зямля, багатая на таленты,

Нам падарыла шмат сыноў,

Яны Радзіму ўслаўляюць,

А іх вытокі – Мірскі дом.

Славутыя землякі ёсць у кожным краі. Як правіла, гэта людзі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё навукі, літаратуры, праславілі свой родны кут у розных сферах жыцця. Мірская зямля не з’яўляецца выключэннем. Лепшай памяццю пра чалавека застаюцца яго добрыя справы. Пасля нашых знакамітых землякоў засталася багатая творчая, навуковая, літаратурная спадчына. Мы, жыхары Міршчыны, з поўным правам можам ганарыцца сваімі землякамі. Сярод іх Р. Тармола-Мірскі, В. Іпатава, А. Ільінскі, С. Майман, У. Сыракомля, Я. Запруднік і інш.

Убачыць і даведацца пра свой край можна або на ўласныя вочы, або з дапамогай кніг. Моладзь, на жаль, мала ведае аб гісторыі і сучаснасці роднага краю. Калі спытаем любога маладога чалавека аб той ці іншай гістарычнай асобе, памятным знаку, брацкай магіле або аб тым, чыё імя носіць канкрэтная вуліца, мы не заўсёды пачуем правільны адказ. А ўсё гэта наша спадчына, нашы вытокі. Таму актуальнае значэнне набывае развіццё краязнаўства. Асаблівая роля ў гэтым належыць нам, жыхарам роднага мястэчка.Мірскі край мае адметную прыроду, самабытную культуру, багатае мінулае, якое неабходна вывучаць і зберагаць для будучых пакаленняў шляхам развіцця пошукавай, турыстычнай і даследчай дзейнасці.

Спадчына – гэта наша мінулае, наша памяць, а памяць – гэта наша сумленне. Ведаць, шанаваць, берагчы гісторыю родных мясцін – мэта кожнага чалавека, улюбёнага ў свой родны край.

Закончыць сваё сачыненне я хачу вершам нашага земляка Рамана Тармолы-Мірскага “Бацькаўшчына”:

Зямля сыноў, зямля бацькоў!

Што даражэй для чалавека!

З усіх вышынь, з усіх бакоў

Яна мілейшая спрадвеку.

Як нарадзіліся, бяром

Пачуцці шчырыя любові!

У гаманлівасці бароў,

У сінім небе, родным слове.

І што з таго, што на зямлі!

У нас часовая прапіска



Не, колькі б мы ні пражылі –

За ўсё паклон ёй самы нізкі!


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка