Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Нацкая сярэдняя школа імя М. Д. Шастакова Крупскага раёна”




Дата канвертавання07.02.2017
Памер92.12 Kb.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Нацкая сярэдняя школа

імя М.Д.Шастакова Крупскага раёна”

Сцэнарый ранішніка-спартландыі,

прысвечанага 70-годдзю Перамогі,

у акцябрацкіх групах

6 – 11 гадоў

Панкавец Святлана Аляксандраўна

педагог-арганізатар

222032 Мінская вобласць

Крупскі раён аграгарадок Нача

вуліца Сурына д.3

37-3-27
Ранішнік праводзіцца у спартыўнай зале школы.

На свята запрошаны госці: бацькі вучняў, настаўнікі, піянеры.

Абсталяванне: музычны цэнтр, спартыўныя прылады (кеглі, абручы, шнуры, мячы, пластмасавыя талеркі.

Чытальнікі і вядучыя: Піянеры (вучні 5-8 класаў)

(Гучыць сігнал "Слухайце усе!".)

1 Чытальнік:

Гарматным рэхам вёсны адгулі.

Рунеюць зноў жытнёвыя палі.

Ды толькі смутак наш і дні трывог

Застылі ў абелісках ля дарог.

2 Чытальнік:

І кожны год, нібыта ўпершыню,

Прыходзім мы да Вечнага агню,

Нясём паклон, душы ўспамін:

— Нам не забыць ліхіх хвілін.

1 Вядучы: 70 гадоў прайшло з таго часу, як скончылася Вялікая Айчынная вайна. I кожны год у гэтыя вясновыя дні наш народ узгадвае грознае ваеннае ліхалецце, ушаноўвае памяць загінуўшых, бо час не ўладарны над памяццю людзей.

3 Чытальнік:

Такою дыхала ўсё цішынёй,

Здавалася, што ўся зямля заснула.

Хто ведаў, што між мірам і вайной

Бы нейкіх пяць хвілін мільгнула.

(Гучыць грамзапіс песні "Свяшчэнная вайна" — сл. В. Лебедзева-Кумача, муз. А. Аляксандрава.)

2 Вядучы: Ранішнюю цішыню 22 чэрвеня 1941 года разарвалі залпы тысяч гармат. Вайна абарвала мірную працу савецкіх людзей. Першы удар ворага прынялі на сябе пагранічнікі і воіны Брэсцкай крэпасці. Кожны дзень Вялікай Айчыннай вайны быў подзвігам на фронце і ў тыле ворага, праўленнем вялікай мужнасці і стойкасці людзей, вернасці Радзіме. Верш “Валя” чытае вучаніца 7 класа. Гэты верш прысвечаны Валі Зенкінай – юнай абаронцы Брэсцкай крэпасці.

Валя.

Мечыслаў Шаховіч

Вярба схілілася над хваляй…

А мне здалося ў час трывогі,

З палону вырваўшыся, Валя

У мухаўцы палошча ногі.


Як піянерская паверка,

Гучаць над брэстам сёння песні,

Якая Валя піянерка

Цераз віхор вайны пранесла…


Яе дзяцінства гульні, мары –

Фашысты ранкам расстралялі.

Вайна навісла страшнай хмарай

Над піянерскім летам Валі.


Ды застрачылі кулямёты,

Пісалі мужнасці старонкі,

Ішлі ў бяссмерце патрыёты,

І валя стала іх арлёнкам.


…Збіраюцца сябры па зброі

Штогод у крэпасць на паверку.

І сярод іх, сярод герояў,

Заўсёды Валя-піянерка.



4 Чытальнік:

Ад бяскрайняй раўніны сібірскай

Да палескіх лясоў і балот

Падымаўся народ багатырскі,

Наш адважны савецкі народ.

Ён выходзіў свабодны і правы,

На вайну адказваючы сілай,

Пастаяць за родную дзяржаву,

За магутную нашу краіну.

1 Вядучы: Побач са сваімі бацькамі родны край абаранялі і дзеці. Яны збіралі зброю, цёплае адзенне для байцоў, хадзілі ў разведку, працавалі на заводах, выступалі з канцэртамі перад параненымі ў шпіталях. I, як дарослыя, гінулі за Радзіму.

1 Чытальнік:

Не шкадавалі ёй свайго жыцця,

Не шкадавалі і свайго юнацтва…

Імёны іх святыя для Айчыны,

Для ўсіх жывых жывымі будуць заставацца.

2 Вядучы: Звыш 25 мільёнаў чалавек загінулі ў той жорсткай і бязлітаснай вайне. Сярод іх — Аляксандр Матросаў, Зоя і Марыя Комар, Людміла Чалоўская, Марат Казей і многія, многія іншыя. Шматлікіх сваіх жыхароў недалічылася і беларуская зямля. Верш “Юны герой” чытае вучаніца 6 класа.

Юны герой.

Артур Вольскі.

Матуля загінула,

бацька загінуў,

і вёску фашысты

спалілі датла.

У стан партызанскі

лясная сцяжына

Марата Казея

тады прывяла.

Пазнаў ён навуку

разведкі і бою,

балоты і рэкі

адольваў уброд.

Хто думаў, хто ведаў,

што стане героем

хлапчук чатырнаццаці год.

У лес ён вяртаўся

з разведкі аднойчы,

а поле і ўзлесак

ахутаў туман.

Халоднаю ноччу

папаў у засаду

хлапчук-партызан.

Апошні патрон

у апошняй абойме.

Ды з ворагаў хлопец

не зводзіў вачэй.

Кальцо на гранаце намацаў рукою:

- Ану, падыходзьце бліжэй!..

- Здавайся! –

крычалі


чужынцы Марату. –

Здавайся!

Жыццё

мы даруем табе…



А ён у адказ

узнімае гранату

фашыстам - на гібель,

на славу – сабе.

І грымнула рэха

па лесе імшыстым.

З металам змяшаўся

ўзарваны дзірван.

Палеглі снапамі

навокал фашысты.

Ды сам партызан

памірае ад ран…

Асветлена сонцам

лясная паляна,

і кветкі наўкола

вядуць карагод.

На гэтай паляне

хлапчук пахаваны –

герой чатырнаццаці год.

2 Чытальнік:

Зямля мая бой прымала ад стара і да мала,

Ад стогадовага Талаша да Казея-малыша.

I падаў, распасцёрты, кожны чацвёрты.

Кожны чацвёрты быў мёртвы.

3 Чытальнік:

Мір і спакой ім вечны!

Кожны трэці быў змораны, скалечаны і знявечаны.

Колькі прапала без вестак, без пахаванняў, памінак!

А колькі потым дзетак узарваліся на мінах.

1 Вядучы:

Помните!


Через века, через года —

Помните!


О тех, кто уже

Не придет никогда, —

Помните!

(Аб'яўляецца хвіліна маўчання.)

4 Чытальнік:

Голас міру

Хай б'ецца хваляй

У бераг круты,

У прычалы Нью-Йорка,

У докі, фарты.

Хай на плошчах Еўропы

Сцягамі шуміць.

Хай праносіцца ён

За маланку хутчэй —

Гэты голас

Мільёнаў працоўных людзей!

Незмаўкальна няхай

І ўдзень, і ўначы

Па-над светам усім

Голас міру гучыць.



2 Вядучы: Наша Беларусь – гэта сапраўдная зямля герояў. Мы ганарымся сваімі землякамі – Героямі Савецкага Саюза Міхаілам Дзянісавічам Шастаковым і Мартынам Акімавічам Сурыным.

Зямля герояў.

Пятро Прыходзька.

Салдаты ў суровым змаганні

Прайшлі пераможны свій шлях.

І сёння ў зялёным убранні

Квітнее герояў зямля.

Зямля гэта – Бацькі Міная,

Яго ўсіх дачок і сыноў.

Яна нашу ласку прымае

За подзвіг мільёнаў бацькоў.

Дзе сонцам праменяцца ружы

Ў садах па-над быстрай Дзвіной,

Мы сцежкамі Веры Харужай

Праходзім юнацкай гурбой.

Удалеч на многія вёрсты

Прасторамі роднай зямлі

Праз ночы, варожыя дзоты

Байцы к перамозе ішлі.

І там, дзе грымелі паходы

Да дня пераможнай вясны.

Красу беларускай прыроды

Мы ўткалі ў свае дываны.



1 Вядучы: Каб полымя бойкі не ўспыхнула зноў, каб на зямлі быў мір, краіна павінна быць моцнай, мець добра абучаную армію. Пройдзе няшмат гадоў, і сённяшнія хлопчыкі і некаторыя з дзяўчынак стануць салдатамі — абаронцамі сваёй Радзімы. Ад іх фізічнай падрыхтоўкі, ведаў у пэўнай меры будзе залежаць мір і спакой людзей на ўсёй зямлі. Верш “Наша Армія” гучыць у выкананні вучняў 3 класа.

Наша Армія.

Аляксандр Пархоменка.

Жыта стала, як сцяна,

І шуміць паволі,

А калісь ішла вайна

І на гэтым полі.


Вунь бялее абеліск

Над крутой гарою:

Тут загінулі калісь

Слаўныя героі.


Хоць у полымі вайны

Голавы схілілі,

А сваю зямлю яны

Смела баранілі.


На узлессі, у кустах,

За густой пшаніцай

Днём і ноччу на пастах –

Хлопцы на граніцы.


Берагуць пакой і мір,

Гарады і хаты,

Неба, лес і стэпаў шыр

Нашыя салдаты.


Каб ніколі больш ліхі

Не паткнуўся вораг,

Ў нашай Арміі сухі

Ёсць заўсёды порах.



2 Вядучы: А зараз мы з вамі пачнём 2 частку нашага свята. Правядзенне спартыўных гульняў да Дня Перамогі становіцца добрай традыцыяй. Сёння прымаць удзел у спартыўных спаборніцтвах будуць дзве каманды — "Салют" і "Перамога", у склад якіх уваходзяць вучні і іх бацькі.

(Выбіраецца журы, прадстаўляюцца каманды.)

Вядучы аб'яўляе пачатак спаборніцтваў.

1. Складзі сказ. Удзельнікам каманд прапануюцца карткі са складамі, з якіх яны, пераадолеўшы перашкоды, павінны скласці сказы "Перамозе — слава!", "Подзвігу— 70 гадоў!". Дарослыя члены каманд пераскокваюць праз нацягнутыя шнуры, дзеці пралазяць пад імі, затым усе прабягаюць па спартыўных лаўках.

2. Пераноска снарадаў. Удзельнікі каманд па чарзе адзін за адным пераносяць, пераадольваючы перашкоды (пераступаюць праз лаўку, абмінаюць абручы і да т. п.), у дзвюх руках кеглі (снарады) з аднаго месца ў другое.

3. Сапёры. Прадстаўнікі ад кожнай каманды павінны сабраць за хвіліну як мага болей мін (пластмасавых талерак).

4. Снайперы. Прадстаўнікі ад каманд збіваюць мячамі кеглі.

5. Конкурс для балельшчыкаў "Адгадай мелодыю". Балельшчыкі адной каманды спяваюць па куплету песні ваенных гадоў, балельшчыкі другой каманды называюць песню, і наадварот.

6. Ваенныя санітаркі. Дзяўчаты з каманд павінны дабрацца да "параненых", зрабіць перавязку і вярнуцца разам з імі да каманд.

7. Пераправа. Удзельнікі каманд перапраўляюцца праз "балота", пераскокваючы з абруча ў абруч.

Журы падводзіць вынікі спартыўных гульняў. Членам каманд уручаюцца медалі першай або другой ступені, зробленыя з кардону. Затым удзельнікі каманд і балельшчыкі становяцца ў круг і спяваюць песню "Хай заўжды будзе сонца".

Выкарыстаная літаратура

1.Ад скарбаў роднае зямлі : зборнік сучаснай беларускай паэзіі. – Мн. : Народная асвета, 1976. – 190 с.

2. Адышлі тыя годы, адгрымелі паходы…: Вялікая Айчынная вайна ў беларускім мастацтве : рэкамендацыйны паказальнік літаратуры / аддзел мастацтва ДУК “Гродзенская абласная бібліятэка імя Я.Ф. Карскага”. – Гродна, 2009.

3.Касцючкова,І.С. Хтосьці родам з дзяцінства, а я – з вайны : вечар памяці, прысвечаны дзецям вайны / І.С. Касцючкова // Бібліятэка прапануе. 2008. № 7. С. 25-27.

4. Лясныя песні : паэзія беларускіх партызан. – Мн. : Маст. літаратура, 1974. – 288 с.

5. мая дарагая радзіма. Кніга для пазакласнага чытання ў трэцім класе. Склаў Б.В.Пятровіч. Мн., “нар. асвета”. 1974.

6. Песні змагання: 1941-1945 : вершы беларускіх паэтаў. – Мн. : Маст. літаратура, 1986. 448 с.

7. Пранчак,Л. Вольны птах : вершы і песні /Леанід Пранчак. – Мн. : Дзяржаўнае прадпрыемства “Дом прэсы”, 1998. – 64 с. – (Б-ка часопіса “Маладосць”)



8. Рэха ў граніце : вершы пра Брэсцкую крэпасць = Эхо в граните : стихи о Брестской крепости. – Мн. : Маст. літаратура, 1975. – 336 с.

9.Шушкевіч,С. Выбранае : вершы / Станіслаў Шушкевіч. Мн. : Маст. літаратура. – 1988.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка