Этнаграфічны турнір (7-9 класы) Вядучая




Дата канвертавання18.04.2017
Памер72.98 Kb.
Этнаграфічны турнір

(7-9 класы)



Вядучая: Зямля Беларусі! Бары і дубровы,

Жытнёвае поле, шаўковы мурог,

У промнях рабіны заход вечаровы,

Што клёкат буслоў – ручаёў перамовы

І ў шумных прысадах істужкі дарог.

Зямля Беларусі! Вачамі азёраў

Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс,

Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,

Знікаюць па водах, па чорных разорах,

Па травах, абсыпаных кроплямі рос.

Былога быліны, старога паданні

Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны,

Па краю зялёным, прасторах бяскрайніх

Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,

Па хвалях Дняпра і шырокай Дзвіны.

Бацькоў нашых слава на іх узбярэжжах,

Гамоняць пра гэта бары-байкары,

Гамоняць пра гэта і Полацка вежы,

І Турава сцены, і шум Белавежы,

І роднага Мінска сівыя муры.

П. Броўка. Беларусь.

Шырока раскінуліся абсягі беларускай зямлі. Тэрыторыя нашай краіны – каля 208 тысяч квадратных кіламетраў. Беларускі край славіцца гарадамі і вёскамі, рэкамі і азёрамі, багатымі і прыгожымі лясамі, лугамі і палеткамі. Але галоўнае багацце любой краіны – яе людзі, якія жывуць тут, ствараюць матэрыяльныя і духоўныя багацці, зберагаюць іх, каб перадаць нашчадкам. Таму тэма нашага сённяшняга этнаграфічнага турніра – Беларусь і беларусы.


Першы тур. Размінка.

У мяшэчку запіскі з нумарамі пытанняў, удзельнікі каманд па чарзе іх дастаюць і называюць нумар. Вядучы гульні зачытвае пытанне пад дадзеным нумарам. На абмеркаванне даецца 1 хвіліна. За правільны адказ – 1 бал.

Пытанні:
1.Як называўся вядомы з XVI ст. лялечны тэатр на Беларусі ? ( Батлейка )
2.Назавіце народнага ўмельца, які зрабіў славуты крыж Еўфрасінні Полацкай . (Лазар Богша )

3. Што дало падставы Уладзіміру Караткевічу назваць нашу Беларусь ,,зямлёю пад белымі крыламі”? (На Беларусі шмат буслоў)


4. Якое возера ў Беларусі называюць беларускім морам? (Нарач)
5.Назавіце ўсе імёны дачкі Рагвалода Рагнеды, растлумачце іх паходжанне. ( Гарыслава – даў муж Уладзімір у памяць аб знішчэнні Полацка, Анастасія – далі ў манастыры )

6.Якою была мянушка князя Усяслава Брачыслававіча? Чаму?(Чарадзей )


7.Назавіце імя першай беларускай жанчыны, прызначанай царквой да

ліку святых. ( Еўфрасіння Полацкая )

8. Якія існуюць меркаванні, чаму наш край завецца Белай Руссю?
9. Як называецца беларускае свята, якое ўшаноўвае ўсіх памерлых продкаў. (Дзяды)
Вядучая: Любоў да Радзімы мае перадумовай веданне мінулага свайго народа – яго перамог і паражэнняў, здабыткаў і страт, яго герояў, мысліцеляў, вялікіх майстроў.

Нам продкаў кемнасць захавала

Шмат весцяў дзіўных з быўшых год,

Хоць гэтых весцяў ўжо нямала

Ў няпамяць кінуў нам народ.

Усё ж яшчэ штось засталося

Унукам з прадзедаў жыцця…

Няхай жа гэтыя калоссі

Мінуць скаранне небыцця!

Янка Купала. Урывак з паэмы ,,Магіла льва”.


Другі тур. Гістарычны.

Каманды запісваюць адказы на лістках ,,адным сказам”. За кожны правільны варыянт – 2 балы.


1. ,,Магнацкі капрыз”.Усе вы чулі пра род беларускіх магнатаў Радзівілаў. Гэта былі вельмі магутныя ўладары. Як і ва ўсіх багатых і магутных, у іх былі свае дзівацтвы. Аднаму з іх аднойчы захацелася праехацца на санях. Але на дварэ стаяла лета. Што зрабіў гэты багаты чалавек, каб задаволіць сваю прыхамасць?
(Засыпаў дарогу соллю. На той час гэта было вельмі дарагой забавай,

бо соль каштавала многа грошай.)

2. ,,Княскае выратаванне”. Аднойчы Ягайла зняволіў Вітаўта ў Крэўскім замку і загадаў моцна сцерагчы. Аднак Вітаўт уцёк. Яму дапамагла яго жонка Ганна, якая кожны вечар з прыслугай прыходзіла да мужа. Якім чынам Вітаўту ўдалося збегчы з палону?

(Вітаўт пераапрануўся ў адзенне прыслугі, а тая засталася замест яго ў крэпасці.)


3. ,,Помста”. Тысячу гадоў таму здарылася падзея, якую палічылі неабходным занатаваць летапісцы: полацкая князёўна Рагнеда зрабіла замах на жыццё свайго мужа, вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча. Наколькі вядома, нічога падобнага ў гісторыі ўсходніх славян больш не здаралася. За забойства мужа, нават за няўдалы замах, па законах веку князёўну абавязкова чакала смерць. Князь Уладзімір адпомсціў сваёй мяцежнай жонцы пакараннем, мабыць, больш страшным, чым смяротны ўдар мяча. Якім было пакаранне?
( Рагнеда мела ад Уладзіміра трох сыноў і двух дачок. Праз некалькі дзён пасля замаху Рагнедзе абвясцілі, што яна больш ніколі не ўбачыць сваіх дзетак, апроч Ізяслава, разам з якім ссылаецца на жыхарства ў глухмень да вытокаў Свіслачы.)

Вядучая: Народ мой, дзякуй, што нідзе

Мяне балюча не ўпікнулі

За твой далёкі век мінулы,

За сённяшні твой сіні дзень.

Г. Бураўкін. Народ мой…

Многія пісьменнікі і паэты часта ў сваёй творчасці звярталіся і звяртаюцца да нашай мінуўшчыны, да народнай спадчыны. Хто яны?



Трэці тур. ,,У каралеўстве крывых люстэркаў”.

У Каралеўства крывых люстэркаў трапілі літаратурныя прозвішчы і імёны некаторых пісьменнікаў і паэтаў. Як вядома, у гэтым каралеўстве ўсё рабілася наадварот, а тут яшчэ і літары пераблыталіся. За тры хвіліны трэба даць адказ на пытанне: ,,Хто трапіў у Каралеўства?” За правільны адказ – 1 бал.

Міксам Човінбагда - Максім Багдановіч
Кіртомз Ядлубя - Змітрок Бядуля
Бяку Солак - Якуб Колас
Рімузділа Чівактерак - Уладзімір Караткевіч
Ксімам Нкат - Максім Танк
Акян Пулака - Янка Купала
Сіваль Кабыў - Васіль Быкаў

Вядучая: Беларусы заўсёды адзначаліся працавітасцю, калі пачыналі рабіць любую справу, то абавязкава рабілі яе дасканала. Прывучалі да працы дзяцей. І так было заўсёды.

Дзяцей бацькі вучылі строга

Любіць саху, пчалу, зямлю

І аднаму маліцца богу –

Нялёгкай працы мазалю.

Е. Лось. Продкі.

Сёння мы пагуляем з вамі ў гульню ,,Работнікі”, якая вядома з пачатку XX ст. У яе ў свой час гулялі сялянскія дзеці, якія паўтаралі тое, што бачылі ў жыцці.
Чацвёрты тур. ,,Работнікі”.

Неабходна хутка і дакладна даць адказ на пытанне. Каманды адказваюць па чарзе. За правільны варыянт адказу – 1 бал.

Мы ўмелыя работнікі, аратыя і плотнікі, сена касілі, будавалі дом, што рабілі… тапаром? - …рубілі.

Далей па ўзору:

Мы ўмелыя работнікі, аратыя і плотнікі, сена касілі, будавалі дом, што рабілі…
нажом для рэзкі торфу - …(рэзалі);

цапамі - … (малацілі);

касой - … (касілі);

лазой - … (плялі лапці);

рубанкам - … (стругалі);

рагачом - … (пераварочвалі сена);

драўлянай сахой - … (акучвалі бульбу);

бараной - … (баранавалі поле);

плугам - … (аралі).
Вядучая: А вы ведаеце, што беларусы, папрацаваўшы шчыра і старанна, любілі і смачна паесці? Ды і цяпер любяць. Бульба, як вядома, у беларусаў лічыцца другім хлебам. У. Караткевіч у нарысе ,,Зямля пад белымі крыламі” сцвярджае, што беларусы ведаюць многа страў з бульбы, і ўказвае прыблізную колькасць.

- Якая ж лічба называецца беларускім пісьменнікам? (Тысяча.)

Але не адной толькі бульбай быў сыты беларус. Ды і не любіў есці ў самоце. Ні для каго не сакрэт, што больш гасціннага чалавека цяжка знайсці ў свеце.

Трапіць госць у будзень, а ці ў свята:

- Калі ласка, калі ласка ў хату!

Не паспелі сесці пры сустрэчы,

Як патэльня засквірчэла ў печы,

Ды і чарка бліснула дарэчы.

Бульба, смажаніна і каўбаска,

Пакаштуйце, людцы, калі ласка!

П. Броўка. Калі ласка.
Пяты тур. ,,Смачны”.

У вас на картках запісаны назвы беларускіх народных страў і словы “самазванцы”.


Жур, магерка, поліўка, мачанка, конаўка, верашчака, брында, хрусты, панёва, глазуха, мянташка, локшыны, ламанцы, мачыльня, наліснікі, абліваха, панцак, калдуны, жырандоль, капытка, жлукта, узвар, збінец, гэбель. (Вылучаныя — не стравы)

Вядучая: Песня. Непаўторная і незабыўная беларуская народная песня.
Калі марнею ад нягод

І сэрцу цесна,

Я ўспамінаю родавод

І продкаў песні.

А. Пісьмянкоў. Продкі
Шосты тур. ,, Песенна - творчы”.

Дапісаць прыпеўкі па дадзеных пачатках. За выкананне задання – 2 балы.



  1. Мне не трэба пуд мукі,

Мне не трэба сіта…

(Мяне мілы пацалуе –

Цэлы тыдзень сыта.)


  1. Што за я, што за я,

Што за маладзіца…

(Шыла міламу штаны –

Выйшла рукавіца.)


  1. А ў майго мілёначка

Худа кабылёначка…

(Не даехаў да гары:

Кабылу з’елі камары.)
Вядучая: Вось і скончыўся наш турнір. Падвядзем яго вынікі.
Калі беларус хоча ўсвядоміць сябе беларусам, ён рана ці позна звяртаецца да гісторыі, да культуры свайго народа. Кожны чалавек павінен ведаць, дзе яго карані, адкуль ён родам, як жылі яго дзяды і прадзеды, як і чым сустракалі гасцей, якія мелі звычаі і традыцыі.
,, На Беларусі Бог жыве “, -

Так кажа мой просты народ.

Тую праўду сцвярджае раса ў траве

І адвечны зор карагод.

Тую праўду сцвярджае

Упартасць хваль, і продкаў запавет,

І мовы залатая сталь, і нашых дум сусвет.

У. Караткевіч. ,,На Беларусі Бог жыве”.






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка