Фальклорна-этнаграфічныя матывы ў лірыцы А. Разанава (даследаванне) Т. М. Ярашэвіч




Дата канвертавання16.04.2018
Памер198.76 Kb.


Фальклорна-этнаграфічныя матывы ў лірыцы А.Разанава

(даследаванне)

Т.М.Ярашэвіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №8 г.Барысава»

Агафонава Вераніка, вучаніца 11 класа Дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №8 г.Барысава».
Выхаваўчае ўздзеянне культурнай спадчыны нашага народа на вучняў яскрава праяўляецца пад час удзелу іх у пошукава-даследчай дзейнасці. Вынікам такой дзейнасці і цікавым матэрыялам для далейшага выкарыстання пры вывучэнні творчасці Алеся Разанава стала вучнёўская даследчая работа на тэму “Фальклорна-этнаграфічныя матывы ў лірыцы Алеся Разанава”. У рабоце праводзяцца паралелі паміж крыніцамі фальклорна-этнагарафічных даследаванняў і творчасцю сучаснага беларускага паэта А.Разанава.

Значнасць работы заключаецца ў тым, што атрыманыя ў выніку даследавання матэрыялы паглыбляюць веды па этнаграфіі і ролі фальклорна-этнаграфічных матываў у сучаснай беларускай літаратуры. Практычная значнасць работы заключаецца ў выкарыстанні вынікаў даследавання на ўроках беларускай літаратуры, факультатыўных занятках і ў пазакласных мерапрыемствах.

Праз напісанне дадзенай даследчай работы і ўдзел ў навукова-практычных канферэнцыях ўзнікла магчымасць трансляцыі і папулярызацыі этнафальклору беларусаў сярод прадстаўнікоў сучаснай моладзі.
Мэтаспроба вызначэння аўтарскай канцэпцыі духоўнага космасу нашых продкаў у лірыцы Алеся Разанава .
Задачы:

- асэнсаваць значэнне фальклорнай сімволікі беларусаў у традыцыйнай народнай культуры;

- даказаць, што аўтарская канцэпцыя духоўнай культуры беларускага народа ў вершах А.Разанава грунтуецца на фальклорна-этнаграфічнай спадчыне.
Актуальнасць даследавання заключаецца ў тым, што сфера бытавання традыцыйнай культуры беларусаў паступова звужаецца, і, каб не страціць духоўную спадчыну нашага народа назаўседы, трэба далучаць дзяцей і моладзь да народных традыцый, звычаяў, культуры, зберагаць іх і перадаваць наступным пакаленням. Веданне народнай культуры дапамагае зразумець жыццё, свае месца ў ім, будаваць нашы ўзаемаадносіны ў суадносінах з законамі прыгажосці і гармоніі, узаемаразумення і суперажывання. Навуковых прац па фальклоры і этнаграфіі сення дастаткова многа, але навізна дадзенай работы заключаецца ў даследаванні фальклорна-этнаграфічнай спадчыны праз прызму сучаснай беларускай паэзіі.
1. Уводзіны.

1.1. Фальклор - крынiца пазнання народа

Спадчына - для нас усе яшчэ мерапрыемства. Для таго каб яна стала рэальным, а не ўмоўным фактарам культурнага жыцця і фактарам свядомасці, яна мусіць знаходзіцца не толькі там, але і тут, не толькі ў гарызантальным пласце сваей гістарычнай эпохі, але і ў вертыкалі пастаяннага дыялогу з наступнымі пакаленнямі.

А.Разанаў

Сувязь сучаснай беларускай паэзіі з фальклорам - адна з адметных асаблівасцей сучаснага літаратурнага працэсу. Фальклор успрымаецца сёння як важнае звяно ў гісторыі культурнага развіцця беларускага народа, як неад’емная частка яго духоўнага патэнцыялу.“Мастацкае ўвасабленне непарыўнай духоўнай сувязі асобнага чалавека з вопытам народа заканамерна ўключае ў сябе зварот да народных традыцый. У сучаснай беларускай паэзіі ён выражаны ў шырокім дыяпазоне індывідуальных творчых магчымасцей, разнастайнасці мастацкіх падыходаў: ад увасаблення ідэі ўсім вобразным ладам паэтычнага твора да публіцыстычнай яе завостранасці, ад выяўлення традыцыйных ідэалаў і ацэнак у жыццёва дакладным змесце паэтычных сітуацый да паэтызацыі іх у процівагу якому-небудзь утылітарнаму сэнсу”.

Фальклор ужо самім сваім зместам дае каштоўны матэрыял для выражэння народнай духоўнасці. Ен утрымлівае ў сабе і багацце рэалій народнага жыцця і выражае маральнае пачуццё, непарыўна звязанае з эстэтычным, адлюстроўвае характар паводзін чалавека ў калектыве, у пэўнай сацыяльнай групе. Таму рэальнасць бытавання фальклору з’явілася для многіх паэтаў адной з галоўных крыніц паэтычнага пазнання самога народа, народнага характару і светаразумення.

Пры гэтым уся разнастайнасць сувязей літаратуры з фальклорам падпарадкавана сучаснаму погляду на свет, здольнаму пранікаць у глыбіні народнай памяці і псіхалогіі.Таму часта ў сучасным паэтычным кантэксце традыцыйна-фальклорныя ўяўленні набываюць новае гучанне і тым самым выяўляюць сваю жыццяздольнасць. Прыкладам вышэй сказанага з’яўляецца творчасць А.Разанава.


1.2. Неардынарнасць творчай асобы А.Разанава

Аўтар зборнікаў паэзіі “ Адраджэнне”(1970), “Назаўжды” (1974), “Каардынаты быцця”(1976 ), “Шлях- 360”(1981), “Вастрые стралы”(1988), “У горадзе валадарыць Рагвалод”(1992 ),” Паляванне ў райскай даліне”(1995) , “ Танец з вужакамі” (1999), Алесь Разанаў належыць да прадстаўнікоў так званай інтэлектуальнай плыні ў беларускай паэзіі. Творчасць А.Разанава нельга не назваць унікальнай з‘явай у беларускай літаратуры. З аднаго боку, вобразныя формы яго твораў здаюцца складанымі і дзівацкімі,а з другога боку, разумееш, што гэта формы арганічнага самавыяўлення таленту А.Разанава. “Чытаць іх трэба так,як яны задуманы : спачатку схапіць сюжэт,адчуць яго займальнасць,затым заглыбіцца ў сутнасны аспект – роздумы і падтэкст.Трэба даверліва аддацца іх уплыву, разбудзіць у сабе інтуіцыю, ігру падсвядомых сіл, якімі яны народжаны”

Вершы А.Разанава прызначаны не для аднаразовага прачытання, іх засваенне вымагае аналізу, чытацкай інтэрпрэтацыі. Складваецца ўражанне, што выразы і вобразы яго твораў народжаны недзе ў падсвядомасці, а таму і разлічаны перш за ўсе на падсвядомасць. І той, хто не мае крэатыўнага мыслення, іх не разгадае.

А.Разанаў імкнецца выявіць глыбокі сэнс і шматграннасць чалавечага быцця. А яго лірычны герой знаходзіцца ў пастаянным духоўным пошуку. “Пошукі свайго ўласнага “Я” ён пачынае з таго месца, дзе з‘явіўся на свет. Адсюль у паэзіі А.Разанава ўзнікае складаны і неадназначны вобраз Радзімы. Гэта не толькі геаграфічная мясцовасць, дзе чалавек нарадзіўся і вырас. У разуменні аўтара, гэта найперш месца, дзе ён пачаў самаўсведамляць сябе нашчадкам айчыны”. Хутчэй за ўсе гэта абумоўлена выхаваннем паэта ў пэўным асяроддзі, у атмасферы асаблівай духоўнай еднасці людзей. Паэт нарадзіўся ў весцы Сялец Бярозаўскага раена. Бацькі паэта – Сцяпан Іванавіч і Надзея Іванаўна – былі для сына носьбітамі духоўных каштоўнасцей, высокім маральным прыкладам. Гэта яны спрыялі ўсведамленню паэта сынам сваей зямлі, Радзімы, які нясе адказнасць за яе лес, за яе будучыню і таксама за яе мінуўшчыну, бо мінуўшчына – гэта гістарычная і культурная памяць народа. Можа, таму ў творчасці А.Разанава так шмат вершаў, напісаных не проста на сялянскую тэматыку, а ў якіх аўтар імкнецца спасцігнуць космас духоўнага свету свайго народа.


2. Духоўны космас нашых продкаў у паэтычнай канцэпцыі А.Разанава

У сваей манаграфіі “ Якуб Колас : Духоўны воблік героя” І.Навуменка зазначаў : “ Ні адна літаратура так моцна не прывязана да вескі, да зямлі, да вобраза селяніна, да кола яго пачуццяў,уяўленняў, як беларуская”. Сёння, калі сялянская цывілізацыя пачала беззваротна сыходзіць у мінулае, нам асабліва цікавы прырода-цэнтрычны светапогляд, увасоблены ў паэтычных канцэпцыях і мадэлях. Надзвычай удалым паэтычным матэрыялам у гэтым ракурсе і будзе паэзія А.Разанава. Перачытваючы вершы А.Разанава і тэматычна іх групіруючы, аўтарскую паэтычную канцэпцыю духоўнага космасу нашых далекіх продкаў можна адлюстраваць праз дадзены алгарытм.


c:\users\оля\documents\1234567[2].jpg

Чалавек існуе ў часе і прасторы,уключаны ў жыццевую сверу на канкрэтнай тэрыторыі. У гэтым абсягу ён павінен мець свой цэнтр апоры – жытло: хату на зямлі. Для беларусаў хата спрадвеку была ці не самым галоўным матэрыяльна-духоўным аб‘ектам. Станаўленне ў народзе да жытла яскрава выявілася ў прыказках: “Няма нічога мілей за родную хатку”, “Свая хатка як родная матка”, “Свая хата не вораг” і інш. Хата зрабілася асновай народнага светаразумення,гэта надзвычай важны пункт адліку ў прасторава-часавым быцці чалавека ад нараджэння да смерці.

Калі беларускі селянін ствараў і абсталеўваў свае жылле,то пры гэтым акружаў сябе рэчамі, неабходнымі ў хатнім ужытку і працоўнай дзейнасці, і стала суадносіў сябе, свае жыцце з навакольным светам, з жыццем свету прыроды, з жыццем людзей, якія існавалі побач з ім. І менавіта ўсведамленне сувязі чалавечага быцця з навакольнай рэчаіснасцю і нарадзіла такую з ‘яву, як сімволіка рэчавага свету людзей мінулага. Яна азначала здольнасць чалавека пры дапамозе той ці іншай рэчы побыту,працоўнай дзейнасці паўплываць на акаляючыя з‘явы быцця . Такім чынам, скрозь мноства сімвалічных вобразаў, якімі поўнілася жыцце нашых продкаў, ясна бачны інтэнсіўнасць іх духоўнага жыцця і глыбіня іх мыслення.

У сваей творчасці А.Разанаў не адступае ад народных традыцый. Шмат вершаў ён прысвяціў менавіта знешняму выгляду сялянскай хаты, у прыватнасці тым неад'емным часткам яе кампазіцыйнай будовы, якія мелі не толькі практычнае, але і сакральнае значэнне ў жыцці чалавека. Сярод такіх вершаў можна назваць “Комін”, “Парог”, “ Дзверы”, “Акно”, “ Ліштва” і інш.

Кожны куточак хаты, акно, лава, печ, стол, парог выконвалі сваю важную ролю ў паўсядзенным і святочным жыцці сялянскай сям’ і.
2.1. Парог – мяжа паміж мінулым і будучым

Якая ж роля ў жыцці нашых далекіх продкаў адводзілася парогу? Парог быў нечым сакральным, яго ў пэўныя адказныя моманты жыцця (хрэсьбіны, вяселле і інш. ) нельга было абмінуць увагай, пераступіць яго без якіх-небудзь рытуальных дзеянняў. На парозе варажылі дзяўчаты ў калядны вечар; зачапіцца нагой за парог значыла, што павінна нешта здарыцца;гаспадыня хаты не мела права падаць што-небудзь суседцы праз парог; мужчыны ніколі не падавалі адзін аднаму рукі праз парог пры сустрэчы або на развітанне. Перад тым як адправіцца да нявесты, малады праходзіў пад ручніком, які на высока ўзнятых руках трымалі яго бацькі. Дык вось гэтая рытуальная арка чакала хлопца каля парога. Праходзячы пад ей, малады павінен быў прыгнуцца, схіліць галаву—пакланіцца продкам свайго роду.

Якую ж ролю адводзіць парогу А. Разанаў у сваім вершы з аднайменнай назвай “Парог”?
Я б‘ю па парозе нагою – з яго сыплецца парахня.

Але гэткі ен толькі зверху, далей ен трывалы, далей ен моцны-і шашаль яго не стачыў, і цвіль яго не збуцвіла.

Стаіць старая хата, няма ўжо даўно тых людзей, якія ў ей жылі, якія будавалі гэтую хату і гэты парог. А ён стаіць, струхлелы, але “трывалы” і “моцны”. І не толькі таму, што “і шашаль яго не стачыў, і цвіль не збуцвіла”, а таму, што меў не толькі свае практычнае, але і сакральнае прызначэнне. Эпітэты “трывалы” і “моцны” ў вершы А.Разанава наводзяць на думку аб пераемнасці пакаленняў і аб вечнасці роду чалавечага, аб непарыўнай сувязі чалавека са сваім родам. І сувязь гэтая не перарвецца толькі праз памяць. І пакуль жыве памяць пра твой род, ты вечны, таксама “трывалы” і “моцны”.


і адчуваем, што мы гэтаксама парог,

да якога – няма нас, і пасля якога – няма…

Праз асацыятыўнае параўнанне “мы – парог” сцвярджаецца ідэя пераемнасці пакаленняў. Аўтар двойчы выкарыстоўвае слова “шчыры”: “шчыры парог”, “шчырае дрэва”. Шчыры таму, што рабіўся ад шчырага сэрца на доўгія гады – сыну, унуку, праўнуку. Шчыры таму, што шчыра сустракаў радню, суседзяў, гасцей, як кажуць, хлебам-соллю. Шчыры таму, што шчыра ахоўваў памяць продкаў.

Аўтар нібы ставіць чытача недзе на мяжы бытавога і быційнага. ”Есць месца ў набытку і месца ў страты”. І раптам нечаканы паварот да адной з балючых праблем сенняшняй Беларусі – неперспектыўныя вескі: “Хаты чакаюць, што вернуцца людзі”.

Парог – гэта месца, з якога кожны з нас пачынае свой самастойны шлях.Парог – гэта мяжа паміж мінулым і будучым, паміж намі і нашымі продкамі. І кожны павінен памятаць свой парог, і кожны павінен імкнуцца да свайго парога, да свайго роду, да свайго мінулага…

Звяртаючыся да фальклорных матываў, менавіта да сімвала парога ў беларускай народнай культуры, А.Разанаў уздымаецца да вырашэння важных жыццёвых пытанняў не толькі асобнага чалавека, але і сучаснага грамадства.
2.2. “Дамінантнае “ месца коміна

Важную ролю ў пабудове сялянскай хаты меў і комін. Комін быў як бы завяршальным атрыбутам хаты. “ Узвышаючыся над кожнаю страхою”, ён як бы вартаваў хату ад бяды і папярэджваў аб небяспецы. Таму А.Разанаў у сваім вершы адводзіць коміну “дамінантнае” – “каменданцкае” – месца” і “акромнае” становішча”. Асаблівасць значэння коміна перадаецца і праз аўтарскія параўнанні : “ нібы кумір”, “ нібы на нейкі каментар”. У А.Разанава комін “кемлівы “, напэўна, як і яго гаспадар, які ведаў асновы сялянскага дабрабыту і сялянскай народнай культуры : як арганізаваць у гаспадарцы лад і парадак, як задобрыць духаў продкаў, каб яны не крыўдавалі, не заміналі весці гаспадарку.

Вядомы фалькларыст Я.Крук у сваей кнізе “Сімволіка беларускай народнай культуры” піша, што, напрыклад, святкаванне Восеньскіх Дзядоў распачыналася тым, што гаспадар падыходзіў да печы, заглядваў у комін і зваў душы сваіх продкаў. У беларускім фальклоры добра вядомы абрад “ жаніцьба коміна “, які праводзіўся двойчы ў год : у дні веснавога і восеньскага раўнадзенства. Гэты народны абрад быў звязаны з культам “ агню-багача”, хатняга духа-продка. Святам нябеснага агню, павароту сонца на лета была масленіца, таму ў яе гонар запальваўся і агонь зямны, агонь у печы. Да названага абраду комін упрыгожваўся ручнікамі, кветкамі, стужкамі. Трэба сказаць, што комін – гэта яшчэ і плаўнае завяршэнне печы, якой у даўніну належала роля сімвалічнага цэнтра ў хаце. І калі агонь свяшчэннага сямейнага ачага (печы) засцерагаў дом знутры ад бяды і небяспекі, то дым, які ішоў з коміна, выконваў гэтую місію звонку. Цікава адзначыць, што ў мінулыя часы колькасць гаспадарак у весцы ўлічвалася менавіта па колькасці “дымоў.” Дым, які ішоў з коміна, быў сімвалам жыцця.
Комін – камель, які валодае каменнай трываласцю, і акалічнасці пераконваюць яго ў тым, што ўсе міне, а ён застанецца.

Ідэя трываласці як у папярэднім вершы А.Разанава ( “ трывалы парог”), так і ў дадзеным ( “ каменная трываласць “ ) з‘яўляецца вызначальнай у адносінах да нашага народа і яго ўстояў.


2.3. Вокны і дзверы—адмежаванне і сувязь са знешнім светам

Зноў жа нялегка зразумець змест і ідэю вершаў А.Разанава “ Акно” і “ Дзверы”, калі не ведаеш асноў сімволікі беларускага жылля.

Якое ж сімвалічнае, сакральнае значэнне мелі вокны і дзверы ў свядомасці беларускага селяніна?

Апісваючы старажытныя звычаі і вераванні беларускага сялянства, кандыдат філалагічных навук Я.Крук піша, што ва ўсведамленні беларускага народа жыло вельмі моцнае пачуцце неабходнасці сімвалічнага адмежавання прасторы жылля ад прасторы знешняга свету, навакольнай прыроды. Таму вокны і дзверы, з аднаго боку, сімвалізавалі гэта адмежаванне, а з другога боку, ажыццяўлялі сувязь жылля са знешнім светам. Чытаем у А.Разанава (верш “ Дзверы” ):


Дзверы адчыняюцца ў два бакі, у дзве веры :

у прыход і адыход, у прыйсце і выйсце.

Далей :


Дзверы аддзяляюць унутраную прастору ад знадворнай, і той, хто уваходзіць у дзверы, уваходзіць у новае становішча, у новую веру : з

нідзе” – у “дзе”, з дня – у “дзень добры”, з двара – у “дзяржаву”.

Паэт часта звяртаецца да прыемаў інтэлектуальнай гульні са словамі, у выніку чаго яго творы здаюцца цікавымі і нават дасціпнымі. На самой справе, заходзячы ў хату, чалавек трапляе ў канкрэтнае месца, у “ дзе”, па звычаі продкаў вітаецца, гаворачы “ добры дзень”, і ўжо знаходзіцца не проста ў “дзе”, а ў “ дзяржаве”, бо кожная хата – гэта дзяржава са сваімі гаспадарамі, законамі, звычаямі. Гаспадары кожнай хаты па-свойму розныя людзі, і па-свойму яны “ берагуць яе дух, яе мары, яе вярозы”. Акно таксама выступае каналам сувязі са знешнім светам як у фальклорнай сімволіцы нашага народа, так і ў вершах А.Разанава (верш”Акно”) :
Вока хаты, акно спакон веку ўзіраецца ў свет,

і свет спакон веку ўзіраецца ў акно. І таму яно заўседы старое, як сама хата,

і новае, як сам свет.

Але як бы не змяняўся свет, у хаце заўседы існуюць свае, усталяваныя прадзедамі, законы. І законаў гэтых чалавек спрадвеку трымаецца, каб зноў жа не заблудзіцца ў невядомасці.Чытаючы верш, адразу разумееш, што менавіта на апошнім радку аўтар робіць акцэнт,менавіта тут заключаецца галоўная ідэя верша і самога жыцця:


Над акном, у куце, узвышаецца ікона.

Чырвоны кут у нашых продкаў лічыўся самым свяшчэнным месцам у хаце. Уласна кажучы, пачэсны кут (покуць) выконваў ролю невялічкай, прыбліжанай да чалавека копіі храма. З гэтай нагоды ў верхняй частцы кута заўседы вісеў абраз, абавязкова пакрыты прыгожым саматканым ручніком. Кожная рытуальная сітуацыя або святочная падзея, звязаная з асноўнымі этапамі чалавечага жыцця, разгортваліся ў непасрэднай блізкасці да чырвонага кута.

Трэба сказаць, што акно было і слабым месцам у хаце, бо магло стаць месцам пранікнення ўнутр жылля злых сіл. Каб засцерагчыся ад іх пранікнення, людзям патрэбны быў цэлы комплекс спецыяльных сродкаў. Чытаем у вершы А.Разанава :
Акно акантавана каробкаю,перахрышчана рамаю, аздоблена ліштвою, абгрунтавана падаконнікам і ўзаконена аканіцай.
2.4. Эстэтычная і ахоўная роля ліштвы

Вельмі важнай была ахоўная дэкаратыўная сімволіка, якою абрамлялі вокны. Можна сказаць, што ў А.Разанава верш “ Ліштва” з ‘яўляецца плаўным дапаўненнем верша “Акно” :


У хаты – акно, у акна – ліштва : лішак, што надае хаце свой адмысловы кшталт, свае непаўторнае аблічча.

Але эстэтычная функцыя ліштвы – гэта толькі невялікая частка яе прызначэння, асноўная ж яе роля ахоўная, засцерагальная :


Ліштва не стандарт, а штандар, ушаляваны ў саму літару рэчаіснасці : яна вабіць вока і лашчыць думку.

Як бачым, напоўненасць разанаўскага вобраза ўстойліва-народным духоўным зместам дае магчымасць адчуць і ўбачыць праявы народнага жыцця з пункту погляду самога народа. Якую б з‘яву народнага жыцця ні закрануў паэт, усюды ён здолее выказацца ў адпаведнасці з эстэтычна-ўстойлівым зместам народнай, традыцыйна-сялянскай духоўнасці.


2.5. Кросны – доля жанчыны

Як не ўяўлялася сялянская хата без акна і парога, іконы ў куце, печы і стала, так не ўяўлялася яна без пралкі і кросен. Шмат якія віды вытворчай дзейнасці сялян ажыццяўляліся ў самім жыллі і падзяляліся на жаночыя і мужчынскія. Да жаночых адносіліся прадзенне, ткацтва, шыцце і іншае рукадзелле. І сярод прылад працы, якія ўжываліся для здзяйснення названых працэсаў, асаблівай сімволікай валодалі прылады жаночай працы. Сярод іх у першую чаргу трэба назваць прылады для апрацоўкі льну, вырабу тканін і адзення. Адзін з вершаў А.Разанава так і называецца “ Кросны”. Кросны – гэта ткацкі станок з навітай асновай для ткання ў хатніх умовах. Найбольш важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі кроснаў – гэта ставы ( апорны каркас), на якія мацаваліся навоі; ніты, ў якія накідалася аснова; берда з набіліцамі для прыбівання ўтоку; панажы, калацелкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. А.Разанаў у сваім вершы піша :


Сваімі ставамі кросны ўрастаюць у пространь хаты, сваімі панажамі,навоямі, бердамі “караскаюцца” ў самы канец часу, ў самы канец работы.

Як бачым, аўтар дакладна ведае этнаграфічную культуру свайго народа. Але для А.Разанава кросны – гэта не проста драўляная рэч, не проста прылада працы. Дзеясловамі “ўрастаюць” і “караскаюцца” аўтар як бы ажыўляе кросны, паказваючы і даўгавечнасць іх існавання, і жыццёваважнае значэнне іх прысутнасці ў хаце, і сам працэс іх маруднай, складанай, але абавязковай дзейнасці. Вядома паэту і тое сакральнае значэнне, якое мелі кросны для беларускага сялянства:


І карыстаецца кроснамі якраз той, хто…здольны ўваскрасіць у сабе спаконвечныя – “ скразныя” – вобразы і замацаваць іх у плынных палотнах.

Посцілкі, ручнікі, абрусы і іншыя тканыя і вышываныя рэчы былі не проста ўжыткам хатняга абіходу. Узоры тканых і вышываных вырабаў – гэта зашыфраваны аповед пра жыцце народа, яго працу, шчасце і нястачы, мары і спадзяванні. У вершы А.Разанава гучыць ідэя ўслаўлення працы жанчыны, народнай творчасці і спрадвечная, яшчэ язычніцкая культура нашых продкаў. Акрамя практычнага ўжытку, эстэтычнага выкарыстання, даматканыя вырабы, асабліва ручнікі, мелі недругараднае дачыненне ў абрадавых дзеяннях нашага народа.

Шырока выкарыстоўваўся ручнік, напрыклад, у вясельных абрадах. На ручнік станавіліся маладыя ў час вянчання. Ужываўся ручнік і для абгортвання рук маладых, калі іх урачыста абводзілі вакол стала, заводзілі за стол. Такім жа чынам жаніха і нявесту ўводзілі ў царкву. Гэта сімвалізавала адзінства маладых. Кульмінацыйны момант вяселля – прыезд павянчаных да хаты маладога – суправаджаўся своеасаблівай выставай пасагу нявесты: ручнікоў, абрусоў, посцілак, што з’яўлялася лепшым доказам здольнасці нявесты ткаць, а ў будучым – апранаць сям ‘ю.

Пра посцілкі, абрусы і ручнікі А.Разанаў піша з філасофскай заглыбленнасцю:


Кросны – іхнія хросныя бацькі :яны накрэсліваюць ім іхні -- зайздросны альбо незайздросны – лес.

Можа, таму што, на самой справе, не заўседы доля жанчыны ў новай сям’ і была шчаслівай. А можа, таму што ручнік шырока ўжываўся не толькі ў вясельнай, але і ў жалобнай абраднасці. Адзін з такіх старажытных звычаяў – вывешванне ручніка з акна, пад якім стаяла труна з нябожчыкам. І ў знак жалобы, і для “патрэб” нябожчыка, які,паводле павер’я, можа вярнуцца ў пакінутую хату. Ручнікамі абвязвалі і надмагільныя крыжы. Ручнік ужываўся і пры ўшанаванні духаў продкаў на Дзяды. Рытуалы з ручніком адрозніваліся паводле формы, але сутнасць іх была адна – ушанаванне продкаў. Такім чынам, ручнік быў сімвалічным пасрэднікам паміж зямным жыццем і замагільным светам.У сваім А.Разанаў сцвярджае, што культурная сімволіка нашых продкаў адлюстроўвае маральныя пачаткі, на якіх будавалася жыцце патрыярхальнага селяніна : яго глыбокая вера ў святасць чалавечага жыцця, павага да чалавека-працаўніка, вера ў перамогу дабра над злом.


2.6. Кудзеля – “ дзень пасля дня”

Нельга не адзначыць, што прылады для прадзення і ткацтва былі звязаны з ільном, які ў народным усведамленні быў сімвалам шчасця і дабрабыту.Так ужо склалася, што праходзілі стагоддзі, змяняліся пакаленні, а селянін-беларус кожную вясну апранаў белую льняную світку, браў акраец чорнага хлеба і ўрачыста крочыў у поле. Сеяў зноў жа хлеб і… лен. І так працягваўся кругазварот жыцця. Адыходзілі ў нябыт вякі, а хлеб і лен заставаліся вечнымі. Былі як асноўнымі крыніцамі чалавечага існавання, матэрыяльнага дабрабыту, так і сімвалам непарыўнай духоўнай еднасці селяніна і зямлі, усведамлення нашым далекім продкам сваей сакральнай місіі ў гэтым свеце.

Сення мы, не вельмі ўдзячныя нашчадкі, маглі б даведацца пра побыт нашых прадзедаў, іх мары і спадзяванні, шчасце і нястачы, расшыфроўваючы ўзоры даматканых вырабаў, аб гэтым маглі б апавядаць бязмежныя палі блакітнага льну. Але сення мала хто з нас ужо ведае, што такое ткацкі станок, а сінявокая Беларусь усе больш і больш губляе блакіт сваіх вачэй, таму што вырошчванне льну застаецца для прагрэсіўных нашчадкаў складанай і маруднай справай. Ды і развучыліся мы ўжо чытаць гэтую кнігу прыроды і нашай культуры, як рабілі гэта далекія продкі. І, можа, адзінае наша выратаванне – гэта творы мастацкай літаратуры.

Ільняное валакно, падрыхтаванае да прадзіва, называецца кудзеляй. За кудзеляй нашы продкі прызнавалі таксама магічную сілу. Напрыклад, ільняныя ніты клалі ў хляве пад ногі карове, на кудзелі варажылі дзяўчаты перад Калядамі. Адзін з вершаў А.Разанава таксама мае назву “Кудзеля”.


Кудзеля – работа пасля работы, дзень пасля дня, яна не нядзеля і не панядзелак, а “ паслядзелак”, і на яе збіраюцца, як на пасядзелкі.

Доўгімі зімовымі вечарамі, скончыўшы ўсе дзенныя клопаты па гаспадарцы, жанчыны збіраліся разам. Пралі, ткалі, вышывалі. У беларускім народзе такія пасядзелкі называліся вячоркамі. Гэта таксама была работа, а хутчэй за ўсе нават не работа, а аднолькавае для кожнай гаспадыні “ хобі ”, таму што і ад працэса працы, і ад яе вынікаў кожная атрымлівала вялікае, светлае задавальненне. Як трапна зазначае А. Разанаў, гэта быў “ дзень пасля дня ”. Тут жа , у гэтым жаночым асяроддзі, заўседы гучала і беларуская народная песня. То “ўслухоўваючыся ў гудзенне верацяна ”, то ў матыў роднай мелодыі, кожная жанчына занава пражывала свае жыцце, успамінала сваю маладосць, думала пра сваю шчаслівую або нешчаслівую долю, марыла пра лепшы лес. Але адно ў яе долі заставалася вечным – выхоўваць дзяцей, апранаць сям’ю, за ўсіх хвалявацца і клапаціцца, быць ахоўніцай дамашняга ачага.


прадучы кудзелю, жанчына…перажывае ўсе згібы, змены, падзеі,

цудзеі” свайго жыцця і прадзе сваю “дзелю” – долю.


2.7. Верацяно – “ цэнтр рэчаіснасці

І нібы лагічным працягам верша “Кудзеля” з’яўляцца ў А. Разанава верш “Верацяно”:


верацяно…уцягвае навакольную прастору ў віртуальную сферу свайго ўплыву.

Радкі верша хвалююць нас сваім глыбокім, напэўна, не да канца разгаданым сэнсам. У іх увасобіліся погляды нашых продкаў на працу, сям’ю, паэтычнае ўспрыманне рэчаіснасці, мары пра дабрабыт і шчасце.


Быццам віруе вір, верацяно верціцца

адно толькі наўкола самога сябе і верыць, што яно цэнтр рэчаіснасці.

І ці возьмецца хто пярэчыць, што яно не мае рацыі?!.

Змяніліся людзі, змяніліся духоўныя каштоўнасці. Але ці возьмецца хто пярэчыць, што нашы продкі былі людзьмі высокай духоўнай культуры, што, будучы неадукаванымі, былі яны мудрымі, што, не ўмеючы чытаць і пісаць, зберагалі духоўны вопыт прадзедаў, заснаваны на такіх духоўных каштоўнасцях, як праца, сям’я, вера, жыцце?.. І ці возьмецца хто пярэчыць, што менавіта гэтыя духоўныя каштоўнасці будуць вечнымі?..



3.Заключэнне

Арганічна ўпісваюцца ў мастацкую тканіну твораў А.Разанава фальклорна-этнаграфічныя звесткі. Учытаўшыся ў вершы паэта, заўважаеш цэлую сістэму сімвалаў, якія напаўняюць змест шматграннасцю быцця і мнагазначнасцю пазнання. Паэт адлюстроўвае глыбінныя праявы народнага жыцця, успрымае тую ці іншую фальклорна-этнаграфічную з’яву не як сродак аздобы літаратурнага твора, а як неабходнае звяно роздуму аб шляхах народа ў чалавецтве.

А Разанаў у сваіх вершах паказвае прыгажосць, веліч і таяініцу народнай душы, адкрывае чароўны свет мінуўшчыны. Праз спрадвечныя вобразы духоўнай існасці паэтам услаўляецца жыццетрываласць народных асноў, неўміручая сутнасць народнай душы. Рэчы хатняга ўжытку, прылады працы ў вершах А. Разанава сталі вобразамі-сімваламі, набылі шматаспектную індывідуальна-аўтарскую трактоўку, глыбокае духоўна-чалавечае вымярэнне і напаўненне. І хоць слабеюць, нават рвуцца сувязі з культурнымі традыцыямі, па-ранейшаму ў беларускай паэзіі сцвярджаецца жыццёвая моц першавытокаў, з’яўляючыся адначасова і сэнсам мінулага, і неабходнасцю сенняшняга і будучага.

Праведзенае даследаванне дазваляе зрабіць наступныя вывады:

1. духоўная культура нашых продкаў грунтавалася і фарміравалася на сімвалічным збліжэнні сістэмы рэчавага свету ў хаце з сістэмай Сусвету ;

2. фальклорна-этнаграфічныя звесткі арганічна ўпісваюцца ў мастацкую тканіну вершаў А.Разанава і садзейнічаюць раскрыццю аўтарскай канцэпцыі духоўнай культуры беларускага народа;

3. сімволіка рэчавага свету нашых продкаў у вершах А. Разанава набыла шматаспектную індывідуальна-аўтарскую трактоўку і глыбокае духоўна-чалавечае вымярэне.
Спіс выкарыстанай літаратуры:

1.Беларуская літаратура: вучэб.дапам. для 11 кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. З.П.Мельнікавай, Г.М.Ішчанкі. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2009. – С.226 – 229.

2.Івашчанка, А.С. Паэтыка творчага пошуку Алеся Разанава / А.С. Івашчанка // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. – 2006. – № 3. 3.Івашчанка А.С. Медытацыя як творчы метад: Жанравыя асаблівасці і эвалюцыя пункціраў Алеся Разанава / А.С. Івашчанка // Роднае слова. – 2006. – № 12. – С. 10 – 13.

4.Калеснік, У. Страла і мэта // Калеснік У. Усё чалавечае: літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы. – Мінск, 1993. С. 14-18

5.Кісліцына, Г. Алесь Разанаў: Праблема мастацкай свядомасці / Г.Кісліцына – Мінск, 1997.

6.Котович, О., Крук, Я. Золотые правила народной культуры / Оксана Котович, Янка Крук. – Минск: Адукацыя и выхаванне , 2013.

7.Крук, Я. Сімволіка беларускай народнай культуры / Я.Крук – Мінск: Беларусь, 2011

8.Ленсу , Я.Ю. Таямніцы беларускай хаты / Я.Ю. Ленсу – Мінск: Беларусь, 2007

9.Навуменка, І.Я. Якуб Колас:Духоўны воблік героя / І.Я.Навуменка – Мінск: Выдаведцтва БДУ, 1981. – С.5

10.Разанаў, А. Танец з вужакамі: выбранае / Алесь Разанаў. – Мінск: Маст. літ., 1999.

11.Разанаў, А. Вастраё стралы / Алесь Разанаў. – Мінск: Маст. літ., 1988.

12.Разанаў, А. Паляванне ў райскай даліне / Алесь Разанаў. – Мінск: Маст. літ., 1995.






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка