Фальклорная няказкавая проза




старонка1/9
Дата канвертавання10.04.2017
Памер0.75 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9
Р. М. Кавалёва, Т. В. Лук’янава, В. С. Дзянісенка

ФАЛЬКЛОРНАЯ НЯКАЗКАВАЯ ПРОЗА




І. АКТУАЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ НЯКАЗКАВАЙ ФАЛЬКЛОРНАЙ ПРОЗЫ Ў ПЫТАННЯХ І АДКАЗАХ



З якіх частак складаецца фальклорная няказкавая проза?
Яна складаецца з трох частак:

  1. Дыскурсіўная няказкавая проза.

  2. Наратыўная няказкавая проза.

  3. Парэмійная (у тым ліку рытмічна арганізаваная) проза, т. зв. малыя жанры фальклору.



1.1. Дыскурсіўная проза ў пытаннях і адказах



Што сабой уяўляе дыскурсіўная проза?
Тэрмін «дыскурс» (ад франц. discours – маўленне, гаворка) ахоплівае правілы маўленчай дзейнасці (пісьмой ці вуснай).

Фальклорная дыскурсіўная проза звязана з натуральнай камунікатыўнай падзеяй. Яе тэмы – усё, што тычыцца народных традыцый, звычаяў, абрадаў, павер’яў, поглядаў на свет (рацыянальных і міфалагічных), Бога, чалавека, людзей, не-людзей, жывёл, птушак, расліны, культурныя аб’екты (збудаванні, рэчы, прадметы) і г. д. Яе «прывязка» – канкрэтная жыццёвая сітуацыя, якая ўключае па меншай меры дзвюх асоб. Возьмем шэраг сітуацый з удзелам маці і дзяцей, якім трэба нешта забараніць, абгрунтаваўшы забарону спасылкай на вынік яе нарушэння:

а) «Каму кажу, кінь жабу – бародаўкі ўскочаць, не звядзеш потым!»;

б) «А ну злазьце, неслухі! Што надумалі! Не чапайце ластаўку! Хочаце рабацінне на твар? Толькі датыкнецеся да яйка – адразу ўскочыць!»;

в) «Нікуды не хадзіце. Гуляйце каля хаты. Пойдзеце ў поле – русалка ў жыта зацягне. Мала вам не будзе!».

Як бачым, у дадзеным выпадку гэта «замалёўка з натуры»”, а дыскурсіўны фальклорны элемент з’яўляецца хутчэй сэнсавай структурай, чым завершаным жанравым выказваннем: дакранешся да жабы – ускочаць барадаўкі, дакранешся да птушыных яек – атрымаеш рабацінне, пойдзеш у поле – трапіш у палон да русалкі. У складзе сітуацыйнага звароту маці да дзяцей яму надаюцца розныя функцыі:



  • камунікатыўна-інфармацыйная (паведамленне аб існуючых павер’ях);

  • засцерагальная (вось што бывае з непаслухмянымі дзецьмі);

  • выхаваўчая (як не трэба сябе паводзіць);

  • аксіялагічная (каштоўнасць жывой прыроды).

Выказванні апелююць да фальклорна-міфалагічнай карціны свету, праз іх яна набывае слоўнае выяўленне, якое не мае прыкмет строгай жанравай формы.

У склад фальклорнай дыскурсіўнай прозы ўваходзяць:

1. Магічная проза.

2. Міфалагічная проза.

3. Каляндарна-абрадавая проза.

4. Сямейна-абрадавая проза.

5. Народна-хрысціянская проза.

6. Сацыяльна-бытавая проза.


Ці мае жанры магічная проза?
Не, не мае. Магічная проза – гэта вобласць фальклору, у якой адсутнічаюць жанры. Яна ўключае:

  • звод правілаў і прадпісанняў, што тычацца магічных дзеянняў,

  • утрымлівае ўказанне на тое, дзеля чаго ўсё робіцца,

  • можа ўключаць як асобную частку замову, заклінанне, малітву.

Каб адрозніваць магічную прозу ад блізкіх па сэнсу выказванняў, параўнаем тры выразы:

1. «Каб жанчына пры родах доўга не мучылася, трэба пакласці ёй на пасцель нож і суровыя ніткі». Гэта тыповы ўзор магічнай прозы. Дадзены выраз існуе ў свядомасці як магічныя веды. Ён заснаваны на павер’і аб звышнатуральных уласцівасцях счэпкі нож – суровыя ніткі, якія, такім чынам, маюць міфалагічную семантыку.

Пры вуснай перадачы магічных ведаў прыблізна ў такой форме яны і ўвасабляюцца.

Для параўнання.

У старажытнай Індыі існавала вусная і пісьмовая традыцыя перадачы тэкстаў, што тычыліся магіі. Частка з іх – правілы паводзінаў і дзеянняў (з ужываннем рэчаў, рэчываў, прадметаў, ежы, раслін і г. д.) для магічнага дасягнення пажаданага выніку. Напрыклад: 1. «(Когда ребенку исполняется) шесть месяцев, (происходит) первое кормление твердой пищей. 2. Предлагает (ему) съесть козье мясо, если желает (чтобы у сына была пища). 3. Мясо куропатки, если желает, (чтобы обладал он) священным знанием. 4. Масло с рисом, если желает, чтобы он отличался блеском (знания). 5. Пусть он кормит его вареным рисом, смешанным с простоквашей, медом и топленым маслом, говоря при этом: «О, владыка пищи, дай нам пищу здоровую, сильную. Продли жизнь дающему. Вложи силу в нас – и в двуногого, и в четвероногого”. 6. Для девочки – (то же) молча» [История и культура Древней Индии: тексты. – М., 1990. С. 67].

Як бачым, нягледзячы на рознае слоўнае выражэнне, універсальная (інварыянтная) формула тэкстаў дыскурсіўнай магічнай прозы наступная: Каб (атрымаўся пажаданы вынік), трэба (зрабіць адпаведныя дзеянні плюс/або сказаць адпаведныя словы).

У Індыі быў выпрацаваны своеасаблівы максімальна лаканічны стыль выкладання (сутра), разлічаны на тое, што кароткае правіла будзе вусна патлумачана настаўнікам, а ў беларускай традыцыі мы сустракаемся з варыяцыямі базавай формулы «каб – трэба».

2. «Ну што вы глядзіце! Бачыце, як мучаецца! Хутчэй пакладзіце на пасцель нож і суровыя ніткі

у дадзеным выпадку маем справу з рэальным камунікатыўным актам (праўда, змадэляваным намі) – пабуджэннем да выканання магічных дзеянняў.

Такія «замалёўкі з натуры», калі вы сталі сведкам падзеі, змяшчаюцца ў дзённіку назіранняў студэнта-практыканта або ў каментарыях да сапраўднага тэксту магічнай прозы.

3. «Як жанчына ў полазе, ёй кладуць на пасцель нож і суровыя ніткі, каб яна пры родах доўга не мучылася».

Па сутнасці, перад намі адказ на сітуацыйнае пытанне, што рабілі або робяць, каб палегчыць роды. Ён можа быць часткай тэматычнай размовы вясковых жанчын (натуральная камунікатыўная падзея) або апытання інфарманта збіральнікам фальклору (штучна створаная камунікатыўная сітуацыя). Менавіта ў такім выглядзе магічная дыскурсіўная проза трапляе ў фальклорныя зборнікі.



Майце на ўвазе! Аповед пра канкрэтныя роды з канкрэтнымі асобамі (або «з адной жанчынай») належыць да наратыўнай прозы. У жанравым плане гэта можа быць бываліца, вуснае апавяданне, жарт. Магічнае прадпісанне тут будзе прадстаўлена як рэалізаванае дзеянне, структурная частка наратыўнага твора пэўнай жанравай канфігурацыі.
З якой практыкай звязана магічная проза?
Перш за ўсё з магічнай практыкай бытавога характару. Яшчэ са старажытных часоў не толькі перамены ў прыродзе і гадавым цыкле (летняе і зімовае сонцастаянне, вясенняе і восеньскае раўнадзенствы, чаргаванне пор года і г. д.), але і ў чалавечым жыцці (асабліва нараджэнне і смерць) суправаджаліся ўзрушэннямі і трывогай. Чалавеку здавалася, што яго падсвядомыя жахі народжаны нейкімі тайнымі ворагамі, нячыстай сілай, і таму людзі імкнуліся перамагчы іх, выпрацаваць пэўныя нормы паводзін, умоўныя сімвалічныя дзеянні, выкананне якіх або, наадварот, іх пазбяганне дапамогуць засцерагчыся ад магчымай небяспекі, ліквідаваць негатыўныя наступствы, паспрыяць надыходу жаданага, забяспечыць аснову дабрабыту сям’і. Тыя погляды і паводзіны, якія аказваліся паспяховымі, фіксаваліся ў грамадскай псіхалогіі і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Магічная проза звязана таксама з каляндарнымі святамі і сямейнымі абрадамі. Напрыклад, падчас першых зімовых гулянак маладая пара выходзіла з хаты праз кажух, разасланы поўсцю ўверх, каб засцерагчы сябе ад нечаканай бяды; «Аладак на Масленіцу пяклі столькі, колькі ў двары жывёлы, каб каровы, авечкі, коні былі здаровыя»; «На Тройцу хадзілі ў лес, ламалі май. Упрыгожвалі ім хату, вароты, брамку, веснічкі. Казалі: “Будзе хадзіць ведзьма, дык каб у каровы малако не адабрала”»; «На Граной нядзелі забаранялася ўсякая работа, каб худоба не нарадзілася калекай»; «Як першы раз дзіця стрыжэш, трэба валасы закруціць у лапічак і занесці пад дубок (калі хлопчык) і сказаць: «Як гэтакі здаровы дубок, каб быў мой харошы сынок». А калідзевачку, то неслі пад бярозу і казалі: “Каб была мая дачушка така высока і здарова, і косы былі, як у бярозы”».


Ці існуе класіфікацыя магічнай прозы?
Універсальнай класіфікацыі няма. У залежнасці ад навуковых задач і падыходаў класіфікаваць магічную прозу можна розным чынам. Напрыклад, па функцыі магіі (засцерагальная, ахоўная, прадуцыравальная, мантычная і г. д.), па тэматыцы прадметаў, якія выкарыстоўваліся ў магічных мэтах (хлеб, посуд, ткацкія вырабы, пража, адзенне, травы і г. д.). Зыходзяць таксама з таго, каго ці што імкнуліся засцерагчы, каму ці чаму магла пагражаць небяспека, г. зн. з той сістэмы каштоўнасцей, якая была для соцыуму галоўнай.

Пры вербалізацыі дыскурсіўная магічная проза набывае форму парад, патрабаванняў, тлумачэнняў, перасцярог, забарон, рэгламентацый, якія актуалізуюцца ў працэсе бытавой камунікацыі, выключанай з поля зроку збіральнікаў.

Яшчэ раз падкрэслім:

1. На практыцы студэнту рэдка давядзецца сутыкнуцца з творамі ўласна магічнай прозы ў іх натуральным выглядзе.

2. Магічная проза звычайна паўстае ў адлюстраваным выглядзе як паведамленне пра магічныя правілы, прадпісанні, мэты і вынікі, пазбаўленае наратыўнага элемента.

3. Гэтыя выказванні мы і будзем аднасіць да магічнай прозы ў шырокім значэнні дадзенага тэрміна.


Ці мае дачыненне да дыскурсіўнай магічнай прозы варажба?
Мае, але апасродкаванае. Патлумачым.

Варажба, або мантыка (ад грэч. mantike – майстэрства прароцтва), – не жанр фальклору, а разнастайныя абрадавыя прыёмы, з дапамогай чкіх чалавек імкнуўся даведацца пра будучыню, свой лёс, працягласць жыцця, ураджай, суджанага(-ую), колькасць дзяцей, стасункі з мужавай сям’ёй, поспех у справа’ і г. д. Акрамя бытавой, шырока распаўсюджанай варажбы, існавала прафесійная, якой займалася вельмі вузкае кола людзей, што мелі заробак з гэтай справы. А яшчэ раней ёй займаліся жрацы-варажбіты, якія карысталіся вялікай павагай сярод супляменнікаў.

Кожная бытавая варажба, як, дарэчы, і прафесійная, якой займалася даволі вузкае кола людзей, мела пэўны рэгламент. Ён уключаў выбар месца і часу. Асабліва спрыяльным лічыўся кропкавы час канца – пачатку (напрыклад, на Кляды, Новы год, Купалле, апоўначы). Перавага аддавалася «пустым» месцам. Кожны магічны мантычны абрад меў набор адпаведных рэчаў, прадметаў, вырабаў і г. д., якія падчас варажбы быццам бы станавіліся пасрэднікамі паміж чалавекам, яго цяперашнім становішчам (хто кахае, жадае зла, шкодзіць, дапаможа і г.д.) і будучым (ці будуць у пары, якія падзеі чакаюць, ці будуць грошы і г.д.).

А цяпер скажыце, адкуль і якім чынам неазнаёмлены з ім, даведваўся пра абрадавыя правілы? Адказ відавочны: расказала бабуля, маці, сястра, сяброўка, сябар, сусед, суседка і г. д.

Вось гэты натуральны расказ пра правілы варажбы, расказ-азнаямленне, расказ-прадпісанне, і ёсць своеасаблівая частка фальклорна-магічнай прозы.



Маем на ўвазе! Расказ пра выпадкі, звязаныя з канкрэтнымі фактамі варажбы і яе наступстваў, або абагуленага плана (напрыклад, пра нейкую невядомую дзяўчыну, якая варажыла на Каляды з дапамогай люстэрак) – вобласць наратыўнай прозы. Звычайна апавядаецца пра тое, як варажба спраўдзілася, які мела вынік (трагічны, драматычны, смешны).

Практычна вы будзеце сустракацца не з самой варажбой, а з паведамленнямі пра варажбітныя звычаі і прыёмы (дыскурсіўная проза) ці з аповедамі пра людзей, якія варажылі (наратыўная проза).



Улічыце! Каб не заблытацца, улічыце формулы мантычнай (варажбітнай) прозы, якая актуалізуецца, калі трэба кагосьці навучыць бытавой варажбе:

  • Калі (хочаш пра нешта даведацца), трэба (зрабіць/сказаць тое і тое);

  • Каб (даведацца), трэба (зрабіць адпаведныя захады).


Як збіраць магічную прозу?
Каб запісаць магічную прозу, збіральнік з дапамогай пытанняў стварае штучную сітуацыю, у якой ён становіцца адрасатам, атрымальнікам звестак. Не выклікае сумнення, што адказы на пытанні – гэта ўласна не сама магічная проза, бо яна не паддаецца назіранню збоку, а толькі магчымы карэлят, які дае ўяўленне аб яе змесце і форме.

У адказах фігуруюць розныя абярэгі, якія, на думку інфармантаў, дапамагаюць пазбегнуць няшчасцяў, перамагчы іх; пазначаюцца забароны, якіх трэба пільнавацца, каб не здарылася дрэннага, агучваюцца нормы правільных паводзін, якія спрыяюць надыходу пажаданых вынікаў, і да т. п.

Пры размове з інфармантам абавязкова канкрэтызуйце пытанне. Напрыклад, спытайце, як засцерагацца ад чорта, ведзьмы, вупыра, ваўкоў і да т. п.

Калі ў склад аповеду ўваходзяць заклінанні, праклёны, адсыланні, замовы ці песні, іх таксама трэба старанна запісаць.


З якіх частак складацца міфалагічная проза?
З дзвюх галоўных:

  1. Міфалагічныя расказы ў форме больш-менш разгорнутага сюжэтнага апавядання аб звышнатуральных падзеях, звязаных з міфалагічнымі персанажамі, пэўнымі мясцінамі, аб’ектамі, жывёламі, раслінамі, з удзелам людзей або без іх удзелу.

Гэта тэксты наратыўнай няказкавай прозы, часцей за ўсё разнастайныя легенды.

2. Тлумачэнні і апісанні, якія «расшыфроўваюць» міфалагічныя ўяўленні, звязаныя са сферай вышэйшай і ніжэйшай міфалогіі, міфалагізаваных прыродных з’яў, стыхій, рэчываў, прадметаў, чалавека, частак яго цела, прылад працы і г.д., па сутнасці, літаральна ўсяго, што нас акаляе.

Тлумачэнні і апісанні – тэксты дыскурсіўнай міфалагічнай прозы. Яны ўяўляюць сабой міфалагічныя адказы на пытанні:


  • Хто ён (яна) такі?

  • Чаму ён (яна, яны) такі?

  • Якія міфалагічныя функцыі і міфалагічная семантыка ўласціва той ці іншай з’яве, рэчы і г.д.?

  • Адкуль яно ўзялося?


Якія жанры ўласцівы дыскурсіўнай міфалагічнай прозе?
Дыскурсіўная міфалагічная проза не мае жанраў як такіх. Тлумачэнні і апісанні – форма яе тэкстаў, а не жанры ва ўласным значэнні гэтага тэрміна. Тэксты кансалідуюцца паводле тэматыкі (міфалагічныя ўяўленні аб...) і функцыі (інфармацыйна-тлумачальнай), складаючы адметную вобласць няказкавай прозы.

Прынцыпы атрыбуцыі тэкстаў дыскурсіўнай міфалагічнай прозы, такім чынам, наступныя:



  1. Міфалагічная тэматыка.

  2. Беспадзейнасць.

Параўнаем два прыклады на тэму вядзьмарства:

а) «Як деўка ўродыць деўку, а вона тыж деўкою ўродыць деўку, так третья будэ вэдьмой».

Гэта адказ на пытанне, адкуль бяруцца ведзьмы.

б) «Адзін хацеў навучыцца на ведзьмара. Ну і ён прыйшоў <да другога ведзьмара> і кажа: “Навучы ты мяне”. Той кажа: “Добре, навучу. Ідзі ў цэркву да споведзі. І Прычасьцю, што табе бацюшка дасць, ты яе не глыкай, а прынясі яе да мяне. Выплюнь яе на далонь сабе”. Ён так і зрабіў. <...> І яны пайшлі ўдваіх у лес з ім... »

Перад намі наратыўны аповед пра тое, як адзін чалавек захацеў стаць ведзьмаром і што з гэтага атрымалася. Знакі падзейнасці – дзеясловы хацеў, прыйшоў, кажа, зрабіў, пайшлі... Знакі сюжэтнасці – стасункі двух персанажаў, якія выяўляюцца ў прасторы і часе. Тут ёсць завязка, развіццё дзеяння і, вядома, развязка: «Ну, раз ты баісься <страляць у Распяцце>, то значыцца я табе не навучу» (в. Сарокі Шчучынскага раёна).

Такім чынам, яшчэ адно пытанне, на якое адказвае дыскурсіўная проза:

– Чаму адбываецца тая ці іншая падзея (напрыклад, як у нашым выпадку, чаму дзяўчынка ўжо нараджаецца ведзьмай)?
У якой форме існуюць каляндарна-абрадавая і каляндарна-святочная проза?
Падобна ўсёй дыскурсіўнай прозе, яны існуюць у дзвюх формах – натуральнай і штучнай, якія значна адрозніваюцца адна ад адной па форме і змесце, хоць і маюць кропкі судакранання.

Пры ўнутраных зносінах паміж вяскоўцамі дадзены від прозы, звязаны з вобразам каляндарнага свята ці абраду, які існуе ў свядомасці жыхароў, рэалізуецца настолькі шматбакова, што нават цяжка сабе ўявіць. Можна толькі меркаваць, бо мадэлі камунікацыі, якая ўключае спасылкі на святы і абрады, дакладна не апісаны. Змест гутаркі і рэакцыя суразмоўцаў (двух і больш) на дадзеную тэму вызначаецца ступенню іх далучэння да традыцыі. Адна справа, калі размаўляюць непасрэдныя ўдзельнікі святочнага абраду, іншая – яго назіральнікі, і асобны ўзровень, калі перадаецца маналог трэцяй асобы (тыпу: «Мне Ганна казала, што да іх прыходзілі валачобнікі. Там былі (і хто быў). Дык яны праспявалі (якую песню), а потым (N) кажа (цытата). А яна ім вынесла (пералік падарункаў)» і г.д.). Такім чынам, дыскурсіўная каляндарная проза зменлівая ў часе і ў гэтым сэнсе яе змест з’яўляецца гістарычна адзначаным, вар’іруецца ў залежнасці ад кантэксту.

Спецыфічны кантэкст, адрозны ад натуральнага, сітуацыя апытання інфарманта студэнтам-практыкантам. Яна ствараецца дзвюма асобамі, адна з якіх выконвае вучэбнае заданне (гэта вы), а другая згодна дапамагчы ёй. Тэма – традыцыі каляндарных свят і абрадаў у вёсцы інфарманта.

Ці будзе супадаць каляндарна-абрадавая проза ў яе натуральным існаванні са штучным канструктам, атрыманым падчас апытання? Адказ адмоўны. Што ў такім выпадку мы можам лічыць канстантай? Тэму і змест, які тычыцца пазатэкставых рэалій, г. зн. самога свята, абраду, звычаю, традыцыі, дэталей, атрыбутаў, сюжэта і г. д.

Натуральнае апавяданне з асобай я-апавядальніка або штучны аповед асобай апаведача і святочны абрад «сам па сабе» не з’яўляюцца непранікальнымі адзінствамі. Хутчэй, рэальнасць каляндарнага абраду і расказ пра яе інтэртэкстуальна звязаны. Гэта дазваляе нам лічыць, што матэрыялы апытання як метаду палявой фалькларыстыкі і натуральныя тэксты каляндарна-абрадавай прозы ўзаемарэферэнтныя.
Якую форму апытання лепш абраць?
Існуюць дзве галоўныя формы збірання звестак – якасная і колькасная.

Якасны падыход характарызуецца адкрытасцю. Гэта значыць, што практыкант толькі задае агульную тэму размовы (Каляды, Вялікдзень, Талака, Гуканне вясны і г. д.) і не імкнецца кіраваць інфармантам з дапамогай навадных пытанняў, паколькі яму важна, каб той ці тая самі маглі абраць напрамак паведамлення, зыходзячы з сваёй дасведчанасці і ўключанасці ў жывую традыцыю.

Колькасны падыход скіраваны на атрыманне як мага больш звестак ад розных інфармантаў па канкрэтных пытаннях. У такім выпадку мы маем шэраг мікрарасказаў, а не разгорнутыя апавяданні.

Якому пераходу аддаць перавагу, залежыць ад канкрэтных абставінаў (асобы інфарманта, часу і месца, асабістых інтарэсаў збіральніка і іншых акалічнасцей). Абедзве формы апытання дастаткова выніковыя, дастаткова рэпрэзентатыўныя, але па-рознаму. Лепш за ўсё (для практыкі) выкарыстоўваць абедзве, параўнаць і абраць больш “камфортную” для сябе. Тады і працаваць будзе цікава, і матэрыялы самі пацякуць да вас ў рукі.

Дзейнічайце і рызыкуйце!

P.S. Відаць, вы ўжо здагадаліся, што можна камбінаваць абодва падыходы – пачаць з агульнага пытання, а потым перайсці да ўдакладняльных. Пры афармленні справаздачы пазначаем пытанні і адказы.


З чым мы пераважна сустракаемся ў фальклорна-этнаграфічных зборніках?
Безумоўна, з адказамі на пытанні. Але гэта не сухая інфармацыя, а эмацыянальна афарбаваная, сардэчная, насычаная.

Возьмем тэму Юр’евай расы, параўнаем адказы і ўбачым іх мастацкую каштоўнасць.

а) «На Юр’я рано, рано, до сонца выгонялы коровы на Юр’еву росу. Старалыся першым выгнать, а гэто до чого, шоб корова много молока давала» (в. Балоты Кобрынскага раёна).

б) «На Юр’я, кажуць, што Бог дае росу, і пагэтаму гоняць першы раз скаціну на раніцу, каб з расою паела скаціна тае травы. Кажуць, як на Юр’я карова паесць травы з Божаю расою, то будзе многа малака, малочна будзе карова» (в. Манчыцы Пружанскага раёна).

в) «Людзі ж хадзілі і расічку збіралі цадзілачкамі, каб кароўка малака давала многа. Назбіраюць Юр’евай расы і ў гэтай расе цадзілку мылі, што малако цэдзяць...» (в. Падбарэчча Ляхавіцкага раёна).

А цяпер пытанне. Да якой вобласці дыскурсіўнай прозы трэба адносіць адказ: «Каб карова давала многа малака, трэба яе выганяць на Юр’еву расу» – каляндарна-абрадавай ці магічнай?

Безумоўна, магічнай. А чаму?
Што такое сямейна-абрадавая проза і як яе збіраць?
Сямейна-абрадавая проза – гэта інфармацыйна насычаныя аповеды пра тое, як у дадзенай мясцовасці праходзяць радзіны і хрэсьбіны, ладзяцца вяселлі, арганізуюцца пахаванні і памінанні нябожчыкаў.

Сямейна-абрадавая проза не мае жанраў. Яна класіфікуецца паводле тэматыкі выказвання. Напрыклад, тэмы перадвясельнай прозы – пярэпыты, даведкі, сватанне, заручыны, каравай, зборная субота і г. д.



Майце на ўвазе! Народная абрадавая тэрміналогія мае лакальныя асаблівасці. Яе слоўнік – тэмы празаічных паведамленняў.

Складанне тэрміналагічнага слоўніка – першапачатковая задача практыканта. Напрыклад, паслявясельныя звычаі на Гомельшчыне маюць назвы: гуляць разгуліны, гуляць банкеты, вадзіць цыганоў, пірагі, госці, хвост, гуляць куру, крошкі, гуляць пятухі, карэнне, банкет, пята, пярэзвы, ламаць печ, збірацца на папялішча, гуляць зайца, страляць зайца, драць курэй, куры і інш. Аповед пра іх і ёсць вясельная проза, больш дакладна – паслявясельная. Звычайна ён мае наступны выглад: «Са стараны жаніха ідуць к бацькам нявесты, ловяць курэй, забіваюць іх, вешаюць на жэрдкі і два чалавекі нясуць да таго месца, дзе збіраюцца гуляць, раскладваюць кастры, дзяруць кур, пякуць на кастры» (г. Рэчыца, з матэрыялаў артыкула д.ф.н. Валянціны Новак).

Сямейна-абрадавыя традыцыі змяняюцца даволі павольна. Але ж змяняюцца! Напрыклад, сучасныя пахавальныя звычаі значна адрозніваюцца ад ранейшых. Гэта тычыцца такіх кампанентаў, як:


  • інвентар пахавання (адзенне, рытуальныя рэчы, амулеты),

  • варыянты пакладання нябожчыка (арыентацыя цела, месцаванне рук),

  • спосабы ўладкавання апошняга прытулку памерлага (абкладанне камянямі, насыпанне курганоў, выраб драўляных трунаў, сланцавых саркафагаў і г. д.).

Выкарыстанне агню, рытуальных рэчаў, паслядоўнасць рытуалу, як заўважыла беларуская даследчыца рытуальных прадметаў у пахаванні кандыдат мастацтвазнаўства Ганна Барвенава, пераходзілі праз тысячагоддзі і не залежалі ад грамадскага статуса нябожчыка.

Крыніца звестак пра лакальныя пахавальныя звычаі – пахавальна-памінальная проза. Калі археолагі маюць справу з матэрыяльнымі рэшткамі, то фалькларысты са словам. Археолагі знаходзяць у сярэднявечных пахаваннях ля шкілетаў фрагменты глінянага гаршчка, на вяршыні насыпу – рэшткі вогнішча з раструшчаным гаршчком, побач з магілай – абпаленыя косткі жывёлін (часцей сабак, коней, відаць, у якасці ахвяры). Агонь заставаўся кампанентам абраду да XVII стагоддзя: рэшткі вогнішча фіксуюцца ў магільнай яме ў нагах нябожчыка каля труны. Хто ведае, можа ў якой-небудзь вёсачцы яшчэ існуюць “агнявыя” пахавальныя звычаі. Збіральнік атрымае іх у выглядзе празаічнага аповеду дыскурсіўнага плана.

Сямейна-абрадавая проза збіраецца з апорай на «Апытальнікі”, адзначаецца яе функцыянальная сувязь з тым ці іншым сямейным абрадам і канкрэтная тэматыка.
Як фарміраваўся пласт народна-хрысціянскай прозы?
Зразумела, што новы пласт фальклорнай дыскурсіўнай прозы – народна-хрысціянскай, пачаў павольна фарміравацца з прыняццем хрысціянства. Пераемнасці паміж славянскім язычніцкім светасузіраннем і хрысціянскім не існавала. Гэта былі два абсалютна розныя тыпы, і пераход ад пакланення шматлікім багам і духам да пакланення адзінаму Госпаду, іпастассю якога лічылася Святая Троіца, расцягнуўся на стагоддзі. Працэс засваення і перапрацоўкі хрысціянскіх ідэй увесь час пашыраў поле народна-хрысціянскай прозы – цякучай, шматаблічнай, супярэчлівай. Тым не менш у тэматычна-функцыянальным плане яна была на дзіва маналітнай.

Галоўная задача, якая вырашалася ў рэчышчы народна-хрысціянскай прозы, – даць адказ на пытанні, хто такія Бог, Хрыстос, Прачыстая, святыя, прыпадобныя, анёлы і іх антаганісты д’ябал, люцыпар, антыхрыст, што такое Божы храм, абразы, у чым сутнасць хрысціянскіх свят і як іх адзначаць у побыце, як суадносяцца душа і цела, што такое грэх, дабро, зло, навошта трэба маліцца, каму і як, дзе знаходзяцца рай, чысцілішча, пекла, і многія іншыя.

Фальклорная свядомасць прыкладала вялікія намаганні, каб асіміляваць хрысціянскія тэмы і канцэпты. У звычайным паўсядзённым маўленні ўвесь час нараджаліся квазіфальклорныя тэксты. Паступова крышталізаваліся структуры, на якія арыентавалася маўленчая практыка ў сферы хрысціянскіх тэм. Такім чынам, праз асэнсаванне і маўленне дакладна вылучалася вобласць народна-хрысціянскай прозы, дзе адбывалася параджэнне дзіўных, фантастычных тэкстаў або з дваістай – хрысціянскай і язычніцкай – семантыкай, або вельмі далёкіх ад хрысціянскіх дагматаў.
Што яднае народна-хрысціянскую прозу?
Толькі тэматыка, для распрацоўкі якой ужываюцца самыя розныя фальклорныя формы: тлумачэнні, забароны, дазволы, перасцярогі, прыкметы, павер’ў, прыказкі і г.д.

Патлумачым на прыкладзе: «Тою вадою на Крашчэнне ўтрачкам ідзе бацька ў хлеў і свянцае будову і крову, авечкі – ўто ў хляве е. Это, кажуць, як ужэ на тую каляду тою вадою пасвянцаеш – это Бог сохраніць от пажару. Вот яшчэ некалі казаў мой дзед, што вот этаю вадзічкаю, на Крашчэнне, да ўсхода сонца, дзе бадзякі ці асот эты ў агародзі, пасвянцай тую землю – прападзе ўвесь гэты бадзяк” (в. Манчыцк Пружанскага раёна).

Фармальна дадзены тэкст можна аднесці да розных пластоў дыскурсіўнай фальклорнай прозы. Вялікай памылкі не будзе, але недакладнасць так і кінецца ў вочы спрактыкаванаму збіральніку. Паглядзіце.

Што перашкаджае мне аднесці прыведзены тэкст да міфалагічнай прозы? Нічога, бо выказванне грунтуецца на хрысціянскай міфалогіі, толькі ў яе народным праламленні.

Ёсць падставы далучыць паведамленне і да магічнай прозы. У ім яскрава прадстаўлены культ вады, вядомы ўсім язычнікам, толькі ў семантыцы вады дамінуе хрысціянская падаплёка. А вось яе функцыя – магічная – засталася ранейшай. У сваім рэлігійным цемрашальстве народ не вагаўся ў практычным выкарыстанні асвячонай у храме вады: «Пасвянцай тую зямлю – прападзе ўвесь гэты бадзяк».

Можна пакінуць тэкст сярод тэкстаў каляндарна-абрадавай прозы, бо абрад адбываецца ў дакладны каляндарны час – «на Крашчэнне ўтрачкам». Аднак прывязка абраду да Вадохрышча зусім не фармальная, як магло быць у іншых выпадках (напрыклад абрад калядавання фармальна звязаны з Ражаством, хоць у песеннай сферы адчуў яго ўплыў: маецца на ўвазе выкарыстанне пры абходах кантаў і псальмаў хрысціянскай тэматыкі). Гаворка ідзе не пра простую ваду, узятую з прошчы і адразу прынясённую да хаты, а тую, што прайшла асвячэнне ў Божым храме – царкве або касцёле.

Такім чынам, згодна з тэматыкай трэба адносіць паведамленне-выказванне жанчыны з в. Манчыцы Лідзіі Пукайла (1934 г. н.) да народна-хрысціянскай прозы. Яго тэма – Вадохрышча, хрышчэнская вада, яе ўласцівасці ў выкарыстанне ў народным побыце.


Што перш за ўсё павінен ведаць практыкант?


  1. Персанажаў хрысціянскай міфалогіі, іх імёны і назвы.

  2. Асноўныя ўяўленні хрысціянскай міфалогіі (напрыклад аб трыадзінстве Бога, аб выратавальніцкай місіі Ісуса Хрыста, яго ўкрыжаванні, уваскрэсенні, ушэсці і г. д.).

  3. Хрысціянскую тапаніміку (зямля, нябёсы, рай, чысцілішча, апраметная, Галгофа і інш.).

  4. Імёны некаторых святых прападобных і іншых асоб, якім прысвечаны пэўныя дні ў царкоўным і народным календары (Андрэй, Васіль, Іаан Хрысціцель, Аўлас, Мікола, Ілля, Юрый і г. д.).

  5. Назвы фалькларызаваных хрысціянскіх свят і пастоў (Піліпаўка, Ражаство, Вадохрышча, Васілле, Звеставанне, Тройца, Пятроўка, Спас, Пакровы і г. д.).

Рэкамендуем кнігу Алеся Лозкі «Беларускі народны каляндар» (Мінск, 2009).
Ці чулі вы пра існаванне ў дыскурсіўным фальклоры сацыяльна-бытавой прозы?
Мяркуем, што не чулі. І не дзіўна. Дадзены від прозы існаваў здаўна, магчыма, яшчэ з дагістарычных часоў. Вывучацца ж ён пачаў толькі з другой паловы ХХ стагоддзя, больш актыўна – з 90-х гадоў у сувязі з агульнай дэмакратызацыяй грамадства. У рэшце рэшт ён быў адзначаны ў кнізе «Восточнославянский фольклор: Словарь научной и народной терминологии» (Минск, 1993): яго беларускае тэрміналагічнае пазначэнне – чуткі, пагалоска, рускае – слухи, толки, украінскае – чутки, поголоски, гутірки (С. 332). Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя далучаць да вобласці сацыяльна-бытавой прозы плёткі.

Чуткі і плёткі мінулых часоў даносяць да нас пісьмовыя крыніцы (летапісы, мемуары, прыватныя дзённікі, лісты і інш.). З адной такой плёткай – аб нізкім паходжанні Кія, легендарнага заснавальніка Кіева, спрачаўся аўтар «Аповесці мінулых гадоў», сцвярджаючы, што насамрэч Кій быў князем.

Чуткі і плёткі з’яўляюцца часткай маўленчай паўсядзённасці вёскі, мястэчка, горада, краіны, некаторыя ахопліваюць цэлыя кантыненты. Напрыклад, апошнім часам упарта цыркулюе чутка, што, згодна з расшыфраваным календаром мая, канец свету будзе ў 2012 годзе.

Тып языкатай бабы-пляткаркі займае адметнае месца ў грамадскай свядомасці, асабліва на вёсцы, дзе такія асобы добра вядомыя і даверу да іх няма. Каларытныя вобразы пляткарак створаны ў мастацкай літаратуры. Увесь фокус у тым, што ўсе мы ў той ці іншай ступені, усведамляючы гэта або зусім неўсвядомлена, з’яўляемся носьбітамі плётак і чутак, нават у сітуацыі, калі падсмейваемся з іх, выкрываем іх бязглуздасць, няпраўду.

У звычайным паўсядзённым маўленні тэксты сацыяльна-бытавой прозы ўяўляюць сабой цяжкавызначальныя адзінкі. Аднак, ёсць сітуацыі, калі іх пачатак добра маркіраваны. Яго знакі – словы «я чула», «кажуць», «ёсць чутка» і пад. Напрыклад, «кажуць, што грыбы і ягады людзі вязуць з чарнобыльскай зоны і ніхто іх не спыняе», «а я чула, што БНФ трымаецца на амерыканскіх грошах», «мне сказалі, што малы бізнес перамясціўся ў Расію» і г. д.
Чаму трэба збіраць чуткі і плёткі?
Інфармацыя, якую трансліруюць чуткі і плёткі, можа быць станоўчай, нейтральнай, негатыўнай, прычым апошняя, як высвятляецца, пераважае. У іх фіксуюцца факты, якія быццам бы ўжо адбыліся, і прагназуемыя (наконт пенсій, экалагічных і антрапалагічных катастроф, эканамічнага становішча, навуковых сенсацый і г. д.).

Катэгорыя праўда – хлусня ў дачыненні да чутак і плётак не мае значэння для фалькларыстыкі. Яны прэтэндуюць на дакладнасць падобна традыцыйным жанрам фальклору, у прыватнасці легендам, бываліцам, прымхліцам і інш. А насамрэч з’яўляюцца вельмі суб’ектыўным, прычым масавым, перажываннем сучаснасці і недалёкай гісторыі. Зразумела, што чуткі і плёткі запаўняюць недахоп інфармацыі. А вось тут назіраецца цікавая рэч: афармленне можа ісці згодна з даўно вядомымі ў фальклоры клішэ, матывамі, формуламі. Гэта сігналізуе аб актуалізацыі фальклорнага мыслення, што і падлягае асэнсаванню і вывучэнню. Каб не быць галаслоўнымі, прывядзем яскравы прыклад. Фальклор многіх народаў утрымлівае легенды аб героях і вызваляльніках, якія быццам бы не загінулі, а толькі часова зніклі. Імі могуць быць народныя барацьбіты, высакародныя князі, каралі, цары. Дадзены матыў неаднаразова ажываў з новымі персанажамі, напрыклад, з Чапаевым, Канстанцінам Заслонавым, Алегам Кашавым, нават Юрыем Гагарыным. Гатовы фальклорны матыў у рускай прасторы даў чутку ў выглядзе аднаго сказа: «Джохар Дудаев, слышала, не умер, а за границей скрывается».


Якую ролю адыгрываюць чуткі і плёткі ў фальклоры?
1. Жанраўтваральную. Яны – пажыўная глеба для стварэння легенд і анекдотаў. Акрамя таго, да іх могуць «згортвацца» цэлыя сюжэтныя аповеды, набываючы выгляд аднафразавай формулы.

2. Класіфікацыйную. Дадзеныя бессюжэтныя тэксты з’яўляюцца захавальнікамі традыцыйных фальклорных матываў і кандэнсатарамі новых. Іх улік узбагачае паказальнікі фальклорных матываў і адкрывае ў іх новыя старонкі, пацвярджаючы або адмаўляючы існаванне мяжы паміж традыцыйным і новым.

3. Ідэалагічную. Калі пагадзіцца з думкай, што праз фальклор народ выражае свае думкі, ідэалы, мары і спадзяванні, стаўленне да грамадства, побыту, эканомікі і розных асоб, то чуткі ў выглядзе чутак-надзей, чутак-страхаў, чутак-ухваленняў, чутак-перасцярог, чутак-папярэджванняў і пад. з’яўляюцца скандэнсаваным выражэннем народнага ўспрымання плыняў жыцця ў сінхраніі і дыяхраніі сацыяльна-культурнага працэсу.

Іншая справа – чуткі-помста, прасцей гаворачы, плёткі. Частка з іх нараджаецца з браку дакладнай інфармацыі, а частка мае свядомы паклёпніцкі характар. Апошнія шырока выкарыстоўваюцца ў сучасных паліттэхналогіях, піярхадах і іншых сферах у мэтах дыскрэдытацыі апанентаў. Дзякуючы СМІ яны хутка распаўсюджваюцца, пераходзячы на побытавы ўзровень.

Ёсць кур’ёзныя чуткі-плёткі, якія знаходзяцца ў рэчышчы народнай смехавай культуры. Як вы паставіцеся, напрыклад, да таго, што Укупнік не рускі спявак, а хавае пад сабой амерыканскага шпіёна? Тады хто такія Іскуі Абалян і «салавей» былых «Песняроў» Леанід Барташэвіч?

Крыніцай чутак пра сябе і сваю сям’ю можа быць свядома сам чалавек. Напрыклад, вядомы беларускі фалькларыст Васіль Ліцьвінка, міфалагізуючы сваю біяграфію, жартам гаварыў, што нарадзіўся ў цыганскай карчме. Адсюль, маўляў, яго талент спевака, любоў да жартаў, хітрыкаў, анекдотаў і падкавырак.

А ці знаёмы вам філфакаўскія чуткі і плёткі? Якая дысцыпліна найбольш страшная? І што там гавораць наконт стыпендый?
Што такое вусная гісторыя?

Паняцце “вусная гісторыя” ўвайшло ва ўжытак у другой палове ХХ ст. дзякуючы навукова-грамадскаму руху “oral history”, якое ўзнікла ў ЗША. Статус вуснай гісторыі да канца не вызначаны. Што яна сабой уяўляе? Метад, крыніцу, напрамак гістарычных даследаванняў або самастойную дысцыпліну? У дадзеным выпадку нас гэта не вельмі цікавіць. Чаму? Звычайны гісторык, як правіла, мае справу з матэрыяльна зафіксаванымі дакументамі, крыніцамі, фактамі, якія ён вывучае, верыфікуе, інтэрпрэтуе. Фалькларыст-збіральнік заўсёды карыстаецца вуснай інфармацыяй удзельнікаў або сведкаў самага рознага кшталту падзей – ад бытавых да гістарычных, якую ён фіксуе пісьмова, на паперы, або дзякуючы сучасным тэхнічным сродкам.

Прафесійны гісторык схільны не давяраць вуснай гісторыі з-за ненадзейнасці чалавечай памяці, хаця яму добра вядома, наколькі недакладнымі могуць быць летапісы і архіўныя дакументы. Перад фалькларыстам праблема даверу не стаіць. Для яго важны сам факт апавядання, манера апавядальніка, тыя тыповыя тэмы, што характэрны для гістарычнай памяці народа, грамадства цалкам, калектыўнай і масавай памяці групы людзей, жыхароў асобнай вёскі, членаў адной сям’і, аднаго чалавека, які рэальна з’яўляеца носьбітам гістарычнай памяці.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка