Фёдар Драбеня




Дата канвертавання13.04.2017
Памер40.39 Kb.

Фёдар Драбеня


Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Творчае пераасэнсаванне вобраза Псіхеі ў сучаснай беларускай драматургіі

(па п’есе С. Кавалёва «Сёстры Псіхеі»)


Сусветная літаратура часта звяртаецца да выкарыстання і пераасэнсавання грэчаскай міфалогіі. На працягу стагоддзяў вобраз Псіхеі атрымліваў розныя інтэрпрэтацыі і ў літаратуры, і ў мастацтве. Вядомая апулееўская казка набывала розныя трактоўкі. Гісторыю Псіхеі ўспрымалі і як платанічны міф пра блуканне душы, і як ілюстрацыю прывабнага для хрысціянскай культуры сюжэта «выпрабаванне і адраджэнне». Алегарычны патэнцыял міфа-казкі пра Амура і Псіхею прывабліваў творцаў у розныя часы. Гэта і Дж. Марыно, П. Кальдерон, Ж. дэ Лафантэн, С. Кольрыдж, А. Купрын, М. Цвятаева і інш. Да вобраза Псіхеі звярнуўся і вядомы беларускі драматург С. Кавалёў.

П’еса-прыпавесць у дзвюх дзеях «Сёстры Псіхеі» самой назвай указвае на тое, што аўтар, выкарыстоўваючы вядомы вобраз, па-свойму расставіць акцэнты.

С. Кавалёў будуе сваю п’есу вакол агульнавядомага імя Псіхея. Па сутнасці, аўтар гуляе з чытачом: дасведчаны чытач (глядач) ведае міф пра Псіхею і Амура, пра блуканне і пакуты летуценнай душы, ведае сюжэт пра зайздрослівых сясцёр. І чакае ад п’есы апраўдання сваіх спадзяванняў. Аднак у п’есе чытач не знаходзіць амаль нічога звышнатуральнага, казачнага, міфалагічнага, амаль нічога, што звязвала б п’есу і казку-міф. Нешматлікія героі п’есы, за выключэннем Псіхеі, цалкам падпарадкоўваюцца «мужчынскаму розуму» ці «жаночым хітрыкам». Сярод дзейных асоб мы не знойдзем ні багіні Венеры, ні Амура (Купідона), якія былі сюжэтастваральнымі асобамі ў казцы-міфе. П’еса выглядае апраўданнем учынку сёстраў Псіхеі, што, як і чытач (глядач) задаюцца пытаннем: ці быў Ён? Аўтар не дае адказу на гэтае пытанне, пакідаючы адказ на сумленне чытача (гледача). І гэты адказ можа гучаць па-рознаму: калі Ён быў, то сёстры Псіхеі выглядаюць адмоўнымі персанажамі, якія загубілі шчасце Псіхеі, прымусіўшы прайсці праз пакуты. Калі ж Яго не было, то Псіхея – дзівачка і летуценніца, якую шчыра хочуць уратаваць сёстры. І гэтая двухсэнсоўнасць з’яўляецца фіналам постмадэрнісцкай гульні аўтара з чытачом.

Літаратурная гульня ў гэтым выпадку выконвае дэсакралізавальную ролю. Любы прадмет, у тым ліку прадмет пародыі, з’ява рэчаіснасці, твор мастацтва і г. д., з’яўляюцца ўсяго толькі кодамі рэчаіснасці, прычым не заўсёды аб’ектыўнымі. Адсюль вынікае, што часцей за ўсё літаратура насмешліва-парадыйнай плыні беларускага постмадэрнізму ставіць у цэнтр якраз рознаўзроўневага рэцыпіента і мастацкую самакаштоўнасць твора. Мастацкі твор разглядаецца прыхільнікамі гэтай плыні хутчэй як тэкставы знак, сімвал, што набывае новае сэнсавае значэнне ў розных рэцыпіентаў 3, с. 19]..

Як гульню з чытачом-гледачом-рэцыпіентам можна разглядаць з’яву ІV у ІІ дзеі, калі сёстры прыходзяць да ахвярнага слупа знайсці рэшткі сваёй сястры, прароцкі маналог Псіхеі, якая верыць у бязмежную дабрыню свайго каханага, марыць зноў злучыцца з ім у любові, аднак пакуль мусіць выпакутаваць сваё шчасце (алюзіі на міф), ці фінал ІV з’явы, калі сёстры не бачаць «смаргадавы палац з бурштынавым дахам», а Псіхея сцвярджае, што «вось ён, палац, проста перад намі». Як гульня выглядае і апошняя сцэна п’есы:

А т а. Ты бычыла ці чула нешта незвычайнае?

І ф і д а. Не. А ты? 2, с. 54].

Ата і Іфіда не могуць прызнацца адна адной і самі сабе ў тым, што ў іх жыцці можа здарыцца нешта звышзвычайнае і звышнатуральнае. Дзіўна гучаць словы Аты, гераіні, якая жыве ў часы жрацоў і багоў: «Няма ў свеце істот незвычайных, ні багоў, ні зданяў, ні яшчараў. Ёсць толькі нашы страхі і забабоны» 2, с. 36]. Учынкі і паводзіны Аты сведчаць аб тым, што кіруецца яна «мужчынскім розумам», рацыянальнасцю і разважлівасцю. Ата марыць стварыць расквітнелую краіну, у цяжкім становішчы гатова ахвяраваць сваім жыццём дзеля дабрабыту народа. Яна настойліва спрабуе ўратаваць жыццё сваёй сястры Псіхеі ад Жоўтага Яшчара.

Супрацьлегласцю Аты з’яўляецца вобраз Іфіды. Распусная Іфіда з радасцю згаджаецца прынесці ў ахвяру любую з сясцёр, употай марыць стаць каралевай. Выкарыстоўваючы розныя «жаночыя хітрыкі», падманвае мужа і спрабуе падмануць Псіхею. У адрозненне ад Аты Іфіда не задае сабе пытання: ці патрэбна Псіхеі іх дапамога, ці правільна мы ўсё зрабілі?

Сёстры Псіхеі, у адрозненне ад міфалагічных вобразаў і вобразаў, створныя раней у літаратуры, не зайзросцяць ёй, а ўпэўнены, што выратоўваюць Псіхею. Зайздрасць ёсць паміж Атай і Іфідай, бо Іфіда марыць стаць каралевай, мець спадкаемца. Ата ў сваю чаргу задумваецца аб сямейным шчасці. Да Псіхеі яны абедзве ставяцца як да дурніцы, дзівачкі, летуценніцы.

Вобразы сясцёр нагадваюць сучасных жанчын, якія выбіваюцца з міфалагічнага кантэксту п’есы і ў жыцці кіруюцца рэалістычнм пачаткам, дзе няма месца чамусьці звышнатуральнаму, незямному, узнёсламу. Ні Ада, ні Іфіда, ні Марон не вераць ні ў існаванне багоў, ні ў апраўданасць ахвяр для іх. Толькі Нікандр у адчаі звяртаецца да ўяўнага Жоўтага Яшчара, бо хоча мець нават не веру, а надзею.

Самым незразумелым і нераскрытым з’яўляецца вобраз Псіхеі. Пра яе прыгажосць даведаліся з лаканічнай характарыстыкі Нікандра. Самаахвярнасць яе і любоў да ўсіх, нават да тых, хто пасылае на смерць, яе мары аб здзяйсненні дзіцячага сну мяжуюць з дзівацтвам, аднак аўтар і імкнуўся стварыць такі двухсэнсоўны вобраз.



Сам С. Кавалёў адносіць п’есу «Сёстры Псіхеі» да міфалагічнага драматургічнага праекта 1, с. 8]. І мова п’есы, і гумар, і паводзіны сёстраў – усё гэта з’яўляецца спробай надаць сучаснае гучанне міфалагічнай рэчаіснасці. Выкарыстанне вобраза Псіхеі, творчае пераасэнсванне яго дазваляюць аўтару зрабіць дынамічную, запамінальную п’есу-гульню з чытачом.
Літаратура

  1. Кавалёў, С.В Пасля гісторыі, або Практыкаванні ў свабодзе / С.В. Кавалёў // Сёстры Псіхеі. – Мінск: І.П. Логвінаў, 2011 – С. 3–13.

  2. Кавалёў, С.В Сёстры Псіхеі / С.В. Кавалёў // Сёстры Псіхеі. – Мінск: І.П. Логвінаў, 2011 – С. 15–54.

  3. Караткевіч, В.І. Тэарэтычныя і гістарычныя аспекты постмадэрнізму ў беларускай літаратуры другой паловы 80–90-х гадоў ХХ стагоддзя: Матэрыялы да спецкурса./ В. І. Караткевіч. – Магілёў: МДУ імя А.А.Куляшова, 2004. – 22 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка