Фразеалагічныя сродкі намінацыі эмоцыі страху




Дата канвертавання31.12.2016
Памер20.03 Kb.
ФРАЗЕАЛАГІЧНЫЯ СРОДКІ НАМІНАЦЫІ ЭМОЦЫІ СТРАХУ (НА МАТЭРЫЯЛЕ ТВОРАЎ БЕЛАРУСКАЙ МАСТАЦКАЙ ЛІТАРАТУРЫ)

Сідарэнка А.С.

У межах лінгвістыкі эмоцый даследаванню асаблівасцей моўнага адлюстравання эмацыйнай сферы чалавека прысвечана досыць шмат прац (В.І. Шахоўскі, Л.Г. Бабенка, В.Я. Філімонава, А.Ю. Мягкова, Г. Вяжбіцкая і інш.), асабліва варта адзначыць значную цікавасць лінгвістаў да вывучэння розных эмацыйных з’яў, такіх як сорам, трывога, сумнеў, здзіўленне, радасць, пагарда, гнеў (Л.Я. Антонава, А.А. Ерамеева, І.Г. Нікольская, Б.Р. Гусейнава і інш.). У гэтым жа шэрагу эмацыйных станаў знаходзіцца і страх.

Страх, як і іншыя эмоцыі чалавека, можа быць рэпрэзентаваны ў мове трыма асноўнымі спосабамі: непасрэдным выражэннем (вытворныя і невытворныя эматыўныя выклічнікі, эматыўныя выказванні, інтанацыйныя сродкі), прамой намінацыяй (лексічныя адзінкі, якія належаць да розных часцін мовы, і фразеалагізмы), апісаннем (галоўным чынам, лексічныя адзінкі, якія ўжываюцца для апісання асаблівасцей знешняй праявы эмоцыі страху).

Фактычным матэрыялам даследавання паслужылі творы У. Караткевіча («Дзiкае паляванне караля Стаха», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»), В. Быкава («Знак бяды»), К. Чорнага («Пошукі будучыні»). Аналіз мастацкіх тэкстаў дазваляе вылучыць наступныя фразеалагічныя адзінкі, якія ўжываюцца ў якасці сродкаў намінацыі эмоцыі страху (прыкладна 6,4% ад агульнай колькасці выяўленых выпадкаў рэпрэзентацыі эмоцыі страху): 1) з кампанентам сэрца (сэрца ёкнула, сэрца стыне, сэрца ледзянее, сэрца замірае, сэрца калоціцца, сэрца чуць не выскачыла), напр.: «…яна адхінула ад твару калючую галіну і ўбачыла тое, што на момант прымусіла замерці сэрца» [1]; 2) з кампанентам валасы (валасы становяцца дыбарам), напр.: «Я глядзеў на яе, на Блакітную Жанчыну Балотных Ялін, і валасы мімаволі ўставалі дыбарам на маёй галаве…» [2]; 3) з кампанентам душа (душа стыне, душа замірае, душа калоціцца), напр.: «Душа яго калацілася, і думка ўзнімала пакутныя вобразы мінуўшчыны» [4]; 4) з кампанентам кроў (кроў ледзянее, кроў у жылах стыне), напр.: «Праўда, пасля між адным і другім магло здарыцца такое, што – толькі паслухаеш – кроў ледзянее і жыць не хочацца…» [2]; 5) з кампанентам мурашкі/мароз (мурашкі пабеглі па целе/па спіне, мароз прабягае па спінах/па целе), напр.: «І нечакана ў адказ на яго прагучаў нечуванай сілы голас, ад якога ў нявольных сведкаў пабег па спінах мароз» [3].

Ужыванне фразеалагічных адзінак з кампанентамі сэрца, душа, валасы, кроў, мурашкі/мароз для перадачы эмоцыі страху можна растлумачыць тым, што дадзеныя фразеалагізмы адлюстроўваюць пэўныя фізіялагічныя працэсы, якія звычайна адбываюцца ў арганізме чалавека пры адчуванні страху.

Літаратура:

1. Быкаў, В.У. Знак бяды [Электронны рэсурс] / В.У. Быкаў. – Рэжым доступу: http://knihi.com/Vasil_Bykau/Znak_biady.html. – Дата доступу: 13.11.2012.

2. Караткевіч, У.С. Дзiкае паляванне караля Стаха [Электронны рэсурс] / У.С. Караткевіч. – Рэжым доступу: http://knihi.com/Uladzimir_Karatkievic/Dzikaje_palavannie_karala_Stacha.html. – Дата доступу: 9.11.2012.

3. Караткевіч, У.С. Хрыстос прызямліўся ў Гародні [Электронны рэсурс] / У.С. Караткевіч. – Рэжым доступу: http://royallib.ru/read/karatkevіch_uladzіmіr/hristos_prizyamlsya__garodn.html. – Дата доступу: 9.11.2012.



4. Чорны, К. Пошукі будучыні [Электронны рэсурс] / К. Чорны. – Рэжым доступу: http://old.knihi.com/corny/posuki.html. – Дата доступу: 14.11.2012.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка