Г. М. Друк (Мазыр) элементы паэтыкі постмадэрнізму




Дата канвертавання21.02.2017
Памер77.16 Kb.
Г. М. Друк (Мазыр)
ЭЛЕМЕНТЫ ПАЭТЫКІ ПОСТМАДЭРНІЗМУ

Ў “СКАЗЕ ПРА АДНАВОКУЮ КАЗУ ЦЫЛЮ” В. КАЗЬКО
Постмадэрнізм — складаная, шматаблічная з’ява, а ў нацыянальнай мастацкай традыцыі амаль не даследаваная. Нельга не прызнаць факт пошуку новых шляхоў эстэтычнага развіцця літаратуры, нягледзячы на крытычнасць ацэнак, супярэчлівасць адносінаў і пазіцый да постмадэрнізму як мастацкай сістэмы.

У аснове эстэтыкі і паэтыкі постмадэрнізму, паводле даследавання І. Скарапанавай, ляжыць тэзіс “свет (свядомасць) як тэкст” [1, с. 66]. Інакш кажучы, постмадэрнісцкі літаратурны твор — гэта не капіраванне рэальнасці, а яе мадэляванне, якім абумоўлены нетрадыцыйны падыход аўтара да арганізацыі тэксту. Спецыфіка мастацкіх прыёмаў для рэпрэзентацыі семантычна-фармальнага аспекту твора вынікае з адчування свету як хаосу ў сувязі са знішчэннем агульначалавечых каштоўнасцяў. Але адметнасцю чалавечай прыроды з’яўляецца пошук ісціны і гармоніі. Чалавечай свядомасці ад міфалагічна-гістарычнага часу ўласціва асэнсоўваць, вылучаць і абагульняць культурны вопыт, сістэматызаваць і захоўваць яго пры дапамозе пэўных знакавых сістэм. Творчасць Віктара Казько, якая “прарастае” з міфалагічна-фальклорнай глебы, у кантэксце постмадэрнізму — праблема эстэтычна значная.

Міфатворчасць В. Казько — унікальная эстэтычная з’ява [2]. Не толькі таму, што пісьменнік дэманструе прынцыпова новую мадэль мастацкага мыслення, заснаванага на высокамаральных прынцыпах і плюралізме, які, дарэчы, у тэорыі постмадэрнізму лічыцца стрыжнявым. Але і таму, што яго структура адлюстравання рэальнасці ўбірае ў сябе элементы самых розных мастацкіх сістэм, у тым ліку і постмадэрнізму (гульня з прасторава-часавымі катэгорыямі, карнавал, фрагментарнасць, мантаж, тэатралізацыя і інш.).

Постмадэрнісцкі тып пісьма ў “Сказе пра аднавокую казу Цылю”. У самой назве твора — інтрыга і запрашэнне да гульні, працы ўяўлення. Гульня фантазіі і думак аўтара становіцца не самамэтай, а галоўным прыёмам пабудовы сюжэту, канструявання самой мастацкай формы і спосабам выяўлення арыгінальнасці мыслення празаіка, далучэння чытача да сумеснага пазнання-творчасці. Фабула “Сказа...” складаецца з камічных, недарэчных сцэн. Іранічна-гратэскавае пісьмо, гэтага твора таксама не аўтарскі капрыз, а сродак ацэнкі рэальнасці нашых дзён.

Эпічная прастора “Сказа...” арганізуецца пры дапамозе калажу, аднаго з асноўных структур постмадэрнісцкай літаратуры. На сюжэтную канву акуратна, умела “накладваюцца” мастацкія дэталі, у ролі якіх выступаюць не толькі традыцыйныя для літаратуры эстэтычна-вобразныя сродкі. Паспяхова “працуе” ў мастацкім тэксце алюзія, да прыкладу, гістарычная: “Да яго завітаў закон у абліччы трох ягоных прадстаўнікоў: міліцыянта, суддзі і адваката. Чаму прадстаўніцтва было менавіта такім — засталося таямніцай. Але людзі гэтыя напалохалі старога” [3, с. 5]. Кемлівы чытач прачытае “знак”, адчуе ў створанай сітуацыі подых часу “хапуноў”, калі чалавечы лёс вырашаўся “тройкай”. Літаратурная алюзія на “Казку пра рыбака і залатую рыбку” А. Пушкіна (“разбітае часам карыта”) паказвае на сумныя вынікі гістарычных пераўтварэнняў у жыцці народа, завабленага савецкім міражом раю, на крах існавання. Аднак не адкрыта пакуль, на думку аўтара, поўная праўда пра пакутлівы лёс беларуса, які вымушана абжываў землі Сібіры, захоплена будаваў непатрэбныя электрастанцыі і каналы, цярпеў палітычныя рэформы. Не асэнсаваны, напрыклад, час перабудовы, пра які скажа сваё гнеўна-выкрывальнае слова літаратура, аб чым сведчыць алюзія на радкі “Быў час, быў век, была эпоха...” са “Сказа пра Лысую гару”: перабудова — “...гэта ўжо асобная гісторыя, іншых эпохаў, іншых людзей” [3, с. 6].

Як і ў славутай лысагорскай паэме, у сказе пра Цылю, які ўзнік з падачы Н. Сымонавіча Гілевіча, пра што паведамляе празаік у каментарыі да часопіснай публікацыі твора, адлюстраваны праўдзівы воблік жыцця грамадства. Аднак В. Казько не імкнецца да сюжэтна-дэталёвай характарыстыкі розных яго аспектаў — сацыяльна-палітычнага, маральнага і інш., хаця засяроджваецца на асобных падрабязнасцях, галоўным чынам духоўнага плана. Істотны штрых у карціну духоўнай атмасферы часу дадаюць думкі старога: “Увогуле сярод яго знаёмых замежнікаў ня мелася, як дарэчы, не было і сярод супляменнікаў людзей, што здолелі б ашчаслівіць яго нечым і нешта акрамя галаўнога болю пакінуць яму” [3, с. 5]. Ужыванне аўтарам лексем “супляменнік”, “ашчаслівіць” у іх апазітыўным значэнні і далучальнай канструкцыі фразы робяць выказванне экспрэсіўным. Стыль аўтарскага маўлення ва ўсім творы калючы, з’едлівы, востры, асабліва, калі выкрываюцца двурушніцтва, хлусня, уменне гандляваць сумленнем. Кожная фраза аўтара эмацыянальна выразная, грунтоўная, уключаная ў вядучую іранічную інтанацыю размоўнага стылю сказа.

Рэальнасць, аналагічная абсурду, пранізаная ім, стварае сітуацыі недарэчныя, бязглуздыя, што могуць успрымацца як неверагодныя. Таму і мастацкі сюжэт будуецца на супярэчнасцях, іранічнай гульні. Стары марыць пра “мільёны даляраў” — атрымлівае казу-калеку. Плануе ляцець за ёй самалётам, але выйшла дабірацца пешкі і па рацэ. Ён рыхтуецца “нават да здрады радзіме”, а планы не ажыццяўляюцца. Такія несупадзенні і элементы тэатралізацыі неабходныя для раскрыцця мастацкай задумы аўтара. А ў мастацкай задуме — паказ характару ўзаемаадносінаў улады і чалавека, яе “клапатлівага” стаўлення да мастака-інтэлігента. Для рэалізацыі згаданай мэты няма, здаецца, вобраза лепшага за той, які адшукаў сам пісьменнік. І гэта вобраз казы.

Для персанажаў “Сказа...” іх “аднавокае спадкаемнае шчасце” ад самага пачатку свайго з’яўлення — таямніца: “...з праху якіх пакаленняў, з глыбіні якіх стагоддзяў яна адрадзілася, з’явілася на свет Божы, паўстала перад ім і ягонай старой: папярэднік, фантом, а мо монстр?.. А мо кара Гасподня? Але чаму менавіта ім? Ці такія яны ўжо грэшныя. Там жа, у маладосці, яны, здаецца, нічога не патапталі, не нарабілі слядоў, пражылі, прайшлі чысценька” [3, с. 10]. Г. зн., пражылі насуперак шматвекавой, глыбіннай народнай філасофіі (пасаджанае дрэва, пабудаваны дом, выгадаванае дзіця). Стары і старая, адвучаныя верыць, мысліць, ствараць, не задумваюцца над прычынамі пакарання, а перакананыя ў сваёй непагрэшнасці, пра што сведчыць спецыфіка пунктуацыі працытаваных радкоў. Іх памяць засмечана павярхоўнымі ведамі, свядомасць замбіравана, душа разбурана. Прыём алюзіі на свой раман “Бунт незапатрабаванага праху”, асобныя эпізоды якога напісаны пад уплывам “Ніжніх Байдуноў” Я. Брыля, дапамагае зразумець, што ў людзей новага пакалення, часоў культу, прагрэсуючая хвароба – духоўная слепата (адлюстравана на прыкладзе лёсу Германна Говара ў рамане “Бунт...”). Менавіта “сляпы” ў перакладзе з лацінскай мовы азначае імя “Цыля”. Адурманеная свядомасць, прыручанасць, рабская псіхалогія – на такую спадчыну асуджаны герой “Сказа...” сваім часам. Пратэст персанажа зразумелы, апраўданы, але камічны тады, калі ён спрабуе пазбавіцца Цылі. Як стары ні хітраваў уцякаючы, гнаў прэч, біў, угаворваў казу, не здолеў вырачыся таго, што, згодна з біблейскім вучэннем, трэба выкараняць дзесяткамі гадоў вольнага жыцця і духоўных пакутлівых блуканняў, як тое адбывалася з ізраільскім народам пасля егіпецкага палону. Асацыяцыі з біблейскімі сюжэтамі ўзнікаюць самі па сабе, хаця і ў мастацкім творы ёсць адкрытыя рэмінісцэнцыі на свяшчэнныя тэксты.

Як і належыць міфалагічнаму, заўсёды амбівалентнаму вобразу, Цыля не толькі “люцыпарава зрода”, мастацкі знак сатанінскіх у сваёй сутнасці часоў савецкага жыцця. Дзякуючы Цылі, яе гаспадары вучацца “медытаваць” — пільна ўглядацца ў жыццё, задумвацца, разгадваць яго таямніцы. Праца душы ім не вядома, таму нагадвае вар’яцтва, але “вар’яцтва ўсё ж жаданае” [3, с. 9]. Патрэба ў захаванні духоўнай існасці закладзена ў чалавеку самой прыродай, і старыя “шлюць праклёны”, але і “бласлаўляюць” таго, хто падараваў ім казу. Ідэйна-вобразная мадэль “Сказа...” выбудоўваецца з дапамогай мастацкіх знакаў розных гістарычных эпох і культур, што сведчыць пра постмадэрнісцкую скіраванасць твора. Празаік уводзіць у тэкст імёны і прозвішчы прадстаўнікоў яўрэйскага народа — Бранштэйнаў і Берты Саламонаўны. Гэта апеляцыя аўтара у сюжэтным ключы неабходная для матывацыі падзеі атрымання “спадчыны”. Але важны гэты момант і для пастаноўкі адметна беларускіх праблем, звязаных з гістарычнымі ўмовамі існавання беларусаў, — дзяржаўнай незалежнасці, нацыянальнай самасвядомасці, захавання душы этнасу і інш.

Ключавая ў раскрыцці ідэйнага зместу “Сказа...”, карнавальная ў мастацкіх адносінах, сцэна кахання Цылі і аднарогага казла Басурмана, якая сімвалічна адлюстроўвае поўны крах савецкай сістэмы кіравання, тупіковасць шляху, вымашчанага з людскіх ахвяраў. Варварскую сутнасць традыцыі перайначвання жыцця на савецкі стыль раскрывае літаратурная падтэкставая рэмінісцэнцыя: помнік нейкаму “цемрашалу-пісьменніку” з вёскі Дастоева пакладзены ў аснову калгаснага свінарніка. Не прызнаваны савецкай эпохай рускі пісьменнік беларускіх каранёў Фёдар Дастаеўскі ў свой час папярэджваў грамадства пра магчымасць з’яўлення Вялікага Інквізітара, ці, калі згадаць вобраз-сімвал В. Казько, Жалезнага Генрыха, прарочыў аб магчымым з’яўленні сілы магутнага псіхалагічнага ўздзеяння на свядомасць чалавека. Трактоўка Ф. Дастаеўскім асноў жыцця грамадства ўражвае глыбінёй чалавечнасці (“Браты Карамазавы”), але галоўная навука савецкага часу прызнае закон сілы. Але на заняволенні і прыгнёце, як сцвярджае В. Казько, нельга пабудаваць нармальнага жыцця. Гэтая думка падкрэсліваецца ў творы двойчы: праз знакавага персанажа Троцкага-“сваяка” і знак-імя “жаніха” Цылі — Басурмана (У. Даль тлумачыць слова “басурман” — як ‘усякі іншаземец, іншаверац, у непрыхільным значэнні’ [4, с. 327]).

Вобраз казы ў творы — сімвал Вечнасці, якая існуе без пачатку і канца, таму і нікуды не знікае. Поўнай улады над Ёю не дасягнуць ніколі і нікому, асабліва індывідам з непамернымі амбіцыямі і нахабствам. Ад іх — “велічных, яркіх і застрашальных” [5, с. 117] — у народнай памяці амаль нічога не застаецца. В. Казько адзначае фундаментальную асаблівасць свядомасці беларуса. Герой “Сказа...” пасля наведвання музея Льва Троцкага задумваецца, чаму пра гэтага дзеяча, “які да калена, а мо і па самую макаўку ў крыві, у чалавечай крыві...” [3, с. 4], толькі і знаку, што куфель, і той не яго асабісты, а бацькаў, які быў піўным заводчыкам. Чалавечая памяць убірае ў сябе з памкненняў і дзейнасці ўладароў толькі тое, што вызначаецца ў большай ці меншай ступені пазітыўным зместам. Так, згадваючы Малянкова, людзі тлумачаць: “...харошы быў цар, зямлю даў, з налогамі палёгку зрабіў” [5, с. 117]. Гэтую здольнасць беларуса жыць вечным, а не часовым растлумачыць проста. Маральны кодэкс нашых продкаў-язычнікаў уяўляе сабой сістэму духоўна-этычных паняццяў і грунтуецца на думцы пра Дабро як аснову жыцця і найвялікшы яго закон (рытуальныя дзействы сустрэчы ўзыходу сонца, спальвання лялькі Марэны, ваджэння казы скіраваны на падтрымку боствам, якія ўвасабляюць Дабро). Як сказана ў Бібліі, “па справах яго” — чалавека — судзіць і ацэньвае Бог. І само Жыццё. Яно дзейнічае паводле закону бумеранга — “абломвае рогі”, у каго тыя вырастаюць. Іронія мастака слова, якой пранізаны ўвесь твор, неабходная для абстрагаванасці ад свайго героя, што не характэрна для жанру сказа. Але гэта прыкмета постмадэрнісцкага наратыўнага стылю — насміханне аўтара над стэрэатыпамі мыслення персанажа (“адукаваны быў стары, як і ўсе нашыя жабракі-пенсіянеры”) і актуалізацыя праблем нацыянальнай культуры.

Такім чынам, наследаванне ў творы прынцыпам эстэтыкі постмадэрнізму відавочнае (калаж, літаратурная гульня фактамі-знакамі, іронія і інш.). Адметнасць “Сказа...” у звароце да набыткаў нацыянальнай культуры, выяўленні спецыфікі менталітэту беларусаў. Алюзія дапамагае прасачыць логіку мыслення аўтара: В. Казько гаворыць пра неабходнасць быць грамадзянінам культурнага краю, духоўна знітаваным з усімі іншымі людзьмі, сцвярджае думку пра свабоду творчасці і мыслення. Цэласнасць і гармонія мастацкай формы і канцэптуальнасць зместу, нягледзячы на падзейную забаўляльнасць, робяць “Сказ пра аднавокую казу Цылю” інтэлектуальным творам.

_________________________

1. Скоропанова И. С. Русская постмодернистская литература: Учеб. пособие. — 4-е изд., испр. / И. С. Скоропанова. — М., 2002.

2. Друк Г. М. У храме Слова. Міфатворчасць Віктара Казько: манаграфія / Г. М. Друк. — Мн., 2005.

3. Казько В. Сказ пра аднавокую казу Цылю / В. Казько. // Дзеяслоў. — 2003. — № 4.



4. Даль В. Словарь живого великорусского языка / В. Даль. — М., 1997.

5. Казько В. Бунт незапатрабаванага праху / В. Казько. // Полымя. — 2000. — № 5.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка