Галерэя Міхаіла Савіцкага




Дата канвертавання16.03.2017
Памер28.81 Kb.
Галерэя Міхаіла Савіцкага
Сёмага верасня 2012 года ў Мінску адкрылася Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага.

Міхаіл Андрэевіч Савіцкі – Герой Беларусі, народны мастак СССР, народны мастак Беларусі, ганаровы грамадзянін горада Мінска. У гады Вялікай Айчыннай вайны ва ўзросце дваццаці гадоў ён удзельнічаў у баях за Севастопаль, трапіў у палон і апынуўся ў фашысцкіх канцлагерах. Тэма вайны знайшла адлюстраванне ў цыкле яго карцін. Серыя «Лічбы на сэрцы», прысвечаная вязням канцлагераў, выкрывае фашызм і сцвярджае неўміручасць, душэўнае і фізічнае хараство чалавека-змагара. Многія палотны да глыбіні душы ўражваюць сваёй жахлівай праўдзівасцю, фіксуючы страшныя сцэны маральнага і фізічнага знішчэння людзей, якія давялося ўбачыць і перажыць самому мастаку падчас знаходжання ў канцлагеры.

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага размясцілася ў былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя. У розныя часы ўладальнікамі будынка былі знакамітыя мінчане. Напрыклад, у ХIХ стагоддзі дом належаў вядомаму культурнаму дзеячу Юрыю Кабылінскаму. Сядзіба Кабылінскага была месцам сустрэч творчай інтэлігенцыі горада, а сам гаспадар займаўся літаратурнай дзейнасцю і калекцыянаваннем. Дом Кабылінскага быў адкрыты для ўсіх і, як лічаць даследчыкі, стаў першым публічным музеем Мінска.

З 1872 па 1918 год сядзіба належала мужчынскаму духоўнаму вучылішчу. Пасля вайны тут знаходзіўся прызыўны пункт абласнога ваенкамата.

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага з’яўляецца сучасным культурным цэнтрам. Чатыры залы першага паверха адведзены пад рэканструкцыю інтэр’ераў жылых памяшканняў сядзібнага дома: вялікай гасцінай, малой гасцінай, кабінета, бібліятэкі.

Экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Андрэевіча Савіцкага, размешчана ў дзевяці залах. Тут прадстаўлены работы са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска і сям’і мастака. Экспазіцыя складаецца з раздзелаў, што дэманструюць розныя этапы творчасці майстра.

Раздзел «У пачатку творчага шляху» знаёміць з творамі шасцідзясятых гадоў ХХ стагоддзя. Гэтыя палотны прысвечаны тэме працы і ілюструюць творчыя пошукі маладога аўтара. Цэнтральнае месца адведзена дыпломнай рабоце «Песня», а таксама карціне «Хлеб» – знакавым палотнам першага этапа творчасці Міхаіла Савіцкага.

Раздзел «Творчасць сямідзясятых – дзевяностых гадоў» працягвае знаёміць з творамі мастака, якія паэтызуюць паўсядзённую працу чалавека на зямлі, прыгажосць сялянскага ладу жыцця. Палотны прысвечаны вечным тэмам, услаўляюць каханне, мацярынства, гармонію чалавека і прыроды. У гэтым раздзеле экспазіцыі дэманструюцца партрэты вядомых асоб і карціны-разважанні, сярод якіх вылучаюцца «Філосафы», «Фёдар Дастаеўскі», «ХХ стагоддзе».

Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны біяграфіі, грамадскай і педагагічнай дзейнасці Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. Тут прадстаўлены асабістыя рэчы мастака, узнагароды, дакументы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі. Рабочы інструмент, цюбікі з-пад фарбы выпуску сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя – гэта не проста гістарычны антураж. Іх майстар выкарыстоўваў пры стварэнні сваіх выдатных палотнаў.

У галерэі дэманструюцца інтэр’еры службовага кабінета і творчай майстэрні Міхаіла Савіцкага. Іх узнаўленне дае магчымасць не толькі ўявіць тэхнічны працэс стварэння карціны, але і адчуць непасрэдную прысутнасць самога аўтара.

Для дэманстрацыі кінахронікі, відэазапісаў інтэрв’ю, дакументальных фільмаў абсталявана спецыяльная зала.

Галерэя Міхаіла Савіцкага, чыя творчасць стала новым словам у мастацтве і здабыла сусветнае прызнанне, будзе служыць духоўнаму ўзбагачэнню людзей, напаўняць сэрцы гонарам за таленавіты беларускі народ, які падарыў чалавецтву такога выдатнага майстра.



Паводле інтэрнэт-рэсураў.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка