Ганна Мятліцкая




Дата канвертавання09.02.2018
Памер67.64 Kb.
Ганна Мятліцкая ГОРАД У МАСТАЦКІМ АДЛЮСТРАВАННІ ЯЎГЕНІІ

ЯНІШЧЫЦ


Паняцці "вёска" і "горад" у мастацкім свеце Яўгеніі Янішчыц утвараюць бінарную апазіцыю. Вёска суладна злучана з прыродай, гэта як бы "страчаны рай", якога не хапае гарадскому чалавеку. А горад паўстае як нейкі тэхнакратычны, цывілізацыйны "мутант", які разросся, паглынуў чалавечае жыццё, паступова знішчае ў ім усё святое. Тут склаліся свае парадкі і законы, спарадзіліся свае адмоўныя з'явы жыцця. Мастацкае супрацьпастаўленне горада і вёскі не толькі адкрыта праяўляецца ў асобных вершах (напрыклад, у вершы "Наконт гарадскога мыслення"), але і прасочваецца ў сукупнасці твораў паэтэсы.

Выкрываючы негатыўную сутнасць горада, паэтэса імкнецца адлюстраваць сучаснае жыццё, паказаць яго заганы і абсурднасць, звязаныя найперш з праявамі бездухоўнасці. У гарадскога чалавека няма такой прывязанасці да "роднага кута", якая ёсць у вяскоўцаў. Жыхар вёскі прывыкае да роднай хаты, сядзібы, наваколля, а жыхар горада "дзеліць" свой дом з суседзямі і ведае пра іх нашмат менш, чым пра суседзяў ведаюць у вёсцы. Як правіла, гарады ўтвараюцца менавіта на падмурку паселішчаў земляробаў, разрастаючыся, убіраюць іх у сябе. Як адзначае С. Домнікаў: "На першым этапе горад зліваецца з сельскагаспадарчымі ваколіцамі, гараджанін выступае і земляробам, і рамеснікам, арганізоўваецца ўнутраным распарадкам жыцця родавых гнёздаў. Але законы вялікай супольнасці ў межах гарадской прасторы парушаюць іх першапачатковую замкнёнасць. Усё больш настойліва актуалізуюцца асаблівыя дзелавыя якасці індывіда, што дыктуюцца неабходнасцю новага, ініцыятыўнага тыпу паводзін... Прафесійны прынцып прыходзіць на змену родавай арганізацыі" [1, 48]. Выснова, да якой прыходзіць даследчык: "Горад - увасабленне ідэі выхаду з-пад "улады" зямлі, супрацьстаіць вёсцы, цалкам падпарадкаванай "уладзе" зямлі" [1, 49].

Элементы гарадской прасторы ў адлюстраванні Я. Янішчыц - нежывыя, халодныя, няблізкія чалавечай душы: шаша, якая блішчыць, нібы пафарбаваная лакам, і якая "быццам іга, // .пад ножанькі лягла", "столькі многа бетону і шлаку, // Бітай цэглы, халоднага шкла!" (вершы "Я гляджу, як будуецца горад", "Луг"). Горад унёс разбуральны пачатак у чалавечае жыццё, у жыццё планеты:

Дамысліўся горад да едкага дыму,

Да клетак, сумуе з якіх заапарк [4, 51].

Ва ўсёй сваёй драпежнасці, жорсткасці адносінаў чалавека да прыроды горад паказваецца ў вершы "Я гляджу, як будуецца горад". Паэтэса заўважае імклівасць, з якой разрастаецца горад, - хутка будзе пабудаваны новы мікрараён, - прыводзіць апісанне гвалтоўнага знішчэння ляснога куточка прыроды:

Дрэў разлапістых яміны-раны

Ціхай скрухай прашыты наскрозь.

І жалезнымі лапамі краны

Заграбаюць забойства бяроз [4, 55].

Так цывілізацыя нішчыць прыроднае багацце, на месцы, дзе рос лес, будзе будавацца горад. А чалавеку з душой, якая любіць прыроду, любіць усё жывое, чалавеку-вяскоўцу, балюча глядзець на такі "малюнак". Настрой лірычнай гераіні верша прасякнуты болем, спачуваннем дрэвам:

Дзе вы, мілыя дрэвы ўчарашнія:

Арабіна, бярозанька, клён? Ноччу я прачынаюся. Страшна,

Бы сама ўрастаю ў бетон [4, 55].

Як піша Э. Дубянецкі: "За апошнія два стагоддзі хуткае прамысловае развіццё Беларусі прывяло да ўзмоцненага, часцей негатыўнага ўплыву на прыроднае асяроддзе, парушыла экалагічную раўнавагу, спрадвечную гармонію чалавека і прыроды, у значнай ступені "перарвала" шчыльную сувязь насельніцтва з роднай зямлёй і выклікала прыкметны адток людзей з вёсак у гарады, што радыкальна змяніла сацыяльную структуру насельніцтва Беларусі" [2, 349]. І адпаведна адбываюцца змены і ў нацыянальным характары: "Падобнае змяненне ўмоваў жыцця і працы абумовіла няўхільнае разбурэнне традыцыйнага шматвяковага ладу жыцця беларусаў, а ў многіх выпадках і забыццё імі сваіх уласных каранёў, арыгінальных, выпрацаваных многімі пакаленнямі абрадаў, звычаяў, а таксама страту сваёй роднай мовы, культурных здабыткаў" [2, 349].

Выпрацаваўся тып гараджаніна, чалавека масы. Актуальна гучыць верш Я. Янішчыц "Аб масе". Слова "маса", на думку паэтэсы, замяняе слова "народ". І, што асабліва трывожыць лірычную гераіню: няўжо народ ідзе на звод? Яе бянтэжыць масавасць культуры, масавасць халтуры, калі масавае - гэта нібыта расчалавечванне чалавека, пераход ад чалавечага да бездухоўнасці, фальшу. "Хоць месу закажы па гэткай масе, // Каб уваскрэснуў проста чалавек!" [4, 57]

"Горад аказваецца ідэальнай прасторай Улады, яе помнікам і ўвасабленнем" [1, 50]. Вавілонская вежа, гісторыя яе будаўніцтва і разбурэння, адлюстраваныя ў Бібліі, як сімвал ідэі асуджэння Богам чалавечай заганнасці, жадання адарвацца ад зямлі, прыраўняцца да Усявышняга з'яўляюцца перасцярогай для ўсяго чалавецтва. Садом і Гамора, Іерыхон, Троя, Пампеі, Канстанцінопаль - гісторыя поўніцца прыкладамі падзенняў гарадоў, а народная памяць захоўвае легенды.

У паэзіі Я. Янішчыц створаны адмоўны вобраз Галівуда як увасаблення хцівасці, імкнення да нажывы, якое ідзе не ад Хрыста, а ад Іуды (верш "Мэрлін Манро"). Рэчы М. Манро прадаюцца з аўкцыёну, гандлююць імі і купляюць іх "сенсацыі аматар" і "сляпы паклоннік атамнай чумы". Паэтэса выкрывае ў вершы "гнюсны свет", вельмі глыбока разумее асобу М. Манро, бачыць не толькі знешняе, што "раскручваюць" пра яе журналісты, але і інтуітыўна адгадвае-адчувае перажыванні і пакуты амерыканскай кінаактрысы. "Актрыса. Палюбоўніца. Секс-бомба. // Пакутніца. Рабыня. Матылёк" [4, 132].

Разбурэнне ў сучасным жыцці сапраўдных, спрадвечных чалавечых каштоўнасцей раскрываецца і ў вершы "Чытаючы пісьмо". Лірычная гераіня задумваецца над сутнасцю чалавека, якая заўсёды выяўляецца ў яго ўчынках. Чалавечыя ўзаемаадносіны зрабіліся вельмі крохкімі ("Ах, нашы дружбы, нібы ніткі рвуцца!"), часам нават у сяброўстве праяўляецца зайздрасць. Як трывае ўсё гэта Маці-Зямля, нібы пытае паэтэса: "Вось-вось зямныя нервы узарвуцца // Ад злыбяды, мяшчанства і хлусні" [4, 163]. Для таго, каб знайсці ўнутраную раўнавагу і сілы вытрымаць неяк жыццёвыя выпрабаванні, паэтэса ўзгадвае маміны словы: "Я не магу з людзямі размінуцца, // Мне трэба нешта ў кожнага спытаць". Роздум над жыццём у гэтым вершы паступова паглыбляецца: адзначаецца, што людзі знаходзяцца "ў вар'яцкай паўсядзённай спешцы... // Мы нібы тыя шахматныя пешкі, // Расстаўлены на атамнай зямлі" [4, 163]. І далей:

Калі у крэслах - хцівасць і дрымота

І брату брат не падае руку.

Калі бязбожна падае пяшчота

І грош цана сардэчнаму радку! [4, 163]

Вось у чым адрозненне гарадскога жыцця ад вясковага, якое адчувала маці паэтэсы, адмаўляючыся пераязджаць у горад. І адначасова ў гэтым вершы - развага пра тое, чаго не павінна быць у жыцці, што трэба выкараніць з яго, бо ўсё гэта праявы зла, маштаб якіх сапраўды жахлівы.

Пагроза чалавечаму існаванню на Зямлі, парушэнне экалагічнай раўнавагі становяцца тэмай многіх твораў Я. Янішчыц, гэтак жа як і П. Панчанкі, Р. Барадуліна, іншых беларускіх паэтаў. У нечым гэта наступствы дамінавання горада над вёскай, бо "сувязь з прыродай - адзін з самых галоўных рэзервуараў, адкуль чэрпаецца чалавечнасць" [3, 118].

У вершы "Ружовы цвет і хараство садоў..." Я. Янішчыц называе сучаснасць "заложніцай-эпохай". Адна з галоўных пагроз існаванню чалавецтва - вайна, бо яшчэ не зажылі на Зямлі раны ад папярэдняй сусветнай вайны, а для людзей усё больш адчувальнай становіцца небяспека новых войнаў. Вайна - гэта праява антыпрыроднага мыслення. Чалавек многага дасягнуў тэхнічна, але так і не навучыўся абыходзіцца без зброі, прымянення сілы, агрэсіі.

"Калі ж нарэшце вылюднее свет // І скончацца ваенныя пагрозы?" - пытаецца паэтэса [4, 59]; антываенным пафасам прасякнуты многія яе творы.

У вершы "Наконт гарадскога мыслення" выказваецца глыбокае хваляванне лірычнай гераіні пра будучыню, захаванне ўсяго жывога на Зямлі, у тым ліку і клопат пра захаванне роднай вёскі:

Яшчэ дзесь бялеецца маміна хустка,

Ды рвецца пытанне з балючых грудзей:

А што як прывеціць не жыта, а пустка

І свойскія птушкі збаяцца людзей? [4, 51]

Такім чынам, праз мастацкае адлюстраванне горада і гарадскога жыцця Яўгенія Янішчыц узнімае актуальныя праблемы сучаснасці. Горад паўстае як нешта "бетоннае", мёртвае, бо ў ім мала застаецца жывой прыроды і спараджаецца жорсткае, бесчалавечнае стаўленне да ўсяго жывога.

ЛІТАРАТУРА:



  1. Домников, С.Д. Мать-земля и Царь-город. Россия как традиционное общество / С. Д. Домников. - М.: Алетейа, 2002. - 672 с.

  2. Дубянецкі, Э. Беларускі нацыянальны характар: сутнасць і вытокі. Да пастаноўкі праблемы / Э. Дубянецкі // Беларусіка=А1ЬагаШепіса. - Мінск: Навука і тэхніка, 1995. - Кн. 5: Культура беларускага замежжа; Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні. - С. 341 - 353.

  3. Щедраков, В.Н. Земля, человек, нравственность / В.Н. Щедраков // Человек и земля / Сост.: Р.С. Карпинская, С.А. Никольский. - М.: Агропромиздат, 1988. - С. 117 - 120.

  4. Янішчыц, Я. Выбранае / Я. Янішчыц. - Мінск: Маст. літ., 2000. - 351 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка