Гаспадар: Жонка! Гаспадыня: Ой! Гаспадар




Дата канвертавання02.02.2017
Памер78.5 Kb.
Каляды

Гучыць беларуская народная мелодыя. На сцэне гаспадыня. Яна падмятае падлогу і спявае песню “Чаму ж мне не пець…” Уваходзіць гаспадар.

Гаспадар: Жонка!

Гаспадыня: Ой!

Гаспадар: Жонка, а жонка! Нешта ў нашай хаце сёння дужа горача.

Гаспадыня: Дык я ж тры дні ў печы паліла, пякла, варыла, смажыла, хачу, каб калядоўшчыкі зайшлі, нашай хаты не міналі. Ой, стамілася я з усім гэтым. Жывём мы з мужам небагата: ёсць у нас 5 авечак, кароўка, бычок, чатыры свінкі, парсючок, куры, гусі, качаняты і адзін певень чубаты.

Гаспадар: Вось я саломы на стол прынёс, гатуй, жонка, абрус. (Кладзе салому на стол)

Гаспадыня (засцілае стол абрусам і ставіць розныя стравы): А я блінкоў напякла, кашы наварыла, вушкі з грыбамі, кісялёк. Сядай за стол!

Гаспадыня і гаспадар уладкоўваюцца за сталом.

dsc01107

Гаспадар(выцягвае з-пад абруса саломіну): О, які добры ўраджай будзе ў нас сёлета! Паглядзі, жонка, якую я доўгую саломіну выцягнуў.

Гаспадыня (нясе першую лыжку да акна:

Мароз, мароз, хадзі куццю есці!

Улетку не бывай,

Па межах не хадзі,

Яры не губі.

Стары, а стары! Ці бачыш ты мяне?



Гаспадар: Не, не бачу.

Гаспадыня: А каб ты сапраўды не бачыў за стагамі, за вазамі, за снапамі свету.

Гаспадар: А ты, жонка, ці бачыш мяне?

Гаспадыня: Не, не бачу.

Гаспадар: Каб жа ты не бачыла за агуркамі, за гарбузамі, за капустай, за буракамі белага свету.

Гаспадыня: Каб твае словы ды праўдаю сталі.

Падае лыжка.

Гаспадыня: Ой, нешта лыжкі пападалі. Мусіць, госцікі да нас прыйдуць.

Чуецца стук у дзверы.

1-ы калядоўшчык: Добры вечар таму, хто ў гэтым даму.

2-гі калядоўшчык: Мы віншуем вас са святам, шчасця вам, усяго багата.

3-ці калядоўшчык: Каб была ў вас пшаніца, як прыгожая дзявіца.

4-ты калядоўшчык: Каб добрыя былі каровы, а вы былі здаровы.

1-шы калядоўшчык: Каб вяліся ў вас цялушкі, кураняты, свінні, птушкі.

2-гі калядоўшчык: Каб козы мэкалі, а бараны бекалі.

3-ці калядоўшчык: Каб капуста ўрадзіла ўсім людзям надзіва.

4-ты калядоўшчык: Шчодрага вам лета, багатага хлеба.

Калядоўшчыкі (разам): Сто год жывіце, дзетак расціце. Мы прыйшлі спяваці, шчасця вам каваці. Добры вечар, шчодры вечар. Ці рады вы нам?

Гаспадар: Мы рады, ды вы хто такія?

Калядоўшчыкі (разам). Мы людзі простыя, з далёкага краю.

Гаспадыня: Адкуль ідзяце?

1-шы калядоўшчык: Ідзём мы ад пана Года, што носіць бараду шыроку, як лапата, сіву ды калмату.

2-гі калядоўшчык: Ці шырокія сцены, каб нам пагасцяваць? Ці добрая гаспадыня, каб нас пачаставаць?

Гаспадыня: Гаспадыня добрая і вельмі шчодрая, але за што вас частаваць? З чым вы прыйшлі, калядоўнічкі?

3-ці калядоўшчык: Мы прыйшлі да вас

З казою шэраю, вясёлаю.

Гэй-га, каза,

Гэй-га, шэра!

Ну-ка, козачка, павярніся,

Усім нам пакажыся.



Каза важна ходзіць па сцэне.

Каза:(кажа і адначасова паказвае)

Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць.

Дзе каза рогам, там жыта стогам.

Дзе каза хвастом, там жыта кустом.

Дзе каза нагой, там жыта капой.

А я хадзіла, а я блудзіла

Па цёмных лясах, шырокіх лугах.

А ў ляску, ляску на жоўтым пяску

Я стамілася, павалілася.

Каза падае на бок і робіць выгляд, што памірае.

Гаспадыня: Ай, ай, памерла каза. Божа ж мой.

1-шы калядоўшчык: У нас каза вучоная, любіць пачастункі, хоча падарункі.

Гаспадыня: Зараз, зараз. Так добра яна спявала, зарабіла пачастункі.

2-гі калядоўшчык: Каб каза ўстала, трэба даць ёй кусок сала!



3-ці калядоўшчык: А на кожны ражок павесіць піражок.

4-ты калядоўшчык: Паўмеркі жыта, каб каза была сыта.

1-шы калядоўшчык: Паўмеркі аўса, каб каза расла.



Гаспадыня частуе

2-гі калядоўшчык: Ну, каза, закладай рогі

Ды падбірай ногі,

З хаты выхадзі,

Бяду вывадзі,

Хай уцячэ хутчэй

Ад людскіх вачэй

І ў гэтым дому

Не шкодзіць нікому.



Гаспадар: А чым ты нас, цыган, парадуеш?

Цыган: Я прыйшоў не адзін. У мяне мядзведзь ёсць калматы, злавіў яго дзед барадаты, ён мёд хацеў увесь злізаць, ну як яго тут не спаймаць. Зараз ён пацешыць вас, ён паслухмяны ў нас.

Цыган з мядзведзем выходзіць на сярэдзіну.

Цыган: Кланяюся нізка ўсім, і мішка таксама кланяецца. А ну, міша, пакажы нам, як бабы хлеб месяць. Як дзяўчаты перад люстэркам упрыгожваюцца? Як мужык Янка з кірмашу дамоў вяртаецца? (мядзведзь паказвае). А цяпер, міша, паскачы.

Гаспадыня. Ну, а ты чым нас парадуеш, цыганка? Пагадай майму Лявону.



Цыганка: Залаты мой, дай я табе пагадаю. Што было, што ёсць, а што яшчэ будзе. Хадзі, даражэнькі, да мяне, каб гаспадыня твая не чула. Дай мне сваю далонь. О… о… Усё бачу, зараз табе раскажу. Пакладзі сюды грошы, пазнаеш усю праўду, мой харошы. Бачу, бачу… Будзеш ты, Лявон, вельмі багатым, будзе ў цябе шмат золота.

Гаспадар: Навошта мне тваё золата, калі ў мяне даляры ёсць.

Цыганка. А як у цябе даляры ёсць, дык ідзі ты да мяне. У мяне чорна каса, ну чым я не краса?

Гаспадыня: Лявон, чаго стаіш, як укапаны? Частуй гасцей.

Госці і гаспадары выконваюць песню “Пайшла Каляда калядуючы”.

Пайшла Каляда калядуючы,

А за ёю дзеўкі шчадруючы.

Прыпеў: Каляда, калядзіца,

Малада маладзіца.

Пайшла Каляда ў адну хату,

А ў гэтай хаце песні пяюць.

Прыпеў.


Пайшла Каляда ў другу хату,

А ў той хаце серабро звініць.

Прыпеў.

Пайшла Каляда ў трэцю хату,



А ў той хаце сала шыпіць.

Прыпеў.


Пайшла Каляда ў чацвёрту хату,

А ў той хаце пірагі пякуць.

Прыпеў.

Пайшла Каляда ў пяту хату,



А ў той хаце каўбасу ядуць.

Прыпеў.


Калядоўшчыкі. Засядзеліся мы ў вас, дарагія гаспадары.

1-ы калядоўшчык: Гаспадар, будзь здароў,

Як рыжы бароў,

Жыві ў раскошы,

Май торбу грошай.



2-і калядоўшчык: Збожжа поўны клеці,

Павагу на свеце,

І ўсяго даволі,

І бяды ніколі.



3-ці калядоўшчык: А вы здаровы бывайце

Ды праз год нас чакайце.

Шчасця ды долі,

А гора ніколі!


Дадатак 3

Тэма ўрока: Беларусь – мая Радзіма. (Педагагічная майстэрня)

Мэта ўрока: пазнаёміць вучняў з пейзажнымі малюнкамі ў творах беларускіх паэтаў; развіваць уменні і навыкі самастойнай і творчай работы ў групах; выхоўваць любоў да прыроды, Радзімы.

Абсталяванне: карта Беларусі.

Эпіграф: «Мой родны кут, як ты мне мілы Забыць цябе не маю сілы!...»

Я.Колас


1. Індукцыя. Слова настаўніка.

Сёння на ўроку мы будзем весці гаворку аб самым галоўным, самым каштоўным – аб нашай бацькаўшчыне.

Рака нараджаецца з ручаін, дрэва расце з ручаёў, а чалавечая годнасць і вартасць нараджаецца з глыбокай адданасці сваёй Радзіме, з ведання яе гісторыі, з любові да матчынай мовы, з пашаны да спадчыны, да роднай прыроды.

Наша Беларусь вядома ўсяму свету. Зірніце на карту. Прыгожым кляновым лістом раскінуліся абсягі нашай рэспублікі. Карта расквечана гарадамі і вёскамі, рэкамі і азёрамі, зялёнымі дыванамі лясоў, лугоў, багатых палеткаў. (Яе прыгажосць услаўляецца ў песнях).

(Вучні 7 класа выконваюць песню)

А зараз мы з вамі правядзём невялікую віктарыну пра наш родны край, нашу родную Беларусь.

Віктарына

1. Назавіце сталіцу рэспублікі Беларусь.

2. Дзень незалежнасці Беларусі. Хто памятае калі мы святкуем яго?

3. Наўроках гісторыі або геаграфіі вы, напэўна, гаварылі пра тое, колькі тысяч квадратных метраў складае тэрыторыя рэспублікі. Хто памятае гэту лічбу?

4. Якія вы ведаеце вялікія гарады Беларусі?

5. Назавіце самы вялікі запаведнік Беларусі.

6. Назавіце імя вялікага асветніка і гуманіста, які паклаў пачатак беларускаму кнігадрукаванню?

7. Якія карысныя выкапні здабываюцца на тэрыторыі нашай рэспублікі?

8. З якімі краінамі мяжуе Беларусь?

9. Часта можна пачуць такое словазлучэнне «сінявокая Беларусь». Як растлумачыць гэту назву?

10. Назавіце самае вялікае возера Беларусі.

11. Хто з’яўляецца першым беларускім касманаўтам?

12. Як па-беларуску гучыць гасціннае запрашэнне, як згодна традыцый беларусы сустракаюць гасцей? (Сардэчна запрашаем).

13. Назавіце беларускіх паэтаў.

14. Успомніце вершы беларускіх паэтаў, у якіх малююцца родныя краявіды.

Слова настаўніка.

Ведаеце:


Ёсць у кожнага свой незабыўны, абжыты куток,

Дзе ніколі не страшаць

Ніякія спёкі і сцюжы,

Дзе з калодзежа возьмеш

Гаючай вадзіцы глыток

І адчуеш сябе маладым,

І шчаслівым, і дзюжым.


  • Як вы думаеце, што гэта за куток? (Звяртаецца ўвага на эпіграф).

  • Успомніце вершы беларускіх паэтаў пра родны куточак, прачытайце на памяць (вучні працуюць у групах).

(Чытаюць вершы Я.Янішчыц «Прыедзь у край мой ціхі», Я. Коласа «О край родны, край прыгожы», Я. Купалы «Спадчына».

  • Што аб’ядноўвае прачытаныя вершы? (Апяваецца прыгажосць роднага краю).

  • Якія асацыяцыі ўзнікаюць у вас з гэтым словам?

(Чалавек, прырода, літаратура, музыка…)

  • А можа, гэта ўсё ўзаемазвязана, можа, прыгажосць – гэта і ёсць гармонія прыроды, музыкі, літаратуры, чалавека?

Пад песню ўявіце сабе родныя мясціны, любімыя поры года.

Сацыяканструкцыя.

  • А зараз давайце паспрабуем правесці рэпартаж аб сваёй вёсцы

(вучні працуюць індывідуальна, у парах, у групах).

Сацыялізацыя.

Кожная група абараняе свой рэпартаж.



Рэфлексія.

Ацэнка ўрока вучняў. (Раздаюцца карткі з прыкладнымі адказамі. Вучні робяць выбар).



  • Буду шанаваць родную прыроду.

  • Адчую сапраўдную прыгажосць роднага краю.

  • Паспрабую напісаць верш.

  • Урок не зацікавіў мяне.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка