Геракл — агульначалавечы герой




старонка1/4
Дата канвертавання14.02.2017
Памер0.6 Mb.
  1   2   3   4

ГЕРАКЛ — АГУЛЬНАЧАЛАВЕЧЫ ГЕРОЙ

Сапраўдным увасабленнем гераізму — з усімі складовымі гэтага паняцця — з’явілася постаць Геракла. Найбольш праслаўлены грэкамі герой вызначаўся не толькі неймавернай фізічнай сілай, але і магутным духам, вялікай душой; набліжаны па свайму паходжанню і значэнню здзяйсняемых подзвігаў да бессмяротных, ён надзіва нагадваў людзей, іх няспынныя пошукі, іх схільнасці, іх залежнасці, іх моц і іх слабасці і памылкі. Сын самога Зеўса, Геракл стараўся жыць па-законах, якія ўсталяваў яго бацька на зямлі, але непараўнальна больш за іншых герояў зведаў цяжкую долю смяротных, пакутаваў ад несправядлівасці багоў і людзей. Ён няўхільна ішоў наперад, увесь час рабіў дабро, ствараў штосьці для чалавецтва і тым самым удасканальваў сваю чалавечую прыроду: розум, кемлівасць, дабрыню, спагадлівасць. Тыпалагічна Геракл блізкі такім героям, як шумера-акацкі Гільгамеш, як герой старазапаветных паданняў Самсон.


З’яўленне ў свеце Геракла — надзвычайнага па ўсіх параметрах героя адбылося адпаведна задуме галоўнага алімпійца, які загадзя падрыхтоўваў яго. Яшчэ Праметэй, прыкуты Зеўсам да каўказскай скалы, прадказваў вялікую славу нашчадку Іо, свайму будучаму вызваліцелю:

І ад яе славуты род цароў пачнецца

У Аргасе...

Галоўнае, што з таго роду выйдзе

Стралок-лучнік, які мяне ад болю

І ад пакут тых вызваліць навечна.



(Эсхіл “Прыкуты Праметэй”)

Усё пачыналася з кахання Зеўса да адной з нашчадкаў (у позняй традыцыі — дачкі) аргосца Інаха — Іо і яе ўцёкаў у Егіпет, дзе нарадзіўся сын Зеўса — Эпаф. На працягу дванаццаці пакаленняў накоплівалася волатаўская сіла будучага сына вярхоўнага бога — Геракла, які належаў да трынаццатага пакалення (Гл. табліцу “Аргоская дынастыя”). У генеалагічным дрэве Геракла мелі месца шлюбы паміж блізкімі родзічамі, якія нагадвалі старажытныя кроўна-роднасныя сувязі: такім чынам Зеўсу ўдалося захаваць магутную сілу ў межах адной сям’і.

Герой нарадзіўся ў Фівах, дзе знайшла прытулак яго маці Алкмена з мужам, тырынфскім царом Амфітрыёнам, пасля ненаўмыснага, выпадковага забойства ім свайго цесця Электрыёна. Маючы бліскучую радаслоўную, Геракл ад самага свайго нараджэння стаў аб’ектам пераследу і помсты. Гера ўзненавідзела яго яшчэ да з’яўлення героя на свет і зрабіла ўсё, каб у жыцці Зеўсавага сына было шмат выпрабаванняў і пакут. У свой час раўнівая Гера праследавала Іо, ператварыўшы абранніцу Зеўса ў карову, і нянавісць багіні перайшла на нашчадкаў яе саперніцы. У выніку падкопаў Геры трон уладара Мікенаў, які Зеўс рыхтаваў для свайго любімага сына, дастаўся нікчэмнаму Эўрысфею. Гэтаму баязліваму і подламу цару быў вымушаны служыць смелы, высакародны герой.

Такім чынам, лёс Геракла разгортваўся як бы ўнутры канфлікту паміж Зеўсам і Герай. Трэба канстатаваць, што ў дачыненні факта праследавання і наогул стаўлення Геры да Геракла не ўсё нам вядома. Большасць даследчыкаў тлумачаць сітуацыю традыцыйна — рэўнасцю і нянавісцю багіні. У дадзеным выпадку Гера з’явілася дабрадзейкай героя насуперак сваёй волі: яна строіла яму ўсялякія падкопы, каб адпомсціць за здраду мужа, а Геракл, пераадольваючы іх, здзяйсняў свае подзвігі.

Некаторыя міфолагі бачаць у Геры строгую кіраўніцу выпрабаванняў Зеўсавага сына, якая ўзяла на сябе абавязак правесці яго праз самыя цяжкія іспыты, каб выявіць, ці годны ён высокага прызначэння героя. Гэтай роллю нябеснай царыцы ў лёсе сына Зеўса і Алкмены прыхільнікі дадзенага погляду абумоўліваюць змяненне імя Алкід, як назвалі нованароджанага, на імя Геракл.

Існуе яшчэ адно меркаванне: на раннім этапе з’яўлення і замацавання ў народнай свядомасці Геракл займаў неапошняе месца ў пантэоне мясцовых багоў найстаражытнага насельніцтва Пелапанеса. Дж. Томсан даказвае, што першапачаткова, да прыходу ў Грэцыю дарыйцаў, Геракла ўшаноўвалі як выхадца з Крыта і як мужа Геры, якую Зеўс, стаўшы на чале алімпійцаў, адняў і зрабіў сваёй жонкай. Намёк на гэтую старажытную роднасць і ўтрымлівае імя героя, якое азначае “праслаўлены Герай” ці “дзякуючы Геры”. Калі Зеўс замацаваўся ў якасці вярхоўнага бога, культ Геракла як бога, што адносіўся яшчэ да першабытна-патрыярхальнага ўзроўня антычнага язычніцтва, паступова саступіў месца культу Геракла-героя. Аднак у народнай свядомасці яшчэ доўга заставаліся сляды былога стаўлення да Геракла, і нават у позні час існавалі свяцілішчы, дзе яму пакланяліся як боству.

Усе героі пакутавалі — хто менш, а хто значна больш, як Праметэй, Эдып, Геракл. Сын Зеўса і Алкмены страчваў тых, хто быў яму блізкі (з прычыны насланага на героя шаленства альбо па волі сумнага выпадку), але ён заўсёды быў здольны прызнаць свае памылкі, раскаяцца. Геракл зведаў пакутлівыя хваробы, выпраўляўся ў выгнанне, знаходзіўся ў рабстве. І дванаццаць подзвігаў ён здзейсніў як выкупленне забойства сваіх дзяцей.

Старажытныя міфографы вылучалі дзве групы подзвігаў Геракла: “подзвігі” і “работы”. Пазней з’явілася яшчэ адна група — подзвігі, якія не ўвайшлі ў лік дванаццаці, а здзяйсняліся адначасова з імі (Геракл перамог сына Арэса Кікна, сына Пасейдона Антэя, адваяваў у смерці Алкестыду і інш.). У цяперашні час вылучаюць міфы трох культурна-гістарычных тыпаў: утаймаванне пачвар, што родніць Геракла з культурнымі героямі; ваенныя подзвігі эпічнага героя; багаборніцтва.

Мяркуецца, што вылучэнне менавіта дванаццаці славутых подзвігаў, здзейсненых Гераклам, абумоўлена дванаццацю сузор’ямі Задыяка (заўважым, што ні ў Гесіёда, ні ў Гамера не гаворыцца, што подзвігаў было дванаццаць). Грэкі, як і іншыя старажытныя народы, лічылі “12” свяшчэннай (сакральнай) лічбай: у іх было 12 тытанаў, 12 алімпійцаў.

Міфографы размяшчалі подзвігі Геракла ў рознай паслядоўнасці. З кожным подзвігам пашыралася прастора яго гераічнай дзейнасці. Першыя два подзвігі — забойства нямейскага льва і лярнейскай гідры звязаны з цэнтрам Пелапанеса, дзе нарадзіўся герой. Наступнымі чатырма ахоплівалася ўся тэрыторыя Пелапанеса. Восьмым подзвігам — утаймаваннем коней Дыямеда Геракл выйшаў на поўнач Грэцыі, у Фракію, а папярэднім сёмым — перамогай над крыцкім быком распаўсюдзіў свой гераізм па-за межамі мацерыковай Грэцыі, на востраве Крыт. Здабыванне пояса Іпаліты (дзевяты подзвіг) адбылося на крайнім паўднёвым усходзе, авалоданне каровамі Герыёна — на супрацьлеглым канцы свету, на крайнім паўднёвым захадзе. І ўрэшце адзінаццаты і дванаццаты подзвігі здзяйсняюцца Гераклам на крайнім захадзе, каля берагоў Акіяна, ля брамы смерці. А пасля гэтага ён зрабіў сваю галоўную справу: стаў удзельнікам у вялікай вайне алімпійцаў з мяцежнымі малодшымі багамі, гігантамі, — у гігантамахіі. І яшчэ ад адной небяспекі выратаваў Геракл алімпійскіх багоў. Сваёй стралой ён забіў арла, які мучыў прыкутага Праметэя, і ў падзяку за гэта Праметэй адкрыў вярхоўнаму богу таямніцу яго лёсу.

Такая ўсёабдымная гераічная асоба, як Геракл, здольная пахіснуць спрадвечны страх чалавецтва перад смерцю. Геракл змагаўся з богам смерці Танатам, вызваліў з царства мёртвых Тэсея, вывеў Кербера на зямлю, авалодаў яблыкамі вечнай маладосці з саду Гесперыдаў. Яго апошняе выпрабаванне і апошні подзвіг — прыняцце пакутлівай смерці героя. Сваімі подзвігамі, пакутамі, высакародствам, усім сваім жыццём дзеля дабрабыту чалавецтва (чаго толькі варта заснаванне ім Алімпійскіх гульняў!), а таксама багоў, Геракл заваяваў бессмяротнасць.
Нараджэнне і юнацтва Геракла. Першыя выпрабаванні

Царыца Алкмена была вельмі прыгожая і дабрадзейная. Зеўс адразу, як толькі ўбачыў яе, быў пакораны блакітнымі вачамі тырынфянкі. Але, даведаўшыся пра яе чысціню, зразумеў вярхоўны алімпіец, што ў гэты раз яму не падступіцца да красуні-смяротнай ні залатым дажджом, ні белым лебедзем. І вырашыў ён прыняць аблічча любага мужа Алкмены Амфітрыёна, які быў на вайне з плямёнамі тэлябояў.

Пад вечар таго ж дня Зеўс спусціўся з Алімпа разам з Гермесам, які суправаджаў яго ў вобліку збраяносца Амфітрыёна. Алкмена не чакала мужа і, убачыўшы яго, заплакала ад радасці. Яна цалавала любага, распытвала. А Зеўс-Амфітрыён дастаў падарункі — прыгожы разны грэбень са слановай косці, жамчуговыя каралі, залаты кубак, якія падрыхтаваў загаддзя, быццам яны былі трафейныя. Вярхоўны бог ужо не сумняваўся, што Алкмена прымае яго за мужа, і пачаў расказваць ёй пра свае подзвігі на вайне.

Трое сутак доўжылася ноч, якую правёў Зеўс з Алкменай, бо па яго загаду столькі часу Геліяс сядзеў у сваім палацы і не выязджаў з яго на залатой калясніцы.

Зеўс вярнуўся на Алімп. А калі вярнуўся дадому сапраўдны Амфітрыён, то быў здзіўлены, што жонка сустракае яго не з такой радасцю, на якую ён спадзяваўся, а так, нібыта яны не бачыліся ўсяго пару дзён…

У той дзень, калі павінен быў нарадзіцца сын Алкмены і Зеўса, алімпійцы весяліліся, узлягаючы за пышным сталом. Ганімед падліваў у кубкі нектар. Геба падносіла амброзію. Зеўс быў у добрым гуморы, бо чакаў нараджэння сына. Раптам ён стукнуў па сталу і зычным голасам абвясціў:

— Слухайце, што скажу вам, багі і багіні! Дзіця, што народзіцца сёння ў нашчадкаў майго сына Персея, будзе мець уладу над усімі Мікенамі і суседнімі народамі.

Не ўтрымала кубак у руках Гера, і пурпурная вільгаць арасіла белы мармур стала. “Няўжо, — падумала яна, ведаючы, пра якога сына мовіў Зеўс, — такая вялікая ўлада, сіла і слава будуць аддадзены сыну смяротнай жанчыны?!” І ў нябеснай царыцы ўзнік хітры план.

— Пакляніся, грамавержац, што не парушыш свайго слова! — усклікнула яна, а сама кінула позірк на багіню падману Ату. — Пакляніся, што той, хто народзіцца сёння першым у родзе Персеідаў, атрымае ўладу над усімі родзічамі і ўсе павінны будуць служыць яму.

Ата зразумела, чаго чакае ад яе Гера, і ў той жа момант затлуміла Зеўсу галаву, авалодала яго розумам.

Уладар свету не заўважыў падвоху, падняў свой залаты кубак і прамовіў:

— Клянуся свяшчэннай вадой Стыкса, што не перамяню свайго рашэння. Будзе так, як я сказаў!

Хутка спусцілася на зямлю раўнівая Гера і паскорыла з'яўленне на свет іншага нашчадка Персея. На два месяцы раней нарадзілася ў Нікіпы — жонкі мікенскага цара Сфенела кволае і плаксівае дзіця. Узрадавалася мсцівая багіня, што гэтаму нікчэмнаму чалавеку будзе служыць сын ненавіснай саперніцы і паспяшалася да яе, каб затрымаць роды.

Калі назаўтра багі зноў сабраліся за сталом, радасць і шчасце ззялі ў вачах Геры. Яна падняла залатую чашу з нектарам і звярнулася да грамавержца:



  • Віншую цябе, кідальнік маланак і мой любы муж, з новым царом на

Пелапанесе! Ён нарадзіўся ўчора ў Мікенах. Яго маці Нікіпа дала сыну імя Эўрысфей.

Пацямнеў ад гневу твар Зеўса. Ён паглядзеў на Ату, схапіў яе за нагу і шпурнуў на зямлю са словамі:



  • Табе, нягодніца, падабалася бянтэжыць розум багоў. Дык ведай, гэта

была твая апошняя перамога.

Напалохалася Гера, як і астатнія багі, чакаючы, што будзе далей, але Зеўс спакойна сказаў Геры:

— Ведаю, што ты будзеш праследаваць сына Алкмены. Але ён вытрымае ўсе выпрабаванні, на якія асудзіць яго твой злы нораў. Ён здзейсніць подзвігі і даб’ецца шмат слаўных перамог. І няхай будзе яму імя Геракл — “праслаўлены Герай”.

У той жа дзень у Фівах Алкмена нарадзіла блізнят. Адзін з іх, слабейшы, быў сынам Амфітрыёна. Яму далі імя Іфікл. Мацнейшы — сын Зеўса — быў названы Алкідам у гонар няроднага дзеда (бацькі Амфітрыёна). Але ў далейшым па парадзе прадказальніцы Піфіі ён стаў Гераклам.

Гераклу было ўсяго восем месяцаў, калі Гера пачала яму помсціць. Яна наслала ў дом Амфітрыёна і Алкмены дзвюх вялікіх змей. Блізняты спалі салодкім сном на шчыце бацькі, засланым шаўкавістай шкурай белага барана. Была ноч, і ў палацы спалі ўсе, калі ў спальню з саду ўпаўзлі гадзіны і спыніліся каля шчыта… Бацькі і слугі ўсхапіліся, пачуўшы дзіцячы крык. Плакаў Іфікл, які выбраўся са шчыта-калыскі і поўз у бок маці. А Геракл застаўся на месцы, у шчыце. Калі бацькі падбеглі да яго, хлопчык трымаў у маленькіх, але дужых ручках па змяінай галаве. З пашчаў высоўваліся доўгія чорныя языкі, але тварык дзіцяці быў зусім спакойны. Змеі ўжо не выкручваліся, а ўсё павольней білі хвастамі. Калі Геракл расціснуў кулачкі, яны мёртвымі пападалі каля ног Амфітрыёна.

Уражаны сілай хлопчыка, Амфітрыён падумаў, што яго чакае вялікая і слаўная будучыня, і вырашыў даць Гераклу належнае выхаванне. У Геракла былі лепшыя настаўнікі. Кіраваць калясніцай ён вучыўся ў бацькі (Амфітрыёна), барацьбе — у сына Гермеса Аўталіка, стральбе з лука — у эхалійскага цара Эўрыта, змагацца ўзброеным — у Кастара, спевам і ігры на кіфары — у Ліна. Лін быў братам самога Арфея. Але ў Геракла нічога не атрымлівалася з музыкай, ды ён і не цікавіўся ёю. Калі аднойчы Лін узлаваўся на хлопчыка і стукнуў яго, той выхапіў з рук настаўніка кіфару і шпурнуў яе ў Ліна з такой сілай, што той упаў мёртвы.

Юнага Геракла прыцягнулі да суда, але ён змог абараніць сябе.

— Я не вінаваты, — упэўнена сказаў суддзям Геракл. Лін стукнуў мяне першы. Я адказаў яму, толькі не разлічыў моц удару. Памятаеце закон Радаманта? Згодна з ім, той, хто адкажа ўдарам на несправядлівы ўдар, не падляжыць пакаранню.

Амфітрыён пачаў баяцца, як бы Геракл не ўчыніў чагосьці падобнага, і аддаў яго на вучобу да мудрага кентаўра Хірона, а потым адаслаў ў горы пасвіць статкі. Там, на Кіфероне, юнак хутка мужнеў і праз некалькі гадоў ужо ніхто не мог зраўняцца з ім па сіле і спрыту. Гераклу было васемнаццаць гадоў, калі ён забіў грознага кіферонскага льва, які губіў людзей і скаціну, і зрабіў сабе з яго шкуры плашч. Так і хадзіў ён у ільвінай шкуры, звязаўшы лапы ў сябе на грудзях, а галава драпежніка служыла яму шлемам. Са ствала вялікага ясеня Геракл зрабіў дубіну і накіраваўся ў родныя Фівы.

Па дарозе ён сустрэў незнаёмых і з іх размовы даведаўся, што гэта былі зборшчыкі даніны архаменскага цара Эргіна. Яны ішлі ў Фівы, каб патрабаваць ад фіванскага цара Крэонта сто валоў — штогадовую даніну, накладзеную на яго Эргінам па праву мацнейшага. Геракл сказаў архаменцам, што гэта несправядліва, а тыя ў адказ пачалі здзеквацца з яго. Тады Геракл адсек ім насы, вушы і рукі і загадаў аднесці Эргіну замест даніны. Эргін з войскам аблажыў Фівы, і Крэонт ужо быў гатовы выканаць яго патрабаванне — выдаць зневажальніка. Тады Геракл пераканаў юнакоў, сваіх равеснікаў, забраць з храмаў трафейныя зброю і даспехі. Узброеныя, яны напалі на засаду, перамаглі Эргіна і яго войска, пасля чаго патрабавалі ад архаменскага цара вярнуць Фівам удвая больш за тое, што ён паспеў ад іх атрымаць.

Удзячны Крэонт аддаў Гераклу ў жонкі сваю дачку Мегару з вялікім пасагам, і герою добра жылося ў Фівах. У яго нарадзіліся тры сыны. Але шчасце героя — не ў мірным жыцці, і Геракл хутка пераканаўся ў гэтым. Гера не хацела пакідаць яго ў ролі царскага зяця і вырашыла ўмяшацца. Яна наслала на Геракла шаленства, у прыпадку якога яму падалося, што гуляўшыя дзеці — гэта драпежныя зверы, якія хочуць напасць на яго. Геракл схапіў лук і перастраляў іх, а таксама сваіх пляменнікаў, дзяцей Іфікла. Калі ў яго праяснеў розум, героя ахапіла роспач, і ён пайшоў у Дэльфы, каб даведацца ад Апалона, як яму ачысціцца ад нявольнага забойства. Там ён ахвяраваў богу ягня, і ў свяшчэнным храме пачуў боскую волю з вуснаў прарочыцы Піфіі:

— Бог прыняў тваю ахвяру, — вяшчала жрыца, — і наказаў табе, герой, ісці на радзіму тваіх продкаў, у Тырынф, і дванаццаць гадоў служыць цару Мікенаў Эўрысфею. Калі выканаеш усе яго заданні, ганьба і віна будуць зняты з цябе і ты зможаш стаць бессмяротным.

Геракл падпарадкаваўся воле багоў. Ён пасяліўся ў Тырынфе непадалёк ад Мікенаў, каб выканаць усё, што загадае баязлівы і вераломны Эўрысфей.
Паводле Дыядора Сіцылійскага, маці Геракла Алкмена была апошняй смяротнай, з якой сыходзіўся галоўны алімпіец, і гэта пацвярджае свядомую рэалізацыю загадзя спланаванага Зеўсам нараджэння героя.

Ата была дачкой Зеўса і ўвасабляла у міфалогіі грэкаў увядзенне ў зман, зацямненне розуму. Гэтае боства, хуткае на ногі, прыносіла шкоду багам і людзям. Пасля таго, як раз’юшаны Зеўс скінуў Ату з Алімпа на зямлю, яна прычыняла шкоду толькі людзям, прымушаючы іх рабіць вар’яцкія ўчынкі.

Першым з антычных аўтараў, хто расказаў пра сілу маленькага Геракла, задушыўшага змей, быў Піндар. У І-й Нямейскай одзе ён апісаў гэты адзін “з вялікіх подзвігаў” будучага героя, а таксама, як Амфітрыён, уражаны “звышчалавечай смеласцю” дзіцяці, паклікаў Тырэсія, і той прадказаў незвычайны лёс Геракла, яго подзвігі, вялікую працу, яго бессмяротнасць.

Апаладор у сваёй “Міфалагічнай бібліятэцы” спасылаецца на празаіка Ферэкіда, расказаўшага, што змей упусціў у пасцель хлопчыкаў Амфітрыён. Такім чынам ён хацеў даведацца, хто з іх яго сын, і ўсё зразумеў, калі ўбачыў, як уцякаў Іфікл, а Геракл змагаўся са змеямі.

Пра выхаванне Геракла падрабязна напісаў Феакрыт у ХХІV ідыліі. А такія аўтары, як Апаладор, Паўсаній, Дыядор, пакінулі нам апісанне пікантнай гісторыі, звязанай са знаходжаннем Геракла на Кіфероне, калі яму было васемнаццаць гадоў. Леў, на якога паляваў герой, пажыраў быкоў Амфітрыёна і Феспія. Цар Феспій належаў да афінскага роду Эрэхтэідаў. Ён меў пяцьдзесят дачок і вельмі хацеў, каб яны нарадзілі яму моцных унукаў. Феспій баяўся, што дочкі выберуць сабе дрэнных жаніхоў, а таму ветліва прымаў Геракла на працягу пяцідзесяці дзён, і кожную ноч, перад тым як Геракл выходзіў на ловы, пасылаў да яго адну са сваіх дачок. Геракл думаў, што ўсе ночы з ім была адна і тая ж дзяўчына, і не ведаў, што забяспечыў працяг роду Эрэхтэідаў усім пяцідзесяці яго прадстаўніцам. Некаторыя з антычных аўтараў сведчылі, што ўсё адбылося на працягу адной ночы, і гэта дазволіла польскаму пісьменніку і знаўцы антычнасці Я. Парандоўскаму дасціпна класіфікаваць як “трынаццаты подзвіг” Геракла.

Філосаф Продык прыдумаў апавяданне-прытчу, якая часта падаецца ў якасці міфа ў кантэксце міфалагічных расповядаў пра Геракла. Вярнуўшыся пасля Кіферона ў Фівы, дваццацігадовы Геракл атрымаў ад свайго равесніка, мікенскага цара Эўрысфея, загад, каб ён, сын Зеўса, выканаў волю багоў: з’явіўся да яго служыць. Геракл вельмі сумняваўся, вагаўся адносна свайго далейшага жыцця, і сябры адгаворвалі яго ісці да Эўрысфея як да гаспадара. У глыбокім роздуме ён вяртаўся аднойчы дадому і ўбачыў на дарозе дзвюх жанчын, якія падышлі да яго з двух розных бакоў. Адна з іх, сціплая на выгляд, заклікала Геракла прысвяціць жыццё барацьбе з ліхам, ачышчэннем зямлі ад пачвар і ворагаў і тым самым зрабіць яго прыгожым, хоць і цяжкім. Другая жанчына, набеленая і нарумяненая, разумела прыгажосць жыцця інакш і ўгаворвала жыць для сябе, без турбот і клопатаў, маючы як мага больш асалод: смачна есці, соладка спаць, прыгожа апранацца, бавіцца з жанчынамі... Зачараваны прыгажуняй Геракл ужо быў гатовы ісці за ёю, як другая прысаромела яго. “Багі далі табе магутную сілу, — сказала яна з пагардаю, — не для таго, каб гультайнічаць і баляваць. Сіла і розум даюцца чалавеку для барацьбы”. Адна з жанчын увасабляла дабрадзейнасць, другая распусту, і Геракл паслухаў першую. Ён выбраў працу і змаганне з ворагамі, бо ў гэтым, як павучала яго Дабрадзейнасць, было шчасце героя. Сын Зеўса зрабіў сабе лук і стрэлы, выламаў у лесе моцную дубіну і падаўся да Эўрысфея.

Міф пра Амфітрыёна, які грунтаваўся на сямейна-бытавой калізіі (Алкеста, хоць і несвядома, але здрадзіла мужу) даваў вялікія магчымасці для інтэрпрэтацый у літаратурах антычнасці і новага часу. Яго распрацоўвалі грэчаскія трагікі Эсхіл і Сафокл, а захавалася камедыя “Амфітрыён” славутага рымскага камедыёграфа ІІІ—ІІ ст. да н. Х. Плаўта, якая з’явілася протасюжэтам для наступных трактовак міфалагічнай калізіі, у тым ліку камедыі Ж.-Б. Мальера. Цікава, што калі французскі драматург Ж. Жыраду называў сваю п’есу, напісаную ў 1929 г., “Амфітрыён-38”, ён не ведаў, што на той час існавала значна больш твораў пра Амфітрыёна. Да ХХ ст. гэта былі, за выключэннем драмы нямецкага рамантыка Г. Кляйста, камедыі, якія вызначаліся адкрыта забаўляльным характарам. У ХХ ст. (Г. Кайзер “Двойчы Амфітрыён”, П. Хакс “Амфітрыён”, Г. Фігейрэду “Бог пераначаваў у гэтым доме” і інш.) падзейная дамінанта саступае маральна-псіхалагічнай матывіроўцы канфлікту і вобразаў, перш за ўсё міфалагічнай гераіні. Алкмена, якая ў папярэдніх трактоўках не падазравала, што за выглядам Амфітрыёна хаваецца Зеўс, цяпер атрымлівае права на выбар. Яна павінна вырашыць, каму аддаць перавагу — чалавеку альбо богу. Такім чынам актуалізуецца і філасофскі заглыбляецца праблематыка протасюжэта.

Гісторыя жыцця Амфітрыёна ляжыць ў аснове опер шматлікіх кампазітараў, у тым ліку Г. Пёрсела, А. Э. Грэтры, Э. Вольфа-Ферары і інш.


Па версіі Апаладора, Гераклу ставілася ў абавязак служыць на Эўрысфея дванаццаць гадоў і здзейсніць дзесяць подзвігаў.

Дакладна невядома, калі і як аформілася традыцыя дванаццаці подзвігаў, хаця не ставіцца пад сумненне, што гэта канон позняга паходжання.




  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка