Героі афінскіх І крыцкіх міфаў. Тэсей




старонка1/7
Дата канвертавання13.01.2017
Памер0.68 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7
ГЕРОІ АФІНСКІХ І КРЫЦКІХ МІФАЎ. ТЭСЕЙ
Вядома, якую унікальную ролю адыгралі Афіны, галоўны горад Атыкі (невялікай вобласці Сярэдняй Грэцыі), у гісторыі чалавецтва. Афіны V ст. да н. Х., асабліва ў “век Перыкла” (50—30-я гг.), — адзін з цэнтраў сусветнай культуры, узор рабаўладальніцкай дэмакратыі і патрыятызму.

Афіны называлі “вокам Грэцыі”, “Эладай у Эладзе”, а іх палітычнага лідэра Перыкла, які сваёй разумнай дзяржаўнай дзейнасцю спрыяў росквіту горада, — “Алімпійцам”, падкрэсліваючы, што ён годны параўнання з багамі.

Цэнтр Афінаў Акропаль — скалісты ўзгорак з пабудаваным у V ст. да н. Х. архітэктурным ансамблем, — быў у мікенскі перыяд (2-я палова ІІ тыс. да н. Х.) умацаванай царскай рэзідэнцыяй. Гэта знайшло адлюстраванне ў міфалогіі, напрыклад у міфе, які распавядаў пра спрэчку паміж Афінай і Пасейдонам за апякунства над горадам. Спаборніцтва багоў адбывалася на Акропалі пры аб’ектыўным судзействе Кекропа, якога антычная традыцыя называла заснавальнікам Афінаў і першым царом Атыкі.

Трэба адзначыць, што сярод найстаражытнейшых персанажаў атычных міфаў не было такіх герояў, як у суседніх Беотыі, Фесаліі, Аргалідзе, пра подзвігі якіх не стамляліся распавядаць і ў часы класічнай Грэцыі, — герояў накшталт Персея, Геракла, Ясона. Хіба таму ў афінскі гераічны свет увайшоў герой не атычнага, а пелапанескага паходжання. Гэта Тэсей, шматлікімі подзвігамі якога вельмі ганарыліся афіняне. Па сваёй доблесці і вядомасці ва ўсёй Эладзе Тэсей уступаў толькі Гераклу. Дарэчы, яны былі сваякамі па мацярынскай лініі і добрымі сябрамі.

Антычны свет надзяліў Тэсея рысамі легендарна-гістарычнай асобы. Плутарх у сваіх “Параўнальных жыццяпісах” падрабязна расказаў яго біяграфію. Нягледзячы на гэта, паходжанне Тэсея незвычайнае: яго продкамі былі міксантрапічныя (напаўлюдзі-напаўзмеі) аўтахтоны. Аўтахтоны — гэта міфалагічныя істоты, якія лічыліся народжанымі зямлёй, дакладней, зямлёй дадзенай мясцовасці, і з’яўляліся родапачынальнікамі народаў, што жылі там. Так, Эрыхтоній, Кранай, Кекроп былі аўтахтонамі для наступных атычных цароў. Яны мелі моц ад зямлі Афінаў і Атыкі і вылучаліся сваёй хтанічнай мудрасцю.

Кекропа першапачаткова лічылі духам-апекуном свяшчэннага ўзгорка, на якім пазней з’явіўся Акропаль. Потым народная фантазія надала яму чалавечы выгляд. Жрыцы Кекропа, якія выбіраліся з двух старажытных атычных родаў Аглаўрыдаў і Герсідаў, былі асэнсаваны як яго дочкі Аглаўра і Герса. Ад узгорка Пандросія з’явілася імя трэцяй дачкі Кекропа. Пазней афіняне зрабілі іх размеркавальніцамі нябеснай расы. Гэта была дабратворная дзейнасць у краіне, прырода якой рэдка цешыла дажджом.

Сыноў у першага афінскага цара не было, і яго нашчадкам стаў Эрыхтоній. Цара-дзіця ахоўвала апякунка горада багіня Афіна.

Апякунства Афіны


Афіна паклала немаўлятка Эрыхтонія ў кошык, шчыльна яго накрыла і даручыла ахоўваць дзвюм змеям. Яна строга забараніла сваім жрыцам Аглаўры, Герсе і Пандросе знімаць накрыўку, а сама накіравалася на паўвостраў Палену. Багіня мела намер адшукаць там прыдатную гару і ўсталяваць яе на Акропалі, каб зрабіць Акропаль непрыступным.

Сёстры не змаглі адолець сваёй цікаўнасці. Што за таямніца хаваецца ў кошыку? Гэтая думка не давала ім спакою. Прыўзнялі дзяўчаты накрыўку і страшна напалохаліся, убачыўшы дзіцятка, у якога ніжняя частка тулава была змяіная.

Афіна ўжо вярталася з гарой Лікабет у руках, калі яе сустрэла варона. Яна спецыяльна прыляцела, каб накаркаць на дачок Кекропа, паведаміць, што здарылася на Акропалі. Раззлавалася багіня, кінула гару — і яна засталася на тым самым месцы, недалёка ад Афінаў, — а сама паспяшалася да свяцілішча.

Дочкі Кекропа ўбачылі раз’юшаную багіню. Апантаныя жахам, бо баяліся божага пакарання, яны пусціліся наўцёкі і скінуліся са стромкіх скалаў Акропаля.


Эрыхтонія нарадзіла Зямля з семені Гефеста. Афіняне ганарыліся тым, што яны не прыйшлі аднекуль на сваю зямлю, а, як каласы, выйшлі з яе нетраў. У той самы час вучоныя даказалі, што Афіны, а можа, толькі Акропаль, існавалі яшчэ да прыходу грэкаў і былі заснаваныя племенем пелазгаў. На Акропалі знайшлі сляды паселішча, якое было аж у ІІІ тыс. да н. Х., а грэкі з’явіліся на тэрыторыі цяперашняй Грэцыі пяццю стагоддзямі пазней.

Эрыхтонію, якога выхавала Афіна ў сваім храме, прыпісвалі тры значныя дзеянні: ён увёў у Атыцы культ Афіны і ўсталяваў Панафінейскія святы, першы запрог коней у калясніцу і прыдумаў квадрыгу (за што быў ператвораны ў сузор’е Возніка), а таксама першы ўзараў зямлю плугам. Праўда, Цыцэрон у творы “Аб законах” сцвярджаў, што Кекроп увёў пахавальны абрад у Атыцы: сваякі павінны былі апусціць цела памерлага ў зямлю і, засыпаўшы яго, пасеяць на магіле збожжа, каб такім чынам аддаць нябожчыка ва ўлонне маці зямлі і затым ачысціць яе пры дапамозе пладоў.

Эрыхтонія змяніў на троне Кранай, час царавання якога супаў з Дэўкаліёнавым патопам. Але ніводнае паданне не паведаміла пра знішчэнне насельніцтва Атыкі і з’яўленне на гэтым паўвостраве якіх-небудзь іншых людзей, бо гэта скажала б думку аб тым, што грэкі з’явіліся на Атыцы першымі.

Згодна з некаторымі міфамі, спадкаемцам Эрыхтонія быў цар Пандыён. Пры ім многія несмяротныя праяўлялі прыхільнасць да Афінаў: прыносілі свае дары багіня земляробства і ўрадлівасці Дэметра, а таксама бог вінаградарства Дыяніс. Але жыццё цара было сапсавана няшчасным лёсам дачок.


Прокна і Філамела


Аблога фіванскага войска сціснула Афіны з усіх бакоў. Фіванцаў было так шмат, што афінскі цар Пандыён, здавалася, не меў ніякага паратунку. Але на дапамогу яму прыйшоў са сваім войскам фракійскі цар Тэрэй, і яны разам перамаглі ворага.

Удзячны Тэрэю Пандыён аддаў за яго жонку сваю старэйшую дачку Прокну. І хоць не хацелася дзяўчыне выходзіць замуж за чужаземца, да таго ж сына крыважэрнага бога Арэса, але развіталася з любай сястрой Філамелай і адправілася з мужам на яго радзіму.

У Фракіі маладую пару сустрэлі ўрачыста. Усе зычылі ім шчасця, і ніхто не ведаў, які горкі лёс чакаў іх.

Прокна нарадзіла прыгожага хлопчыка Іціса, і Тэрэй душы не чуў у сваім сыне. Калі пасля вяселля прайшло пяць гадоў, Прокна прызналася мужу, што даўно смуткавала па сваёй сястры, і пачала прасіць яго, каб адпусціў на які час да Філамелы альбо прывёз тую ў Фракію. Тэрэй загадаў падрыхтаваць карабель і сам адправіўся па Філамелу...

Як толькі фракійскі цар увайшоў у палац цесця і ўбачыў Філамелу, ён адразу адчуў да яе жарсць. Тэрэй не мог адвесці вачэй ад прыгожай дзяўчыны: як яна вырасла за апошнія гады, як пахарашэла! Фракіец вырашыў авалодаць дзяўчынай, чаго б яму гэта ні каштавала. Ён пачаў угаворваць Філамелу, а яшчэ больш яе бацьку, каб дазволіў дачцэ наведаць сястру ў Фракіі. Стары Пандыён згадзіўся, але падчас развітання са слязьмі на вачах умольваў Тэрэя берагчы яго любімую дачку і як мага хутчэй прывезці яе назад, дадому.

Калі карабель прыстаў да берагоў Фракіі, Тэрэй павёў Феламелу не ў палац, а ў жытло пастуха, якое хавалася сярод гор, парослых лесам. Ён сілай зрабіў дзяўчыну сваёй каханкай і трымаў яе ў няволі. Філамела рвала на сабе валасы, ламала рукі, кляла свой лёс.

— Жыццё адпомсціць табе, жорсткі варвар, — гаварыла яна Тэрэю. — Багі ведаюць аб тваім злачынстве. Калі-небудзь я ўцяку ад цябе, каб расказаць людзям пра ўсё, што ты зрабіў са мной, як здрадзіў майму бацьку і апаганіў святы звычай гасціннасці.

— Не, ты не зробіш гэтага, — з пагрозай у голасе сказаў Тэрэй, схапіў Філамелу за валасы, звязаў і мячом адсек ёй язык. — Цяпер можаш скардзіцца і багам, і людзям колькі ўлезе!

А ў палацы фракійскага варвара не знаходзіла сабе месца Прокна. Тэрэй сказаў жонцы, быццам не выканаў яе просьбы — не прывёз Філамелу таму, што тая памерла. Вельмі пакутавала Прокна, бо горача любіла сваю адзіную сястру. Яна апранулася ў чорнае і кожны дзень прыносіла ахвяраванні падземным багам, каб супакоіўся цень нябожчыцы.

Аднойчы фракійскі цар даведаўся ў аракула, што яго сын Іціс загіне ад рукі кроўнага блізкага. Падумаўшы, Тэрэй вырашыў, што крывавую змову рыхтуе яго брат Дрыант для таго, каб завалодаць тронам. Ён знянацку ўварваўся з мячом у дом Дрыанта і насмерць засек брата.

Тым часам Філамела знайшла ў пастухоўскай хаціне ткацкі станок і шэрсць і выткала на посцілцы ўсю сваю гісторыю. Яна адлюстравала гавань Фалерона, ад якой адчаліў карабель Тэрэя, і сябе ў радасным настроі на палубе гэтага карабля. Вышыла Філамела таксама гарысты бераг Фракіі, сцежку, што вяла ў лес, і Тэрэя, які цягнуў яе за руку. Яшчэ адзін узор выяўляў звязаную дзяўчыну і тое, як Тэрэй адсякаў ёй язык. Гэтую посцілку Філамела патаемна адаслала праз слугу ў палац, і Прокна адразу пра ўсё здагадалася. Яна зненавідзела мужа і толькі думала, як адпомсціць яму.

Прокна дачакалася свята Дыяніса, далучылася падчас яго да вакханак, потым у лесе адстала ад іх шэсця і адшукала хаціну пастуха, дзе знемагала ў няволі Філамела. Кінуліся сёстры адна да адной, абняліся і горка разрыдаліся.

— Годзе, — азвалася першай Прокна. — Няхай цяпер паплача ён. Адпомсцім варвару самым страшным пакараннем.

Употай ад слуг яна правяла сястру ў палац. Тэрэй быў у гэты час на паляванні. Да Прокны падбег Іціс. Маці зірнула на сына і нібы ўпершыню заўважыла:



  • Як ён падобны да свайго бацькі...

У яе зарадзіўся жудасны план помсты. Прокна падзялілася ім з Філамелай, тая пачала плакаць. Але старэйшая сястра строга паглядзела на яе, і яны абедзве, разам з хлопчыкам, пайшлі ў жаночую палову дома. Там Прокна ўдарыла нажом у грудзі сына, і з цела забітага хлопчыка сёстры прыгатавалі страву.

Калі цар вярнуўся дадому, жонка сама частавала яго жудаснай стравай. Тэрэй прагаладаўся на паляванні і з’еў усё са смакам. Потым запытаўся:



  • А дзе Іціс?

  • У табе самім! — злавесна адказала Прокна.

Не зразумеў яе слоў фракіец, але чамусьці захваляваўся.

— Прывядзіце да мяне Іціса... зараз жа! — загадаў ён, прадчуваючы нядобрае.

У гэты момант з’явілася Філамела з акрываўленай галавой Іціса і шпурнула яе ў твар свайго зневажальніка.

На некалькі хвілін Тэрэй знямеў, потым зароў, як паранены звер, і, схапіўшы меч, кінуўся наўздагон за сёстрамі. Але не дагнаў іх, бо ў Прокны і Філамелы раптоўна выраслі крылы. Яны ператварыліся ў птушак: адна — у ластаўку, другая — у салаўя. Пер’е гэтых птушак і зараз хавае крывавыя плямы — сляды злачынства. Тэрэй таксама пакрыўся пер’ем. Фракійскі шлем на яго галаве ператварыўся ў высокі грэбень, нос выцягнуўся ў доўгую дзюбу, і стаў цар удодам, які помсліва праследуе салаўя і ластаўку.

Не даравалі багі злачынства нікому з траіх персанажаў гэтага міфа і пазбавілі іх чалавечага аблічча. Памёр з гора Пандыён: ён не перажыў смерці дачок і пракляў сябе за тое, што аддаў Прокну за чужаземца, які жыў па варварскіх законах.

Міфолаг Р. Грэйвс лічыў, што эпізод з адрэзаным языком з’явіўся ў міфе ў выніку няправільнага прачытання грэкамі пелазгійскага насценнага роспісу. Роспіс нібыта паказваў жрыцу, якая ўпадала ў транс ад жавання лаўровага лісця. Яе твар быў скажоны не ад болю, а ад экстазу, а лаўровы ліст нагадваў язык. Ператварэнне ж Прокны ў ластаўку магло быць навеяна сцэнай, у якой жрыца, убраная ў пер’е, гадала па палёце ластаўкі.

Адзін з самых вядомых у Грэцыі міф пра Філамелу і Прокну найбольш падрабязна распрацаваны ў “Метамарфозах” Авідзія. Трагедыя Сафокла “Тэрэй” да нас не дайшла, акрамя невялікага фрагмента. Гэты ж самы сюжэт часткова выкарыстаў Арыстафан у камедыі “Птушкі”. Жывапіснае палатно “Трапеза Тэрэя” належыць Рубенсу. У паэзіі сустракаецца іншасказанне: Філамела — салавей.

А ўладу Пандыёна ў Афінах атрымаў у спадчыну Эрэхтэй (ужо Другі, праўда, каб не блытаць іх, імя Эрэхтэя Першага замянілі на Эрыхтонія). Дом афінскага цара зноў быў багаты дочкамі. Разам з прыгожымі сёстрамі Пракрыдай, Арыфіяй, Хтоніяй, Крэусай выхоўваўся толькі адзін сын Кекроп (Другі).



  1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка