Гісторыя Беларусі праз прызму бдпу мм. Забаўскі




Дата канвертавання14.02.2017
Памер52.61 Kb.


Гісторыя Беларусі праз прызму БДПУ

ММ. Забаўскі

Забаўскі, М.М. Гісторыя Беларусі праз прызму БДПУ: материалы VII научно-практической канференции молодых ученых. “Образование и наука в Беларуси: Актуальные проблемы и перспективы развития в XXI веке”. БГПУ; Минск 5 ноября 2014 года.

Ключавыя словы: мадэрнізацыя, грамадства, педагагічныя кадры.

Гісторыя БДПУ непарыўна звязана з гісторыяй Беларусі на працягу апошніх 100 гадоў; з развіццём адукацыі і навукі, фарміраваннем гуманітарных і этычных каштоўнасцей у моладзі.

Пачатак ХХ ст. – вельмі складаны і супярэчлівы перыяд у гісторыі Беларусі, час сістэмных ператварэнняў у эканоміцы і ў беларускім грамадстве, адзін з важнейшых этапаў мадэрнізацыйнага пераходу яго ад традыцыйнага да індустрыяльнага тыпу развіцця. Гэта быў час рэформаў і контррэформаў, якія на тэрыторыі Беларусі набылі адметнасць з-за палітыкі ўрада Расійскай імперыі, скіраванай на памяншэнне тут польскіх і яўрэйскіх уплываў. Абазначаны кірунак урадавай палітыкі наклаў адбітак на сацыяльныя, культурныя мерапрыемствы, а таксама на стан школьнай справы. Апошняя патрабавала рэфармавання і ў сувязі з сацыяльнай трансфармацыяй беларускага грамадства.

З 1900 па 1914 г. у Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губернях колькасць пачатковых і сярэдніх агульнаадукацыйных школ усіх тыпаў павялічылася з 6297 да 7682, а колькасць навучэнцаў у іх узрасла з 248 тыс. да 488, 6 тыс чал.

Разам з тым, падрыхтоўка педагагічных кадраў і іх якасны склад не адпавядалі запатрабаванням часу. Так, у Віленскай вучэбнай акрузе, ў склад якой ўваходзілі і пералічаныя беларускія губерні, на 18 студзеня 1911 г. сярод настаўнікаў было 14,1 % асоб з сярэдняй свецкай, 17,5 % – з сярэдняй духоўнай, 16,1 % - з сярэдняй спецыяльнай педагагічнай, а з ніжэйшай і хатняй адукацыяй – 52,3 %.

Недахоп педагагічных кадраў і павышэнне якасці іх працы ў пэўнай ступені павінны былі кампенсаваць новыя настаўніцкія інстытуты: Віцебскі (1910 г.), Магілёўскі (1913 г.) і Мінскі.

22 чэрвеня 1914 г. быў зацверджаны даклад міністра адукацыі аб стварэнні Мінскага настаўніцкага інстытута, а ўжо 1 ліпеня дырэктарам інстытута быў прызначаны Дзмітрый Антонавіч Сцяпура, які і праводзіў падрыхтоўчую работу па адкрыцці навучальнай установы. 2 кастрычніка адбыліся першыя ўступныя экзамены. На іспыт прыбыў 71 чал. з 19 паветаў, у тым ліку 45 чал. з беларускіх губерняў, якія мелі званне настаўніка пачатковых вучылішч. Уступныя экзамены паспяхова здалі 30 чалавек.

18 кастрычніка пачаліся вучэбныя заняткі, а 21 лістапада 1914 г. адбылося афіцыйнае ўрачыстае адкрыццё Мінскага настаўніцкага інстытута, на якім прысутнічалі прадстаўнікі вышэйшай духоўнай і свецкай губернскай улады: епіскап Мінскі, Тураўскі і Слуцкі, Мінскі губернатар і віца-губернатар, камандуючы Мінскай ваеннай акругай, а таксама прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі і кіраўнікі ўсіх навучальных устаноў г. Мінска. На адкрыцці інстытута дырэктар адзначыў, што: «…ідзе агульны сур'ёзны перагляд папярэдніх сістэм, метадаў і прыёмаў навучання і выхавання, намячаюцца новыя шляхі і плыні, ствараюцца новыя педагагічныя дысцыпліны, склікаюцца педагагічныя з'езды, прычым гэта цікавіць не толькі цесныя колы спецыялістаў-педагогаў, але і шырокія пластыадукаванага грамадства…».

Педагагічны калектыў складаўся з дырэктара і 7 выкладчыкаў: А.М. Нікольскі (руская і царкоўнаславянская мовы), Р.К. Астроўскі (матэматыка), Ус.М. Ігнатоўскі (гісторыя і геаграфія), К.І. Кудзін (прыродазнаўства і фізіка), А.І. Кандавураў (маляванне і чарчэнне), Н.А. Гамолка – законавучыцель і настаўнік спеваў.

Тэрмін навучання ў інстытуце складаў 3 гады. Прымаліся мужчыны праваслаўнага веравызнання, якія мелі двухгадовы стаж настаўніцкай працы. Інстытут утрымліваўся на бюджэтныя сродкі. Вучэбныя праграмы арыентаваліся на ўзровень сярэднешкольных. Педагагічныя дысцыпліны, багаслоўскі курс, гісторыя і літаратура выкладаліся па праграмах, набліжаных да ўзроўня вышэйшай школы.

У сувязі з пагрозай акупацыі Мінска ў верасні 1915 г. інстытут быў эвакуіраваны ў Яраслаўль. Ужо 6 кастрычніка пачаліся заняткі на новым месцы. З 54 выхаванцаў да вучэбных заняткаў прыступілі 40 прыбыўшых з Мінска. Вучэбнаму працэсу перашкаджалі мабілізацыя слухачоў, кватэрная неўладкаванасць і інш. Але вучэбны працэс паступова наладжваўся. На 1 студзеня 1916 г. у інстытуце навучаліся 53 студэнты. У фундаментальнай бібліятэцы мелася 371 назва навуковай літаратуры, а ў вучнёўскай – 385 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Факультатыўна выкладаліся замежныя мовы.

1 верасня 1916 г. пры Мінскім настаўніцкім інстытуце былі створаны аднагадовыя педагагічныя курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў вышэйшых пачатковых вучылішчаў (навучалася 77 дзяўчат, пераважна бежанак з Беларусі). Слухачам курсаў чыталіся педагогіка, гісторыя педагагічных сістэм, кароткі курс вучылішчазнаўства. У час знаходжання ў Яраслаўлі інстытут стаў цэнтрам нацыянальнага руху беларускіх бежанцаў. Па ініцыятыве Ус.М. Ігнатоўскага ў інстытуце была створана арганізацыя «Наш край».

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі выкладчыкі і студэнты інстытута актыўна ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці Яраслаўля. У першыя дні рэвалюцыі выхаванцы інстытута прынялі на сябе абавязкі міліцыі.

25 лютага 1919 г. Прэзідыум ЦВК БССР пастанавіў адкрыць на базе інстытута дзяржаўны ўніверсітэт і асігнаваў на першапачатковыя патрэбы мільён рублёў. Ужо 22 сакавіка прадстаўнік урада Літоўска-Беларускай ССР разам з намеснікам народнага камісара асветы РСФСР М.Н. Пакроўскім падпісалі пратакол аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і стварылі Маскоўскую і Мінскую камісіі. На дадзеныя камісіі ўскладваўся абавязак распрацаваць структуру ўніверсітэта і вучэбныя планы, падабраць кадры прафесарска-выкладчыцкага персаналу, скласці каштарыс і падабраць памяшканні для работы ўніверсітэта.

Але на працягу вясны 1919 г. польскія войскі захапілі Ліду і Вільню. У жніўні – Мінск. Праз год, у ліпені 1920 г. Чырвоная Армія вызваліла Мінск, а праз месяц – усю тэрыторыю Беларусі.

БССР, як і іншыя саюзныя рэспублікі ў 1919-1920-я гг адыгралі вялікую ролю ў выратаванні бальшавісцкай рэвалюцыі і яе ўрада. Гэта было галоўнай прычынай таго, што 31 ліпеня 1920 г. была прынята спецыяльная дэкларацыя “Пра абвяшчэнне незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”.

У жніўні 1920 г. настаўніцкі інстытут быў рэфармаваны ў Мінскі інстытут народнай адукацыі, які рыхтаваў педагагічных работнікаў для пачатковых, сярэдніх школ і дашкольных устаноў. 17 красавіка 1921 г. праз месяц пасля падпісання Рыжскай дамовы (18 сакавіка 1921 г.) на аб’яданным пасяджэнні ЦБ КП (б) П і СНК БССР было прынято рашэнне аб падрыхтоўцы да адкрыцця ўніверсітэта ў Мінску.

У 1922 г. быў адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у склад якога інстытут увайшоў на правах педагагічнага факультэта. У 1931 г. педфак БДУ быў рэарганізаваны ў Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут. З 1936 г. навучальная ўстанова перайменавана ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага.

Нападзенне гітлераўскай Германіі часова спыніла дзейнасць інстытута. Выкладчыкі і студэнты інстытута ўпісалі шмат слаўных старонак у гісторыю Вялікай айчыннай вайны. У 1944 г. пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікоў інстытут ва ўмовах недахопу выкладчыцкіх кадраў, вучэбных плошчаў, інтэрнатаў, вучэбнага абсталявання і літаратуры аднавіў сваю дзейнасць. Да пачатку 50 - х гг. аднаўленчыя работы ў асноўным былі завершаны.

За высокія дасягненні ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў для школ, дзіцячых дашкольных і культурна-асветніцкіх устаноў, поспехі ў развіцці навукі і падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР загадам ад 28 верасня 1972 г. узнагародзіў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М. Горкага Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У 1993 г. інстытут рэарганізаваны ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. З 1995 г. універсітэт носіць імя народнага паэта Беларусі Максіма Танка. За 100 гадоў функцыянавання БДПУ падрыхтаваў тысячы настаўнікаў. Сярод іх дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы, 9 герояў Савецкага Саюза, 62 члены пісьменнікаў, больш 200 заслужаных настаўнікаў Беларусі.



Сёння як вядучая вышэйшая навучальная ўстанова ў нацыянальнай сістэме педагагічнай адукацыі Рэспублікі Беларусь БДПУ упэўнена крочыць у будучыню.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка