Грамадзянская талерантнасць як рэсурс еўразійскай камунікатыўнай інтэграцыі




Дата канвертавання18.11.2017
Памер158.42 Kb.


Сяргей Венідзіктаў

Магілёўскі вышэйшы каледж МУС Рэспублікі Беларусь
ГРАМАДЗЯНСКАЯ ТАЛЕРАНТНАСЦЬ ЯК РЭСУРС
ЕЎРАЗІЙСКАЙ КАМУНІКАТЫЎНАЙ ІНТЭГРАЦЫІ

Паняцце талерантнасці, уведзенае ў навуковы зварот яшчэ ў XVIII ст., нягледзячы на знешнюю празрыстасць, трактуецца неадназначна, што, на наш погляд, звязана з рознымі сферамі жыцця грамадства (палітычнай, грамадзянскай, этнакультурнай, канфесійнай, гендэрнай, класавай і г.д.), дзе праявы талерантнасці часцей утвараюць прадмет дыскусіі. Напрыклад, у “Толковом словаре русского языка” пад рэдакцыяй Д.М.Ушакова дадзеная катэгорыя асаясамліваецца з паняццем “цярпімасць” [15]. Дж. Мід і Г. Блумер пры тлумачэнні талерантнасці звяртаюцца да апісання працэсаў міжасобаснага ўзаемадзеяння і тэорыі сімвалічнага інтэракцыянізму, сцвярджаючы, што талерантнасць можа існаваць толькі тады, калі індывід здольны паглядзець на сітуацыю вачыма “іншага” [гл. 3; 9]. У адпаведнасці з гл. 1 Дэкларацыі прынцыпаў цярпімасці, прынятай рэзалюцыяй Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА ад 16 лістапада 1995 г., талерантнасць азначае “павагу, прыняцце і правільнае разуменне разнастайнасці культур нашага свету, шляхоў самавыражэння і спосабаў рэалізацыі чалавечай індывідуальнасці” [5]. Як мяркуе сучасны расійскі даследчык В. Даманаў, грамадзянская талерантнасць – “каштоўнасць і сацыяльная норма грамадзянскай супольнасці, якая выражаецца ў праве ўсіх грамадзян быць рознымі; забеспячэнні ўстойлівай гармоніі паміж рознымі канфесіямі, палітычнымі, этнічнымі і другімі сацыяльнымі групамі; павазе да шматаблічча разнастайных культур свету, цывілізацый і народаў; гатоўнасці да разумення і супрацоўніцтва з людзьмі, якія адрозніваюцца па знешнасці, мове, перакананнях, звычаях і вераваннях” (пераклад наш – С.В.) [6].

Як вынікае з прыведзеных вышэй азначэнняў і пазіцый, асяроддзем фарміравання талерантнасці як сацыяльнай нормы з’яўляецца грамадзянская супольнасць (з гэтай пазіцыі талерантнасць у якасці элемента ўваходзіць у структуру грамадзянскай культуры – найважнейшай характарыстыкі грамадзянскасці), а ўмовай яе распаўсюджвання і замацавання выступае развітая сістэма камунікацыі – на лакальным, рэгіянальным і міждзяржаўным узроўнях. Г. Алманд і С. Верба адзначаюць, што грамадзянская культура перадае, у першую чаргу, узровень усведамлення чалавекам важных для грамадства задач, яго практычнай актыўнасці, выступаючы элементам грамадзянскага жыцця і выражаючы ступень сталасці грамадства, здольнасць забеспячэння агульнаграмадзянскіх інтарэсаў, форм і механізмаў выпрацоўкі і рэалізацыі сумесных рашэнняў, каардынаваных дзеянняў [гл. 1]. Мы лічым, што развітая грамадзянская культура выступае паказчыкам актыўнага грамадзянства, а яе сэнсавым крытэрыем з’яўляецца прысутнасць у дзяржаве атмасферы талерантнасці. Дадзены падыход заснаваны на перакананні, што стыхія грамадзянскай супольнасці – крышталізацыя полівалентных прыватных і групавых інтарэсаў. Даследчыкі прызнаюць грамадзянскую культуру змешанай палітычнай культурай, а яе арыентырамі называюць грамадзянскую згоду, вольнае самавызначэнне асобы, плюралізм у жыццядзейнасці грамадства, здольнасць да супрацоўніцтва [14].

На наш погляд, апошняя з прыведзеных характарыстык грамадзянскай культуры (схільнасць да супрацоўніцтва) з’яўляецца тым элементам, які пераўтварае традыцыйную грамадзянскую талерантнасць у рэсурс інтэграцыйных працэсаў, у першую чаргу, ў сферы камунікацыі. Таму ў дадзеным выпадку правамерна пастаноўка пытання аб сувязі талерантнасці як характарыстыкі грамадзянскай супольнасці з перспектывамі камунікатыўнай інтэграцыі на ўнутры- і знешнепалітычнай арэне.

Згодна з сучаснымі ўяўленнямі, камунікатыўная інтэграцыя – гэта “інтэграцыя, удзельнікі якой аб’яднаныя агульнай культурай, фармальнымі і нефармальнымі нормамі, звычаямі, норавамі і каштоўнасцямі. Прыхільнасць да іх утварае адзінства, складае адметную асаблівасць усіх прыналежных да гэтага адзінства, забяспечваючы павышаны ўзровень даверу і ўзаемаразумення паміж усімі, хто адчувае і прызнае сваю прыналежнасць да такога цэлага” (пераклад наш – С.В.) [13, с. 538–539]. У адносінах да Рэспублікі Беларусь даследчыкі ўсё часцей называюць у якасці найбольш перспектыўнага вектару еўразійскую камунікатыўную інтэграцыю: “Гэты працэс грунтуецца на інавацыйнай камунікацыі новага палітычнага саюзу <…> Расіі, Беларусі, Казахстана, якая аказвае істотны ўплыў на ўвесь сучасны свет. <…> Нацыянальная інавацыйная сістэма павінна садзейнічаць інтэнсіўнай рэалізацыі гэтага праекту” (пераклад наш – С.В.) [12, с. 310]. Пра еўразійскую інтэграцыю як пра адзін з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай знешняй палітыкі неаднаразова згадваў у сваіх выступленнях Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Кантынентальна-цывілізацыйны еўразійскі варыянт як альтэрнатыва класічнай мадэлі глабалізацыі накіраваны на безбар’ерную камунікацыю культур, канфесій і цывілізацый, талерантнае прыняцце розных сістэм каштоўнасцей і мадэлей развіцця, усебаковы абмен досведам, негвалтоўныя дзеянні пры вырашэнні ўзнікаючых праблем, стратэгічную раўнавагу. У прыватнасці, т. зв. канцэпцыя глакалізацыі Р. Робертсана звязвае працэсы глабалізацыі і лакалізацыі, улічваючы разам з агульнымі тэндэнцыямі развіцця лакальныя асаблівасці і нацыянальныя традыцыі.

Грамадзянская талерантнасць можа выступаць важкім фактарам інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы, садзейнічаючы разуменню і прыняццю палітычнай і этнакультурнай поліварыятыўнасці ў нелінейным свеце поліцэнтрычнага тыпу, які фарміруецца зараз. У адносінах да Рэспублікі Беларусь даследчыкі звяртаюць увагу на спрыяльны грамадскі настрой у пытаннях этнічных і канфесійных адносін, адсутнасць напружанасці на нацыянальнай і рэлігійнай глебе [гл. 7]. Даследаванне, праведзенае ў 2007–2011 гг. Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паказала, што больш за 80 % насельніцтва лічыць, што ў краіне адсутнічае дыскрымінацыя па нацыянальных, рэлігійных і моўных прыкметах. Больш за 70 % рускага, 80 % украінскага і амаль 90 % польскага насельніцтва адзначаюць адсутнасць уціску на этнічнай глебе. Узровень талерантнасці, выяўлены ў 2011 г., – самы высокі ў параўнанні з мінулымі гадамі. Пераважная большасць рэспандэнтаў (88 %) выключае магчымасць канфліктаў на нацыянальнай глебе. Вывучэнне грамадскага меркавання паказала павелічэнне за год колькасці грамадзян (з 47 да 59 %), якія сцвярджаюць, што на Беларусі нацыянальныя канфлікты прынцыпова немагчымыя [8].

Разам з тым даследаванне т. зв. сацыяльнай дыстанцыі паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, праведзенае ў 2011 г., паказала значныя адрозненні ў адносінах беларусаў да розных этнасаў [11]. Найменшы індэкс сацыяльнай дыстанцыі ў беларусаў з рускімі – 2,08. Затым ідуць украінцы (2,55) і палякі (2,78). Характэрна, што дыстанцыраванне сацыяльнае не заўсёды прама залежыць ад геаграфічнай аддаленасці: цэнтральнаеўрапейскія нацыі (чэхі, славакі, сербы) атрымалі такі ж індэкс, як жыхары ЗША (3,12), у той час як суседнія латышы – толькі 3,39. І калі раней у ар’ергардзе сацыяльных сімпатый былі жыхары краін Паўднёва-Усходняй Азіі і каўказцы (цяпер – 3,72 і 3,77 адпаведна), дык зараз – афрыканцы (3,81). Магчымымі прычынамі такой дынамікі вучоныя называюць адноснае зніжэнне канфліктнасці на “расійскім” Каўказе, што адбілася на танальнасці паведамленняў у СМІ, адсутнасць на тэрыторыі Беларусі міжэтнічных канфліктаў, а таксама дастаткова жорсткае іміграцыйнае заканадаўства, што прадвызначае нязначную колькасць іншаэтнічных мігрантаў у рэспубліцы. Паводле афіцыйных дадзеных, у 2012г. у Беларусь пераехалі 18 тыс. чалавек, у 2011г. – 15 тыс., у 2010г. – 12 тыс. Варта ўлічыць і тое, што ў беларусаў няма гістарычнага вопыту суіснавання з супольнасцямі іншага цывілізацыйнага тыпу (як, напрыклад, у расіян, што маюць суседзей-мусульман), аднак ёсць вопыт развіцця ў складзе шматнацыянальных дзяржаў.

Дадзены фактар дазваляе зрабіць некалькі супярэчлівую выснову адносна цяжкасці прагназавання праяў грамадзянскай талерантнасці беларусаў пры скарачэнні сацыяльнай і камунікатыўнай дыстанцыі з прадстаўнікамі “нетыповых” для ўсходнееўрапейскага рэгіёну этнасаў. Ілюстрацыяй можа быць у цэлым негатыўная рэакцыя беларусаў на магчымы масавы прыезд мігрантаў з Кітая ў сувязі з будаўніцтвам у Мінскай вобласці Беларуска-Кітайскага індустрыяльнага парку, а таксама павелічэнне колькасці канфліктных сітуацый паміж беларускай і туркменскай студэнцкай моладдзю ў беларускіх ВНУ ў 2013 г.

Мы лічым, што для пераадольвання сацыякультурных бар’ераў камунікатыўная інтэграцыя еўразійскай прасторы павінна мець шматаспектны характар, закранаючы, акрамя палітычнага і эканамічнага накірункаў, фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы: “Парадаксальным чынам у постсавецкім свеце рэальнага поспеху можа дасягнуць толькі дастаткова глыбокая форма інтэграцыі” (пераклад наш – С.В.) [4, с. 38]. Адзіная інфармацыйна-камунікатыўная прастора, якая прадвызначае ідэалагічны клімат інтэграцыйных працэсаў, звязаная са стратэгіяй развіцця медыясферы. Такім чынам, фарміраванне ў грамадзян устаноўкі на канструктыўнае і талерантнае ўспрыняцце геапалітычных інтарэсаў партнёраў па інтэграцыйных працэсах з’яўляецца адной з прыярытэтных форм палітычнага ўдзелу сродкаў масавай інфармацыі.

У гэтай сувязі ўзнікае заканамернае пытанне: якім чынам нацыянальная медыясістэма пры фарміраванні стратэгіі камунікатыўнай інтэграцыі павінна ўлічваць характарыстыкі дамінуючага тыпу грамадзянскай культуры (у тым ліку узровень грамадзянскай талерантнасці), а таксама каардынаваць свае дзеянні ў межах функцыянавання адзінага інфармацыйнага поля? На наш погляд, найбольш перспектыўны кірунак – стварэнне з дапамогай медыяструктур прасторы адкрытага мэтапакладання, дзе прыярытэты дзяржаў – удзельніц інтэграцыйнага працэсу ўспрымаюцца, прымаюцца і талерантна ацэньваюцца. Такой пазіцыі прытрымліваюцца прыхільнікі тэорыі сацыяльнага канструктывізму, якія лічаць, што ўспрыняцце рэгіёну (у першую чаргу грамадзянскай супольнасцю), заснаванае на традыцыйнай ідэнтычнасці, з’яўляецца важнай рысай фарміравання новаеўразійскай прасторы.

Грунтуючыся на прыведзеных вышэй дадзеных, якія сведчаць аб дастаткова высокім узроўні грамадзянскай талерантнасці беларусаў, можна выказаць меркаванне, што ўспрыняцце знешніх інфармацыйных плыняў таксама характарызуецца нізкім узроўнем канфліктнасці. Камунікатыўная інтэграцыя на постсавецкай прасторы еўразійскага рэгіёну спрашчаецца ў сувязі з наяўнасцю мовы міждзяржаўных зносінаў (рускай), якая выступае і ў якасці ўніверсальнай мовы медыясферы, і ў якасці носьбіта культурнага коду інтэграцыі, наратыву еўразійскай цывілізацыі. Рускамоўныя СМІ зараз прысутнічаюць у многіх краінах былога СССР і з’яўляюцца дастаткова канкурэнтназдольнымі. Са 140 млн насельніцтва былых савецкіх рэспублікі (за выключэннем Расійскай Федэрацыі) больш за 60 млн актыўна выкарыстоўваюць рускую мову ў побыце, яшчэ каля 40 млн без цяжкасцей разумеюць яе. Аднак сучасная інфармацыйна-камунікатыўная прастора постсавецкіх дзяржаў адзіная толькі фармальна.

Напрыклад, развіццё беларускага тэлебачання ў апошнія гады адбывалася па шляху не толькі аптымізацыі дзейнасці нацыянальнага вяшчання, але і скарачэння трансляцыі расійскіх каналаў. Даследаванні, праведзеныя ў пачатку 2000-х гг., паказалі, што насельніцтва Беларусі асноўную інфармацыю пра падзеі ў сваёй дзяржаве атрымлівала з расійскага вяшчання, якое лічыла больш прывабным для прагляду (нягледзячы на тое, што каля 65 % аўдыторыі не зусім давярала ўбачанаму) [10, c. 31]. Расійскае тэлебачанне, для якога грамадска-палітычнае развіццё Беларусі мае знешні характар, атрымлівала магчымасць прыярытэтнага ўдзелу ў грамадскіх працэсах Беларусі. Падобная сітуацыя ў інфармацыйнай прасторы прыводзіла да неадназначных наступстваў: меркаванне “трэцяга” суб’екта адносна працэсаў у іншай дзяржаве непазбежна характарызуецца тэндэнцыйнасцю і катэгарычнасцю, не заўсёды журналісты валодаюць дастатковымі ведамі адносна сутнасці сацыяльна-палітычных супярэчнасцей, што прыводзіць да паспешнасці высноў і павярхоўнай трактоўкі падзей. У той жа час матэрыялы, падрыхтаваныя беларускімі журналістамі, былі практычна недаступнымі для расійскай аўдыторыі (такая магчымасць захоўвалася пераважна дзякуючы вяшчанню ў інтэрнэце). У межах Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі інфармацыйнае ўзаемадзеянне мела фактычна аднавектарную скіраванасць, што прыводзіла да дысфункцыянальных з’яў у інфармацыйнай сферы. Так, згодна з мадэллю палітычнай камунікацыі Дойча, інфармацыйныя плыні паміж суб’ектамі палітыкі, якія маюць адзін накірунак, сведчаць аб недастатковай прапускной здольнасці камунікатыўных каналаў. У выніку інфармацыя скажаецца, а сістэме патрабуецца рэфармаванне: альбо ўраўнаважванне рознанакіраваных інфармацыйных плыняў, альбо абмежаванне дамінуючых.

У выніку праведзенай Міністэрствам інфармацыі карэкцыі тэлеэфіру частка расійскіх каналаў спыніла вяшчанне на тэрыторыі Беларусі, павялічыўся эфірны час для трансляцыі айчынных праграм на расійскіх каналах. З 2006г. функцыянуе канал “НТВ-Беларусь” – беларускі дзяржаўны тэлеканал, што працуе на аснове сеткі недзяржаўнага расійскага агульнафедэральнага канала “НТВ”. Тым не менш усе расійскія каналы адкрытыя для беларускага гледача ў сетцы вяшчання кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання; такім чынам, захоўваецца неабходны для фарміравання грамадзянскай культуры плюралізм меркаванняў і пазіцый.

З мэтай інтэграцыі Беларусі ў міжнародную інфармацыйную прастору з 2005г. пачалася рэгулярная трансляцыя беларускага спадарожнікавага тэлеканала “Беларусь-ТБ” Белтэлерадыёкампаніі, прызначанага для замежных тэлегледачоў і, найперш, руска- і беларускамоўных жыхароў постсавецкай прасторы. З 1 студзеня 2013г. пасля праведзенага рэбрэндынгу канал змяніў назву на “Беларусь-24”. Канал мае дамовы на рэтрансляцыю з 335 кабельнымі аператарамі ў 246 гарадах 12 краін свету, яго сумарная аўдыторыя складае каля 4,5 млн чалавек, у тым ліку каля 700 тыс. расіян. Эфір “Беларусь-24” садзейнічае прапагандзе і захаванню нацыянальных культурна-гістарычных традыцый, падтрымцы інфармацыйнай сувязі этнічных беларусаў з гістарычнай радзімай, а таксама фарміраванню станоўчага іміджу дзяржавы за мяжой.

Недастаткова поўна рэалізуюць магчымасці ўплыву на фарміраванне адзінага інфармацыйнага поля СМІ Саюза Беларусі і Расіі, найперш, утвораная ў 1998г. ТРА “Саюз”. Саюзныя СМІ ствараліся як канал забеспячэння доступу грамадзян да інфармацыі аб жыцці Саюзнай дзяржавы, фактар грамадскай падтрымкі інтэграцыйных працэсаў. У тэматыцы праграм ТРА “Саюз” вылучаюцца інфармацыйныя, публіцыстычныя, культурна-адукацыйныя, музычныя, спартыўныя; на беларускіх і расійскіх каналах выходзяць тэлепраграмы “Союзинформ”, “Москва–Минск”, “Время союза”, “Неделя в Беларуси” і інш. Акрамя таго, ТРА “Саюз” стварае і размяшчае на расійскіх радыёстанцыях “Радио России” і “Вести FM” праграмы “Новости Союзного государства”, “Радиожурнал “Союз”, радыёпраект “Беларусь-Россия: на грани становления Союзного государства” [16]. Да саюзных СМІ адносяцца таксама тры штотыднёвыя газеты і адзін штомесячны часопіс. Газета Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі “Союзное вече” (тыраж – больш за 330 тыс. экз.) у Расіі выходзіць як самастойнае выданне, на Беларусі – з’яўляецца дадаткам да “Народнай газеты”. Перыядычнае выданне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы – газета “Союз. Беларусь – Россия” – выходзіць штотыднёвым дадаткам “СБ. Беларусь сегодня” і “Российской газеты” са снежня 1999г., распаўсюджваецца ва ўсіх рэгіёнах Расіі і Беларусі агульным тыражом амаль 600 тыс. экз. Газета “Лад” з 2002г. з’яўляецца сумесным праектам Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы і “Литературной газеты”. Таксама функцыянуюць часопіс “Союзное государство”, інфармацыйнае агенцтва “Союз-Инфо” і Саюзнае інфармацыйнае агенцтва. Аднак названыя праекты маюць нязначныя аўдыторныя рэйтынгі і, нягледзячы на дастаткова высокі прафесійны ўзровень, не могуць разглядацца ў якасці ўплывовых актораў грамадзянскай сферы.

Больш значная роля праекта Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мир”, які з 1992 г. ажыццяўляецца на прасторы СНД. МТРК “Мир” з’яўляецца асноўнай вяшчальнай структурай краін СНД і ўяўляе сабой міжнародную арганізацыю са штаб-кватэрай у Маскве і нацыянальнымі філіяламі і прадстаўніцтвамі ў 9 краінах. “Мир”, у склад якога ўваходзяць тэлеканалы “Мир”, “Мир 24”, радыёстанцыя “Мир” і інфармацыйна-аналітычны партал MIR24.TV, ажыццяўляе кругласутачнае вяшчанне на рускай мове на тэрыторыі 14 дзяржаў. Мэта ТРК “Мир” – забеспячэнне ў эфіры гармоніі агульных і нацыянальных інтарэсаў новых незалежных дзяржаў, а таксама паляпшэнне ўзаемаразумення і даверу паміж краінамі СНД, умацаванне эканамічных, культурных і этнічных сувязей. Журналісты ТРК “Мир” удзельнічаюць у фарміраванні павесткі дня палітыкі ў межах СНД, закранаюць пытанні рэалізацыі ўнутранай і знешняй палітыкі краін – удзельніц Садружнасці.

На наш погляд, пры адлюстраванні інтэграцыйных працэсаў у еўразійскім рэгіёне СМІ Рэспублікі Беларусь не да канца рэалізуюць патэнцыял у наступных накірунках:

1. Уключэнне дыскурсу інтэграцыйных працэсаў у адзінае інфармацыйнае поле. На сёння ў блоках навін еўразійская інтэграцыя прадстаўлена эпізадычна, несістэмна, у выніку чаго аўдыторыя СМІ не ў стане сфарміраваць адэкватнае і цэласнае аб ёй уяўленне.

2. Перагляд палітыкі інфармацыйнага вяшчання ў бок развіцця шматвектарнасці і плюралізму меркаванняў, грунтуючыся на верагодных імпліцытных супярэчаннях партнёраў па інтэграцыйным працэсе. Дадзены кірунак на практыцы з’яўляецца цяжкадасягальным, бо змест нацыянальнага інфармацыйнага поля заканамерна прадвызначаецца выключна скіраванасцю нацыянальных інтарэсаў.

3. Пашырэнне магчымасцей для трансляцыі і рэтрансляцыі іншаэтнічных тэлерадыёпраграм у сацыяльна дыстанцыраваных рыгіёнах. Мадэллю такой медыяінтэграцыі можа стаць інстытут СМІ Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі (з улікам выпраўлення згаданых вышэй дысфункцыянальных праяў).

4. Развіццё інстытута СМІ нацыянальных дыяспар. На Беларусі гэты накірунак прадстаўлены ў асноўным друкаванымі руска-, украінска- і польскамоўнымі СМІ, якія функцыянуюць і развіваюцца ў ізаляцыі ад нацыянальнай медыясферы.

5. Фарміраванне міжнацыянальных грамадскіх СМІ, незалежных ад палітычнай сферы. Да цяперашняга часу для функцыянавання падобных СМІ, якія найбольш поўна ўлічваюць патрэбы грамадства, у рэспубліцы не створаны ўмовы: (а) прававая база; (б) механізм кіравання; (в) механізм фінансавання; (г) асноўныя прынцыпы фарміравання праграмнай палітыкі (актыўны ўдзел аўдыторыі).

6. Пашырэнне ўплыву і папулярызацыя міждзяржаўных медыяструктур.

Як мяркуюць даследчыкі А. Байкоў і І. Болгава [гл. 2], мадэль аптымальнага міждзяржаўнага інфармацыйнага ўзаемадзеяння ўключае тры ўзроўні: знешні, унутраны і тэхналагічны. Знешняе інфармацыйнае ўздзеянне забяспечвае распаўсюджванне еўразійскай ідэалогіі і культуры, павышэнне статусу рускай мовы як носьбіта еўразійскага культурнага коду, фарміраванне адзінага разумення гістарычнага працэсу, аптымізацыю іміджу рэгіёна ў свеце, інфармацыйнае супрацьдзеянне магчымым тэндэнцыям дэзінтэграцыі. Унутраны ўзровень арыентаваны на міжэтнічную камунікацыю на міжасобасным узроўні, арыентацыю на супрацоўніцтва палітычных эліт, свабоднае цыркуліраванне інфармацыйных плыняў у медыясферы рэгіёна: “У выпадку з пазітыўнай інтэграцыяй дзяржавы-ўдзельніцы павінны прыводзіць унутраныя механізмы ў адпаведнасць з мадэллю, якая задаецца ў наднацыянальных палітычных рашэннях” (пераклад наш – С.В.) [13, с. 544]. Тэхналагічны ўзровень інтэграцыі павінен з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій стварыць магчымасці для выкарыстання электронных СМІ і сацыяльных медыя ў развіцці адзінай інфармацыйнай прасторы за кошт мабільнасці, аператыўнасці, інтэрактыўнасці новага медыяасяроддзя. Свабоднае развіццё інфармацыйных плыняў з’яўляецца істотным фактарам, які абумоўлівае развіццё грамадскай сістэмы, што вынікае з агульнага прынцыпу кіравання: інфармацыя аб любым адхіленні сістэмы ад нормы з’яўляецца стымулам вяртання да нормы (правіла самарэгуляцыі П.К. Анохіна).

Прынцыпы паспяховай камунікатыўнай інтэграцыі ўскосна выкладзены таксама ў мадэлі пазітыўнага поліцэнтрызму, якая прадугледжвае суіснаванне і развіццё некалькіх вялікіх геапалітычных кластараў, суразмерных па сукупнасці сваіх тэрытарыяльных, палітычных, культурных, эканамічных, сілавых, навукова-тэхнічных, ідэалагічных, духоўных і інфармацыйных патэнцыялаў. Да такіх прынцыпаў адносяцца:

1. Карпаратыўная сацыяльная адказнасць і ўзаемная залежнасць, што патрабуе сумеснай дзейнасці па вырашэнні задач, звязаных з глабальнымі пагрозамі ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.

2. Аказанне кансалідаванай падтрымкі найбольш праблемным тэрытарыяльным утварэнням, развіццё эфектыўнага сацыяльнага і геапалітычнага партнёрства.

3. Прадказальнасць і паслядоўнасць у дзеяннях, праграмны, а не праектны падыход пры любых узаемадзеяннях.

4. Гарантаванне бяспекі: годнае і нерызыкоўнае пражыванне на любой тэрыторыі супольнасці.

5. Максімальна дасягальная транспарэнтнасць у поглядах, дзеяннях і ўчынках.

У такім выпадку геапалітычные супрацьборства, патэнцыйна магчымае нават у межах інтэграванай міжнацыянальнай супольнасці, трансфармуецца ў супрацоўніцтва, прадуктыўнае спаборніцтва, талерантнае ўзаемадзеянне, пазбаўленае рызыкі праяў гвалту і нецярпімасці. Заснаваная на грамадзянскай талерантнасці і замацоўваемая дзейнасцю СМІ камунікатыўная інтэграцыя ў еўразійскім рэгіёне можа стаць дзейсным аргументам у супрацьстаянні чужым менталітэту беларускага этнасу ідэалам і каштоўнасцям, якія ўкараняюцца ў культурна-ідэалагічную і інфармацыйную сферу ў выніку працэсу глабалізацыі.

Такім чынам, талерантнасць як адна з характарыстык развітой грамадзянскай культуры адлюстроўвае рэжым полівалентнай памяркоўнасці ў адносінах паміж членамі грамадзянскай супольнасці і з’яўляецца важным паказчыкам сталасці апошняй. Еўразійская камунікатыўная інтэграцыя, заснаваная на талерантных адносінах прадстаўнікоў розных культур і этнасаў, немагчымая без свядомага ўдзелу сродкаў масавай інфармацыі. Пры гэтым аптымізацыя дзейнасці нацыянальнай медыясферы Беларусі будзе садзейнічаць эвалюцыі палітычных, культурных, эканамічных, навукова-тэхнічных, ідэалагічных, духоўных і інфармацыйных сувязей паміж дзяржавамі і этнасамі.
Літаратура

1. Алмонд, Г. Гражданская культура и стабильная демократия / Г. Алмонд, С. Верба // Политические исследования. – 1992. – № 4. – С. 14–26.

2. Байков, А. Центральная Азия и перспективы СНГ / А. Байков, И. Болгова // Центральная Азия: актуальные акценты международного сотрудничества: сборник докладов ИМИ МГИМО (У) МИД России. – М., 2010. – C. 131–141.

3. Блумер, Г. Общество как символическая интеракция / Г. Блумер // Современная зарубежная социальная психология: тексты. – М.: МГУ, 1984. – С. 173–179.

4. Винокуров, Е. Постсоветский интеграционный прорыв. Почему Таможенный союз имеет больше шансов, чем его предшественники / Е. Винокуров, А. Либман // Россия в глобальной политике. – М., 2012. – T. 10. – № 2. – C. 38.

5. Декларация принципов терпимости [Электронный ресурс] / Официальный сайт ООН. – Минск, 2013. – Режим доступа: http://www.un.org/ru/documents/decl_conv/declarations/toleranc.shtml. – – Дата доступа: 04.12.2013.

6. Доманов, В.Г. Современное гражданское общество в контексте структурно-функционального дискурса: Монография / В.Г. Доманов. – Ростов н/Д: Изд-во СКАГС, 2010. – 220 с.

7. Мельников, А.П. Национальный менталитет белорусов / А.П. Мельников – Мн.: ИООО «Право и экономика», 2004.

8. Мнение населения о распространенности дискриминации в Беларуси [Электронный ресурс] / Сайт Информационно-аналитического центра при Администрации Президента Республики Беларусь. – Минск, 2013. – Режим доступа: http://iac.gov.by/ru/sociology/research/Obschestvennoe-mnenie-o--situatsii-v-natsionalnoj-sfere_i_0000000214.html. – Дата доступа: 20.11.2013.

9. Мид, Дж. Г. Избранное: Сб. переводов / Дж. Г. Мид // РАН. ИНИОН. Центр социал. научн.-информ. исследований. Отв. ред. Д.В. Ефременко. – М., 2009. – 290 с.

10. Региональные государственные СМИ в формировании идеологии белорусской государственности: Отчет о НИР. – Могилев: МИРСПИ, 2007. – 76 с.

11. Свои и чужие. Исследования НИСЭПИ [Электронный ресурс] / Независимый институт социально-экономических и политических исследований. – Минск, 2013. – Режим доступа: http://www.iiseps.org/analitica/70. – Дата доступа: 10.12.2013.

12. Слука, О.Г. Беларусь в евразийском коммуникационном пространстве: геополитическая стратегия / О.Г. Слука // Журналістыка-2013: Матэрыялы XV Міжнар. навук.-практ. канферэнцыі, 5-6 снежня 2013 г. – Мінск: БДУ, 2013. – С. 310–312.

13. Современная мировая политика: Прикладной анализ / Отв. ред. А.Д. Богатуров. – 2-е изд., испр. и доп. – М.: Аспект Пресс, 2010. – 592 с.

14. Становление гражданской культуры в современной России: философский анализ [Электронный ресурс] / Научная библиотека диссертаций и авторефератов disserCat. – Москва, 2013. – Режим доступа: http://www.dissercat.com/content/stanovlenie-grazhdanskoi-kultury-v-sovremennoi-rossii-filosofskii-analiz#ixzz2aKFpgBBw. – Дата доступа: 24.07.2013.

15. Толковый словарь Ушакова [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://ushakovdictionary.ru/word.php?wordid=77190. – Дата доступа: 20.12.2013.



16. ТРО Союза [Электронный ресурс] / Сайт Телерадиовещательной организации Союзного государства – Режим доступа: http://www.tro-soyuz.com/. – Дата доступа: 19.05.2013.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка