Гравюры першадрукара: віртуальная выстава Максім Танк. Гравюры Скарыны




Дата канвертавання02.04.2017
Памер445 b.


Гравюры першадрукара: віртуальная выстава


Максім Танк. Гравюры Скарыны

Гравюры Скарыны!

Ён выразаў іх

На спаконвечным

Дрэве гісторыі

Свайго народа,

Хоць мог бы падабраць

І больш падатлівы,

І больш удзячны

Матэрыял.

І выразаў ён іх

Не штыхелем-разцом,

А промнем сонца.

Промнем сваёй веры

І любові да народа.

Таму штрых кожны

Быў такі глыбокі,

Што ні агонь,

Ні забыццё,

Ні ворагі,

Ні час

Гравюраў гэтых

Знішчыць

Не змаглі.

І сёння

Нейкая чароўная

Жыве ў іх сіла,

Якая сляпым

Вяртае зрок,

Глухім – іх слых,

Няпомнячым –

іх памяць,

А без’языкім – мову.

1986











«Iудифъ Вдовица отсече главу Олферну воеводе» («Юдзіф і Алаферн»). Тытульны ліст кнігі «Юдзіф». 9 ліпеня 1519 г. 105х104 мм. У аснове сюжэта твора – біблейская легенда. Цар вавілонскі Навухаданасор пасылае войскі пад кіраўніцтвам Алаферна на Іудзею. Алаферн, падышоўшы да галоўнага горада Іудзеі, пагражае знішчыць яго. Юдзіф, жыхарка гэтага горада, прайшоўшы ў стан ворага, заваражыла Алаферна сваёй прыгажосцю і мудрасцю. Напаіўшы яго, Юдзіф адсякае захопніку галаву. Яна стаіць, горда абапёршыся на меч правай рукой. Без ценю хвалявання левай рукой кідае яна ў торбу галаву ворага. Твар яе, якім усяго некалькі мінут назад захапляўся Алаферн, свеціцца радасцю помсты. Вобраз Юдзіф далёкі ад біблейскага: у яе мужны, амаль мужчынскі профіль, моцная фігура.

«Есъферъ царица пришла предъ Асъвера царя» («Эсфір перад Асверам»). Тытульны ліст кнігі «Эсфір». 1519 г. 105х104 мм. Гравюра паўторана ў гэтай кнізе на л. 18. Эсфір, вывезеная Навухаданасорам з Іерусаліма ў Вавілон, дзякуючы сваёй прыгажосці стала царыцай. Даведаўшыся пра тое, што цар Аман загадаў знішчыць усіх адданых сваёй рэлігіі яўрэяў, Эсфір прыйшла прасіць за свой народ. І выратавала яго ад згубы. У гравюры адчуваецца імкненне мастака да гераізацыі – невыпадкова тыпаж Эсфір, яе пастава выяўляюць падабенства з вобразам Юдзіф.

«Дщера фараонова знашла отроча Мойсея у воде» («Дачка фараона і Майсей»). Тытульны ліст кнігі «Выхад». 1519(?) г. 104х105 мм. Усталяваўшыся ў Егіпце, яўрэі ўсё больш узмацняліся. Гэтым вельмі занепакоіўся егіпецкі цар. І тады ён загадаў усіх нарадзіўшыхся яўрэйскіх хлопчыкаў тапіць у рэчцы. Адна маці, ратуючы сына, паклала яго ў кошык і пакінула ля ракі. Дачка фараона, убачыўшы цудоўнае дзіця, паслала за карміліцай. Ёй аказалася маці хлопчыка. Царэўна ўсынавіла яго і дала яму імя Майсей – «з вады вынуты». Гравюра вызначаецца эмацыянальнай насычанасцю, вобразнасцю, мастацкай завершанасцю і высокім узроўнем выканаўчага майстэрства. Значна слабей падобныя малюнкі выкананы ў чэшскай Бібліі 1506 г., а таксама ў лацінскай. На гравюры кампазіцыйна аб’яднаныя некалькі розначасовых падзей (утапленне дзяцей, пакуты іх маці, выратаванне Майсея). Тут усё пабудавана на проціпастаўленнях.

«Мойсей навчае людей Ізрайлевых Второга закону» («Майсей перад народам»). Тытульны ліст кнігі «Другі закон». 1519 г. 105х104 мм.

Кампазіцыя гравюры свядома манументалізавана з мэтай падкрэсліць значнасць намаляванай сцэны. На пярэднім плане злева каля дрэва  легендарны Майсей у доўгай вопратцы з традыцыйнымі рагамі на галаве (прыкмета сілы) стаіць перад народам. Кампазіцыя ксілаграфіі простая, але выразная, майстэрская. Тыпаж фігур пярэдняга плана вылучаецца разнастайнасцю і жыццёвасцю.

«Ісус Навин ведеть людей Iзрайлевы чере Iордан» («Пераход праз Іардан»). Тытульны ліст кнігі «Ісус Навін». 20 снежня 1518 г. 105х104 мм. Пасля смерці Майсея вандроўных ізраільцян узначаліў Ісус Навін. Ён спыняе воды Іардана, праводзіць праз раку яўрэяў і захоплівае новыя землі. На чале натоўпу намаляваны Ісус Навін з мячом і шчытом у руках. Адзенні мужчын і жанчын нагадваюць вопратку тагачасных беларускіх рамеснікаў і сялян. Адлюстравана адзінства і мэтанакіраванасць людзей, якія паслухмяна ідуць за сваім кіраўніком і перамагаюць. Гэтая гравюра па стылі і манеры выканання належыць да найбольш самабытных ілюстрацый і выканана, відаць, майстрам, які рабіў гравюрны партрэт Ф. Скарыны. Амаль усю ксілаграфію па дыяганалі займае малюнак людскога натоўпу, што дазволіла перадаць дынаміку руху.

«Данийлу седящему со львы принесе Аввакум обед» («Данііл з львамі»). Тытульны ліст «Кнігі святога прарока божыя Данііла». 1519 г. 105х104 мм. Па патрабаванні язычнікаў-вавіланян, цар кінуў у яму да галодных львоў Данііла, які знішчыў багоў язычнікаў Віла і Дракона. У гэты час анёл пераносіць да Данііла Авакума, які нёс абед жняцам. Такім чынам львы былі накормленыя. На сёмы дзень цар, схіліўшыся над ямай, убачыў жывога Данііла і ўпэўніўся ў яго бязгрэшнасці. На пярэднім плане гравюры ў яме сядзіць Данііл з разгорнутай кнігай; вакол яго мірна ляжаць паслухмяныя ільвы, намаляваныя некалькі схематычна і наіўна (нагадваюць льва з гравюры «Бог у раі»  сведчанне таго, што абедзве працы, мабыць, выканаў адзін майстар).

«Самсон пресильный расторгалъ льва на пути» («Самсон і леў»). Тытульны ліст «Кнігі суддзяў». 1519 г. 105х105 мм. Ілюструе эпізод біблейскай аповесці пра подзвігі і прыгоды аднаго з «суддзяў» (абраных правадыроў) старажытнаізраільскага родаплемяннога саюза Самсона. На пярэднім плане гравюры Самсон у кароткай вопратцы з вянком на галаве раздзірае пашчу ільва, злева  дрэва, у кроне якога змешчаны герб-сігнет Скарыны. Па кампазіцыі, выразнасці, гравіроўцы гравюра адносіцца да ліку лепшых у кнігах Скарыны. Галоўную задуму не парушаюць другарадныя дэталі, скупы пейзаж, на фоне якога разгортваецца дзеянне. Дрэва ўраўнаважвае постаць Самсона, намаляваную ўмоўна (нават наіўна), але канструктыўна і выразна. Паказана веліч і моц чалавека – гаспадара прыроды.





«Первый судъ еже судил Саломонъ царь две жене блудъници о двоих детехъ» («Першы суд Саламона»). Тытульны ліст кнігі «Прытчы Саламона». 6 кастрычніка 1517 г. Гравюра паўторана як застаўка на л. 5. 87х86 мм. Славіўся мудрасцю цар Саламон. Аднойчы прыйшлі да яго дзве жанчыны-блудніцы. Адна з іх выпадкова прыдушыла сваё дзіця і ноччу замяніла яго сынам другой блудніцы. Абедзве жанчыны прэтэндавалі на гэтае жывое дзіця.

«Саломонъ беседуетъ съ царицею Саваю» («Саламон і царыца Саўская»). Тытульны ліст «Эклезіяста». Гравюра паўтараецца ў «Кнігах царстваў». Прага, 2 снежня 1518 г. 105х104,5 мм. Пачуўшы пра мудрасць Саламона, царыца Саўская прыязджае са скарбам у Іерусалім. У прысутнасці народа царыца задае Саламону цяжкія загадкі. І ён правільна на ўсё адказвае. За гэта Сава дорыць прывезены скарб Саламону. На шматфігурнай гравюры кампазіцыйна дамінуе царыца. Гравюра нагадвае гравюру «Суд Саламона», і, відавочна, яны належаць аднаму аўтару. Тэхнічна гравюра эскізная: выявы жывёл і асобных чалавечых фігур выкананыя не зусім упэўненай штрыхоўкай. Аднак асобныя фігуры дастаткова выразныя, бачна спроба паказаць псіхалагічны стан галоўных герояў.

«Дыспут». Тытульны ліст кнігі «Ісус Сірахаў». 5 снежня 1517 г. 105х106 мм. Па меркаванні даследчыкаў, гравюра ілюструе не кнігу, а свабодную тэму. На ёй паказаны звычайны дыспут часоў Скарыны з прычыны публічнай абароны дысертацыі. Аднак тлумачэнні самога першадрукара пераконваюць нас у тым, што гравюру можна разглядаць як ілюстрацыю, якая падкрэслівае функцыянальнае прызначэнне самой кнігі, напісанай у форме павучання.

«Навходносор царь вавилонский добывае Ерусалима» («Асада Іерусаліма»). Тытульны ліст 183 чацвёртай «Кнігі царстваў». 10 жніўня 1518 г. 105х105 мм. Захапіўшы Іерусалім, Навухаданасор грабіць, разбурае і спальвае храмы, палацы, калісьці пабудаваныя Саламонам. Нарабаваны скарб ён вывозіць у Вавілон. Так скончыла сваё існаванне царства Іудзейскае. На гравюры мадэрнізаваная выява бітвы ў сцен Іерусаліма. Гравюры, якія адлюстроўвалі турнірныя паядынкі, бытавалі ў Еўропе, аднак такой выразнай, такой дынамічнай кампазіцыі не было ў графіцы таго часу. Кампазіцыя карысталася папулярнасцю. Асабліва ярка праявілася перайманне ў гравюры «Грунвальдская бітва» («Хроніка

«Людие Ізрайлевы с полки свойми около храму божия» («Ізраілевы палкі ў храма»). Тытульны ліст чацвёртай «Кнігі Майсея». 105х105 мм. Выйшаўшы з Егіпта, яўрэі раздзяліліся на 12 радоў (кален). Кожны род павінен быў вылучыць войскі для аховы скініі – пераноснай царквы. 40 год вандравалі яўрэі па пустыні Сярэдняй Азіі. 40 год неслі сваю скінію. Гэта якраз і адлюстравана на гравюры. Канкрэтным і ўпэўненым штрыхом намаляваныя фігуры рыцараў-вандроўнікаў у зброі, што бытавала ў Беларусі XV ст. Пад спякотнымі праменямі сонца яны вяртаюцца на родную зямлю, над імі развяваецца сцяг з гербам

Трэцяя група

Фактычна паміж другой і трэцяй групамі гравюр істотнай розніцы няма. Масавыя сцэны, лінейная перспектыва, глыбіня ў раскрыцці вобразаў характэрныя для абедзвюх груп. Але, падзяляючы гравюры па чыста фармальных прыкметах, да трэцяй групы можна аднесці тыя, дзе асноўная дзея перанесена з цэнтра ў левы куток.

«Царь Саломон ставит храм Господу Богу въ Ерусалиме» («Будаўніцтва храма ў Іерусаліме»). Тытульны ліст 119 трэцяй «Кнігі царстваў». 10 жніўня 1518 г. 105х105 мм. Цар Саламон са світай аглядае будаўніцтва храма. Паводле біблейскага падання, іерусалімскі храм разам з царскім палацам і гарадскімі сценамі будавалі ў ХХ ст. да н. э. 70 тыс. муляроў і 80 тыс. каменячосаў, якімі кіравалі 3600 «прыстаўнікаў». Цэнтральнае месца ў кампазіцыі займае гатычная пабудова з контрфорсамі  малюнак храма, які яшчэ будуецца. Ён нагадвае будынкі, што ўзводзіліся ў тыя часы на тэрыторыі Беларусі. Ужо ў гатовым выглядзе гэты храм з’яўляецца на гравюры да чацвёртай «Кнігі царстваў». Гэта сведчыць аб тым, што Скарына працаваў адначасова над некалькімі гравюрамі. Гравюра належыць да найбольш мастацка-пераканаўчых ілюстрацый «Бібліі». Штрыхоўка разнастайная, маляўнічая,

«Самуйлъ прарок гасподень помаза Давыда на царство» («Памазанне Давіда»). Тытульны ліст першай «Кнігі царстваў». 10 жніўня 1518 г. 105х105 мм. Першы цар Ізраіля Саул за свае дзеянні быў нежаданы Богу, і таму ён ставіць на царства сына Іясея, пастуха Давіда. На гарадскім пляцы прарок узводзіць Давіда на прастол. У ног Давіда ляжаць яго славутыя гуслі. Побач з юнаком – бацька. Справа – цар Саул, які з крыўдай пазірае на гэтую сцэну. Злева каля ахвярніка стаіць Самуіл у доўгай вопратцы.

«Руфъ прабаба царя Давыдова пабирае класы за жнеци» («Руф у полі»). Тытульны ліст кнігі «Руф». 1519 г. 105х105 мм. Аднойчы, калі на зямлі Ізраіля лютаваў голад, прыгажуня Руф прыйшла на поле Ваоза і сказала: «Я буду падбіраць каласы паміж снапамі за жняцамі». Працавітая Руф спадабалася Ваозу, і ён на ёй ажаніўся. У адрозненне ад большасці іншых ілюстрацый «Бібліі» Скарыны ў кампазіцыі гравюры вялікае месца адведзена пейзажу. У цэнтры гравюры хуткая Руф збірае каласы. За спінай Руфы фігура біблейскага Ваоза ў доўгім адзенні, у руках яго посах (кампазіцыя будуецца па дыяганалі – ад Ваоза да Руфы).

«Царь Давыдъ играеть въ гусле неся кивот гасподень» («Давід перад ківотам»). Тытульны ліст 65 другой «Кнігі царстваў». 10 жніўня 1518 г. 105х105 мм. Цар Давід, узяўшы Іерусалім, пабудаваў у гонар гэтай перамогі палац. З іўдзейскага Ваала ён пераносіць сюды ківот. З вялікай радасці Давід скача, іграе на гуслях. Яго жонка, дачка Саула, не задаволена паводзінамі Давіда. Яна лічыць, што гэткае праяўленне радасці недастойна цара. За гэта бог пакараў яе бяздзетнасцю. Святочнасцю і, можна сказаць, параднасцю павявае ад гравюры. Выканана яна без лішніх штрыхоў і ценяў. Вобразы гравюры, асабліва Давіда, тлумачацца з пэўнай доляй гумару, што падкрэслена і падвешаным да акна гербам-сігнетам Скарыны. Тое, што Давід іграе на гуслях левай рукой, не зніжае мастацкіх якасцей гравюры (магчымая прычына  гравюрны люстраны адбітак).

Чацвёртая група

Гравюры гэтай групы некалькі адрозніваюцца ад іншых. Тут і стыль, і тэхнічнае выкананне зусім іншыя. Штрых больш гібкі, больш жывапісны. Галоўная дзеючая асоба – Бог. Воблакі, неба – усё, што акружае Бога, патрабуе своеасаблівай манеры выканання, больш манументальнай, сіметрычнай кампазіцыі. У гравюрах чацвёртай групы назіраецца даволі вольнае абыходжанне з Бібліяй, што наогул характэрна для ўсёй творчасці Скарыны. І хоць многія работы беларускага асветніка надзвычай своеасаблівыя, арыгінальныя, усё ж нельга не адзначыць, што ёсць у гэтай групе гравюр і пераймальныя. У іх яўна адчуваецца ўплыў вядомага нямецкага мастака Альбрэхта Дзюрэра.

«Шэсць дзён светабудовы» або «Стварэнне свету». Ліст 86 першай кнігі Бібліі - «Быцця». 1519 г. 161х106 мм. Самай характэрнай гравюрай чацвёртай групы можна лічыць «Стварэнне свету». Гравюра складаецца з шасці асобных фрагментаў. У адпаведнасці са «Свяшчэнным пісаннем» яны паслядоўна адлюстроўваюць шэсць дзён стварэння свету. Першы дзень – дзень стварэння свету. Другі – неба і вады. Трэці – сушы, травы, дрэў. Чацвёрты – сонца, месяца, зорак. Пяты – рыб, птушак, гадаў. Шосты – звяроў, Адама і Евы. Фрагменты падзеленыя між сабой падоўжанымі і папярочнымі палосамі (рамкі гатычнага характару). І ў палосах, як абрамленне кожнага фрагмента, змешчаны арнамент з дубовых лісцяў замест традыцыйных назваў дзён. Аналагічныя, падобныя гравюры ёсць у лацінскай Бібліі (1499), чэшскай Бібліі (1506), венецыянскай народнай Бібліі (1471), Бібліі Малермі (1490).



«Тройца». Ліст 1б першай кнігі Бібліі  «Быцця». 1519 г. 157х105 мм. Уверсе, у акружэнні анёлаў, сядзіць трохлікі Бог – «Бог айцец, Бог сын, Бог дух святы». Унізе – Гаўрыіл з архангеламі вядуць бязлітасную барацьбу з д’ябламі. У верхняй частцы  старазапаветны, у ніжняй  новазапаветны сюжэты. Найбольш цікавая верхняя частка, у якой ідэя трыадзінага Бажаства паказана з дапамогай трох лікаў, якія сімвалізуюць траістасць Троіцы. Кампазіцыйна верхняя і ніжняя часткі арганічна аб’яднаныя выявай высока паднятых крылаў архангела Гаўрыіла. Мастацкія асаблівасці гравюры расцэньваліся па-рознаму. Некаторыя даследчыкі лічылі, што гэтая гравюра горш за іншыя. Узнікае ўражанне, што, напрыклад, у гравюры «Тройца» Скарына свядома паўтарае распаўсюджаную,

«Генеалагічнае дрэва Ісуса», альбо «Корань Іясеяў». Ліст 1 «Псалтыра». 6 жніўня 1517 г. 130х110 мм. На гравюры намаляваны Іясей, які ляжыць каля вады. З яго грудзей расце велізарнае дрэва, якое сімвалізуе радаслоўную цароў. У кароне дрэва – Саламон, Давід і іншыя цары, а на вяршыні – Маці Божая з дзіцём Хрыстом на руках. Храналагічна гэта самая ранняя ілюстрацыя ў «Бібліі» Скарыны і ў беларускім і ўсходнеславянскім кнігадрукаванні наогул. «Генеалагічнае дрэва Ісуса» нагадвае змешчаныя гравюры ў «Нюрнбергскай хроніцы» Х. Шэдэля 1493 г. і ў чэшскай Бібліі 1506 г. Толькі ў гэтых выданнях радаслоўная паказана на некалькіх аркушах, а ў Скарыны ўсё сабрана ў адзінай кампазіцыі. Мастак смела рэдагуе радаслоўную, выкідвае менш важных цароў. Кампазіцыя атрымалася больш вобразная і выразная.

«Гасподь Богъ глаголет къ Моисею у храму Сведения» («Бог і Маісей»). Тытульны ліст кнігі «Левіт». 105х105,5 мм. На гравюры адлюстраваны велічны храм, а перад ім – Майсей, які пачціва слухае запаветы Саваофа. Гравюра па мастацкіх якасцях саступае іншым ілюстрацыям Бібліі. Яна некалькі плоская ў прасторавым рашэнні, форма выяўлена шчыльнымі рыскамі, пакладзенымі ў розных напрамках. Яе можна аднесці да так званых манументальных па стылі гравюр Бібліі. Вельмі ўдала, на супрацьстаўленні, вырашаныя цэнтральныя вобразы гравюры – вобразы пакутлівага Майсея і магутнага Саваофа.

«Песни царя Давыда еже словуть Псалтыръ» («Цар Давід»). Ліст 16 «Псалтыра». 6 жніўня 1517 г. 61х44 мм. Ілюструе старажытнае паданне пра цара Давіда ў вобразе музыканта і спевака з гуслямі. Цар Давід звяртаецца з псалмамі да бога Саваофа. На гравюры Давід стаіць на каленях у пышнай царскай вопратцы, з працягнутымі рукамі да бачнай у аблоках галавы Саваофа. Давід падобны на цара з гравюры «Генеалагічнае дрэва Ісуса», змешчанай у гэтай жа кнізе. Гэта сведчыць аб тым, што абедзве гравюры выканаў адзін майстар. Тэхніка выканання трохі грубаватая, аднак рыскі энергічныя, упэўненыя. Вобраз Давіда надзіва манументальны, фігура вырашана з большай выразнасцю і экспрэсіяй.

З гэтай гравюры пачынаецца тэкст «Псалтыра». Ліст 5 «Псалтыра». 6 жніўня 1517 г. 84х45 мм. Гравюра выканана ў тэхніцы ксілаграфіі. Разьба мае так званы металаграфічны характар  белы штрых на чорным фоне. Бакавыя палі занятыя выявамі фантастычных істот з чалавечымі тварамі, рукамi і лапамі. У цэнтры гравюры  ваза, пад якой размешчаны выдавецкі знак Скарыны  «Зацьменне сонца».

Загадкавай з’яўляецца фігура юнака. Некаторыя сцвярджаюць, што гэта цар Саламон, а некаторыя што ў рысах юнака адгадваюцца тыпаж і фігура самога Ф. Скарыны. Такое меркаванне было выказана рускім мастацвазнаўцам П. У. Уладзіміравым. Пад воблакамі, на якіх сядзіць Бог, у ніжняй частцы  умоўны малюнак Сусвету (у выглядзе кола) ці Зямлі. Гравюра надзвычай рытмічная, кожная дэталь у ёй прадуманая, ёй нададзена выразная акруглая форма: круглая зямля, круглы німб, авальная спіна юнака, герб аўтара і нават фігура Хрыста мае форму эліпса. Усё гэта стварае ўражанне кругавароту, які адбываецца ў прыродзе.

«Хрыстос і нявеста». Тытульны ліст кнігі «Песня песняў». 19 студзеня 1518 г. 105х105 мм. Уверсе гравюры, у воблаках – Хрыстос. Унізе – жанчына-нявеста, якая сімвалізуе царкву. Хрыстос ускладае вянец на яе галаву. Сімвалічна выказвае скарынінскую інтэрпрэтацыю змест кнігі: містычны «шлюб» Ісуса і яго зямнога царства  хрысціянскай царквы. Па кампазіцыі, малюнку, яркім дэкаратыўным рашэнні і асаблівым паэтычным настроі гравюра належыць да самых лепшых, што выдаваліся Скарынай. Кампазіцыя гравюры і графічная трактоўка аблокаў збліжаюць яе з гравюрай «Благавешчанне». Гэта дае падставу меркаваць, што яны выкананыя адным майстрам.





«Починается акафист пресладкому імені Господа нашего Іисуса Христа глаголемы по всія дни» («Багародзіца з анёламі»). Тытульны ліст кнігі «Акафіста Ісусу» з «Малой падарожнай кніжыцы». 1525 г. 41х61 мм. На гэтай гравюры Марыя ўжо з дзіцём. Радасцю мацярынства асветлены яе твар. Багародзіца разам з анёламі радуецца, слухаючы пахвалу ў гонар яе сына. Уся сцэна быццам змалявана з натуры. І невыпадкова мастак адмаўляецца тут ад традыцыйных німбаў. Правобразамі Марыі з гравюр «Багародзіца з анёламі» і «Корань Іясеяў», відавочна, была адна і тая ж жанчына, з ярка выяўленымі рысамі тыпічнай славянкі. Тэхнічнае выкананне гравюры саступае задуме. Яна награвіравана тоўстымі, трохі грубаватымі рыскамі, што сведчыць аб адносна невялікім творчым вопыце гравёра. Хутчэй за ўсё ксілаграфію выканаў невядомы разьбяр, які працаваў у Віленскай друкарні Скарыны ў 1520-я гг. Магчыма, яму ж належыць і праца «Благавешчанне» з гэтай жа кнігі.

«Господь нашъ Iисус Христосъ во храме навчаеть законовчителей иудейских» («Хрыстос у храме»). Тытульны ліст «Канона Ісусу» з «Малой падарожнай кніжыцы». 1525. 80х72 мм. Ісус Хрыстос гутарыць у храме з вучонымі мужамі. На гравюры малюнак інтэр’ера храма, у цэнтры на троне сядзіць Ісус, справа і злева ад яго настаўнікі, на іх тварах адбілася здзіўленне і нейкая разгубленасць. Звонку праз акно на Ісуса з замілаваннем глядзіць маці. Выяўленча-вобразным ладам гравюра супадае з аналагічнай ілюстрацыяй з «Сусветнай хронікі» Х. Шэдэля (Нюрнберг, 1493, друкарня Кобергераў). Арыгінал хутчэй за ўсё выканаў настаўнік А. Дзюрэра  М. Вольгемут. Аналіз стану ксілаграфічных дошак дазваляе меркаваць, што друкары Скарыны ўзялі іх з друкарні Кобергераў. Гравюра нагадвае «Дыспут» (з другой групы).

«Светый Iоанъ Предътеча крещаеть во Йордани господа нашего Иисуса Христа» («Хрышчэнне ў Іардане»). Тытульны ліст «Канона Іаану Хрысціцелю» з «Малой падарожнай кніжыцы». 1525 г. 72х79 мм. Іаан Прадцеча (папярэднік) уводзіць абрад хрышчэння як сімвал духоўнага ачышчэння. На гравюры адлюстраваны момант, калі Іаан хрысціць у Іардане Ісуса Хрыста. Па кампазіцыі, тыпажы, характары штрыхоўкі і памерах гравюра цалкам супадае з аналагічнай ілюстрацыяй да «Сусветнай хронікі» Х. Шэдэля

«Починаются акафисты на всю неделю». Тытульны ліст «Акафіста труне гасподняй» з «Малой падарожнай кніжыцы». 1525 г. Акафісты маюць агульны тытульны ліст. Тэкст агульнага тытульнага ліста ставіцца як да ўсіх акафістаў, так і да першага з іх «Акафіст труне гасподняй». Тытульныя лісты асобных акафістаў аформленыя наборнымі сродкамі, часам дадаткова ўпрыгожаныя віньеткамі. Мастацкае ўбранне  рамка тытульнага ліста, складзеная з 2 вертыкальных і 2 гарызантальных дошак, а таксама 2 ініцыялаў. На левай вертыкальнай дошцы (21х100 мм) гравюра з выявай Багамаці (нагадвае ікону Віленскага святатроіцкага манастыра) з немаўлём у акружэнні іудзейскіх цароў і розных звяроў слухае акафіст труне гасподняй. На правай дошцы (8х100 мм) – малюнак вавёркі і арла, акружаных раслінным

«Еремиа пророкъ господень плачетъ гледя на Ерусалим» («Плач Ярэміі»). Тытульны ліст кнігі «Плач Ярэміі». 1519 г. 105х105 мм. Вавілонскі цар Навухаданасор, захапіўшы Іерусалім, разграбіў яго палацы і храмы, разбурыў гарадскія сцены, а палонных адвёў у Вавілон. На гравюры – прарок Ярэмія пасля падзення Іерусаліма застаўся «з людзьмі убогімі» і плакаў, гледзячы на калісьці вялікі горад. Кампазіцыя пабудавана на суадносінах малюнка Ярэміі і гарадскога пейзажу. На невялікім пагорку сядзіць прарок з кніжкай у левай руцэ, правая прыціснута да грудзей. Вобраз прарока перададзены з вялікім псіхалагізмам; адзенне, выразны твар падкрэсліваюць драматызм эмацыянальнага настрою. Калі ўважліва прыгледзецца да гравюры, здаецца, што мастак перажыў адлюстраваную на гравюры падзею. І дакладна перадаў свае адносіны да яе.





«Взоръ светилника златого светиемъ его» («Выява свяцільніка»). Ліст 47б кнігі «Выхад». 100х104 мм. На гравюры намаляваны залаты чаканны сямісвечнік з лампадкамі ў выглядзе кветкі. Малюнак свяцільніка запаўняе ўсю плошчу гравюры. Гравюра выканана па-майстэрску, усе дэталі малюнка напоўненыя жыццём, рухам. Аб’ём перададзены жывым, сакавітым контурам, дэталі свяцільніка мадэлююцца па форме кароткімі паўкруглымі рыскамі.

«Образъ требника на нем же приношаше Аарон жертвы» («Выява ахвярніка»). Ліст 52б кнігі «Выхад». Гравюра паўтараецца ў кнізе «Левіт». 105х105 мм. На гравюры намаляваны драўляны, акаваны меддзю ахвярнік. Пад гравюрай подпіс: «То ест образ требника, на нем же приношаше ест Арон жертвы господину богу, он же стоиваше во притворе храмове, и на той крате, еже висить посреди его, поляху жертвы; огонь всегда горяше зысподу не огниши его». У мадэліроўцы гэтая гравюра не зусім дасканалая: ахвярнік намаляваны з адваротнай перспектывай, малюнак чарцёжны, занадта перагружаны ценямі.

«Взоръ кивота или скрини завета Гасподъня» («Выява ківота»). Ліст 45б кнігі «Выхад». 105х105 мм. На гравюры – ківот, які зрабіў Майсей па загаду Бога Саваофа. Тут захоўваліся 10 запаветаў Майсеева закона, што былі запісаныя самім Богам на дзьвюх дошках-скрыжалях. Ківот намаляваны з двума крылатымі анёламі-херувімамі, якія падтрымліваюць над ім накрыўку. Гравюра зроблена па-майстэрску, вельмі дэкаратыўна. Багата ўпрыгожана беларускім народным арнаментам і арнаментам з беларускіх рукапісаў, чым асабліва прыцягвае ўвагу.

«Взоръ ризъ жреческих еже быша на Аароне» («Выява рыз»). Ліст 52б кнігі «Выхад». 105х105 мм. Гэта партрэтная гравюра. На ёй намаляваны першасвяшчэннік старазапаветнай царквы Аарон у поўным аблачэнні  рытуальна-абрадавай вопратцы. Гравюра выдатна скампанаваная і намаляваная, але яе танальнае рашэнне некалькі аднастайнае: густая паралельная штрыхоўка за малюнкам першасвяшчэнніка пазбаўляе гравюру кантраснасці. Малюнак дэкору на арцы і яе бела-штрыхавая гравіроўка блізкія да тытульнага ліста «Бібліі», і сведчаць, што абедзве гравюры выканаў адзін мастак.



«Взоръ стола на нем же бе хлебъ посвященный» («Выява стала»). Ліст 46б кнігі «Выхад». 104х104 мм. Пазалочаны стол з залатым вянцом. Па вуглах стала – залатыя кольцы для яго пераноскі. Стол багата арнаментаваны, чатырохвугольнай формы з хлябамі, на якіх стаяць вазоны з кветкамі. Ілюстрацыя вылучаецца багатай дэкаратыўнасцю, бездакорным выкананнем, упэўненасцю перспектывы. Форма мадэлюецца гарызантальнымі і вертыкальнымі рыскамі. Ва ўсіх нямецкіх гравюрах хлябы чатырохвугольнай формы, а ў Скарыны  круглыя, што адпавядае славянскай традыцыі.

«Взоръ моря или умывальници медяное» («Выява мора»). Ліст 139 трэцяй «Кнігі царстваў». 104,5х104 мм. Меднае мора, падобнае на кветку лілеі, ляжыць на 12 валах. Тры валы глядзяць на ўсход, тры – на поўдзень, тры – на захад, тры – на поўнач. Гравюра ілюструе адліты з медзі майстрам Хірамам вялікі рукамыйнік дыяметрам каля 6,5 м і вышынёй больш 3 м. На гравюры рукамыйнік паказаны ў выглядзе чашы, запрэжанай валамі. Ілюстрацыя пры ўсёй умоўнасці задумы вельмі майстэрская, асабліва выразна намаляваныя валы. Кароткія, роўныя рыскі робяць гравюру аб’ёмнай і выразнай.

«Взоръ дву столповъ иже предъ храмомъ» («Выява двух слупоў»). Ліст 137б трэцяй «Кнігі царстваў». 105х105 мм. На гравюры – два па-мастацку зробленыя медныя слупы. Ілюструе сюжэт кнігі, у якім апісваюцца два медныя слупы з бабінца Іерусалімскага храма, які па біблейскім паданні, быў пабудаваны па загаду цара Саламона. Гэтыя цудоўныя слупы былі пастаўлены Саламонам да прытвора храма. Слупы гэтыя аднолькавыя з шарападобнымі капітэлямі, багата ўпрыгожанымі расліннай арнаментыкай.

«Взоръ храму гасподъня от Саломона деланаго» («Выява храма»). Ліст 133 трэцяй «Кнігі царстваў». 105х105 мм. На гравюры адлюстраваны трохпавярховы будынак эпохі Скарыны з паўкруглымі вокнамі. Паводле біблейскага падання, храм быў пабудаваны па загаду цара Саламона. Аб’ём гравюры мадэлюецца кароткімі рыскамі, маляўніча, жыццёва. Пераканаўча перададзена перспектыва. Некаторыя вучоныя лічылі гравюру адной з лепшых у кнігах Скарыны.

«Взоръ дому древяна царя Саломона» («Выява дома»). Ліст 136б трэцяй «Кнігі царстваў». 104х104,5 мм. Ілюструе фрагмент апісання будаўніцтва палаца цара Саламона. Палац узводзіўся з ліванскага дрэва 13 гадоў. На гравюры прадстаўлены трохпавярховы будынак з балюстрадамі на першым паверсе і балконам на трэцім. Кампазіцыя нагадвае гравюру «Выява храма», але малюнак дома менш удалы, трохі спрошчаны, штрыхоўка больш сухая.

«Образъ дву херувимовъ в молитовници» («Вобраз двух херувімаў»). Ліст 135 «Кнігі царстваў». 104х105 мм. Пазалочаныя драўляныя херувімы былі пастаўлены Саламонам у цэнтры Храма святая святых. Паміж херувімамі – ківот, а ў ім дзве каменныя скрыжалі. Іх паклаў туды Майсей, калі яўрэі пакідалі зямлю Егіпецкую. Вобраз цікавы сваёй двайной сімволікай. Ківот («каўчэг») сімвалізаваў выратаванне «абранага» народа ад граху і смерці. Херувімы  ахову найвялікшай святыні, недаступнай для неазнаёмленых у таямніцу яднання чалавека з Богам. Кампазіцыя гравюры разгорнута ў прасторы: інтэр’ер царквы з гатычнымі крыжовымі скляпеннямі і стральчатым акном.

«Взоръ десяти подъставокъ и баней ихъ» («Выява дзесяці падстаў»). Ліст 139б трэцяй «Кнігі царстваў». 10 жніўня 1518 г. 105х104 мм. Ілюструе фрагмент апісання Іерусалімскага храма, пабудаванага па загаду цара Саламона. На чатырох колах – спецыяльная падстава з умывальніцай, упрыгожанай малюнкамі валоў, львоў, херувімаў. 10 такіх падстаў стаялі ля дзвярэй храма: пяць – з аднаго боку, пяць – з другога. Кожная з 10 падстаў змяшчалася на 4 медных колах. Для выканання абраду абмывання на падстаўцы быў медны рукамыйнік накшталт антычнай амфары. Кампазіцыя гравюры вырашана ў адпаведнасці з біблейскім апісаннем. Ніжняя частка падставак упрыгожана выявамі птушак і звяроў, змешчаных у колах. Гравюра мае аналагі ў нямецкіх выданнях канца XV ст.

Тытульны ліст кнігі «Быцця». 1519 г. 167х110 мм. На ім Скарына змяшчае свой асабісты герб і манаграму Багдана Онькава і Якуба Бабіча. Друкаванне «Бібліі» часткамі прымусіла Скарыну і яго гравёра стварыць да кожнай з іх асобны тытульны ліст. Пачынаючы ад «Псалтыра» 1517 г. яго мела кожная біблейская кніга. Пасля выхаду з друку асобных выпускаў неабходна было аб’яднаць іх у адну традыцыйную кнігу. У сувязі з гэтым трэба было даць агульны тытул. Па стылі выкананая гравюра ўзыходзіць да венецыянскіх выданняў Рэнесансу. Друкавалася з 4 ксілаграфічных дошак, упрыгожаных раслінным арнаментам, малюнкамі бубнаў, драконаў, ваз. Загаловак дадзены кінавар’ю (да гэтага кінавар выкарыстоўвалі ў «Песне песняў» 1518 г.). На думку савецкага мастацтвазнаўца А. А. Сідарава, «чырвонае і чорнае» друкавалася ў два прагоны. Геральдычны шчыт зверху першапачаткова быў пусты. Гэта адзіная нескончаная дэталь на тытульным лісце, які з’яўляецца сапраўдным шэдэўрам кніжнай графікі. Кампазіцыя адрозніваецца рэдкай гармоніяй, у ёй дакладныя прапорцыі чорнага, белага і чырвонага колераў, суадносін выявы і тэксту. Арнаментаваная чорная рамка ўзмацняе гучанне ўнутранага белага поля. Выяўленчыя матывы тытула і бела-рыскавая гравіроўка сугучныя з выявамі матываў на архітэктурнай арцы гравюры «Выявы рыз».

Застаўкі, віньеткі, манаграмы (гербы), загалоўныя літары

Спецыяльна для кніг пражскага перыяду Скарына выразаў тры гравюры-застаўкі, якія змяшчаў пасля аўтарскай прадмовы, перад пачаткам бібліейскага тэксту або ў канцы яго. Заканамерная паслядоўнасць гравюр-заставак глыбока прадумана аўтарам. Акрамя таго, у кнігах Скарыны змешчана вялікая колькасць віньетак (налічваецца больш за 30).

Застаўка № 1. Змешчана ў 4 пражскіх выданнях: «Песня песняў» ліст 1, «Прамудрасць божая» ліст 26, «Левіт» ліст 7, «Лічбы» ліст 5. 106х52/53 мм. На фігурнай застаўцы  выявы двух немаўлятаў (пуці), змешчаных па абодва бакі гербавага шчыта з выдавецкім знакам Скарыны. Выдавецкі знак у моцна паменшаным выглядзе паўтораны і ў верхняй частцы. Дзеці падобныя на анёлаў з гравюр «Шасцідзёна», «Тройцы» і інш. Адзін анёл трымае лук, другі – факел.

Застаўка № 2. На другой застаўцы – дзве паясныя жаночыя фігуры, якія нагадваюць свіцязянак. Прыгожыя галоўкі звернутыя да цэнтра – туды, дзе змешчаны герб Скарыны. Застаўка з «русалкамі» змешчана ў кнігах: «Ісус Навін» ліст 3, «Другі закон» ліст 5, «Юдзіф» ліст 3, «Руф» ліст 2, «Суддзяў» ліст 4, «Эсфір»  перад тэкстам, «Святога прарока божыя Данііла» ліст 5. 106х52/53 мм.

Застаўка № 3. Выява «дзікіх людзей» з рагацінамі. Фігуры мужчын адной рукой абапіраюцца на гербавыя шчыты (палі якіх пакінутыя чыстымі), у другой руцэ ў іх зброя – драўляныя рагулі. На галаве, замест валасоў, як у Самсона з «Кнігі суддзяў», дубовыя лісты – сімвал мужчынскай сілы і славы. Вышэй цэнтральных фігур, у разгалістым дубе, герб Скарыны. У цэнтры ў атачэнні вінаграднай лазы  фігурны шчыт з выявай выдавецкага знака Скарыны. Змешчана ў кнігах: «Ісус Сірахаў» ліст 5, «Эклезіяст» ліст 3, «Выхад» ліст 5, «Прамудрасць божая»  у канцы пасляслоўя, у першай «Кнізе царстваў» ліст 5, у другой «Кнізе царстваў» ліст 66, у трэцяй «Кнізе царстваў» ліст 120, у чацвёртай «Кнізе царстваў» ліст 184. 106х52/53 мм.

Віньеткі

Многія з віньетак выкарыстоўваліся пры стварэнні рамак для тытульных лістоў. Такі прыём асабліва часта сустракаецца ў віленскіх выданнях «Апостала» і ў «Малой падарожнай кніжыцы». Але часцей за ўсё віньеткі ў выданнях Скарыны ўжываюцца для мастацкага афармлення загалоўных літар, што робіць кніжны ліст непаўторна прыгожым. Гэта некалькі малюнкаў розных памераў. Адбіваліся яны і ў канцы тэксту, перад пасляслоўем.

У пражскіх выданнях добра прадуманым размяшчэннем віньеткі ствараюць пэўны дэкаратыўны рытм тэксту. У віленскіх выданнях іх значэнне ўзрастае. У «Малой падарожнай кніжыцы»  каля 260 «заставиц» вялікіх і малых, у «Апостале»  каля 280. Пераважаюць памеры 5х62, 5х64, 4х64 мм, ёсць таксама 16х86, 10х105, 10х148 мм. Большасць выканана ў рэнесансным стылі. У расліны своеасабліва ўпісаныя выявы драконаў, птушак, малюнак галавы чалавека і інш.

Манаграма Скарыны

Манаграма Скарыны

Амаль на кожнай скарынінскай гравюры прысутнічае аднолькавы герб. Аб прыналежнасці і значэнні гэтага герба некаторыя даследчыкі творчасці першадрукара выказвалі розныя меркаванні. Большасць з іх, аднак, схілялася да таго, што гэта асабістая манаграма Ф. Скарыны. Адлюстраванне сонца з абліччам чалавека ў фас і месяца з чалавечым профілем сустракаюцца ў шмат якіх заходнееўрапейскіх друкаваных кнігах – у «Хроніцы» Х. Шэдэля 1493 г.,

Загалоўныя літары

Ініцыял  буквіца, павялічаная загалоўная літара пэўнага раздзела, самастойнай часткі ў рукапіснай ці друкаванай кнізе; старажытны элемент строя кнігі. У «Бібліі» Скарыны каля 100 адбіткаў ініцыялаў, якія закампанаваныя ў прамавугольнікі, упрыгожаныя малюнкамі кветак, пладоў, ягад, звяроў, пуці, чалавечыя фігуры і інш. У пражскіх выданнях ініцыялы сустракаюцца каля 1000 разоў. Большасць іх мае памер 20х20, 20х25 мм, сустракаюцца літары 20х35 мм.

Сустракаюцца характэрныя для Беларусі васількі, канюшына. Вельмі цікава прасачыць, як выяўляюцца педагагічныя здольнасці Скарыны. Ён заўсёды шукаў новыя дапаможныя сродкі для хутчэйшага запамінання літар алфавіта. Упершыню ў Еўропе беларускі асветнік ілюструе загалоўныя літары малюнкамі жывёл, раслін, шырока вядомымі ў народзе з’явамі альбо дзеяннямі. Так, напрыклад, літара «К» ілюстравана казлянятамі, «Р» тлумачыцца царкоўнаславянскім словам «раздор». На малюнку паказана, як б’юцца коршак з савою. З сярэдзіны літары «С» выглядае леў. Тут, відаць, разумеецца царкоўнаславянскае слова «скимень»  леў або слова «смотреть».

Каб літары запаміналіся яшчэ лепш, Скарына растлумачвае адну і тую ж літару рознымі малюнкамі. Літару «Г», напрыклад, ён адзін раз ілюструе «ганзелью»  аленем, другі раз – гульнёй. На гравюры намаляваны дзеці, якія гуляюць у чахарду. Літара «В» ілюструецца вішняй, «З»  зверам, «Т»  трубамі, а разам з літарай «Л» намаляваны лён. Літары «С» адпавядае ўяўленне «сильный»  дзіцё, якое сядзіць на спіне ільва. У адной з літар «М» змешчаны вясковы музыка, а ў другой – мудрасць. У літары «Х»  лук і калчан, што, па сцвярджэнні Скарыны, азначае: «храбрость ест животъ человека на земле». У адной з гравюр да літары «Ч»  чалавек падняў руку да сонца, вітаючы жыццё.

У другой гравюры да літары «Ч» намаляваны барабан. І малюнак гэты тлумачыцца такім чынам: «чествуй лекаря, для патребы убо и его сотворил ест найвышшы». Ёсць яшчэ адна гравюра да літары «Ч». На ёй паказаны месяц, а за месяцам, на чорным фоне – чалавек-сонца. Гравюра яўна сімвалічная. Хто ж гэты чалавек? Адказ можна знайсці ў наступных гравюрах. Напрыклад, у літары «А», першай літары алфавіта, змешчаны профіль Скарыны. У «О»  «образ» – твар Скарыны ў фас, прычым буйным планам. І яшчэ раз гэты ж партрэт намаляваны ў літары «Я». Толькі тут ён ужо абрамлены сонечнымі праменнямі. Такім чынам, Скарына растлумачвае, хто гэты чалавек  гэта, безумоўна, сам аўтар.

У другой гравюры да літары «Ч» намаляваны барабан. І малюнак гэты тлумачыцца такім чынам: «чествуй лекаря, для патребы убо и его сотворил ест найвышшы». Ёсць яшчэ адна гравюра да літары «Ч». На ёй паказаны месяц, а за месяцам, на чорным фоне – чалавек-сонца. Гравюра яўна сімвалічная. Хто ж гэты чалавек? Адказ можна знайсці ў наступных гравюрах. Напрыклад, у літары «А», першай літары алфавіта, змешчаны профіль Скарыны. У «О»  «образ» – твар Скарыны ў фас, прычым буйным планам. І яшчэ раз гэты ж партрэт намаляваны ў літары «Я». Толькі тут ён ужо абрамлены сонечнымі праменнямі. Такім чынам, Скарына растлумачвае, хто гэты чалавек  гэта, безумоўна, сам аўтар.

І, акрамя таго, ён быццам дае ключ да разгадкі сімволікі герба. Уважліва вывучаючы значэнне пералічаных ужо загалоўных літар і дадаўшы да іх яшчэ адзін варыянт літары «Я» з партрэтам Скарыны і з малюнкам месяца, становіцца зусім ясна, чый гэта герб. І невыпадкова мастак змяшчае яго на строга прадуманым месцы, выказваючы, такім чынам, аўтарскія адносіны да падзеі, якую ён адлюстроўвае. На аўтапартрэце герб змешчаны на абрусе, якім накрыты рабочы стол беларускага першадрукара. Такое размяшчэнне герба таксама з’яўляецца яшчэ адным сцвярджэннем прыналежнасці герба іменна Скарыне. У віленскіх выданнях ініцыялы цесна ўзаемадзейнічаюць з ілюстрацыямі і застаўкамі, ствараючы адзіны ансамбль мастацкага афармлення. Яны, як і пражскія, маюць прамавугольную форму, мадэляваныя светлымі рыскамі па чорным фоне. Памеры ініцыялаў наступныя: 15х10, 20х14, 20х12, 9х6, 9х7 мм.

Рэзка адрозніваецца ад астатніх вялікі ініцыял «С» з «Акафіста труне Гасподняй» («Малая падарожная кніжыца»). 1522 г. Ініцыял выразаны па форме літары (ён не прамавугольны, як астатнія) і надрукаваны чырвоным колерам. Усё цела літары запоўнена багатай, пластычна награвіраванай ліствой. Лічаць, што гэты ініцыял з’яўляецца ксілаграфічнай копіяй ініцыяла з «Вялікага прапіснога алфавіту» нямецка-нідэрландскага гравёра І. ван Мекенэма. Мастак рабіў яе з лацінскага ініцыяла. Устаўляючы ў набор, друкары Скарыны павярнулі лацінскую літару направа на 90, атрымалася кірылічная «С». 50х50 мм.

Шмат меркаванняў было і наконт гэтага дзіўнага знака.

Васіль Зуёнак. Такі быў знак…

Гярбы кавалі шляхта і князі, Каб дрэва радаслоўнае адзначыць,  Тады і слава будзе на мазі, І справа будзе абяцаць удачу! Пад іх аховай зборышча гуло На сейміках ад пыхі засцянковай, На гетмана якраз акрас было У захудалым гербе шляхцюковым. Не трапіў у гярбоўнік гэты знак, І на шчытах не карбаваўся слынных, І роду ён не знатнага – аднак: Стаўляў яго першадрукар Скарына. Гравюру тонкую выводзіла рука – Глядзі, люд паспаліты, і кумекай: У промнях сонца – рог маладзіка: Як фас і профіль твару чалавека. Адны казалі: «Гэта ноч і дзень, Святло і цемра…» Іншыя: «Францыску Карцела перадаць зацьмення цень У год, калі сустрэўся ён з калыскай…» Мабыць, і так… Але хутчэй за ўсё Быў маладзік хвіліны думнай знакам, Што па начах бяссонна мы нясём Пад спаконвечным кругам Задыяка. А сонца – сімвал светлы пачуцця І прамяністы поўдзень летуценняў. Аблічча двухадзінае жыцця  Развагі холад і агонь натхнення. Прыгледзьцеся – заўсёды на мяжы, Дзе сонечныя вусны, месяц ззяе: Найперш падумай, а пасля скажы,  І вучыць ён, і перасцерагае. Затое вочы ў сонца – нібы крык, Яны ляцяць, як гукі роднай мовы, І здаўся ўрэшце месяц-маладзік, І адхінуўся, каб лунала слова! На той выяве герб – аўтапартрэт: Друкар Скарына ў сонечным абліччы Дыктуе веку новы запавет, Парушыўшы біблейскі строгі звычай. Такі быў знак. Ён з Полацкай зямлі Пайшоў у свет, зламаў маўчання

крыгі… Цябе мы – як надзею – збераглі, Скарынаўскае сонца, наша кніга!

Пасляслоўе

Упершыню ў гісторыі кнігадруку беларускі асветнік выкарыстоўвае кнігі Бібліі для ажыццяўлення сваёй высакароднай мэты – асветы народа, прычым разглядае гэтыя выданні як энцыклапедыю чалавечых ведаў. У прадмовах да кніг ён рэкамендуе па «Псалтыры» вучыцца грамаце, па кнізе «Ісус Навін» знаёміцца з геаметрыяй, у «Малой падарожнай кніжыцы» змяшчае свецкі каляндар, дае некаторыя астранамічныя звесткі і г. д. Каб зручней было карыстацца кнігамі, ён падбірае для іх невялікі фармат. Так, фармат кніг «Старога запавету», выдадзеных у Празе, роўны адной чвэрці папяровага аркуша, фармат віленскіх выданняў «Апостала»  адной восьмай, а «Малой падарожнай кніжыцы», разлічанай на падарожнікаў,  адной дванаццатай. Натуральна, што для невялічкіх па фармаце кніг патрэбныя былі і невялічкія гравюры, застаўкі, віньеткі, загалоўныя літары і шрыфт. У парушэнне ўсталяваных канонаў Скарына першым уводзіць тытульныя лісты, прадмовы, пасляслоўі. Велічыня тэматычных і прыкладных гравюр у асноўным – 105х105 мм. Аднак ёсць і выключэнні: «Бічаванне Іова», «Першы суд Саламона», «Бог ў раі», «Шасцідзён», «Тройца», аўтапартрэты, загалоўныя літары, застаўкі і віньеткі.

«Менавіта дзякуючы выданням Скарыны Беларусь стала першай у ліку ўсходнеславянскіх краін, якая далучылася да агульнага ходу развіцця заходнееўрапейскага друкарства, і праз пасрэдніцтва Прагі, дзе спачатку працякала праца Скарыны, моцна звязалася з лепшымі традыцыямі не толькі чэшскага, але таксама нямецкага і італьянскага друкарскага мастацтва» (М. Шчакаціхін). Выданні Скарыны паклалі пачатак беларускім нацыянальным кнігадрукарскім традыцыям, а таксама зрабілі пэўны ўплыў на развіццё рускага і ўкраінскага кніжнага мастацтва. Немагчыма пераацаніць велізарнае значэнне дзейнасці беларускага першадрукара. Выдатны асветнік, гуманіст, патрыёт, таленавіты мастак заваяваў шырокае прызнанне нашчадкаў. Аднак жыццё і працы слаўнага сына беларускага народа яшчэ поўнасцю не вывучаны. Да найбагацейшай культурнай спадчыны Ф. Скарыны яшчэ не раз будуць звяртацца вучоныя і мастацвазнаўцы.

Літаратура:

1. Гравюры, ініцыялы, застаўкі і віньеткі з выданняў Францішка Скарыны [Электронны рэсурс] // История Беларуси IX–XVIII веков. Первоисточники. – URL: http://starbel.narod.ru/graviury/gal.htm (дата звароту: 04.10.2016).

2. Гравюры Францыска Скарыны / рэд. І. Крымава. – Мінск : Беларусь, 1972.

3. Падарожная кніжка Скарыны : зборнік, прысвечаны 500-годдзю беларускага першадрукара / уклад. С. Панізнік, В. Дышыневіч. – Мінск : Юнацтва, 1990. – 326 с. (слайд 2, слайд 73).

4. Франциск Скорина и его время : энциклопедический справочник / ред. кол.: И. П. Шамякин и др. – Минск : Белоруская советская энциклопедия, 1990. – 631 с.






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка