Гродна ў маім сэрцы




Дата канвертавання13.10.2018
Памер30.74 Kb.
Гродна ў маім сэрцы

Добры дзень табе, Гародня!

Добры дзень, наш Нёман родны!

Прызнаёмся мы ў любові

Вам сягодня прынародна.

Л. Кебіч
Вітаю цябе, новы дзень! Усміхаюся сонцу, якое ўзыходзіць, і шлю прывітанне роднаму гораду. Лічу гэты рытуал абавязковым, бо Гродна для мяне – гэта не проста месца, дзе я нарадзілася, а нешта жывое, што бударажыць сэрца, нараджае пэўныя думкі, памкненні, пачуцці… Гэта людзі, якія жывуць побач і жылі раней. Людзі за кожным помнікам, творам мастацтва, дасягненнем.

Любові да Радзімы вучуся ў Максіма Багдановіча, які нарадзіўся ў маім родным горадзе, зусім маленькім дзіцяткам з сям’ёй вымушана пераехаў у Расію, але вернасць сваёй Радзіме захаваў да канца жыцця. Ён праславіў Беларусь на ўвесь свет!

img_3263

Блукаю па вулачках Гродна… На вуліцы Свярдлова расце дуб, пасаджаны некалі Васілём Быкавым. Да галавы прыходзіць думка: “Калі само “сумленне нацыі” больш за дваццаць гадоў канцэнтравалася ў нашым горадзе, гродзенцы не маюць права быць крывадушнымі, абыякавымі, няшчырымі”.

Не сумняваюся, што энергетыкай славутых людзей, якія хадзілі і ходзяць вуліцамі майго горада, насычана ўсё тут. І што самае галоўнае: гэта энергетыка і цудоўныя творы мастацтва напаўняюць нашы душы святлом!

У сваю чаргу, гродзенцы ўмеюць быць удзячнымі і шанаваць тое, што маюць. Невыпадкова ў нас столькі музеяў і розных помнікаў.

А як у далёкім 1910 годзе мае землякі з пашанай ставіліся да Элізы Ажэшкі: яны заслалі вуліцу саломай, каб не трывожыць хворую пісьменніцу. Якое шчасце – быць любімай! А калі цябе любіць увесь горад, гэта ўжо ўзнагарода за добрае сэрца і бязмежную любоў да людзей. Любоў, якой сёння нам так не хапае і якой так прагне чалавечае сэрца.

Лічу, што добразычлівасцю, адкрытасцю і любоўю душу майго горада напаўняюць храмы. Колькі іх уГродне! А якія прыгожыя і велічныя! Найбольш блізкі майму сэрцу Бернардынскі касцёл, у якім я была ахрышчана. Сюды прыходжу кожную нядзельку і ў свята. Тут вучуся любіць.

Прадаўжаю сваю вандроўку па вуліцы Савецкай, Сацыялістычнай, Замкавай, Маставой… І ажывае сівая даўніна, гісторыя гаворыць са мной.Уяўляю, як некалі ДавыдГарадзенскі мужна змагаўся тут са сваім войскам, як у Старым замку трымаў рэзідэнцыю Стэфан Баторый, пры якім кожнытрэці сойм праходзіў у Гродне.d:\гапонік алеся\стары замак.jpg

Стаю каля старажытнай Каложы, гляджу на шумнацечны Нёман, і я ўжо рыцар, гатовы аддаць сваё жыццё за Радзіму.

Бацька Нёман, колькі бачыў і чуў ты на сваім вяку! Ты сведка і гераічных, і трагічных падзей, і самых інтымных прызнанняў:

Пад казачным дубам над Нёманам сінім

хлапец прызнаваўся ў каханні дзяўчыне.

У гэтым жа вершы “Роднае слова” Дануты Бічэль ва ўнісон з папярэднім гучыць яшчэ адно прызнанне:

Кахаю… Люблю…

Беларускаму краю

бясконца я слова “люблю” паўтараю.

А мне хочацца падзякаваць паэтцы за яе вершы, якія вучаць любіць і шанаваць Радзіму, за тое, што сёння гродзенцы маюць музей Максіма Багдановіча, за тое, што яна дбае пра чысціню і святасць людской душы.

Хочацца, каб ніколі не перарывалася вечная повязь вякоў, і кожнае наступнае пакаланне захоўвала лепшыя традыцыі папярэдняга і напаўняла свой час чымсьці важным і значным. А самае каштоўнае ў жыцці, я лічу, –гэта любоў да сваіх родных мясцін. Канешне, я люблю свой горад. Але, мне здаецца, гэтага мала. Адчуваю, што малая радзіма прагне канкрэтных учынкаў, якія дэманструюць мае адносіны да яе. Пакуль што я выдатна вучуся ў школе, цікаўлюся гісторыяй сваёй Радзімы і спадзяюся, што гэта дапаможа мне ў будучым правільна адшукаць сваё месца ў жыцці. А чалавек, які знаходзіцца на сваім месцы, абавязкова прыносіць карысць сабе, людзям, Радзіме.

Сёння ж прызнанне ў любові да малой радзімы хачу выразіць наступнымі радкамі:d:\гапонік алеся\драмтеатр.jpg

Мой Гродна, як сэрца, б’ецца.

Бясследна нішто не мінецца:

Ні страта, якая баліць…

Ні слава, якая звініць!



Гапонік Алеся, вучаніца 7 «Б» класа СШ №13 г. Гродна


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка