Грузія, Выбары Прэзідэнта, 27 кастрычніка 2013 Вытрымкі з грузінскага выбарчага заканадаўства Правы назіральнікаў




Дата канвертавання16.03.2017
Памер92.1 Kb.
Belarus Watch

Місія па назіранні праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка”

Грузія, Выбары Прэзідэнта, 27 кастрычніка 2013

Вытрымкі з грузінскага выбарчага заканадаўства

Правы назіральнікаў:
- прысутнічаць на выбарчым участку ў любы час дню выбараў, бесперашкодна ажыццяўляць назіранне за ўсімі этапамі галасавання

- праглядаць скрыні да іх апячатвання і пасля іх адкрыцця

- назіраць за рэгістрацыяй выбаршчыкаў, выдачай бюлетэняў і спецыяльных капэртаў, не перашкаджаючы пры гэтым выбарчаму працэсу

- прысутнічаць пры працэсе падліку галасоў і падсумавання вынікаў

- назіраць за падлікам так, каб быў бачны змест бюлетэняў

- назіраць працэс складання фінальнага пратаколу і іншых дакументаў выбарчай камісіі

- спытаць выбаршчыка паказаць, колькі ў яго бюлетэняў і капэртаў у руцэ

- назіраць за працэсам галасавання, апускання бюлетэняў у скрыню, адкрыцця скрыняў, падліка бюлетэняў з іх

- азнаямляцца з фінальным пратаколам
Назіральніку забараняецца:
- умешвацца ў працэс галасавання, уплываць на свабоду волевыяўлення выбаршчыкаў

- агітаваць за ці супраць пэўных кандыдатаў

- насіць сімвалы ці знакі любых з партый

- перашкаджаць працы камісіі

- знаходзіцца на ўчастку без бэджа
Важна! Толькі два назіральнікі ад адной міжнароднай арганізацыі могуць прысутнічаць на выбарчым участку. З імі мае права знаходзіцца перакладчык. У кожнага з іх, у тым ліку і ў перакладчыка, павінны быць спецыяльныя бэджы.
Спіс аўтарызаваных асоб, якія маюць права знаходзіцца на выбарчым участку:
- чальцы ўчастковай выбарчай камісіі

- чальцы вышэйстаячых камісій

- прадстаўнікі палітычных суб'ектаў (не больш за аднаго чалавека ад кожнага суб’екту): партый, блокаў, ініцыятыўных груп выбаршчыкаў і інш.

- назіральнікі з зарэгістраванай мясцовай арганізацыі (не больш за аднаго чалавека ад адной арганізацыі)

- назіральнікі з зарэгістраванай міжнароднай арганізацыі (не больш за два чалавекі ад адной арганізацыі). З назіральнікамі можа знаходзіцца перакладчык

- акрэдытаваныя прадстаўнікі СМІ (не больш за трох чалавек)

- чальцы Камісіі па забеспячэнні дакладнасці спісаў выбаршчыкаў і аўтарызаваныя мясцовая прадстаўнікі, якім было дадзенае права правяраць агульны спіс выбарчыкаў
NB Аўтарызаваныя асобы маюць права рабіць фота- і відэаздымку выбарчага ўчастку, акрамя кабінак для галасавання, ў тым выпадку, калі гэта не перашкаджае працы выбарчай камісіі.

Выбарчы ўчастак. Участковая камісія.
Выбарчы ўчастак ўстанаўліваецца мінімум для 20 і максімум да 1500 выбаршчыкаў. Участковая выбарчая камісія складаецца з 13 чалавек, 6 з якіх выбіраюцца Акруговай выбарчай камісіяй, а 7 прызначаюцца партыямі. З ліку чальцоў камісіі павінны быць выбраныя старшыня камісіі, яго намеснік/ца і сакратар.
Арганізацыя ўчастку:
- расстаўленыя сталы для рэгістрацыі выбаршчыкаў (1 стол для кожных 300 выбаршчыкаў)

- устаноўленыя кабінкі для галасавання (адна кабінка на 500 выбаршчыкаў). Адзін бок кабінкі павінен быць напалову адкрыты знізу, у той час як верхняя палова павінна быць закрытая фіранкамі. У кожнай кабінцы павінна знаходзіцца: асадка, правілы запаўнення бюлетэняў, выпрацаваныя ЦВК, вытрымкі з заканадаўства з апісаннем выпадкаў, калі бюлетэні лічацца несапраўднымі.

- ля скрыні для галасавання знаходзіцца стол з капэртамі

- празрыстая скрыня для галасавання, размешчаная так, каб выбаршчык меў магчымасць пакінуць участак адразу пасля таго, як ён/яна прагаласуе


На бачным месцы павінны быць вывешаныя:
- спіс выбаршчыкаў

- спіс кандыдатаў, што ўдзельнічаюць у выбарах

- правілы запаўнення бюлетэняў, выпрацаваныя ЦВК

- вытрымкі з заканадаўства з апісаннем выпадкаў, калі бюлетэні лічацца несапраўднымі

- пратакол з вынікамі галасавання (вывешваецца пасля падліку галасоў)
NB Па запыце людзей з абмежаванымі магчымасцямі, для такіх людзей можа быць забяспечаны часовы доступ на выбарчы ўчастак.
Адкрыццё выбарчага ўчастку
Для падрыхтоўкі выбарчага працэсу выбарчы ўчастак адкрываецца ў 7.00. Чальцы выбарчай камісіі павінны быць апранутыя ў спецыяльную форму, а іх колькасць павінны быць не менш за 7 чалавек.
Працэдура адкрыцця ўчастку і падрыхтоўкі яго да правядзення галасавання:
1. Адразу пасля адкрыцця сакратар пачынае весці пратакол, куды заносіць імёны і прозвішчы ўсіх прысутных, з указаннем бакоў, якія яны прадстаўляюць.

2. Старшыня правярае цэласнасць пакунку, што змяшчае спецыяльную пячатку ўчастку, ускрывае яго і робіць спецыяльны надрэз (пазначаецца ў пратаколе)

3. Старшыня шляхам жэрабю размяркоўвае абавязкі сярод чальцоў камісіі:

- 1 чалец камісіі адказвае за рэгуляцыю руху выбаршчыкаў

- рэгістратар выбаршчыкаў (мінімум 1 чалавек на 300 выбаршчыкаў)

- адказны за скрыню для галасавання і спецыяльныя капэрты

- 2 чальцы камісіі, якія будуць суправаджаць скрыню для хатняга галасавання (не павінны быць намінаваныя адным палітычным суб'ектам)

4. Старшыня выбірае не больш за 2 чалавекі, якія будуць назіраць працэс рэгістрацыі скаргаў.

5. Старшыня абвяшчае колькасць выбаршчыкаў адпаведна са спісамі, колькасць атрыманых бюлетэняў і капэртаў.

6. Старшыня апячатвае скрыню для галасавання і скрыню для хатняга галасавання спецыяльнай пячаткай з унікальным нумарам.

7. Старшыня раздае чальцам камісіі матэрыялы, а таксама размяшчае таблічкі з літарамі (з якіх пачынаюцца прозвішчы выбаршчыкаў) на сталы рэгістрацыі

8. Запаўняюцца кантрольныя аркушы, падпісваюцца ўсімі чальцамі.


Пасля прыходу першага выбаршчыка, яго дадзеныя заносяцца ў кантрольныя аркушы, якія потым апускаюцца ў скрыні, а адна копія застаецца ў камісіі для наступнага параўнання з аркушамі са скрыняў.
Выбарчы працэс на ўчастку для галасавання
Выбарчыя ўчасткі па ўсёй краіне будуць адчыненыя для выбаршчыкаў з 8.00 да 20.00. Для таго, каб прагаласаваць, выбаршчык павінен прайсці праз пэўныя этапы выбарчага працэсу:
1. Пры ўваходзе на ўчастак выбаршчык паказвае свой грузінскі ID ці пашпарт.

Важна! Паводле правілаў, чалавек, які мае грамадзянства ЕС, але нарадзіўся ў Грузіі і апошнія 5 год пражыў у гэтай краіне, мае права голасу. У гэтым выпадку выбаршчык паказвае пашпарт адной з краін ЕС як свой ідэнтыфікацыйны дакумент.

2. Выбаршчык праходзіць праверку на спецыяльныя чарніла пад УФ-выпраменьваннем. У таго, хто ўжо прагаласаваў, на руцэ будзе стаяць спецыяльны «штамп», які свеціцца пад УФ-лампай. Такім выбаршчыкам не павінна быць дазволена ўвайсці на ўчастак.

3. Калі на ўчастку ля сталоў рэгістрацыі знаходзіцца больш за 2 чалавекі, новыя выбаршчыкі павінны будуць пачакаць на ўваходзе. Калі вызваляецца месца ля сталоў, чалец камісіі накіроўвае выбаршчыкаў для праходжання рэгістрацыі.

4. Ля стала рэгістрацыі выбаршчык паказвае свой ідэнтыфікацыйны дакумент, пасля чаго яго шукаюць у спісах выбаршчыкаў. Пры наяўнасці выбаршчыка ў спісах, яму на руку ставіцца спецыяльныя пячатка, чалец камісіі распісваецца насупраць імя выбаршчыка ў спісе, а выбаршчык, у сваю чаргу распісваецца за атрыманне бюлетэню. Бюлетэнь павінны быць падпісаныя чальцом камісіі і праштампаваныя спецыяльнай пячаткай участку.

5. Выбаршчык накіроўваецца ў кабінку для галасавання, дзе таемна аддае свой голас. Галасаванне па-за кабінкай забароненае. Калі выбаршчык, у сілу абставін, не можа самастойна запоўніць бюлетэнь, ён можа спытаць дапамогі ў іншых выбаршчыкаў. Чальцы камісіі, прадстаўнікі кандыдатаў, назіральнікі не могуць дапамагаць выбаршчыку.

6. Выбаршчык падыходзіць да сталу са спецыяльнымі капэртамі, бярэ капэрту і ўкладвае туды свой бюлетэнь.

7. Выбаршчык паказвае чальцу камісіі, які знаходзіцца ля скрыні для галасавання, што ў яго ў руках знаходзіцца толькі адна капэрта. Пасля гэтага чалец камісіі адкрывае спецыяльную шчыліну ў скрыні для галасаванні, і выбаршчык апускае свой бюлетэнь.

8. Пасля таго, як выбаршчык прагаласаваў, ён абавязаны пакінуць участак.


Хатняе галасаванне
Хатняе галасаванне праводзіцца з 9.00 да 19.00. Для правядзення хатняга галасавання выяжджаюць чальцы камісіі, выбраныя шляхам жэрабю. Назіральнікі маюць права назіраць за правядзеннем хатняга галасавання. Калі на хатняе галасаванне накіроўваюцца на машыне, то камісія павінна забяспечыць 2 месцы для назіральнікаў. Назіральнікі пры гэтым выбіраюцца шляхам жэрабю з ліку жадаючых. Для правядзення хатняга галасавання неабходна: апячатаная скрыня для хатняга галасавання з кантрольным аркушом, спіс выбаршчыкаў для хатняга галасавання, спецыяльныя капэрты, падпісаныя і праштампаваныя бюлетэні. Спецыяльная пячатка на руку выбаршчыкам пры правядзенні хатняга галасавання не ставіцца. Пасля сканчэння хатняга галасавання шчыліна ў скрыні для хатняга галасавання павінна быць запячатана.
Закрыццё ўчастку і падлік галасоў
Выбарчы ўчастак закрываецца ў 20.00. Выбаршчыкам, якія ў дадзены час знаходзяцца на ўчастку, дазволена прагаласаваць. Для гэтага адзін з чальцоў камісіі павінен перапісаць дадзеныя выбаршчыкаў, а таксама паведаміць старшыні аб іх колькасці. Пасля таго, як апошні выбаршчык прагаласаваў, галасаванне абвяшчаецца скончаным, а шчыліна ў скрыні для галасавання апячатваецца.

Падчас падліку толькі аўтарызаваныя асобы могуць знаходзіцца на ўчастку. Сакратар павінен унесці ў пратакол дадзеныя ўсіх прысутных.


Працэдуры падрыхтоўкі да падліку галасоў:
1. Чальцы камісіі па загадзе старшыні лічаць колькасць выдадзеных бюлетэняў, колькасць сапсаваных і колькасць выбаршчыкаў, што прагаласавалі (па спісах). Пры гэтым павінна выконвацца правіла:

Выдадзеныя бюлетэні – сапсаваныя = колькасць выбаршчыкаў, што прагаласавалі

Калі лічбы не супадаюць, павінна быць напісаная тлумачальная запіска і дапасаваная да пратаколу.

2. Старшыня робіць другі спецыяльны надрэз на пячатках і гэта пазначаецца ў пратаколе.

3. Шляхам жэрабю выбіраецца 3 чальца камісіі для падліку бюлетэняў. Адначасова з гэтым сярод назіральнікаў выбіраецца 2 чалавекі для назірання за падлікам непасрэдна за сталом (па ўзаемнай дамове, калі да кансэнсусу не прыходзяць – шляхам жэрабю). З прадстаўнікоў палітычных суб’ектаў, якія прысутнічаюць на ўчастку, старшыня шляхам жэрабю выбірае 2 чалавекі, якія будуць удзельнічаць у падліку галасоў разам з чальцамі камісіі.

4. Чальцы камісіі, што падлічваюць галасы, становяцца па адзін бок стала. Старшыня становіцца так, каб бачыць усіх, хто падлічвае. Сакратар становіцца каля старшыні, каб весці пратакол. Астатнія аўтарызаваныя асобы займаюць месца за 2 метры да стала, дзе адбываецца падлік. 2 прадстаўнікі ад назіральнікаў і 2 прадстаўнікі ад палітычных суб’ктаў знаходзяцца побач з чальцамі камісіі, што будуць праводзіць падлік.

5. Старшыня прыносіць на стол падліку:

- спісы выбаршчыкаў (агульны, спецыяльны, для хатняга галасавання)

- нявыкарыстаныя бюлетэні

- сапсаваныя бюлетэні

- асноўную скрыню і скрыню для хатняга галасавання

- кантрольны аркуш для параўнання

- свечкі, ліхтарык (на выпадак перабояў з электрычнасцю)

- калькулятар
Працэдуры падліку галасоў:
1. Падлічваецца агульная колькасць выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаванні паводле:

- агульнага спісу выбаршчыкаў

- спецыяльнага спісу выбаршчыкаў

- спісу выбаршчыкаў для хатняга галасавання

Дадзеныя адразу ўносяцца ў публічны пратакол. Старшыня камісіі павінен зрэзаць вуглы ў нявыкарыстаных бюлетэняў. Нявыкарыстаныя і сапсаваныя бюлетэні павінны быць запакаваныя асобна.

2. Сакратар асобна запакоўвае спісы выбаршчыкаў (агульны, спецыяльны і для хатняга галасавання). Старшыня камісіі асобна запакоўвае нявыкарыстаныя і сапсаваныя бюлетэні. На кожным пакунку пазначаецца нумар выбарчай камісіі, від дакументацыі. Агульны пакунак падпісваецца старшынём і чальцамі камісіі, якія вядуць падлік.

3. Першай адкрываецца скрыня для хатняга галасавання. Спачатку правяраецца цэласнасць пячаткі, потым капэрты са скрыні выкладаюць на стол для падліку, а кантрольны аркуш параўноўваецца з кантрольным аркушом камісіі. Калі ёсць нейкія недакладнасці – усе капэрты пазначаюцца несапраўднымі і запакоўваюцца.

4. Пасля праверкі цэласнасці пячаткі, адкрываецца асноўная скрыня. Капэрты выкладаюцца на стол для падліку, кантрольны аркуш звяраецца.

5. Калі ёсць – адкрываецца скрыня для спецыяльнага галасавання.

6. Капэрты на стале перамешваюцца.

7. Чальцы камісіі, выбраныя для падліку, займаюць месца ля аднаго боку стала. 2 назіральніка і 2 прадстаўніка палітычных суб'ектаў займаюць месца побач з імі.

8. Чалец камісіі вымае бюлетэнь з капэрты, абвяшчае за каго быў аддадзены голас, перадае бюлетэнь іншым чальцам для сарціроўкі па стосах, а капэрту кладзе асобна.

9. Бюлетэні размяркоўваюцца па стосах:

- за кожнага кандыдата

- несапраўдныя

- са спрэчнай сапраўднасцю

10. Бюлетэні з'яўляюцца несапраўднымі:

- знаходзяцца ў капэрце, якая адрозніваецца ад спецыяльнай капэрты

- у спецыяльнай капэрце больш за 1 бюлетэнь

- бюлетэнь без капэрты

- бюлетэнь без пячаткі і подпісу чальца камісіі

- немагчыма вызначыць за каго быў аддадзены голас

- бюлетэнь з іншага ўчастку (такія бюлетэні запакоўваюцца асобна і не ўлічваюцца ў фінальным пратаколе)

Сапраўднасць спрэчных бюлетэняў вызначаецца шляхам галасавання ўжо пасля сартыроўкі ўсіх бюлетэняў.

11. Падлічваюцца несапраўдныя бюлетэні і колькасць галасоў, аддадзеных за кожнага кандыдата. Кожныя 10 бюлетэняў счэпліваюцца спецыяльнай металічнай закрэпкай.

12. Ажыццяўляецца праверка падліку праз формулу: колькасць галасоў за кожнага кандыдата плюс колькасць несапраўдных бюлетэняў павінны быць роўная ці менш за агульную колькасць выбаршчыкаў, што прагаласавалі.



13. Кожны стос бюлетэняў (несапраўдныя і за кожнага кандыдата) запакоўваецца асобна, на пакунках ставяцца подпісы старшыні і чальцоў камісіі, якія ажыццяўлялі падлік. Дадзеныя заносяцца ў фінальны пратакол. Пратакол падпісваецца ўсімі чальцамі выбарчай камісіі. Калі чалец камісіі не згодны з пратаколам, ён/яна абавязаны яго падпісаць, а потым напісаць ад рукі прычыну нязгоды.
Фінальны пратакол вывешваецца на ўчастку на бачным месцы. Кожная аўтарызаваная асоба можа атрымаць копію пратакола, за якую ён абавязаны распісацца ў сакратара.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка